Тоўстая і тонкая, з малюнкамі і без

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Вопыт бібліятэкара: што ўсвядоміў яшчэ Скарына, але не ўсе сучасныя выдаўцы
З нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання усе, хто мае хоць нейкае дачыненне да кнігі, абмяркоўваюць яе мінулае, сучаснае і будучае. Да гэтага абмеркавання хачу далучыцца і я — просты бібліятэкар адной з дзіцячых бібліятэк Мінска. Нагодай для гэтага артыкула стала выказванне аднаго літаратара, што кніга, у тым ліку і дзіцячая, абавязкова павінна быць тоўстай. Кожны дзень, назіраючы за выбарам кніг дзецьмі розных узростаў і іх бацькамі, з упэўненасцю кажу: дзіцячая кніга ні ў якім разе не павінна быць тоўстай! Гэта падлеткі, што чытаюць, на знешнасць і памер кніг увагі не звяртаюць, а кніжныя серыялы, дзе дзеяннне пераходзіць з адной часткі ў наступную, вабяць іх нібы магніт і прачытваюцца за два-тры месяцы (пацвярджэннем — серыі Наталлі Шчэрба, Яўгена Гаглоева, Рыка Рыардана, Джаан Роўлінг, Эрын Хантар, Кэтрын Ласка, дзе сумарная колькасць старонак даходзіць да некалькіх тысяч). Падлетка ж, што не чытае, на жаль, ніякая сіла не прымусіць звярнуцца да кнігі. А такі падлетак вырастае з маленькага дзіцяці, якога па нейкіх прычынах не далучылі да кнігі. І тут паўстае пытанне: дык якой жа павінна быць кніга для малога дзіцяці, каб яно палюбіла чытаць? Пачнём разбірацца яшчэ з тых, хто не чытае сам, а толькі слухае.

Яркая, з малюнкамі

Не сакрэт, што дзеці ў першую чаргу звяртаюць увагу на нешта яркае, прывабнае, незвычайнае, і кнігі тут не выключэнне. Таму першае, што павінна зрабіць кніга — звярнуць на сябе ўвагу, пачынаючы з вокладкі, каб ручкі дзіцяці самі пацягнуліся да яе. Пажадана, каб такую ж самую рэакцыю зведалі і дарослыя. Напрыклад, кніга “Беларуская азбука ў малюнках” — яркая аранжавая вокладка адразу кідаецца ў вочы і вабіць да сябе. А яшчэ яе можна даваць самым маленькім дзеткам, не баючыся, што яны парвуць старонкі, бо яны кардонныя.

Другое — колькасць малюнкаў. Іх у беларускіх (і асабліва беларускамоўных) дзіцячых кнігах страшна бракуе. Сустракаюцца кнігі для малых дзяцей, дзе на працягу сямі-дзесяці лістоў няма ніводнага малюнка, нават маленечкага. Такая кніга, якая б цікавая яна ні была, не прывабіць ні дзіця, ні яго бацькоў. “Малюнкаў няма — не будзе слухаць”, — выраз, які я чую па некалькі разоў на тыдзень. Намаляваныя героі павінны суправаджаць чытача на працягу ўсёй гісторыі, а не зрэдку, нібы гуляючы ў хованкі, нясмела выглядаць з-за радкоў.

Да ўсяго, на паліцах бібліятэк пыліцца шмат цікавых кніг з захапляльнымі сюжэтамі і незвычайнымі героямі, з вострымі момантамі і жартамі, але — без ілюстрацый. Колькі бібліятэкар ні даводзіў бы, што кніга цікавая, чытаецца лёгка, яна застаецца ў бібліятэцы, а дадому бяруцца зусім іншыя. Апошнім часам нават знакамітыя Нязнайка, Карандаш і Самадзелкін, Карлсан, Баранкін застаюцца ў бібліятэцы, бо выданні старыя, непрыгожыя і амаль што без малюнкаў. Прычым сучасны наведвальнік бібліятэкі, і маленькі, і дарослы, патрабуе ілюстрацый менавіта рознакаляровых, а не шэра-чорных, якія менавіта для дзіцячых кніг асабліва ўпадабалі некаторыя нашы выдаўцы.

