Зорачка, прыйдзі! А мо, “Уваход забаронены”?

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Было б памылкай пачаць “укараняць” у дыскатэках адно жывыя выступленні зорак — у абавязковым парадку, у якасці гэткай “гуманітарнай дапамогі” і панацэі ад усіх праблем. Але як адна з форм працы, як паказальнік “сусветнага ўзроўню” той ці іншай дыскатэкі — чаму б і не? Тады, мабыць, і сваіх беларускіх артыстаў падлеткі ды моладзь ведалі б лепей.

Анатоль ЯРМОЛЕНКА, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік ансамбля “Сябры”:

— Асабіста мне на танцпляцоўках выступаць не давялося. Дый хадзіць туды ў якасці наведвальніка не было часу. Неяк адразу пачаў менавіта з канцэртнай дзейнасці, яна сталася асноўнай. А да танцпляцоўкі ставіўся вельмі спакойна: ну няма — і няма.

Але сапраўды, у гады майго юнацтва ў Гомелі была танцпляцоўка, на ёй нават аркестр іграў. Жывая музыка — рэч ні з чым не параўнальная. Дый была магчымасць замовіць любімыя мелодыі. Але з удасканаленнем тэхнікі ад музыкантаў адмовіліся. Сёння, намагаючыся вярнуць былыя традыцыі, грамадства, на маю думку, сутыкнецца з шэрагам праблем. Першая з іх — якаснае тэхнічнае абсталяванне: ну не спяваць жа, прабачце, у “хрыплы” дынамік. Другая — фармат саміх песень, бо дыскатэка патрабуе адпаведнай музыкі. Зоркі ж эстрады, наадварот, у сваіх песнях намагаюцца адыйсці ад “музыкі для ног”, прапанаваць штосьці больш высокае, адухоўленае, каб адгукнулася сэрца.

Мяркую, дыскатэкі ўжо паводле сваёй сутнасці не могуць у поўнай меры несці тую выхаваўчую нагрузку, якую нясе канцэрт. Трэба даць магчымасць моладзі не толькі працаваць, у тым ліку душой, але і адпачыць! Для таго і прызначана дыскатэка — як добрая нагода проста патанчыць, скінуць залішні запас энергіі, накіраваўшы яе ў танцавальнае рэчышча, а не ў якое-небудзь іншае. Што ж да выхаваўчай ролі дыскатэк, дык яна заключаецца ўжо ў самой эстэтыцы, якую тыя дыскатэкі прапануюць: і музыка, і, асабліва, само памяшканне, яго, калі хочаце, дызайн павінны выхоўваць прысутных сваёй прыгажосцю. Навакольная эстэтыка, заўважце, патрабуе і адпаведнай этыкі: усё ў жыцці ўзаемазвязана. Мне даводзілася бываць на падобных вечарынах у замежжы: усё прыгожа, з вельмі якасным гукам. Да гэтага трэба імкнуцца і ў нас. Што ж да нашых беларускіх зорак, дык мы — людзі вельмі дэмакратычныя. І не адмовімся праехаць па тых жа аграгарадках, выступаючы і на плошчах, і на маладзёжных дыскатэках. Былі б толькі ўмовы адпаведныя! Але, паўтару, такую практыку наўрад ці трэба ўкараняць у абавязковым парадку: усё ж кожнаму — сваё. І тыя ж канцэрты дазваляюць прыцягнуць куды больш публікі,да таго ж— розных узростаў. Калі на канцэрты прыходзяць цэлымі сем’ямі— гэта мае не меншае выхаваўчае значэнне.

 Ізмаіл КАПЛАНАЎ, музыкант і кампазітар, які стаяў ля вытокаў айчыннай эстрады:

Я ў маладосці шмат іграў і на танцпляцоўках, і ўласна на канцэртах, але тады ўсё было іначай: пасляваенны час, 1955 — 58-я гады, ніякіх мікрафонаў. Кожны час мае сваю дыскатэку, танцпляцоўку, — справа не ў назве. І параўноўваць, як было і як стала, наўрад ці мэтазгодна. Параўналі — ну і што? Наша побытавая танцавальная культура — люстэрка агульнага стану культуры. І думаць, што аднымі дыскатэкамі мы адразу выхаваем нашу моладзь, раз і назаўсёды, — па меншай меры, наіўна.

