Гук, тэст, Мінск з гуртом Re1ikt

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

У сталіцы “жывыя” канцэрты на вуліцах і ў пераходах сталі праходзіць на законных падставах
Некаторы час таму ў Мінску вызначыліся з пляцоўкамі для выступаў вулічных музыкантаў. У асноўным гэта падземныя пераходы ў розных раёнах сталіцы, але ёсць і “цэнтравыя” месцы — накшталт тэрыторыі Верхняга горада. 450 заявак ад прафесіяналаў і аматараў паступіла ў адрас праекта “Пешаходка” — аднаго з адказных за арганізацыю такіх канцэртаў. Амаль усім ім быў дадзены дазвол на іх ад гарадскіх уладаў і журы, што адслухоўвала прэтэндэнтаў. А з 29 мая выступы афіцыйна і стартавалі: яны праходзяць з 14.00 да 17.00 і з 20.00 да 22.00 па буднях, і з 14.00 да 22.00 у выхадныя. У адзін з дзён карэспандэнт “К” у кампаніі з удзельнікамі гурта Re1ikt Уладзімірам Казловым, Аляксандрам Дземідзенкам, Дзмітрыем Наркевічам, Віталём Макшуном і каардынатарам “Пешаходкі” Уладзіславам Пінчуком выправіліся пратэсціраваць некалькі пляцовак на прадмет іх акустыкі, прывабнасці для публікі, камфортнасці і агульнай атмасферы. Натуральна, заручыўшыся згодай на візіт ад музыкантаў, што ўжо абжываюць выдзеленыя ім для творчасці квадратныя метры, за тое мы артыстам шчыра і дзякуем! Re1ikt, дарэчы, заяўку не падаваў: канцэртаў у хлопцаў і без таго з лішкам…

/i/content/pi/cult/641/14239/7-1.jpgПераход каля ЦУМа

У якасці маршруту мы абралі наступную вось: падземныя пераходы ля ЦУМа (у бок рэстарацыі-бістро “Лідо”), ГУМа (насупраць крамы “Містэрыя гуку”) і на станцыі метро “Уручча” (у кірунку бліннай). “Рэлікты” падрыхтавалі акустычны сэт з трох кампазіцый: гімна “Разам!” футбольнага клуба “Крумкачы”, цудоўна-шматгалосай “Вэлытай” і кавера “Жураўлі на Палессе ляцяць...”, рэчы Ігара Лучанка. Адначасова рокеры павінны былі прыглядацца да падзей навокал ды прыслухоўвацца да сваіх унутраных адчуванняў. Я ж сціпла здавольваўся функцыяй падобнай, прызначыўшы сябе на час “эксперыменту” Капітанам Назіральнасць.

Міні-сэйшну каля ЦУМа папярэднічаў невялікі інцыдэнт, калі прадаўшчыца адной з крамак, размешчанай у пераходзе, убачыўшы падрыхтоўку артыстаў, у паўагрэсіўным тоне выказала сваю незадаволенасць, маўляў, гучная музыка будзе адпужваць пакупнікоў ад яе тавару. Але канфлікт у зародку спыніў спадар Пінчук, даходліва патлумачыўшы жанчыне, што выступ гэта санкцыянаваны і менавіта ў гэтым месцы. Наогул, як заўважыў Уладзіслаў, кіраўніцтва Мінска абсалютна лаяльна паставілася да ідэі “Пешаходкi” і ўсяляк спрыяла яе ажыццяўленню, але асобным работнікам гандлёвых кропак, прадаўцам латарэйных білетаў, кветак і іншага, што “абжыліся” ў пераходах, музычнае суседства прыйшлося не даспадобы — з прычыны, згаданай вышэй. Аднак, змірыцца з тым давядзецца, або — некаторым з іх змяніць уласную дыслакацыю.

Што мяне адразу насцярожыла — моцны скразняк, які гуляў па пераходзе. “Так нядоўга і прастуду падхапіць”, — звярнуўся я да франтмена гурта. “Ды ў якіх толькі “партызанскіх” умовах музыкантам ні даводзіцца выступаць, — супакоіў мяне спадар Казлоў. — Вецер — не самы горшы з іх, ён мяне не бянтэжыць”. І Re1ikt ударыў па перкусіі і струнах гітар. Людзі, якiя праходзілі міма, зачароўвалiся хітамі каманды, як правіла, на бягу, але вось ужо адна дзяўчына прытармазіла, прыцягнутая шыкоўным голасам Уладзіміра, двое хлопцаў дасталі смартфоны і пачалі здымаць тое, што адбываецца (а, можа, і транслюючы iмпрэзу ў інтэрнэце ў онлайн-рэжыме), кампанія са школьнікаў малодшых класаў палезла ў заплечнікі, і ў адкрыты кофр для перкусіі пасыпалася першая дробязь. (Паводле маіх назіранняў, найбольшы ганарар быў атрыманы ля ГУМа, другое месца ў “Уручча”, ЦУМ замкнуў тройку прызёраў. Тонкая ж гэта матэрыя — што рабіць з непазбежным “жабраваннем” музыкантаў — у Мiнгарвыканкаме абмяркоўвалася. Наколькі я зразумеў, рашэнне пра тое, пакараць альбо памілаваць, будуць прымаць міліцыянты, што патрулююць свае раёны.)

