Што ў ВНУ табе тваёй?

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Вышэйшыя навучальныя установы — вуснамі музыкантаў-педагогаў
“Расправіўшыся” з дзіцячымі школамі мастацтваў і сярэднімі спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі вуснамі дзеючых музыкантаў, што яшчэ і выкладаюць у іх, мы лагічна падабраліся да ВНУ. Змяняць сабе “К” не стала і зноў звярнулася да прафесіяналаў сцэны ў галіне музыкі, якія таксама навучаюць студэнтаў.

Шанц для ўсіх

/i/content/pi/cult/638/14190/7-2.jpgАляксандр САПЕГА, бубнач гурта Apple Tea, старшы выкладчык кафедры духавой музыкі факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:

— Радуе новае пакаленне студэнтаў. Яны працаздольныя, зацікаўленыя ў той сваёй будучынi, якую плануюць звязаць з прафесіяй музыканта. Больш азартныя ў вучобе, чым тыя, хто ў мяне займаўся гадоў пяць таму. І настырныя ў атрыманні інфармацыі, што праўдамі-няпраўдамі з мяне выпампоўваюць, ды я і сам з імі ахвотна дзялюся нейкімі сакрэтамі, бачачы, што “таемнае” падае на добрую глебу. Прыемна выкладаць такім людзям, якія словам “кулёк” наш ўніверсітэт не называюць, ва ўсялякім выпадку, пры мне. І я ганаруся тым, што... ну, добра, 99 % маіх гадаванцаў знаходзяць сябе ў музыцы. Прытым трапляюць да мяне не самыя суперадораныя — у самых дарога ляжыць у Акадэмію музыкi, або на нашу кафедру мастацтва эстрады — да майго “канкурэнта” па інструменце Аляксандра Старажука. Але ў цэлым якасцю выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, што да нас паступаюць, я задаволены. Выдатна, што менавіта там іх сапраўды прыстойна “нацягваюць”. Заўважу, што мае калегі з рэгіянальных ССНУ ў даверных размовах неаднаразова казалі пра тое, што не рэдкасць, калі на некаторых іншых аддзяленнях педагогі строга прытрымліваюцца старой школы выкладання, не прымаюць і не разумеюць новых павеваў. Але мы, “грукачы”, заўсёды знаходзімся ў пошуку!

Я наогул вазьму на сябе смеласць “адказаць” за ўсю беларускую вышэйшую музычную адукацыю. Пры ўсіх тых папроках, часам справядлівых, што адрасуюцца дзіцячым школам мастацтваў і ССНУ, “вышка” марку трымае. Магчыма, асобныя напрамкі ў ёй і “праселі”, але, на мой погляд, вельмі асобныя, і ўсё гэта — сітуацыя часовая. Першыя месцы мы ў рэйтынгу сусветных універсітэтаў не займаем — грошы ў нашай адукацыі не тыя, каб ва ўсім быць сучасным і сярод перадавых, але за нашу альма-матар я скажу — гэта якасць і ўзровень. Як мне распавёў з нагоды маіх выпускнікоў адзін аўтарытэтны расійскі музычны дзеяч, спецыяліст у “барабаннай справе”, любы з іх мог бы стаць лаўрэатам любога адпаведнага міжнароднага конкурсу. І становяцца ж!

Сяргей ТРУХАНОВІЧ, гітарыст гуртоў “Палац” i “Крама”, выкладчык гiтары кафедры мастацкай творчасці і прадзюсарства факультэта мастацтваў Інстытута сучасных ведаў імя Аляксандра Шырокава:

— На дзённае аддзяленне ў наш інстытут могуць паступаць людзі, якія наогул не маюць ніякай музычнай адукацыі — ні пачатковай, ні сярэдняй, якія не адрозніваюць ноту “до” ад ноты “рэ”. І такія, як ні дзіўна, ёсць, і іх не так ужо і мала, тых, што нейкім чынам ледзь было не прайшлі міма свайго, як яны лічаць, сапраўднага паклікання. У працэсе навучання яны робяць “прарыў” у ведах і пазней становяцца першакласнымі музыкантамі. Прыкладам таму служыць Віталь Ткачэнка, які працягнуў сваю музычную адукацыю ў Атланце, дзе на выдатна скончыў Atlanta Institute of Music and Media, а ў дадзены момант ужо з’яўляецца і выкладчыкам гэтай легендарнай навучальнай установы (пра яго “К” пiсала ў №№ 5 i 9 за 2014 год).

