Напалеон у метро

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Мы рады давесці да вашага ведама, што адно з чаканняў “К” з надыходам каляндарнага лета такі ўвасобіцца ў жыццё! Цяпер — падрабязнасці.

Калі вы забыліся, то нагадаем, што ў 2016-м метрапалітэн запусціў некалькі візуальных і аўдыяпраектаў, якія сталі як бы складнікам мерапрыемстваў і акцый, звязаных з правядзеннем у краіне Года культуры. З плазменных экранаў, размешчаных на станцыях, дэманстраваліся мультфільмы, анансаваліся мастацкія фільмы, распавядалася аб беларускіх гарадах. І гучала сусветная класічная музыка, праўда, толькі замежных аўтараў. І вось праз нейкі год у падземцы стануць прайграваць і творы айчынных кампазітараў! Не выключана, што і невялікая нататка ў нашай газеце, у якой мы некалі задаліся пытаннем, а дзе ж, уласна, беларускі музычны кантэнт, адыграла сваю станоўчую ролю ў тым, што, верагодна, ужо з 1 чэрвеня ў чаканні цягнікоў пасажыры змогуць атрымліваць асалоду і ад музыкі роднай.

Так што дзякуй і метрапалітэну, і культурнаму праекту “Гукi метро. Слухай сваё”, які прасоўваў ідэю аб “беларускай музыцы пад зямлёй”, і нам! Заручыўшыся падтрымкай у розных інстанцыях, ініцыятары давялі задуму да практычнай рэалізацыі! Натуральна, паклон і кампазітарам, ад чыіх сачыненняў жыхары сталіцы і яе госці неўзабаве пачнуць атрымліваць асалоду ў метро. А першым ролікам павінен стаць паланэз Напалеона Орды “Паўночная зорка”.