Сярэднявечча ў стылі дыска. Сучасная мова танцавальнай даўніны

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

15 мая ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі РБ прайшоў Фестываль даўняй музыкі і танца. Гэта працяг традыцыі: шмат гадоў запар Ордэн рыцараў Паўночнага храма ладзіў тут фэсты сярэднявечнай культуры “Белы замак” і “Легенды восені”, якія набылі аўтарытэт у карыфеяў медыявістыкі далёка за межамі нашай краіны.

Ініцыятарам жа новага фэсту выступіў Тэатр старадаўняй культуры “Яварына”, кіраўнік якога Маргарыта Кубенкевіч працуе культарганізатарам названага палаца.

… Пад гукі дуды, лютні і шалмеяў у цэнтр белай мармуровай залы выходзяць танцоры. Юнакі і дзяўчаты, апранутыя ў звыклым спартыўным стылі, бяруцца за рукі са сваімі аднагодкамі ў ільняных архаічных і шыкоўных сярэднявечных строях, адчуваючы сябе цалкам нязмушана.

Ахвотных прыбывае, круг пашыраецца, унутры яго ўтвараецца меншы кружок, яшчэ меншы…

Музыкі граюць усё хутчэй, у віхуры танца круг раптоўна разрываецца, ператвараючыся ў ланцужок, падхопліваючы аднаго за адным гледачоў, што датуль нерашуча пераміналіся наўзбоч.

Бадай, толькі на такіх фэстах можна ўбачыць, як хлопец у чорнай рокерскай байцы схіляецца ў паклоне перад абранай дамай сэрца ў ядвабнай сукенцы, стылізаванай пад Рэнесанс. І здаецца, нібы сучаснасць і Сярэднявечча сустрэліся на свяце — і пасябравалі, паразумеліся на універсальнай мове музыкі і пластыкі.

Гук на фестывалі — толькі жывы, граюць і спяваюць гурты, што сталі сапраўднымі зоркамі сярэднявечнай музыкі. Першым публіку вітаў гурт “Келіх кола”, які выконвае беларускую і балцкую архаічную, народную кірмашовую музыку на самых розных інструментах: гуслях, флейтах, дудах, лірах, бубне, жалейцы, скрыпцы ды іншых. Для “разагрэву” “Келіх кола” прапанаваў танцы “Мяцеліца”, “Ойра”, “Талака” — здабыткі фальклорных экспедыцый.

Наўрад ці патрэбна спецыяльна прадстаўляць “Старога Ольсу”, чый трывалы творчы сімбіёз з “Яварынай” на кожным выступленні стварае надзвычай прыгожае, рамантычнае і энергетычнае відовішча — на радасць шматлікім прыхільнікам. Гэтым разам “цвіком праграмы” стаў іх сумесны спектакль “Юр’я і Цмок” паводле народнай “Легенды пра Цмока”. Вядомы некалькі яе сюжэтных варыянтаў. У баладзе, пранікнёна праспяванай Алесем Чумаковым, кароль мусіць ахвяраваць дачку страшэннаму Цмоку, які жыве ў сінім моры і штодня патрабуе аброк — чалавека. Але на малітвы пакінутай на беразе каралеўны з неба спускаецца Юр’я і забівае дзідай Цмока ў жорсткім баі. “Абкормленая”, здавалася б, экшнамі моладзь з прыцішанай увагай сачыла за немудрагелістым сюжэтам, герояў якога ўвасаблялі і акцёры, і лялькі.

Досвед правядзення танцавальных вечарын у стылі медыяваль мае гурт “Testamentum terrae” (“Запавет зямлі”). Юрась Панкевіч, кіраўнік гурта, — адзін з вядучых беларускіх дудароў, сам займаецца рэканструкцыяй старадаўніх інструментаў. “Testamentum terrae” распаліў імпэт танцораў дынамічнымі творамі са знаёмымі назвамі — “Кракавяк”, “Полечка”, потым перайшоў да запаволенай шляхетнай кампазіцыі “Пава” і, нарэшце, нагадаў добра знаёмую многім песню “Вайтоўна”, але ў вальсавай апрацоўцы.

Удзельнікі “Яварыны” і танцавальнага калектыву “Гістрыён” тым часам рассеяліся па зале, падымаючы з крэслаў нават самых лянівых гледачоў, уцягваючы іх у скокі, ведучы за сабой, навучаючы на хаду. Тыя ж з радасным здзіўленнем пачыналі разумець, што не такія ўжо мудрагелістыя гэтыя танцы продкаў, і нават у няспрытных атрымлівалася, хай не з першага разу, падладзіцца пад агульны рытм, пераняць рухі.

Нарэшце, “Яварына” прадэманстравала “майстар-клас”: прыдворныя парныя танцы XV ст., падкрэслена цырымонныя, у шыкоўных строях, і раптам, пасля паўзы, — кантрастная змена вобраза: палымяны арабскі танец з фантастычнай пульсацыяй гнуткіх кашэча-змяіных целаў і зіхценнем маністаў.

Апошнім граў “Ліцвінскі хмель”, яшчэ раз давёўшы, што сярэднявечная музыка — не проста старонкі нотнай гісторыі: яна можа быць “драйвам” і для меламанаў ХХІ стагоддзя.

Пасля мы пагутарылі з кіраўніком “Яварыны”, выпускніцай Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў Маргарытай КУБЕНКЕВІЧ.

— Сёння давялося бачыць, здаецца, больш за сотню маладых людзей, якія не мелі гістарычных касцюмаў, але досыць бойка вытанцоўвалі маразулю, турдзьён, плятэршпіль... Гэта вашы вучні або прыхільнікі?

— Заўсёднікі нашых выступленняў, тыя, хто часта наведвае фестывалітакога кшталту, сярэднявечныя дыскатэкі, якія час ад часу ладзіць у мінскіх клубах “Стары Ольса”.

— “Яварына” прайшла шлях ад гурта сярэднявечнага танца да тэатра старадаўняй культуры і здзіўляе ўсё новымі знаходкамі. Нядаўна ў вас з’явіліся і свае музыкі?

— Так, 5 музыкантаў, якія граюць на дудах, шалмеях, дудках, цыстры, барабанах. Удзельнікі “Яварыны” могуць паказаць касцюмаваныя гарадскія, народныя, прыдворныя танцы — ад архаікі ІХ стагоддзя да канца XVI. Яшчэ ў нашым цяперашнім рэпертуары — усходнія танцы, фехтаванне на мячах, пародыі на рыцарства, камедыйныя сцэнкі ў масках, вогненнае і піратэхнічнае шоу. Ведаеце, у беларускім фальклоры ёсць такі непісаны прынцып: “Каб вока радавалася”.

Вось мы і стараемся радаваць гледачоў, каб ім было прыемна бачыць нашы выступленні.

— І дзе ж знаходзіце артыстаў з такімі разнастайнымі здольнасцямі?

— У асноўным гэта прафесійныя харэографы, студэнты і выпускнікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

— Вы прыйшлі ў субкультуру медыеваль 8 гадоў таму. Як лічыце, ці ёсць у яе перспектывы, або гэта толькі часовая мода?

— Колькі гэтым займаюся — бачу, што людзі ўсё больш цягнуцца да гісторыі, цікавяцца і Сярэднявеччам, і раннімі эпохамі, і пазнейшымі. Мяркую, у Беларусі будзе павялічвацца колькасць творчых праектаў гістарычнай тэматыкі.

 

Святлана ІШЧАНКА