Сэт завяршыўся, каментарый ад лідар-вакаліста: “Вельмі гучна, класная акустыка!.. Калі я спяваў, думаў, што людзі маглі і не спяшацца прабягаць міма. Як было б выдатна, каб спыняліся, бо не кожны дзень яны слухаюць “жывую” музыку. А яна, ва ўсялякім выпадку, наша — гэта прышчэпка добрага настрою. Напэўна, ёсць такое ў беларускай ментальнасці — асцярожная рэакцыя на нешта нестандартнае. Але я ўпэўнены, што яны хутка прывыкнуць да такіх выступаў, будуць больш ахвотна апладзіраваць, падбадзёрваць воклічамі. І больш ахвотна расставацца са сваімі грашыма! Упэўненасці маіх слоў надае вопыт, які я атрымаў, жывучы ў Гомелі, калі шмат даводзілася выступаць з такімі вулічнымі канцэртамі. А ў Мінску, дарэчы, я ні разу на вуліцах не спяваў”.

Пераход каля ГУМа

У пераходзе ля ГУМа нас сустрэў незарэгістраваны выканаўца папулярных песень пад акампанемент баянчыка. Гэты мужчына ва ўзросце знаёмы спадару Пінчуку, ён праяўляў цікавасць да праекта, але так пакуль і не ўступіў у афіцыйную супольнасць вулічных музыкантаў. Даўшы даспяваць “канкурэнту” (Уладзіслаў потым яшчэ доўга гутарыў з ім, і, як ён зразумеў, “акын” так і не запалаў жаданнем легалізавацца), Re1ikt паўтарыў свой сэт. Я меркаваў, што народ тут арганізуецца ў больш масавую публіку. Так і сталася, а падоўжыся б выступ яшчэ хвілін на дваццаць-трыццаць, глядзіш, і сабраўся б аншлаг. Асабліва эмацыйна людзі адрэагавалі на фінальную песню сэта — “Жураўлі на Палессе ляцяць...” Слухаючы шлягер, асабіста я перажываў за яго праваўладальнікаў, што ў гэты дзень панеслі цяжкую фінансавую страту, бо аўтарскія адлічэнні за хiт наўрад ці паступяць у іх партманэ. Пытанне верагоднага страчанага прыбытку кампазітарамі і паэтамі-тэкставікамi, чые творы несумненна будуць выконвацца ў пераходах, таксама ўздымалася пры запуску праекта. Але шляхі для яго рашэння пакуль не знойдзеныя. А наогул з зацвярджэннем рэпертуараў ніякіх праблем ні ў каго не ўзнікала.

Пераход на станцыі метро “Уручча”

Людзі па-ранейшаму кудысьці спяшаліся, насустрач і ўслед ім несліся песні, але тут артысты ўпершыню пачулі сказаныя ў іх адрас услых, не спехам, выразна, з пачуццём словы падзякі за выступ. Рокерам было прыемна, я бачыў.

Што яшчэ дадаць аб праекце? Ён — на ўвесь год. Музыканты будуць абменьвацца пляцоўкамі, сякія-такія з іх з розных прычын ладзіць ужо перасталі, так што неўзабаве магчымыя замены. У працэсе зацвярджэння месцаў для выступаў не ўсе пажаданні арганізатараў праекта і артыстаў улады змаглі задаволіць. Напрыклад, такі прынадны кавалачак, як падземны пераход пад Плошчай Перамогі, апынуўся пад забаронай, але гэта і зразумела (хоць нефармальныя артысты там тусуюцца рэгулярна). Як прагназуе Пінчук, больш-менш актыўна па горадзе стануць выступаць заяўкадаўцаў сто пяцьдзясят (астатнія забраніравалі сабе такую магчымасць на ўсялякі выпадак), да канца года семдзесят-восемдзесят з іх дакладна дэбютуюць на кропках і пачнуць працаваць рэгулярна. (Між іншым, сярод прэтэндэнтаў былі не толькі спяваючыя артысты і інструменталісты, але і танцоры (пытанне вырашана станоўча) і нават... майстры-рамеснікі (адмоўлена, бо гэта “песня” — іншая)!) Не выключана, што з часам да дзённых і вячэрніх канцэртаў дадасца ранішні, які будзе пачынацца ў 11.00.

— А ці не папіць нам цяпер гарбаты? — выграбаючы з кофра папяровыя і металічныя грошы, задуменна вымавіў сам сабе бубнач і заснавальнік гурта Аляксандр Дземідзенка. “Спачатку дай ацэнку нашаму канцэрту-кідку”, — папрасіў я яго, і вось што пачуў:

— Расчаравання наогул ніякага няма. Кожная з кропак мне спадабалася па-свойму, гук усюды годны, граць было прыемна. Класна, што з гэтага часу вулічныя музыканты, не асцерагаючыся за інструменты і розныя часткі цела, якія маглі б пацярпець у выпадку непаразуменняў, на цалкам законных падставах могуць выступаць у Мінску на афіцыйна адведзеных для іх пляцоўках. Немалаважна, што і зарабіць ім можна будзе: хацелася б, каб міліцыянты да гэтага ставіліся з разуменнем. І, вядома, гэта выдатная магчымасць папрактыкавацца ў выканальніцкім майстэрстве. Я ніколькі не перабольшу, калі скажу, што такія канцэрты — гэта таксама частка беларускай культуры, у нечым асаблівая, нефарматная, але яна цалкам ляжыць у рэчышчы векавых народных традыцый, калі і па беларускіх землях раз’язджалі вандроўныя артысты, разбівалі сцэны на плошчах і радавалі публіку сваім мастацтвам. Выдатна, што яно да нас вяртаецца!

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"