Жыццё атрымалася!

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

Легенда айчыннага року 1990-х жыве ў Бельгіі, але ўсё ж такі марыць спяваць па-беларуску
Надоечы ў Мінску выступіў Джагер... Але ўшанаваў сваім візітам сталіцу не састарэлы абраз рок-н-ролу ў суправаджэнні ансамбля The Rolling Stones, а мужчына ў самым росквіце фізічных і творчых сіл — Алег МІНАКОЎ. Таксама легенда — року беларускага, музыкант па мянушцы Джагер. У сярэдзіне 1990-х гурт Rouble Zone, у якiм ён з’яўляўся фронтменам, сенсацыйна выйграў галоўную намінацыю на “Рок-каранацыі”. Больш за дваццаць гадоў з таго часу прайшло, “рублёвыя” перыядычна адраджаюцца для разавых акцый і зноў залягаюць на дно. Хтосьці з удзельнікаў калектыву працуе па ранейшым профілі тут, іншых раскідала па астатнім свеце. Алег жыве ў Бельгіі. Часам вяртаючыся дадому, каб адведаць блізкіх, а то і “даць жару” на сцэне.

/i/content/pi/cult/641/14238/6-1.jpg— І дзе ты жывеш у Бельгіі? Як цябе наогул туды занесла?

— Жыву ў горадзе Руселары з насельніцтвам за шэсцьдзясят тысяч жыхароў, які знаходзіцца ў Заходняй Фландрыі, на краі Еўропы, карацей. А як там апынуўся... У 1996 годзе я сабраў пасылачкі з кружэлак Rouble Zone, відэаматэрыялаў з нашымі выступленнямі і разаслаў у розныя сусветныя рэкорд-агенцтвы з прыцэлам каго-небудзь з іх зацікавіць і паспрабаваць з дапамогай апошніх раскруціцца за мяжой. Прыйшлі чатыры водгукі — з Германіі, Бельгіі і два з ЗША. Амерыку, як чалавек еўрапейскага складу і неаматар доўгіх пералётаў, амаль адразу адхіліў. Немцам быў патрэбны “цяжкі” рок, які я калісьці граў у гурце “Інспектар” і ад якога ўжо стаміўся, перайшоўшы на блюз-джаз-рок з элементамі папсы. А Бельгія цалкам задаволіла, куды і выправіўся на кліч тамтэйшага прадзюсара, вядомага джазавага трубача. Паехаў, праўда, без гурта, думаў перавезці хлопцаў пазней, але менеджар гэты сказаў, што адзін-два “родныя” музыканты — гэта яшчэ добра, але цалкам перавозіць склад эканамічна нявыгадна: прасцей дабраць мясцовых высакакласных інструменталістаў. На некаторы час мы з жонкай Вольгай пасяліліся на віле прадзюсара, які, нягледзячы на тое, што па ўсім свеце ход набіралі бойз- і гёрлз-бэнды, спадзяваўся нешта прыдумаць і з такой нашай музыкай, але рэкорд-лэйблы да яе паставіліся абыякава.

— Але вы не развярнуліся і не з’ехалі назад...

— Не, што ты! Вырашыў спрабаваць прабівацца з больш “лёгкай” музыкай, да якой ужо тады схіляўся. Але тут жа паўстала пытанне аб часовым відзе на жыхарства. Каб яго атрымаць, трэба было ўладкавацца на працу, а на працу без яго не бралі. І пачалася наша эпапея за здабыццё гэтага дакумента. З нейкімі грашыма мы прыехалі, падпрацоўваў дзесьці — “на адвакатаў”, якія разграбалі маю сітуацыю. І пакуль ішлі гэтыя “разборкі”, нас з жонкай выправадзіць з краіны не маглі. З’явіліся нейкія “зачэпкі” за музыку, і ў 2000-м годзе мяне запрасілі выканаць партыю Ісуса Хрыста з рок-оперы Jesus Christ Superstar на “Міленіум-канцэрце” ў Антвэрпэне. І на хвалі маёй такой “буйной легалізацыі” ў бельгійскім грамадстве адзін чалавек параіў напісаць бельгійскай каралеве, запрасіўшы яе на мой выступ і акуратна панаракаўшы на тое, што ў мяне ёсць складанасці з атрыманнем віду на жыхарства, маўляў, дапамажыце. І праз пяць дзён з канцылярыі прыйшла гербавая папера! Маўляў, дзякуй, але ніяк не атрымаецца — занятасць дзяржаўнымі справамі не дазваляе. І я паклаў гэты адказ зверху на рэкамендацыйныя лісты маіх суседзяў і некаторых зорак мясцовага шоу-бізнесу, што хадайнічалі за мяне, і занёс у спецыяльную камісію. Праз два тыдні від на жыхарства мне далі. А ў 2003-м я прыняў бельгійскае грамадзянства.