Менш тэксту — больш малюнкаў

Урэшце, маленькае дзіця яшчэ можна зацікавіць зместам, няхай кніга і не надта прывабная вонкава. “Ён малюе, канструктар складае ці ў ложку ляжыць — засынае”, — дзеляцца досведам маладыя мамы, калі чытаюць кнігу без малюнкаў. А вось што рабіць з чытачамі-пачаткоўцамі? Кніга без малюнкаў іх не проста пужае — яна адштурхоўвае ад сябе. Але ж і аднымі малюнкамі такога чытача кніга не прывабіць. Тут паўстае шмат нюансаў знешняга афармлення.

Па-першае, памер літар і інтэрвал паміж радкамі. Што, дарэчы, актуальна для любога чытача, незалежна ад веку. Яркім прыкладам папулярнасці кніг з вялікім шрыфтам з’яўляецца серыя кніг Холі Вэб пра кацянят і шчанят. Кранальная выява звярка на вокладцы, вялікія літары і інтэрвалы паміж радкамі (плюс тыя ж самыя малюнкі, няхай і некаляровыя) робяць кнігі мегапапулярнымі сярод малодшых школьнікаў, хоць па змесце яны падобныя адна да адной і не вылучаюцца асаблівай арыгінальнасцю. Тое ж самае датычыцца і кніг з серыі “Лес дружбы” Дэйзі Медоус.

Далей — аб’ём тэксту на старонцы. Пытанне вельмі спрэчнае. Адны выступаюць за поўнатэкставыя кнігі, іншыя ж нават падручнікі па гісторыі, алгебры, хіміі, астраноміі пішуць у коміксах. (Дарэчы, новая кніга “Грашовая азбука” ў форме комікса адразу выклікала цікавасць з боку нашых чытачоў, а яе “калегі”, хоць яны і з малюнкамі, не вельмі запатрабаваныя.) Да ўсяго, расійскія выдавецтвы апошнім часам усё часцей прапануюць кнігі для дзяцей амаль без тэксту — старонкі запоўнены адным вялікім ці некалькімі маленькімі малюнкамі плюс два-тры сказы на старонцы. Кошт выданняў не меншы, чым у поўнатэкставых кнігах, а то і большы. “За што тут плаціць? Навошта выдаваць такія кнігі? Выдавецтвы проста грошы з нас выцягваюць?” — чулася раней ад бацькоў. Але, як паказала практыка, менавіта такія кнігі найбольш папулярны сярод і маленькіх слухачоў, і маленькіх чытачоў, прычым не толькі пачынаючых. Серыі кніг “Кацяня Шмяк”, “Мімба-Джымба”, “Жылі-былі трусы”, “Міка і Міміка” і іншыя ніколі не затрымліваюцца на палічках у бібліятэцы.

А што з падобнымі выданнямі на беларускай мове? Ёсць яны і ў нас, толькі вельмі мала. Гэта серыі кніг “У свеце казак” (выдавецтва “Харвест”) і “Казка за казкай” (“Мастацкая літаратура”). Маленькія, зручныя, кнігі выдадзены па прынцыпе адна беларуская ці руская народная казка — адна кніга, што даспадобы чытачам-пачаткоўцам.

Летась “Мастацкая літаратура” парадавала выданнем серыі кніг балгарскай пісьменніцы Галіны Злацінай “Прыгоды на Сонечнай ферме”. Яркія, маляўнічыя тоненькія кніжкі з фігурна выразанымі старонкамі, дзе ўсю прастору займаюць цудоўныя малюнкі і крышачку тэксту, не залежваюцца на паліцах стэлажоў. Увесь час вандруюць па дамах чытачоў і кнігі Сяргея Давідовіча “Залаты буліт” і “Баявая нічыя”, выдадзеныя таксама ў “Мастацкай літаратуры”. Крыху раней з малой колькасцю тэксту ў “Галіяфах” у падсерыі “Каляровы ровар” выйшла кніга цудоўных казак “Сумны суп” Вольгі Гапеевай (іншыя кнігі для дзяцей з гэтай падсерыі таксама вартыя ўвагі). Зусім новая цудоўна аформленая кніга Надзеі Бука “Бася і Піглас”. Вельмі парадавала серыя “Бібліятэка часопіса “Вясёлка” — прыгожыя, яркія, выдадзеныя на белай шчыльнай паперы з цудоўнымі малюнкамі на кожнай старонцы, зручнага аб’ёму і фармату.

Але, на жаль, падобных кніг у беларускамоўнай літаратуры бракуе. Кнігі, якія адпавядаюць прынцыпу “менш тэксту — больш яркіх малюнкаў”, якія так запатрабаваны ў дзяцей, не папулярныя ў беларускіх кнігавыдаўцоў.

