Дык гэта ж Мічурын!

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

Прыемная навіна. Хоць асноўным падпісчыкам “К” з’яўляецца раённы жыхар, але сёй-той чытае нашы з Кастусём Антановічам “сельскія” артыкулы і ў Мінску. Вось свежы прыклад. У публікацыі “Калі Паліна — самая галоўная”, прысвечанай нашай аўтавандроўцы па Случчыне (№ 18 ”К”) гаворка ў тым ліку ішла і пра бюст невядомаму чалавеку ля клуба ў вёсцы Ісерна. Мы звярнуліся да чытачоў са старонак “К” з просьбай высветліць асобу, адлюстраваную на пастаменце без апазнавальнай шыльды. Адгукнуўся мастак Алесь Квяткоўскі.

Зрэагаваў ён аператыўна, нават ў рэдакцыю заскочыў: “Гэта бюст Мічурына!“ Справа ў тым, што ў Ісерне жывуць сваякі спадара Алеся. Яны і распавялі яму ў свой час, што яшчэ ў 1950 годзе тут узнікла сельскагаспадарчая арцель імя вядомага селекцыянера Івана Мічурына. Потым яна стала калгасам імя Мічурына, дзе сваячка Квяткоўскага працавала эканамістам. Цяпер гэта СВК “Ісерна“. А бюст знанага навукоўца застаўся. (Нездарма суседняя вёска называецца Вялікія Слівы.)

Справа, трэба зазначыць, для Беларусі досыць шараговая. Мне даводзілася бываць у адной з вёсак Калінкавіцкага раёна, дзе калісьці быў калгас імя Чапаева. Не ведаю, які лёс напаткаў гаспадарку, а бюст зухаватага Васілія Іванавіча на момант майго візіту захаваўся. І знаходзіўся ён таксама ля мясцовага клуба.

Іншая справа, у якім стане знаходзяцца такія помнікі. Па мне, дык і яны павінны заставацца дагледжанымі. Хаця б з той прычыны, каб не пакідаць падстаў для думак, што мы не хочам ведаць сваёй гісторыі. Ну і подпіс — справа абавязковая.

Артыкул, які стаў нагодай для водгуку, чытайце тут.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"