Цяперашні варыянт, з наяўнасцю запісаў і дзі-джэя (вядома, добрага дзі-джэя, бо ва ўсялякай справе патрэбны прафесіяналізм), будзе існаваць яшчэ колькі часу ўжо хаця б таму, што ён замацаваўся. Іншая справа, што часцей за ўсё моладзь выходзіць з такіх дыскатэк з хворай галавой: адна колькасць дэцыбелаў чаго вартая! Гэта ж, прабачце, які стан здароўя трэба мець, каб такое вытрымаць! А каб прыжылася на дыскатэках жывая музыка, каб там віталі зорак нашай эстрады, патрабуюцца, найперш, вялікія фінансавыя ўкладанні. Без гэтага нікуды не падзенешся, колькі б ні агітаваў. Ці гатовы мы зараз да ўкладання такіх грошай?..

 Юрый САВАШ, прадзюсер заслужанай артысткі Беларусі, лаўрэата міжнародных конкурсаў Ірыны Дарафеевай:Ірына Дарафеева шмат ездзіць па беларускай глыбінцы. Стала ўжо традыцыяй штогод прымяркоўваць такі гастрольны тур да жніва, выступаючы не толькі ў райцэнтрах, але і наўпрост у полі, непасрэдна ў час абедзеннага перапынку хлебаробаў.

Але давайце рэальна глядзець на рэчы: выступленні на дыскатэцы для нас сёння не магчымы. Справа не ў рэпертуары: у Ірыны якраз з’явіліся 11 песень Кіма Брэйтбурга, ад якіх не адмовіцца ніводны клубны праект. Дый на любым яе канцэрце, ледзь толькі песня адпаведная, уся плошча пачынае танчыць — без усялякіх узроставых абмежаванняў, якія, хочаш ці не, на дыскатэках узнікаюць, бо тыя прызначаны, найперш, для моладзі. Але спяваць без сваёй групы, пад так званы “мінус” (запісаную фанаграму), без усяго таго, што працуе на якасць і добрае відовішча, — навошта ўсё гэта прафесіяналу? Самадзейным музыкантам, пачаткоўцам — чаму б і не, усё ж такі пэўная “раскрутка”, хаця б у абмежаваным асяроддзі. А сапраўдны артыст павінен спяваць цалкам жывым гукам, і гэта патрабуе якаснага абсталявання. Кожная эстрадная зорка мае свой тэхнічны райдэр — пералік патрабаванняў да гукаапаратуры. Арэнда яе каштуе дзве — тры тысячы долараў. А са святлом — і ўсе пяць. Гэта пад сілу хіба Святу горада, ды яшчэ з дапамогай раёна, вобласці, а не асобна ўзятай дыскатэцы, перад якой стаіць выкананне плана па платных паслугах. Заўважу, што мы часцяком, як кажуць, усё сваё вязём з сабой. І ў Магілёве нам нават давялося выступаць на адной дыскатэцы. Але гэта на сённяшні дзень хіба выключэнне з правілаў. Вельмі малая колькасць памяшканняў, дзе праходзяць такія мерапрыемствы, увогуле арыентавана на жывы гук. Думаю, многім даводзілася назіраць, што пакуль гучыць запіс — усё ў парадку, а ледзь толькі бярэцца ў рукі мікрафон — ён і пішчыць, і свішча, гук так адлятае ад столі, падлогі, сцен, што атрымліваецца суцэльная “каша”, ніводнага слова не разбярэш. Бо сама акустыка залы да такога гучання не прыстасавана. Да таго ж, прафесійны артыст выступае звычайна са сваёй харэаграфічнай шоу-групай, і яму хочацца, вядома, “паказаць тавар тварам” — у высакаякасным варыянце, а не абы-што.

Маё рэзюмэ? Прафесійным артыстам выступаць ні на дыскатэках, ні на так званых карпаратыўных вечарынах, шчыра кажучы, не цікава. Але калі ёсць такая магчымасць, калі для гэтага ёсць усе ўмовы, адмаўляцца немэтазгодна. Што, уласна кажучы, і адбываецца на нашай эстрадзе.

