Пагаворым на мове эксперыменту?

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Пра тое, што “маладзёжнасць” спектакляў сёлетняга “М.@rt.кантакту” выпрабоўвалася сцэнічным увасабленнем і глядацкай рэакцыяй, — “К” пісала падрабязна. Спектакль Яўгена КАРНЯГА “Не танцы” паспяхова прайшоў такое выпрабаванне, узяўшы дзве ўзнагароды і прыцягнуўшы ўвагу як журы, так і гледачоў. Нядаўна на сцэне Тэатра-студыі імя Еўсцігнея Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбылася прэм’ера спектакля “Бясконца”, аўтарам і пастаноўшчыкам якога таксама выступіў Яўген. Напярэдадні падзеі карэспандэнт “К” сустрэўся з перспектыўным рэжысёрам і пагаварыў з ім пра новыя і старыя спектаклі, пра ягоны погляд на сучасны беларускі тэатр і асабістыя мары.

 /i/content/pi/cult/162/1419/Maxima.jpg
Сваё вымярэнне без ярлыкоў

— Яўген, першае пытанне даволі прадказальнае: наколькі нечаканым быў поспех “Не танцаў” на магілёўскім фестывалі?
— Насамрэч, вельмі нечаканым. Мы ездзілі на “М.@rt.кантакт” другі раз, і ў 2006-ым са спектаклем “Дзень народзін”, здавалася, у нас было болей шанцаў перамагчы. Але тады мы не атрымалі ніякіх прызоў. Вось такая навука! А сёлета з’явілася пэўнае адчуванне: штосьці возьмем. Але ажно пра дзве ўзнагароды — нават не марылі.

— У “Не танцаў” — цікавая гісторыя стварэння. Ведаю, што спектакль рабіўся як праца на дзяржэкзамен…

— Так. А ў выніку атрымаў самастойнае жыццё. Мы паказалі яго разоў пяць, думаючы, што ўсё на тым і скончыцца. Але потым самі акцёры сталі патрабаваць аднавіць спектакль. “Другім кругам” ён пайшоў з нейкім новым імпэтам. Цяпер “Не танцы” існуюць абсалютна самастойна, пазбавіўшыся ярлыка “студэнцкай працы”.

— Яўген, як узніклі вашы “не танцы” ў выглядзе пластычнай мовы?

— Я для сябе называю гэтую мову “скупыя танцы”. Яна — не пластыка, не харэаграфія, не балет, не пантаміма, не драматычны тэатр, хутчэй — своеасаблівы іх сінтэз. Кожны нумар у спектаклі існуе ў сваім пластычным вымярэнні. Напрыклад, нумар “Спявай!” зроблены вельмі жорстка, гратэскна. Калі пачаць разыгрываць яго па правілах драматычнай школы, то, на мой погляд, гэта выглядала б паталогіяй. Урэшце, спачатку нараджаецца ідэя, і з яе ўзнікае тая ці іншая мова, тая пластыка, у якой будуць існаваць акцёры на сцэне. Тут змест і форму нельга аддзяліць.

Ведаеце музычны гурт “Portishead”? Калі ён выпусціў сваю музыку, то крытыкам нічога не засталося, як прыдумаць новы жанр, каб апісаць іх творчасць. Так і я: пакідаю тэатральным крытыкам права вызначыць мой стыль.

— Самае цікавае, што вы ў пастаноўках не прапануеце гледачу гатовыя адказы на пытанні. Магчыма, мова танца (ці “не танца”) найбольш прыдатная для гэтай мэты?

— У маіх спектаклях сапраўды няма фабулы, але ёсць пэўныя слупы, паміж якімі глядач мусіць уласнымі сіламі пакласці масты. І мяне радуе, што гэта адбываецца. Мы наўмысна не друкуем праграмкі, каб не абмяжоўваць фантазію гледачоў, а пасля спектакля людзі часам расказваюць пра маю працу такое, чаго я наваті не меў на ўвазе. Некаторыя бачаць яго яшчэ больш цікава, чым я, і гэта цудоўна: у гледача ёсць шырокая пляцоўка для роздуму.

Напрыклад, у спектаклі “Бясконца” я расказваю гісторыю трох пар: адна з іх — любіць, другая — ненавідзіць адно аднаго, а трэцяя — абыякавая. Бадай, гэта ўсё, што я акрэсліваю ў пастаноўцы больш-менш дакладна.

Усе далейшыя перыпетыі сюжэта я пакідаю на водкуп фантазіі гледача. Усё, акрамя фіналу. Менавіта мова пластыкі дазваляе мне зрабіць гэта— прапанаваць гледачу самому знайсці адказы, чаму ўсё так скончылася, чаму мы разбураем каханне.

“Скандаліць для мяне было “за шчасце”— Яўген, вы скончылі Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў як “акцёр тэатра лялек”…

— Так. І менавіта “лялечная” прафесія дала мне вельмі многа. Больш за тое: як рэжысёр я склаўся менавіта на курсе Аляксея Ляляўскага. Спачатку, калі толькі паступаў, усё падавалася такім несур’ёзным: думаў, год правучуся на гэтых “ляльках”, а потым перавядуся на драматычнага акцёра.

Але ж з часам мяне стала адтуль не выгнаць! Лічу, што мне неверагодна пашчасціла патрапіць на лялечнае аддзяленне. Менавіта Ляляўскі прымусіў мяне думаць, сфарміраваў добры густ, не свой — а менавіта пачуццё густу наогул, навучыўшы лавіраваць паміж рознымі стылістычнымі напрамкамі.

