Фантазіі паводле...

№ 22 (1305) 03.06.2017 - 09.06.2017 г

Мабыць, колькі існуе кніга, столькі ж доўжыцца і спрэчка адносна прынцыпаў яе аздобы. Мастаку кнігі належыць як мага больш дакладна ілюстраваць думкі аўтара, жорстка прытрымлівацца тэксту, альбо ён паўнапраўны сааўтар пісьменніка? А можа, кніга для мастака толькі зыходная кропка для вандроўкі па ўласным уяўным свеце? Тым больш класічную кнігу ў шэрагу выпадкаў падмяняюць маляваныя аповеды-коміксы, якія гартаюць не толькі дзеці, але і дарослыя.

/i/content/pi/cult/640/14227/12-1.jpgВядомы беларускі мастак кнігі Уладзімір Лукашык увогуле мяркуе, што кніга можа быць без аздобы, без ілюстрацый, таксама як кніга можа быць і без тэксту. Бо той, каго мы сёння па завядзёнцы называем чытачом, успрымае інфармацыю не так, як людзі даінтэрнэтнага пакалення. Адпаведна, кнігу для яго трэба рабіць інакш. Думка спрэчная, але рацыянальнае зерне, на маю думку, тут ёсць. Відавочна, аднак, што кніга, саступіўшы частку сваёй інфармацыйнай функцыі носьбітам на аснове новых тэхналогій, усё больш ператвараецца ў самадастковы твор мастацтва. З’яўляюцца выданні настолькі прыгожыя, што ўжо тэкст у іх успрымаецца фрагментам аздобы.

У якасці прыклада згадаю творы беларускага графіка, мастака кнігі Юрыя Якавенкі. Ягоны шэдэўр — манументальнае выданне аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, дзе пад адной вокладкай разам з арыгінальным тэкстам сабраны пераклады гэтага твора на шэраг замежных моў. Вобразы Якавенкі ўспрымаюцца не ілюстрацыямі да канкрэтнай кнігі, але фантазіямі паводле яе зместу і ладу. Такім чынам мастак аздабляе і іншыя тэксты, знакавыя для нацыянальнай і сусветнай літаратуры. Прэзентацыйная функцыя ў ягоных праектах зыходна асноўная. Аздобленая Юрыем Якавенкам паэма Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра” выдадзена колькасцю ў 150 асобнікаў. Ад імя беларускай дзяржавы паэму паэта беларускага Сярэднявечча з ілюстрацыямі сучаснага беларускага мастака дарылі Папе Рымскаму Бенедзікту XVI і каралеве Елізавеце ІІ.

Калі для Юрыя Якавенкі тэкст толькі грунт, ад якога ён адштурхоўваецца ў фантазійным палёце, дык другі вядомы ў Беларусі і ў свеце майстар эфектнай кніжнай аздобы Павел Татарнікаў дакладна трымаецца тэксту, над якім працуе. Прыкладам можа быць афармленне кніг серыі “Сем цудаў Беларусі”, “Рыцары і дойліды Гародні”, сусветнай класікі. Апошняя работа Паўла Татарнікава — аздоба кнігі “Айчына” — была высока ацэненая на леташнім Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі”. Мастак у дадзеным выпадку — сааўтар пісьменніка. Ён са скрупулёзнасцю гісторыка і археолага ўзнаўляе ў сваіх малюнках, якія больш дакладна назваць гістарычнымі палотнамі, час, пра які піша пісьменнік. Але ягоныя малюнкі натхнялі аўтара на змены ў структуры кнігі, прымушалі дапісваць новыя эпізоды і раздзелы. Высокае майстэрства Паўла Татарнікава, ягоная здольнасць ствараць абагульненыя вобразы на падставе канкрэтыкі, дакладных гістарычных рэканструкцый запатрабаваныя не толькі на радзіме. Шмат працуе мастак для замежных выдаўцоў.

Валерый Славук пачынаў творча працаваць яшчэ ў Беларусі савецкай, у адным часе з такімі легендарнымі графікамі, мастакамі кнігі, як Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч, Георгій Паплаўскі, Уладзімір Савіч, Мікалай Селяшчук… Мастак ужо тады замацаваў за сабою дзялянку, якая ў кантэксце савецкага мастацтва падавалася не надта перспектыўнай. Валерый Славук сур’ёзна зацікавіўся аўтэнтычным фальклорам, язычніцкімі каранямі народнай псіхалогіі і нацыянальнага менталітэту. Ягоныя ілюстрацыі да беларускіх казак і паданняў чытачы / гледачы ўспрымалі як адкрыццё. Настолькі гэта было нечакана. Не памылюся, калі скажу, што менавіта гэты творца заклаў у нашым выяўленчым мастацтве аснову, на якой потым буйна заквітнела розных адценняў фэнтазі. Сёння мастак робіць тое ж, што і ў маладосці рабіў. Адно, што цяпер у ягоных творах (у тым ліку і ў аздобе кніг) прысутнічае мудрая іронія чалавека з немалым творчым і жыццёвым досведам.

З маладых мастакоў, якія ўжо засведчылі сваю здольнасць працаваць у адпаведнасці з сучаснымі запытамі грамады, якая захавала вернасць кнізе, я вылучыў Кацярыну Дубовік. Нядаўна яна выдатна аформіла славутую “Алісу ў Краіне цудаў”. Гэта, на маю думку, якраз спроба зрабіць “дэмакратычную” візуальную версію казкі, у аснове сваёй інтэлектуальнай. Магчыма, у нашай кніжнай графіцы запачаткаваны новы, перспектыўны напрамак.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"