Свету пра Беларусь: што такое мас-медыя?

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Міжнароднаму радыё “Беларусь” споўнілася 55 гадоў. Гэтай падзеі была прысвечана прэс-канферэнцыя, што адбылася ў Доме радыё.

Пра гісторыю нашага міжнароднага вяшчання, яго сённяшні стан і перспектывы журналістам распавядалі галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання Навум Гальпяровіч, ягоныя намеснікі Вячаслаў Лакцюшын і Рыгор Мацюшнікаў, кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская. Пра ролю сродкаў масавай інфармацыі ў справе ўмацавання стратэгічнага партнёрства Беларусі і Кітая гаварыў дарадца і прэс-аташе Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў нашай краіне Чэнь Вэйвэй. У прэс-канферэнцыі таксама бралі ўдзел прадстаўнікі галіновага прафсаюза і Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі.

У 1962 годзе ў Беларускай ССР міжнароднае вяшчанне стваралася для асвятлення беларускай гісторыі і рэчаіснасці з пазіцый савецкай дзяржавы. Але пры гэтым замежная аўдыторыя атрымлівала інфармацыю пра жыццё ў рэспубліцы. Зрэшты, сама наяўнасць такога інфармацыйнага канала ў сусветнай медыйнай прасторы спрыяла распаўсюджанню ведаў пра наш край, была сведчаннем таго, што ёсць такая зямля і такі народ.

Сёння наша міжнароднае радыё вяшчае 24 гадзіны ў суткі на васьмі мовах (беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, польскай і кітайскай), на радыёхвалях, праз спадарожнік і Сеціва. Фактычна вяшчанне ахоплівае ўвесь свет. Радыё “Беларусь” шчыльна супрацоўнічае з Міністэрствам замежных спраў. Апошнім часам пашыраюцца кантакты з буйнейшымі медыя-холдынгамі Кітая.

Супрацоўнікі радыё “Беларусь” — людзі ў сваёй справе дасведчаныя. Кожны з тых, хто працуе ў эфіры ці рыхтуе праграмы, валодае не менш як трыма мовамі. Многія прыйшлі сюды студэнтамі-практыкантамі і выраслі ў сапраўдных прафесіяналаў, якія сваёй працай мацуюць аўтарытэт краіны. Варта адзначыць, што не толькі наша замежнае радыё шукае партнёраў у замежжы. Ёсць вялікая цікавасць да Беларусі і з боку тамтэйшых мас-медыя. Менавіта з іх паступаюць прапановы аб супрацоўніцтве.

Працуючы ў асноўным на замежжа, радыё “Беларусь” не забываецца і на грамадзян Беларусі. Як паведамілі на сустрэчы з прэсай, часцей яго слухаюць у раёнах, памежных з Украінай, Польшчай і Літвой. Таму інфармацыйныя інтарэсы гэтай аўдыторыі таксама бяруцца да ўвагі журналістамі радыё “Беларусь”.

Маючы пэўнае ўяўленне пра тое, як працуе наша замежнае радыё, нельга не захапляцца тым, што адносна невялікім калектывам робіцца такая велізарная, патрэбная дзяржаве, работа. І зноў пераконваешся, што мас-медыя — гэта не спадарожнікі, рэтранслятары і інтэрнэт. Прынамсі, гэта не галоўнае. Мас-медыя гэта найперш журналісты.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"