Сон ля Дняпра

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Ля маста праз Днепр, што злучае аграгарадкі Александрыю і Копысь (Магілёўскай і Віцебскай абласцей адпаведна) 8 — 9 ліпеня адбудзецца традыцыйнае свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”). Арганізатары разлічваюць, што сёлета за відовішчам будуць назіраць больш за 100 тысяч гледачоў.

Як паведамляе БелТА, на галоўнай сцэне свята будзе прадстаўлена шоу “Купальскі сон”. Разыначкай сёлетняга гала-прадстаўлення стане акцэнт на цыркавое мастацтва. Менавіта такім чынам арганізатары хочуць распавесці пра нацыянальныя асаблівасці святкавання Купалля ў розных краінах. 8 ліпеня на Шклоўшчыне збяруцца і цыркавыя артысты з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі ды Эстоніі. Прынамсі, на прэс-канферэнцыі ў Беларускім дзяржаўным цырку яго мастацкі кіраўнік Вітаўтас Грыгалюнас распавёў, што новая сталічная праграма “Небывальшчына” стваралася з прыцэлам якраз на Александрыю. “Нумары падбіраліся так, каб асобныя з іх можна было выкарыстаць на святкаванні Купалля. Днямі да нас прыйдуць арганізатары — прадстаўнікі канала АНТ. У іх ужо маецца гатовы сцэнарый, туды ўпісаны прапанаваныя намі артысты. Засталося абмеркаваць дэталі, у тым ліку — тэхнічныя”, — растлумачыў акалічнасці прамоўца.

Цыркавыя выступленні на беразе Дняпра аб’яднае адзіная сюжэтная лінія, паміж творчымі блокамі выступяць папулярныя эстрадныя выканаўцы, напрыклад, да беларусаў прыедзе расійскі папулярны спявак Стас П’еха і народная артыстка Украіны Ірына Білык. Яшчэ ў грандыёзным святкаванні прымуць удзел артысты, харэографы, творчыя калектывы і народныя майстры з васьмі краін свету. Завяршыцца маштабнае відовішча святам феерверкаў, да якога таксама закліканы замежныя спецыялісты. Баль піратэхнікі дапоўніць лазернае шоу.

Сёлета публіка зможа не толькі назіраць, але і ўдзельнічаць у свяце. Арганізатары прапануюць заўзятарам разнастайных квэстаў сваю версію моднай гульні: “У пошуках кветкі папараці” гасцям давядзецца наведаць шматлікія тэматычныя пляцоўкі і выканаць спецыяльныя заданні па купальскай тэматыцы. Для заўзятараў пляцення вянкоў з прыродных матэрыялаў прадугледжаны арыгінальны конкурс. Не абыдзецца без традыцыйнага “Горада сяброўства”. Пляцоўку плануюць разбіць на ўмоўныя вуліцы. На Міжнароднай “паселяцца” майстры краін, што будуць удзельнічаць у свяце, на Рэспубліканскай турыстаў прывітаюць майстры і падворкі рэгіёнаў Беларусі, на Гандлёвай выставяць павільёны рэспубліканскіх арганізацый і прадпрыемстваў, а на “Скарбніцы Падняпроўя” кожны ахвотны набудзе вырабы майстроў Магілёўшчыны. На “вуліцах” будуць ладзіцца прэзентацыі, выставы і майстар-класы. Дзецям, якіх заўсёды багата на народным фэсце, таксама не давядзецца сумаваць: спецыяльна для іх задумана шмат гульняў і забаў.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"