 Алег ЕЛІСЕЕНКАЎ, кампазітар, прадзюсер студыіГран-пры”:

— У адным з інтэрв’ю вашай газеце я ўжо казаў, што, маўляў, вырас на танцпляцоўцы. І справа не толькі ў тым, што я жыў у Маладзечне акурат насупраць танцпляцоўкі, таму, хочаш ці не, быў вымушаны слухаць музыку, што там гучала, акурат з 1 мая (на гэты дзень звычайна прыпадала ўрачыстае адкрыццё сезона) да 1 кастрычніка. Калі ж вучыўся ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, я ўжо сам іграў на танцавальных вечарах — наадварот, з 1 кастрычніка да 1 мая.

Танцпляцоўка ў горадзе была адна, яе абслугоўвала свая каманда. А ў халодную пару года танцавальныя вечары праходзілі ў дамах культуры, іх у горадзе было тры. І я іграў у ДК чыгуначнікаў — пастаянна, чатыры разы на тыдзень. Па выхадных здараліся такія аншлагі! А на навагоднія святы былі па два вечары. Адзін, як заўсёды, праходзіў з 20 да 23 гадзін, на яго людзей збіралася меней, бо ўсе рыхтаваліся да сустрэчы Новага года. А другі пачынаўся апоўначы: узняўшы дома кілішкі пад бой курантаў, моладзь накіроўвалася на танцы, якія доўжыліся да чатырох гадзін раніцы. Прыходзілі да нас і вяселлі: пасвяткуюць спачатку самі, а потым — на танцпляцоўку, звычайна на гадзіну. Замаўлялі і музыку. У нас былі розныя праграмы, мы іх спецыяльна рыхтавалі, доўга рэпеціравалі, каб надалей усё ішло як па накатанай. Выконвалі і савецкую эстраду, і замежную, і свае ўласныя творы.

Гэта былі паўнавартасныя канцэрты працягласцю ў дзве гадзіны і болей. Але перад пачаткам сезона прыходзіла камісія, якая і прымала нашы праграмы. Вядома, замежную эстраду мы ў тых рэпертуарных спісах не пазначалі, але пільна сачылі за ўсімі навінкамі.

І толькі “зловім” дзесьці з польскага радыё ці “здымем” з замежнага плытка, тут жа, літаральна праз тыдзень, ужо спяваем самі. Кіраўнік нашай групы добра ведаў англійскую мову і рабіў нам падрадковы пераклад. Таму мы спявалі не толькі з добрым англамоўным вымаўленнем (бо капіравалі не тое што кожную ноту — кожную маўленчую інтанацыю!), але і цалкам асэнсавана, бо ведалі, пра што кожная песня. Акрамя англійскай і рускай моў, спявалі таксама па-польску, па-ўкраінску, па-беларуску. Нездарма мы лічыліся інтэлектуаламі— і вельмі ганарыліся гэтым. Неяк падышлі да нас студэнты “инъяза”, запытваюць: “Дзе вы вучыліся? У вас чыста лонданскае вымаўленне”.

ДК нам забяспечвала толькі гукавую апаратуру, інструменты мы прыносілі свае. Грошы за амартызацыю, як гэта робіцца зараз нават у дзяржаўных аркестрах, калі артысты іграюць на сваіх інструментах, не прадугледжваліся. Электрагітара каштавала каля дзвюх тысяч рублёў. А нам павінны былі плаціць па 60 рублёў на месяц. На той час гэта быў мінімальны заробак па краіне, столькі атрымлівалі прыбіральшчыцы, але яны звычайна мелі па некалькі ставак: зранку прыбіралі ў адным памяшканні, увечары — у другім. Мы ў рэальнасці таксама атрымлівалі болей — па 100 рублёў, таксама быццам за паўтары стаўкі, бо ўсе ў нашай групе, акрамя салісткі, не толькі ігралі, а яшчэ і спявалі. Праўда, сумяшчальніцтва ў падобных выпадках законам не прадугледжвалася, а таму “не праходзіла” па справаздачы. І кіраўніцтва, каб выплаціць музыкантам дадатковыя грошы, звычайна запісвала ў ведамасць большую колькасць артыстаў, за што, здаралася, і “расплачвалася”. Практыка такая негалосна існавала паўсюдна, лічылася ледзь не за правіла, а судовыя “разборкі” ўзнікалі — гэта ўжо каму як пашанцуе.