Прызнацца, па характары я — жудасны скандаліст: спрачаюся, адстойваю тое, што я малады і думаю па-свойму. Люблю скандаліць не з нейкай злой думкай, а каб адшукаць, знайсці рацыянальнае зерне. Дык вось, спрачацца з Ляляўскім для мяне было “за шчасце”. Сёння я хачу вучыцца далей. Але ў Беларусі для мяне асабіста няма рэжысёра, мацнейшага за Аляксея Анатольевіча, таму для сябе зараз паставіў задачу: знайсці такую моцную асобу, якая б здолела вытрымаць мае “пошукі”.

— Ваша схільнасць да пластычнага тэатра паходзіць менавіта з лялечнага аддзялення?

— Па шчырасці, мая схільнасць да танца вынікае з майго меламанства: усё юнацтва правёў на дыскатэках. Быў час, калі я нават пачаў шкадаваць, што мама не аддала мяне ў харэаграфічнае вучылішча, а потым уцяміў плюс свайго становішча: я не абмежаваны аніякімі рамкамі і магу рабіць тое, што хачу. У мяне ёсць сяброўка, прафесійны харэограф народных танцаў, якая паглядзела мае нумары і кажа: “Ты зрабіў столькі памылак!” А я думаю: “Ну і што! Затое я вынайшаў уласную танцавальную мову!” У выніку, не абмяжоўваючы сябе правіламі, я паставіў ужо некалькі пластычных спектакляў. Ці асмеліўся б зрабіць гэта, ведаючы ўсе законы танца?

 “Мы забыліся, што тэатр — гэта гульня”— На ваш погляд, творчага чалавека абмяжоўваюць правілы?

— Іх усё роўна трэба ведаць. Хаця б для таго, каб потым парушаць. Вельмі важна ў гэтым сэнсе патрапіць да добрага педагога.

Яшчэ адно на гэты конт. Ведаеце, якая ў мяне ёсць мара? Хачу паставіць спектакль… у ангары. Канешне, ён мусіць быць абсталяваны належным чынам, са святлом, з пляцоўкай, але для мяне істотна менавіта гэтая прастора.

Наш глядач вельмі прызвычаіўся да тых правілаў, умоў, у якіх яму паказваюць спектакль. Ён прыходзіць у шыкоўны будынак, з прыгожымі балюстрадамі, з неверагоднай жырандоллю, сядае ў мяккае крэсла і глядзіць прадстаўленне. Мы забыліся, што тэатр — гэта гульня. Трэба нагадаць гледачу пра гэта. У маім, умоўным пакуль што, тэатры гледачы б не ведалі, дзе будуць сядзець, а магчыма, ім давядзецца ляжаць або стаяць? Гэта адразу, на маю думку, выкідвае людзей з усталяваных рамак і прымушае інакш, больш уважліва, ставіцца да тэатральнай дзеі. “Ну калі няма нічога навокал, дык, можа, акцёры што-небудзь цікавае пакажуць?” — вось гэта глядач можа падумаць. Сёння тэатр чамусьці змагаецца з тэлебачаннем... па законах тэлебачання. А трэба ж, мусіць, змагацца па законах тэатра, выкарыстоўваючы пахі, правіла “тут і зараз”, удзел гледача ў прадстаўленні.

— Мяркуеце, што прыцягнуць гледача да ўдзелу будзе лёгка?

— Сёлета я планую зрабіць эксперыментальную пастаноўку ў кавярні з адпаведнай назвай “Кавярня “Паглынанне”. Гэта будзе пластычны спектакль для 20 — 30 чалавек, пад час якога гледачоў могуць запрасіць да ўдзелу ў дзеі. Не ведаю, як гэта будзе працаваць, але тым больш цікава паспрабаваць. Мне здаецца, што знойдуцца людзі, якія з цікавасцю паўдзельнічаюць у гэтым новым — умоўным — тэатры.

Чамусьці ў нас шырока прыжыліся толькі некалькі відаў тэатра — рэалістычны і буфанада. А вось гэтага ўмоўнага — вельмі мала. І гэта трэба выпраўляць.

Мару, вядома, і пра асобную эксперыментальную пляцоўку, якая б належала гораду, наогул безадносна да пэўнага тэатра. Каб рэжысёры штотыдзень або штомесяц змянялі адзін другога. Гаспадары такой сцэны — эксперыментатары і вынаходнікі. У такім выглядзе выйграе менавіта тэатр.

 

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота Сяргея ШАБОХІНА

ДаведкаЯўген КАРНЯГ нарадзіўся ў 1983 годзе ў Мінску. Скончыў СШ № 170 з тэатральным ухілам (клас Анатоля Касцецкага), Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасціакцёр тэатра лялек” (курс Аляксея Ляляўскага). Дыпламант Міжнароднага фестывалю “М.@rt.кантакт-2008”. 

Анкета “К”

1. Колер, які натхняе.
Усе. Немагчыма жыць “у адным колеры”.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
Калі ідуць дажджы.
3. Любімы мастак.
У дадзены момант — Магрыт.
4. Найбольш яркі акцёр, актрыса.
Іх вельмі многа, лепш вылучу рэжысёраў: Ларс фон Трыер, Пітэр Грынуэй.
5. Любімы літаратурны твор.
“Палёт над гняздом зязюлі” Кізі.
6. Што слухаеш?“Radiohead”, Bjork, Tricky, “Portishead”, музыку да тэатральных пастановак.
7. Радзіма — гэта што?
Сябры.
8. Любімая кветка.
Цюльпан.