Кніга ў перакладзе на мастацтва

№ 22 (1305) 03.06.2017 - 09.06.2017 г

Бібліятэка ва ўмовах камунікацыйнага выбуху ператвараецца ў шматфункцыянальны культурны і асветніцкі цэнтр з шырокім спектрам разнастайных задач. На мінулым тыдні ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася, так бы мовіць, комплексная выстава, прысвечаная культавай для некалькіх пакаленняў кнізе Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Яна першая ў запланаваным цыкле “Літаратура і мастацтва”.

/i/content/pi/cult/640/14234/5-2.jpgВыставы гэтага праекта нагадаюць грамадзе пра творы беларускай літаратуры, якія з’яўляюцца нашай візітоўкай у сусветнай культурнай прасторы. Акрамя таго, гэта кнігі, перакладзеныя, калі так можна сказаць, на мову іншых відаў мастацтва. Найперш — на мову кіно. Вядома ж, што ў саміх літаратараў экранізацыя твора заўжды лічылася вышэйшай адзнакай вартасцей кнігі.

Партнёрамі Прэзідэнцкай бібліятэкі ў арганізацыі дадзенай выставы з’яўляюцца Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Музей гісторыі беларускага кіно, Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны. Ужо сам вопыт прыцягнення да ўдзелу ў праекце столькіх розных арганізацый, у тым ліку рэгіянальных, варты ўвагі. Дарэчы, звярталася бібліятэка з прапановай далучыцца да выставы ў гонар “Дзікага палявання…” і да Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Але, на думку кіраўніцтва БДАМ, у фондах няма студэнцкіх работ на дадзеную тэматыку, якія вартыя таго, каб быць выстаўленымі побач з работамі такіх мэтраў, як Арлен Кашкурэвіч, Юрый Якавенка, Міхаіл Басалыга, што ў розныя гады ілюстравалі згаданы твор і чые ілюстрацыі ў экспазіцыі ёсць. Але ў перспектыве акадэмія гатова супрацоўнічаць з Прэзідэнцкай бібліятэкай — як у выставах гэтага цыкла, так і ў будучых праектах аддзела маркетынгу апошняй.

Кожны з партнёраў прадставіў артэфакты, якія рэдка пакідаюць сховішчы, да якіх прыпісаныя, ці экспазіцыйную прастору. У выніку нават тыя, хто нібыта някепска знаёмыя з творчасцю і жыццёвым шляхам Уладзіміра Караткевіча, маглі адкрыць для сябе ў вобразе славутага пісьменніка незнаёмыя ім рысы. У экспазіцыі прадстаўлены выданні класічнага твора на роднай мове і мовах свету, ад першай публікацыі ў часопісе “Маладосць” да самай апошняй. Таксама ёсць творы мастацтва, прысвечаныя пісьменніку, касцюмы і рэквізіт, што скарыстоўваліся на здымках вядомага фільма Валерыя Рубінчыка паводле кнігі. Сам фільм дэманструецца на маніторы, а некаторыя кадры з яго пададзены фотаздымкамі на сцяне. А яшчэ тут — асабістыя рэчы Караткевіча. Гэта прадметны свет, што атачаў пісьменніка і які характарызуе не толькі асобу, але і час, калі ён жыў і працаваў.

Мне здаецца, што сутнасць выдатнай кнігі і ўсёй творчасці славутага пісьменніка на сумоўі выдатна акрэсліў Міхаіл Басалыга. Ён сказаў, што настроіцца на хвалю Караткевіча лёгка, а ўзняцца да ягонага ўзроўню неймаверна цяжка. Сам мастак гэта адчуў, працуючы над ілюстрацыямі да “Дзікага палявання…” Дарэчы, спадару Міхаілу прапанавана ў недалёкай перспектыве зладзіць персанальную выставу ў Прэзідэнцкай бібліятэцы. Мастак даў прынцыповую згоду.

А першая выстава з цыкла “Літаратура і мастацтва” пасля закрыцця ў сценах бібліятэкі будзе гастраляваць па музеях, што далучыліся да яе арганізацыі. Такая ж практыка прадугледжана і для наступных праектаў цыкла.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"