Што ж да нас, музыкантаў, дык на той час іграць на танцах было вельмі прэстыжна, мы былі ў сваім горадзе сапраўднымі зоркамі. У гэтай сферы існавала жорсткая канкурэнцыя — не толькі паміж групамі, але і ўнутры іх: музыканты замяняліся на лепшых, таму трэба было ўвесь час “трымаць форму”.

Было б памылкай думаць, што сёння тыя традыцыі страчаны. Яны працягваюць развівацца, толькі не на дыскатэках, а на карпаратыўных вечарынах. Жывое музычнае выкананне апошнім часам там карыстаецца павышаным попытам. Некаторыя нават не пагаджаюцца, калі эстрадныя салісты прапануюць ім спевы пад “мінус”, патрабуюць цалкам жывы гук — разам з інструментальнай групай. Выстаўкі, прэзентацыі таксама аздабляюцца жывым выкананнем. І часцей за ўсё, не эстрадным: музыка павінна гарманіраваць з астатнімі складнікамі. Дый многія канцэрты сёння пачынаюцца з жывых музыкантаў, якія сустракаюць публіку ўжо ў фае, настройваючы яе на далейшае відовішча. Звярніце ўвагу і на такую дэталь: усе міжнародныя спаборніцтвы па спартыўных і бальных танцах праходзяць толькі пры ўдзеле жывых музыкантаў, а не пад запісы. Таму што гэта зусім іншая энергетыка!

Так што жывая музыка сёння, як кажуць, у цане — ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Але для яе далейшага распаўсюджвання — у прыватнасці, на дыскатэках — не хапае фінансавых магчымасцей. Танцпляцоўкі запрашалі калектывы да супрацоўніцтва, бо працаваць без іх не маглі. Дзякуючы ж музыкантам яны зараблялі грошы.

Мы ж трымаліся за гэтую працу, найперш таму, што яна гарантавала пастаянны заробак,а не ад выпадку да выпадку. Мы маглі месяц, а то і больш рыхтаваць праграму, але ведалі, што потым будзем рэгулярна выконваць яе, шліфуючы ўсё больш і больш. Гэта, да ўсяго, закладала асновы прафесіяналізму. І прыносіла карысць абодвум бакам.

* * *

Паслухаўшы розныя пункты гледжання, я пачала згадваць уласныя назіранні. У памяці ўсплыла дыскатэка на адным з “Залатых шлягераў” у Магілёве. Цікава, але “рэтра-дыскатэкай” назваць яе было цяжкавата: песні мінулых гадоў гучалі ў такіх аранжыроўках і рытмах, што танчыць пачыналі нават тыя, хто прыйшоў проста на чарговую фестывальную праграму. А як танчылі самі зоркі — госці фестывалю! Няма чаго і казаць, што і песні ішлі ў іх выкананні. У фае Палаца культуры ВА “Шкловалакно” атрымалася папраўдзе зорная “танцпляцоўка”, дзе ледзь не кожны артыст то выступаў у ролі саліста, то пачуваў сябе звычайным наведвальнікам дыскатэкі — і ўсё гэта разам са звычайнай публікай, якая набыла квіткі.

Узгадаліся і шматлікія танцполы — у тых жа палацах спорту, лядовых палацах, на стадыёнах. І тое, як апантаная публіка імкнецца танчыць на канцэртах любімых выканаўцаў (у тым ліку беларускіх) — там, дзе рабіць гэта забаронена: у Палацы Рэспублікі, у іншых канцэртных залах.

Падумалася і пра тое, што майстэрства дзі-джэяў дало жыццё новаму мастацтву, заснаванаму на разнастайных міксах, на сапраўды фантастычных гукавых спалучэннях, дасягальных толькі з дапамогай электронікі — і варажбы дзі-джэя (як кажуць, лоўкасць рук — і ніякага падману).

Не выпадкова некаторы час таму праводзіўся нават конкурс паміж дзі-джэямі і жывымі музыкантамі. Таму было б памылкай пачаць “укараняць” у дыскатэках адно жывыя выступленні зорак — у абавязковым парадку, у якасці гэткай “гуманітарнай дапамогі” і панацэі ад усіх праблем. Але як адна з форм працы, як паказальнік “сусветнага ўзроўню” той ці іншай дыскатэкі — чаму б і не? Тады, мабыць, і сваіх беларускіх артыстаў падлеткі ды моладзь ведалі б лепей.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