Беларус Башылаў

№ 22 (1305) 03.06.2017 - 09.06.2017 г

Першы ілюстратар “Вайны і міра”, які пераўзышоў чаканні Льва Талстога
Сёлета спаўняецца 150 гадоў з часу завяршэння Львом Талстым работы над першай рэдакцыяй эпапеі “Вайна і мір”. Аднак мала хто ведае, што самым першым ілюстратарам Талстога быў наш зямляк, беларус Міхаіл Сяргеевіч Башылаў, родам з-пад гарадка Жлобін тагачаснай Магілёўскай губерні.

/i/content/pi/cult/640/14225/14-1.jpgЖывапісец і крытык Леў Жамчужнікаў пакінуў славесны партрэт Башылава: “Гэта быў тып ліцвіна: рыжаваты, непрыгожы, ростам у тры аршыны з вяршком, які стараўся нібы ўбавіць велічэзнасць свайго росту і таму гарбаціўся. Ён быў таленавіты да ўсяго і адукаваны цудоўна; меў шмат навуковых інтарэсаў; ведаў некалькі моваў, жывапіс, скульптуру, архітэктуру, разьбу па дрэве; іграў на раялі што хочаш, чытаў ноты, як кнігу; шыкоўна спяваў; і да ўсяго гэтага быў далікатны, добры і сумленны чалавек”.

Але ілюстрацыі Башылава да талстоўскай эпапеі — гэта тэма, якая патрабуе асобнага мастацтвазнаўчага аналізу не толькі таму, што мастак — наш зямляк і першы ілюстратар рамана. Яшчэ і таму, што ён маляваў пад непасрэдным “наглядам” пісьменніка, і, такім чынам, гэтыя ілюстрацыі з’яўляюцца бліскучым прыкладам наўпростага гарманічнага супрацоўніцтва вялікага пісьменніка і вядомага графіка. Але пра ўсё гэта скажу “тэлеграфным стылем”, бо газетныя рамкі не дазваляюць “ахапіць неабдымнае”.

Упершыню гэтае імя я сустрэў, калі ў часопісе “Новый мир” (№ 8 за 1978 год) прачытаў мемуары жонкі Льва Талстога — Соф’і Андрэеўны пад назвай “Маё жыццё”. Там яна, успамінаючы 1866 год, расказвае: “Льву Мікалаевічу захацелася выдаць “Вайну і мір” з ілюстрацыямі. Для гэтага ён увайшоў у зносіны з Башылавым Міхаілам Сяргеевічам, мастаком, дырэктарам у той час школы жывапісу і скульптуры на Мясніцкай (Памылка: той быў не дырэктарам, а інспектарам. — Б.К.). Гэты Башылаў быў стрыечным братам маёй маці, пражыў з бацькам проста ад бестурботнасці вельмі вялікую маёмасць, бо цікавіўся больш музыкай Бетховена і жывапісам Рафаэля, чым колькасцю сена альбо жыта, што паступае ў продаж з іхніх маёнткаў. У рэшце рэшт іх абакралі, разрабавалі. Міхаілу Сяргеевічу давялося зарабляць свой хлеб, а галоўнае — утрымліваць вялікую сям’ю. Башылаў вызваўся намаляваць ілюстрацыі да “Вайны і міра”, за што адразу і ўзяўся, і дамовіўся пра цану. Гравіраваў іх Рыхау, цудоўны майстар сваёй справы...”

Такім чынам, яго кандыдатуру пісьменніку хутчэй за ўсё прапанавала сама Соф’я Андрэеўна ці, па іншай версіі, блізкая да талстоўскага клана яе родная сястра Таццяна Андрэеўна Берс-Кузмінская, тая самая, якая паслужыла прататыпам Наташы Растовай. Сам Міхаіл Сяргеевіч меў доступ у сям’ю Берсаў, бо даводзіўся стрыечным братам гаспадыні дома Любові Аляксандраўне Берс (у дзявоцтве Іславінай). Менавіта ў гэтым доме, хутчэй за ўсё, і адбылася першая сустрэча Талстога з Башылавым. Леў Мікалаевіч і раней завочна мог ведаць мастака, ужо на пачатку 1860-х гадоў шырока прызнанага ў якасці першага бліскучага ілюстратара такіх “бестселераў” таго часу, як зборніка “Кабзар” Тараса Шаўчэнкі і камедыі “Гора ад розуму” Аляксандра Грыбаедава. Але “Вайна і мір” — гэта асобная творчая справа ў жыцці нашага зямляка.