Затое, відаць, танныя…

Яшчэ адной неад’емнай рысай добрай дзіцячай кнігі з’яўляецца шчыльная белая папера. Адно мінскае выдавецтва выпусціла ў свет серыю кніг для пазакласнага чытання для малодшых школьнікаў, у якіх тэкст можна чытаць адначасова і з аднаго, і з другога боку ліста. Літары зліваюцца, чытаць цяжка, зрок псуецца. Затое, відаць, танныя.

І скрозь усе крытэрыі чырвонай стужкай праходзіць аб’ём і памер кнігі. Вялікія, у памер аркуша А4, але не тоўстыя кнігі ў пашане сярод малых дзетак і малодшых школьнікаў. Папулярныя і кнігі нестандартнага памеру — квадратныя, круглыя, выцягнутыя ў даўжыню ці вышыню. Толькі не тоўстыя. Такія пужаюць малога сваімі аб’ёмамі, да таго ж яна яшчэ і цяжкая, яе нават нязручна трымаць у руках. А бывае і такое, што тоўсты зборнік у дзвесце-трыста старонак, ды яшчэ фармату А4, другакласніку трэба несці ў школу, каб там пачытаць маленечкае апавяданне ці вершык. Яшчэ Францыск Скарына ўсвядоміў, што кніга павінна быць невялікая і нятоўстая, так яна больш зручная ў выкарыстанні.

Вядома, ёсць дзеці, якія ў другім-трэцім класе ўжо чытаюць Гары Потара альбо раманы Жуля Верна. Яны не звяртаюць увагу ні на памер літар, ні на адсутнасць малюнкаў, а вяртаючы падобныя кнігі ў бібліятэку з захапленнем расказваюць, як ім было цікава і як яны чыталі кожную вольную хвіліну. Але ж гэта ўсяго толькі выключэнне з агульнага правіла.

У суме вялікія літары, малая колькасць тэксту на старонках і невялікі аб’ём кнігі дазваляюць хутчэй яе прачытаць. Тое асабліва важна для дзяцей, якія толькі пачынаюць авалодваць гэтым навыкам. Чым хутчэй дзіця прачытае кнігу, тым больш задавальнення і асалоды атрымае ад усведамлення: гэта зроблена самастойна. Тады малеча хутчэй пачне чытаць чарговы твор, каб зноў сказаць: “Я прачытаў сам!” Балазе калі бачны канец, любая справа робіцца хутчэй. Паступова дзіця пяройдзе на больш змястоўныя і тоўстыя кнігі, а з цягам часу з яго атрымаецца выдатны чытаючы падлетак.

Пацверджаннем гэтаму з’яўляюцца папулярныя і ўлюбёныя малодшымі школьнікамі серыі пра Ката да Вінчы, Алёшу Папова, неандэртальскага хлопчыка, Агату Містэры, “Тайну кватэры № 8”... Пералічаныя кнігі не надта і маленькія, аб’ём некаторых з іх каля двухсот старонак, але ж палову іх займаюць ілюстрацыі. А вялікія літары дазваляюць хутчэй перагортваць прачытаныя старонкі. Такім чынам, дзіця паступова прывыкае да аб’ёмных кніг і вялікіх гісторый. З часам неабходнасць у малюнках знікне, а любоў да чытання захаваецца.

Мова кніг — беларуская ці руская — пры выбары стаіць на апошнім месцы. Упадабаныя кнігі малыя дзеці будуць слухаць і чытаць на любой з іх. Яскравым прыкладам таму з’яўляюцца перакладныя беларускамоўныя кнігі пра Маму Му Юі Вісландэр і Фінудса ды Пэтсана Свэна Нурдквіста. У нашай бібліятэцы іх бяруць нават тыя, хто ніколі ніводнай кнігі на беларускай мове не ўзяў.

Ну а калі кнігі выбраныя, дома іх пачнуць чытаць. Калі гісторыя захопіць з першых старонак, яе дачытаюць да канца. Але ж гэта залежыць ад майстэрства пісьменніка. Каб кнігу ўзялі ў бібліятэцы ці набылі ў кнігарні, існуе шмат крытэрыяў, а вось каб дачыталі да канца — толькі адзін.

Марына ПЕТРАШКЕВІЧ, бібліятэкар Дзіцячай бібліятэкі № 8 горада Мінска