“Цяпер у нас ёсць творы са статусам нацыянальнага скарба!”

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Першая Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва
Упершыню ў гісторыі рэспублікі беларускія мастакі, скульптары, фатографы, крытыкі ўганараваныя Нацыянальнай прэміяй у галіне выяўленчага мастацтва. “К” павіншавала лаўрэатаў на цырымоніі ўзнагароджання ў Палацы мастацтваў.

/i/content/pi/cult/638/14199/1-1.jpgПакуль у выставачнай зале збіраліся члены журы ды намінанты, скульптар Ксенія Шапо рыхтавала за сцэнай прызы да цырымоніі ўзнагароджання — шкляныя прамавугольныя канструкцыі, аздобленыя выявай дрэва, стылізаванага пад выцінанку. Ксенія разам з дызайнерам Юліяй Галавіной сталі пераможцамі конкурсу эскізных праектаў спецыяльнага прыза і дыплома лаўрэата прэміі, абвешчанага Міністэрствам культуры ў лістападзе 2016 года.

— Па ўмовах конкурсу ўзнагарода павінна раскрываць абагульнены вобраз беларускага мастацтва, — патлумачыла Ксенія Шапо. — Выява дрэва ідэальна пасуе такой задачы — у яго ёсць карані, а значыць традыцыі, і ёсць крона, якая сімвалізуе новае пакаленне мастакоў. Шкло, унутры яго латунь, спатрэбілася лазерная рэзка, літары на падстаўцы — гэта інкрустацыя. Рэалізаваць нашу задуму было складана, тым больш што вылучанага часу для працы не хапала. Вырабілі 12 статуэтак на заслаўскім шкляным прадпрыемстве “Енісей”, бо толькі там знайшоўся літоўскі спецыяліст, які нам дапамог усё зрабіць як след. Вынік — паўнавартасны твор дэкаратыўна-прыкладнога і нават ювелірнага мастацтва.

Акрамя статуэткі, лаўрэатам падрыхтавалі яшчэ дыпломы і грашовыя прызы па 100 базавых велічынь (2300 рублёў). Тым часам для прывітальнага слова гасцям і ўдзельнікам цырымоніі да мікрафона запрасілі міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова.

— Наш першы конкурс ужо амаль адыходзіць у гісторыю, нам ад яго застаюцца светлыя ўспаміны і надзея, што мы працягнем гэтую традыцыю. 310 заявак, 63 намінанты, больш за 20 членаў журы — гэта ўражвае! — адзначыў Барыс Уладзіміравіч.

Першым Нацыянальнай прэміяй “За ўнёсак у развіццё выяўленчага мастацтва” ўганаравалі народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва, але прысутнічаць на цырымоніі ён не змог, і прыз ад яго імя атрымаў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.

— Здароўе трэба мець, каб гэта трымаць, — пажартаваў ён, узяўшы ў рукі статуэтку. Праз некалькі хвілін Рыгор Сямёнавіч атрымаў яшчэ адну ўжо як пераможца ў намінацыі “Графіка”.

— Я вельмі ўзрушаны, — прызнаўся лаўрэат. — Як старшыня саюза ад імя ўсіх мастакоў выказваю шчырую падзяку, што нарэшце гэта адбылося: нацыя ўсвядоміла, чаго вартае яе мастацтва. Цяпер у нас ёсць творы са статусам нацыянальнага скарба!

Затым як “Мецэната выяўленчага мастацтва” адзначылі адкрытае акцыянернае таварыства “Прыёрбанк”. Адзін за адным выходзілі на сцэну лаўрэаты — амаль заўжды без лішніх словаў і са шчаслівай усмешкай забіралі прыз. Гучнымі апладысментамі і крыкамі “Брава!” адрэагавала зала на перамогу Яўгена Колчава ў намінацыі “Мастацкая фатаграфія”. Мастацтвазнаўцу, рэдактара аддзела “К” Барыса Крэпака ўзнагароджвалі пад усеагульнае “Ура!” Вялікай нечаканасцю для ўсіх намінантаў стаў прыз глядацкіх сімпатый, які ўручылі Алесі Скарабагатай — пераможцы ў намінацыі “Творчы дэбют”.

— Я адразу нават не думала ўдзельнічаць, але калі чалавек пяць мне параілі падаць заяўку, падумала: “Чаму не?” — распавяла мастачка. — Атрымаць прэмію ўвогуле не чакала, тым больш прыз глядацкіх сімпатый. Гэта вельмі прыемна!

Убачыць творы пераможцаў і намінантаў можна да 27 мая ў Мінску ў залах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў на праспекце Незалежнасці, 47 (“Жывапіс”, “Графіка”, “Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Мастацтвазнаўства і крытыка”, “Творчы дэбют”) і на вуліцы Някрасава, 3 (“Навацыя”, “Мастацкая фатаграфія”, “Скульптура”, “Дызайн”).

Надалей Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва будзе праводзіцца раз на тры гады.

— Усё ж такі творы не пішуцца хутка, праекты не ствараюцца за адзін дзень, шмат хто любіць працаваць серыямі. Трэба даць мастакам час, каб яны прадставілі не прахадны твор, а рэч высокага ўзроўню, — патлумачыла дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і член журы конкурсу Наталля Шаранговіч.

Яна таксама адзначыла, што з боку мастакоў да конкурсу была вялікая цікавасць, заяўкі падало шмат удзельнікаў з рэгіёнаў.

— Фактычна гэта першая прэмія, дзе мастакі маглі прэзентаваць самі сябе, а не саюзы ці акадэміі, — дадала Наталля Шаранговіч. - Ім далі магчымасць самім ацаніць сябе, выбраць знакавы твор за апошнія тры гады. Многія не чакалі такога пасылу і разгубіліся. Не ўсе зразумелі, што для першага тура важны фармат падачы для адборачнай камісіі — добра запісанае відэа, фотаздымак. У другім туры рашэнне прымала журы пасля таго, як убачыла 63 адабраныя працы на Рэспубліканскай выставе сучаснага выяўленчага мастацтва, якая пачалася 18 красавіка. За кожнага з мастакоў, якія сталі лаўрэатамі, было аддадзена не менш за 60 — 70 працэнтаў галасоў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

/i/content/pi/cult/638/14199/2-1.jpg

Віншуем лаўрэатаў

ЖЫВАПІС — Тоўсцік Уладзімір Антонавіч;

ГРАФІКА — Сітніца Рыгор Сямёнавіч;

СКУЛЬПТУРА — Цімашоў Васіль Валер'евіч, Пірагова Паліна Васільеўна;

ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОЕ МАСТАЦТВА — Кузьміч Мікалай Пятровіч;

ТВОРЧЫ ДЭБЮТ — Скарабагатая Алеся Міхайлаўна;

МАНУМЕНТАЛЬНАЕ І МАНУМЕНТАЛЬНА-ДЭКАРАТЫЎНАЕ МАСТАЦТВА — Отчык Глеб Анатольевіч;

НАВАЦЫЯ — Белаокі Сяргей Часлававіч;

ДЫЗАЙН — Шындлер Эліна Генадзьеўна;

МАСТАЦКАЯ ФАТАГРАФІЯ — Колчаў Яўген Аляксеевіч;

КРЫТЫКА І МАСТАЦТВА — Крэпак Барыс Аляксеевіч;

Прыз глядацкіх сімпатый атрымала Алеся СКАРАБАГАТАЯ;

Мецэнатам галіны названы "Прыёрбанк".

Прэмія “За ўнёсак у развіццё выяўленчага мастацтва” — народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"