Дык вось, у 1866 годзе, калі толькі пачалі з’яўляцца першыя часткі эпапеі, мастак узяўся за галоўную справу свайго жыцця. І хаця гэта справа не была даведзена да канца, яна засталася ў гісторыі сусветнай ілюстрацыі як прыклад найвышэйшага прафесіяналізму і вельмі тонкага пранікнення мастака ў псіхалогію не толькі вобразаў рамана, але і ў псіхалогію самога пісьменніка. Талстой, працуючы над творам, знаходзіў час уважліва сачыць за башылаўскімі малюнкамі, даваў ілюстратару каштоўныя заўвагі ў плане рашэння вобразаў, сустракаўся з мастаком і перапісваўся з ім. Захаваліся лісты Талстога да Башылава, у якіх, напрыклад, ён прасіў змякчыць вобразы графа Растова і Мар’і Дзмітрыеўны ў час іх танца, “подбавив нежности и доброты”. У лісце да жонкі 12 лістапада 1866 года Талстой выказвае захапленне ілюстрацыямі Башылава да свайго рамана. У снежні таго ж года пісьменнік, аналізуючы вобраз князя Андрэя, піша: “...Старый князь очень хорош, особенно там, где он с сыном. Это именно то, что я желал...” З ліста Талстога да Башылава: “В поцелуе нельзя ли Наташе придать тип Танечки Берс? Её есть 13-летний портрет... Чувствую, что бессовестно говорить Вам теперь о типе Наташи, когда у Вас уже сделан прелестный рисунок; но, само собой разумеется, что Вы можете оставить мои слова без внимания. Но я уверен, что Вы как художник, посмотрев Танин дагерротип 12-ти лет, потом ее карточку в белой рубашке, 16 лет, и потом ее большой портрет прошлого года (гэта значыць 1865-га. — Б.К.), не упустите воспользоваться этим типом и его переходами, особенно близко подходящим к моему типу...”

Падчас працы над раманам Талстой даводзіць да ведама Башылава пра асобныя этапы сваёй работы і просіць мастака “делать эти рисунки и гравировать их как можно скорее с тем, чтобы, как только Вы кончите их, я бы мог Вам присылать текст для следующих”. І яшчэ з ліста Талстога мастаку: “Пожалуйста, присылайте мне свои рисунки в самом черновом виде, я чувствую, что могу быть полезен Вам своими замечаниями, я всё-таки всех их знаю ближе Вас, и иногда пустое замечание наведет Вас на мысль. А я буду писать по случаю Ваших черновых рисунков всё, что придется, а Вы уже выберете, что Вам нужно”. У вялікім лісце ад 28 лютага 1867 года Талстой дае ацэнку ілюстрацыям Башылава і закранае найдрабнейшыя дэталі малюнка, напрыклад, у вобразах Кутузава, Долахава, князя Андрэя, Растова, Білібіна. У іншых лістах падрабязна аналізуе “башылаўскія” вобразы Ганны Міхайлаўны, князя Васілія, княгіні Балконскай, П’ера Безухава. “Лицо его хорошо, — піша Талстой пра П’ера,— (только бы на лбу ему придать побольше склонности к философствованию — морщинку или шишки над бровями), но тело его мелко — пошире, и потучнее, и покрупнее”. Пра партрэт Іпаліта: “...Прекрасен, но нельзя ли, подняв его верхнюю губу и больше задрав его ногу, сделать его более идиотом и карикатурным?” Шматлікія ілюстрацыі Башылава Талстой адзначае словамі “прелесть”, “прекрасно”; “...выбор сцен и портретов я весь одабриваю...”; “...вообще, я не нарадуюсь Вашему предприятию...”; “...пересмотрев еще все рисунки, я не мог оторваться от них. Они необыкновенно хороши... То, что Вы сделали, превзошло все мои ожидания...”

Башылаў паспеў зрабіць 30 малюнкаў, а гравёр Рыхау выканаў паводле іх 20 гравюр і здаў у друкарню. Але ў друкарні здарыўся пажар, і клішэ згарэлі. Такім чынам, першае выданне “Вайны і міра” выйшла, да вялікай скрухі Талстога, без ілюстрацый. 23 ацалелыя арыгіналы-малюнкі Башылава і сёння захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі імя Льва Талстога ў Маскве. Некаторыя з іх упершыню былі апублікаваныя ў часопісе “Галасы мінулага“ (верасень, 1913 год), там жа была прадстаўлена перапіска Льва Талстога і яго “сааўтара”. Пасля Башылава “Вайну і мір” ілюстравалі многія мастакі. Сярод іх былі і таленавітыя, як Леанід Пастэрнак, Дзяменцій Шмарынаў, Канстанцін Рудакоў, Аляксандр Апсіт, Андрэй Нікалаеў, Уладзімір Сяроў. Але малюнкі Башылава так і засталіся непераўзыдзенымі. Дарэчы, калі Сяргей Бандарчук і кінамастакі Міхаіл Багданаў і Генадзь Мяснікоў здымалі аднайменную кінаэпапею і распрацоўвалі выяўленчае рашэнне сцэн і эпізодаў карціны, яны перш за ўсё звярнуліся да выдатных малюнкаў Міхаіла Башылава, бо справядліва лічылі, што лепшы погляд, чым у яго, на “псіхалогію” рамана, з пункту гледжання вобразна-выяўленчага рашэння, знайсці складана.

Жыццё Башылава абарвалася ў 1870 годзе, калі яму не было і 50-ці. Ён сканаў ад сухотаў у Ціролі, куды паехаў лячыцца. Талстой ніколі не шкадаваў пра тое, што на працягу многіх месяцаў, звязаных з тытанічнай працай над раманам, адхіляўся, страчваў сілы і час на адносіны з мастаком. Гэта быў творчы дуэт двух сучаснікаў-аднадумцаў, з якога кожны атрымаў штосьці новае і карыснае. Да апошніх гадоў свайго жыцця пісьменнік лічыў Башылава мастаком, найбольш блізкім да сябе па светаразуменні. У гэтае кола ўваходзілі нямногія: Ілья Рэпін, Мікалай Ге, Леанід Пастэрнак і яшчэ адзін наш зямляк з Гродна — скульптар Ілья Гінзбург.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"