Выкладчыцкі склад у нас проста шыкоўны, досыць успомніць Пятра Елфімава. А колькі яшчэ педагогаў, адначасова і артыстаў-практыкаў (“палявых хірургаў”, як я іх называю): Юрый Дзмітрыеў, Аляксей Зайцаў, Андрэй Маўрын... I ў дзяржустановах, і ў нас, наколькі я ведаю, хапае “тэарэтыкаў”. Але па спецпрадметах тут практычныя заняткі праходзяць вельмі прадуктыўна, тэорыя падмацоўваецца нагляднымі прыкладамі абавязкова.

Цi “мінус” тое, што ў інстытуце, натуральна, няма размеркавання? Магчыма. Таму што малады спецыяліст, падрыхтаваны дзяржаўнай ВНУ, не “платнік”, гарантавана будзе працаўладкаваны (тут ёсць тонкасці, але я кажу пра агульнае правіла). (Іншае пытанне, калі канкрэтным размеркаваннем чалавек можа быць незадаволены.) Таму ў параўнанні з калегамі з дзяржаўных “вышак” студэнты тут больш мэтанакіраваныя, жорсткія, учэпістыя, ім трэба адразу пачынаць плыць. Асабліва завочнікі больш адказныя і немінчане. Найбольш “прасунутых” дзяўчат і хлопцаў мы самі “ўладкоўваем” у калектывы, часцяком хтосьці тэлефануе нам і просіць даць добрага музыканта. Некаторыя ўжо граюць у вядучых гуртах і аркестрах Беларусі.

Заплацілі — вучы

/i/content/pi/cult/638/14190/7-1.jpgСяргей ТРУХАНОВІЧ:

— З дзіцячых школ мастацтваў, сярэдніх спецыяльных устаноў прыходзяць да нас з рознай падрыхтоўкай. Але з вельмі ўжо жудаснай я не сустракаўся: усе нешта ведаюць і ўмеюць, ці хоць нешта, прынамсi. Але вось той “плюс”, пра які я гаварыў у адносінах да тых, хто зусім не разбіраецца ў музыцы, абарочваецца і “мінусам” — для выкладчыкаў. Таму што з імі даводзіцца займацца з азоў, што вядома, некалькі “напружвае” — не вельмі ж вабіць кагосьці цягнуць за вушы. Аднак — “уплочено”. І становіцца шкада ўласнага змарнаванага часу на такіх студэнтаў, калі яны пасля заканчэння інстытута ў музыцы не застаюцца менавіта з той прычыны, што да іх нарэшце дайшло — не іх гэта справа.

На жаль, і людзі таленавітыя сёння ў прафесію са страшнай сілай не імкнуцца: як я бачу, значная частка выпускнікоў інстытута, нягледзячы на тое, што яны аплачвалі сваю вучобу, потым ад музыкі па вялікім рахунку адыходзяць. Сустракаю некаторых у студыях гуказапісу, у крамах інструментаў, дзе яны працуюць дэманстратарамi, пытаюся: “А чаго не на сцэне?” “Ай...” — адказваюць і махаюць рукой. Калі шчыра, то цяперашнія студэнты наогул не тыя, што былі яшчэ сем гадоў таму, калі я прыйшоў выкладаць. Няма таго бляску ў вачах у цяперашніх. Ды і цікавейшыя раней хлопцы былі. Як той жа Андрэй Кацікаў, якога мне калісьцi пашчасціла вучыць, — выпускнік знакамітага каледжа Бэрклі ў Бостане.