— Адмовіўшыся ад беларускага...

— Пашпарт у мяне быў яшчэ савецкі, грамадзянінам Беларусі я стаць не паспеў, так што ні ад чаго адмаўляцца не давялося.

— І не цягне на радзіму?

— Я не па бярозках сумую. Хаця хлушу: сумую! Там, дзе мы жывем, лесу няма, усё раўніны і раўніны, і мора. Па людзях, так, сумаваў і сумую. Асабліва калі вып’еш крыху, вось тады сплін, здаралася, і набягаў, вонкі лезла настальгія, якая глыбока сядзела ўнутры. А так... Я ж біўся за выжыванне, за месца пад сонцам, з раніцы да ночы думаў, як замацавацца, і часу на адвечную славянскую тугу папросту не заставалася.

— Жывучы там, фантазіраваў, як мог бы скласціся твой лёс, вярніся ты назад?

— Ого!.. Вось ты мяне злавіў, прыпёр да сценкі сваім пытаннем. Зараз буду “прыдумляць”... Напэўна, спяваў бы гэтак жа, як Валерый Дайнэка, які неяк у мяне гасцяваў, а потым мы на яго машыне паехалі ў Мiнск. Як Саладуха, можа. Нешта такое спяваў бы, камерцыйнае, у радыёфармаце, але ўласнага аўтарства, у сваім стылі.

— І гэта кажа мне рок-н-рольшчык са шматгадовым стажам... “Здравствуй, чужая милая”, прыехалі...

— Ды які з мяне ўжо рок-н-рольшчык! Маю цяперашнюю музыку пераважна жанчыны слухаюць, такога, ведаеш, узросту... рознага. Я цяпер такі рок-н-рольшчык, якім Джо Кокер быў — трошкі року, крыху папсы, нешта ад таго, ад іншага. Увесь з міксаў складаюся: густы музычныя ў мяне за гэтыя дваццаць гадоў ого-го як змяніліся! Рокерам-слухачам і рокерам-калегам я ўсё даказаў. Другім... Джагерам мне не стаць — не граю я ўжо ў монстраў року і зараз прытрымліваюся такой формулы пры напісанні песень: яны павінны быць не даўжэй за тры-чатыры хвіліны, грунтавацца на трох акордах, а чацвёрты хай будзе мімаходам. “Кан’юнктуршчык” я, і ў мінскіх рок-клубах сябе сёння вельмі слаба ўяўляю.

— А сучасную беларускую музыку ўяўляеш?

— Слаба. Што ў беларускіх рэгіёнах адбываецца — для мяне цёмны лес, як і ў культуры ўвогуле. Праз інтэрнэт стараюся хоць неяк быць у курсе мінскіх падзей... Але ансамбль нумар адзін у вас (у нас!) — гэта, вядома, Iowa.

— “Здрасьте”, зноў! Асіміляваныя ў Пецярбургу магілёўцы, якія ніякага дачынення да беларускай песеннай культуры не маюць...

— І што? Асабіста мне яны “дах” зносяць! У Піцеры? Але з Магілёва? Значыць, беларусы!

— Пераканаў. Можа, яшчэ каго ведаеш? Пажадана, з мясцовых?

— Ну, NaviВand цяпер на слыху, так? Я ж Ксюшу Жук па гурце Sonika ведаю, у якім яна спявала. Мне неяк прапанавалі разам з ёй выканаць нейкую англамоўную песню: я у Бельгіі запісаў бы свой вакал, яна дома. Але мне тэкст не спадабаўся — нешта пра праблемы школьнікаў. Ну куды мне, пра школьнікаў? А NaviВand — малайцы, аднак я з самага пачатку ведаў, што ў іх нічога з “Еўрабачаннем” у плане высокіх месцаў не атрымаецца. Іх песня — не ў еўрапейскім трэндзе, іх фольк у такой форме замежным шырокім масам не цікавы.

— А выйграў партугалец з чысцінёй жанру...

— У гэтым і прыкол! Зараз з усё яшчэ моднымі напрамкамі стала запатрабаваная і “чыстая песня”. Сальвадор Сабрал і праспяваў такую  — крыху “пад народную”, без усялякіх там “этна-наваротаў”, зробленую па камерцыйных лекалах, папсовенькую, чыстую па мелодыі. І яна “зайшла”! А нашы “зарадзілі” нешта бліжэй да “ўтылітарнага”. Добра, што іх запомнілі, але не больш.

— Самому на беларускай мове ніколі не хацелася праспяваць?

— А я праспяваў пару песень, там. Вось, яшчэ “прыдумаў”! Каб застаўся тут, то, магчыма, зрабіў бы праграму з кампазіцый на англійскай і беларускай мовах. У Беларусі я размаўляю на рускай мове, але беларуская для музыкі значна больш напеўная, а для мяне эстэтыка гучання вельмі важная, вось таму і на англійскай стаў калісьці спяваць. Самай крутой, дарэчы, у гэтым сэнсе лічу... партугальскую. У ідэале — яе выбраў бы для сябе ў якасці мовы выканання.

— Памятаю, як мы з табой у годзе недзе 1996-м на тады яшчэ проста “Славянскім базары”, чамусьці загаварылі пра беларускую эканоміку, смяяліся, што больш правільна было б назваць ваш гурт Trouble Zone...

— А гэта быў адзін з варыянтаў, дарэчы, калі мы ствараліся. А той “Славянскі базар” быў адметны тым, што на ім упершыню беларускі рок-гурт са сцэны амфітэатра выконваў песню на англійскай мове. І гэта ў Дзень Беларусі на фестывалі!

— Я пра бельгійскую музыку мяркую па такіх калектывах, як dEUS, Goose, Front 242. Што на самой справе ў ёй адбываецца?

— Ды тое ж самае, што і ва ўсёй Еўропе. Рокеры ўсе ходзяць беспрацоўныя, мэйнстрым памёр, паўсюль хіп-хоп, электронныя нейкія рэчы. А шоу-бізнес там невялікі, запраўляе ім чалавек шэсцьдзясят. Прытым, што слухач бельгійскі ў сваёй асноўнай масе выбірае “олд скул” (натуральна, акрамя прасунутай моладзі), яму дай паспяваць пад кавер-гурты, а навінкі музычныя яго мала цікавяць.У мяне як справы? Працую ў музычнай краме, якая гандлюе інструментамі, апаратурай, аўдыя- і відэапрадукцыяй. Адначасова яна з’яўляецца і рэкорд-лэйблам (бос “маркета” — вядомы дзі-джэй). Дома ў мяне знаходзіцца свая студыя, прадзюсую артыстаў (з адносна нядаўніх, што на слыху і ў Беларусі — беларуская спявачка Наталля Валасевіч, яна ж NaTtA, яе песні ведаюць у Іспаніі, Італіі...). Урэшце усведамляю, што для шоу-бізнесу я чалавек стары, ім “руліць” маладняк. У яго як спявак прабіцца так, каб хоць лакальна дзе-небудзь апынуцца ў “топах”, ужо не змагу, максімум — удзел у праектах кшталту “Голас”, што і было ў маім жыцці, карпаратывы, прыватныя вечарынкі (клубная сістэма, дарэчы, у Бельгіі слаба развітая, гэта ж краіна — экспарцёр тэхна-хауса і ўсёй падобнай “дрыгвы”). Спрабую рэалізавацца менавіта праз выканаўцаў. Камерцыйнае для мяне, хутчэй, стаіць на другім плане, чым творчае.

— Што з творчымі планамі на Беларусь?

— Яны ёсць. На мінскім канцэрце я выступаў з гуртом, у якiм сабраліся выдатныя сесіёншчыкi, вось на яго планы і выбудоўваю. Гэта будзе нешта ў корані адрознае ад таго, што мы рабілі, напрыклад, з Rouble Zone. Хачу выцягнуць музыкантаў да сябе і запісаць з імі англамоўны альбом. За музыку буду адказваць я, а паэтам-песеннікам выступіць Алег Савілаў, што піша для пецярбургскага гурта Pushking. Адзін тэкст напісаў Аляксей Казлоўскі, былы басіст і тэкставік “рублёвых”, які пражывае ў ЗША, песня ўжо гатовая. Будучы рэліз прадставім у Еўропе, і ёсць жаданне пракаціць яго ў выглядзе канцэртаў па Беларусі.

— Перапыню цябе. З Pushking па-ранейшаму сябруеш?

— Спадзяюся на далейшыя з гуртом праекты, сувязь з яго лідарам Канстанцінам “Кохам” Шустаровым не згубіў, у нас з ім шыкоўныя адносіны, брацкія.

— Добра, давай яшчэ пра планы.

— На дні нараджэння Уладзіміра Цэслера, які адзначаўся ў канцы красавіка, я “прадставіў” публіцы Макса Лорэнса — выдатнага выканаўцу, вядомага не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі з Украінай. Ён узяў гітарку і стыльна так праспяваў. Дамовіліся, што Макс прыедзе да мяне, пасядзім з ім у студыі, памяркуем, можа, што-небудзь прыдумаем. Яму патрэбен хіт, а голас, густ і знешнасць у яго ёсць. Наогул, я — той іншаземец, якому ў масць прыдаўся пяцідзённы бязвізавы рэжым: за апошні месяц двойчы пабываў у Беларусі!

— ...Табе — шосты дзясятак. Жыццё атрымліваецца, цёзка?..

— Ты ведаеш, атрымліваецца!..

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"