Фінансавае становішча выкладчыкаў і інстытута ў цэлым залежыць ад колькасці нашых студэнтаў. На жаль, апошнія гады два набор падае ў многіх навучальных установах. Я звязваю гэта ўсё ж з дэмаграфічнымі праблемамі, а не з тым, што стала менш ахвотных паступіць. Можа, таму і на характэрных асобаў дэфіцыт.

Хацелася б умацавання матэрыяльнай базы — па камп’ютарах, гукаўзмацняльнай апаратуры. А то давялося выкладчыкам самім абсталёўваць другі клас для заняткаў уласнымі комбiкамi і правадамі. У нас няма добрай залы, у якой можна было б ладзіць канцэрты, конкурсы, фестывалі і іншае, а калі яны пад бокам, яшчэ і вельмі карысныя для студэнтаў як наглядны дапаможнік. Хоць, вядома ж, кіраўніцтва інстытута заўсёды ідзе насустрач пажаданням і стараецца дапамагаць, па меры магчымасці.

Аляксандр САПЕГА:

— У маёй працы турбуе нейкі геаграфічны перакос, калі асобныя вобласці сваімі студэнтамі наогул не прадстаўлены, і такое паўтараецца, а я ж выкладаю тут добры тузiн гадоў. Заўсёды ёсць моцныя выхадцы з Брэста і Магілёва, з Маладзечна. А з Гродна не едуць, з Гомеля — за рэдкім выключэннем, як і з полацкіх краёў. Зыходзячы з гэтага, ці можна зрабіць выснову пра тое, як у тамтэйшых сярэдніх музычных установах рыхтуюць барабаншчыкаў? Хто ведае... Але і не могуць жа ўсе іх выпускнікі быць геніяльнымі і вучыцца толькі ў Акадэміі і ў Старажука?!.. Я ўзяў бы нават шырэйшы ахоп, кафедру наогул, якая, па ідэі, павінна была б рэгулярна і ў неабходнай колькасці папаўняцца навучэнцамі. А адкуль ёй папаўняцца, адкуль папаўняцца дзіцячым школам мастацтваў, ССНУ, калі ў дамах культуры ліквідуюцца духавыя аркестры, знікае пажыўная база для навучальных устаноў? Наш знакаміты саксафаніст Ігар Люты пачынаў з такога гуртка, а сёння за шчасце па святах пачуць на плошчы аматарскі аркестр духавой музыкі, а раней гэтыя калектывы гралі ў парках ледзь цi не кожныя выхадныя. Што, людзям цяпер яны не патрэбныя? Мяркуючы па тым, колькі народу збіраецца ў Мінску ля Ратушы на выступы джазавых або класічных музыкантаў, патрэбныя. А мы ўжо губляем цэлы пласт культуры...

І яшчэ адзін “крык душы”, спадарожны. Разумею, што бессэнсоўны... Цi ведаеце вы, які аклад сярэднестатыстычнага выкладчыка музычнай навучальнай установы?.. Дык вось, часам і “заідэйныя” людзі выдыхаюцца. Культуру мы, вядома, не страцім, але сякія-такія яе пласты потым трэба будзе доўга аднаўляць, і з прыцягненнем ужо зусім іншых фінансаў. У лепшым выпадку. У горшым — нешта давядзецца закансерваваць, як сёння некаторыя замкі...

І пара словаў пра матэрыяльнае забеспячэнне. Зайдзіце ў мой кабінет, паглядзіце на інструменты, на якіх займаюцца студэнты, і паспрабуйце самі адказаць на сваё пытанне: “Яны лаўрэатамі конкурсаў становяцца, вучачыся граць на іх?..” Так, на іх. А я ўсё з дому прынесці не магу...

Фота аўтара і Сяргея ТРАФІЛАВА

 

Гаворка пра музычныя школы з музыкантамі-практыкамі-выкладчыкамі — тут, а пра ССНУ — тут.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"