“Маладзечна-2017”: паказаць голас

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Менш за два тыдні засталося да пачатку XVII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2017”, галоўнай падзеяй якога з’яўляецца конкурс маладых выканаўцаў. Як рыхтуюцца да выступу з вялікім аркестрам і за што любяць беларускія песні, “К” распавялі самі вакалісты.

/i/content/pi/cult/638/14188/9-2.jpgКанкурсантам давядзецца спяваць “жыўцом” у суправаджэнні заслужанага калектыва краіны Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на сцэне маладзечанскага Летняга амфітэатра. Для большасці з іх гэта першы такі вопыт у жыцці, таму ўсе яны на працягу месяца прыязджалі на рэпетыцыі ў Мінск, нягледзячы на тое, што жывуць у розных кутках краіны. На гэтым тыдні адбылася апошняя перадфестывальная сустрэча.

— Дзякуй, што прыехалі! Разумею, што гэта няпроста, таму што амаль усім вам трэба ехаць да нас здалёк, — павітаў канкурсантаў мастацкі кіраўнік аркестра, прафесар, старшыня журы конкурсу Міхаіл Фінберг у рэпетыцыйнай зале калектыва.

Цяпер кожны мусіць чакаць сваёй чаргі, каб праспяваць адзін раз з музыкантамі і выслухаць парады маэстра. У наступны раз такая магчымасць будзе ўжо толькі ў Маладзечне, куды змагацца за Гран-пры і прызавыя месцы прыедзе 21 вакаліст — кожную вобласць і асобна сталіцу прадстаўляюць па тры ўдзельнікі.

— Думаю, што гэты конкурс адзін з галоўных у краіне для маладых выканаўцаў, а спяваць з такім аркестрам пад кіраўніцтвам Міхаіла Якаўлевіча — гэта вялікі вопыт і шчасце, — лічыць Вадзім Лукашэвіч з Ашмянаў. — Не кожны мае такую магчымасць, таму я вельмі рады, што прайшоў адбор, хаця давялося аднойчы выходзіць на сцэну з тэмпературай 38. Спяваю адну са сваіх любімых песень — “Крылы”. І музыку, і словы для яе напісаў сучасны кампазітар Уладзімір Фалалееў. Сам сябе лічу лірычным выканаўцам, таму мне падабаюцца адпаведныя песні. Прыгажосць “Крылаў” — у меладычнасці мовы і музыкі.

— Вучуся ў каледжы культуры і мастацтваў на другім курсе, — распавядае пра сябе канкурсантка з Віцебска Вольга Мазго. — Упершыню буду выступаць з аркестрам, таму хвалююся за тое, каб усё атрымалася акуратна, прыгожа. Трэба пастарацца — гэта, напэўна, пакуль мой самы значны конкурс і самая вялікая сцэна. Спяваю “Васільковае неба” на музыку і словы Юрыя Быкава і Яўгена Алейніка. Люблю гэту песню з дзяцінства, і мне падаецца, што па тэматыцы яна вельмі пасуе конкурсу ў Маладзечне. Я магу спяваць любыя песні ў залежнасці ад умоў творчага спаборніцтва, але добра, калі можна не засяроджвацца толькі на адным кірунку. Заўважыла, што менавіта беларускія песні на конкурсах ацэньваюць неяк асабліва.

— Я заўжды спяваю шмат беларускіх песень, гэта мая стыхія, а “Рэчанька” — тая, якая падабаецца больш за ўсё і раскрывае мае вакальныя магчымасці, — тлумачыць свой выбар рэпертуару Мілана Урбановіч, якая прадстаўляе Гомель. — Яшчэ дакладна не вырашыла, ці буду звязваць сваю прафесію з вакалам — займаюся з чатырох гадоў, скончыла музычную школу, але зараз проста вучуся ў 10 класе сярэдняй школы. Перад конкурсам крыху хвалююся, але гэта толькі “падганяе” рэпеціраваць з імпэтам. Усе ўдзельнікі вельмі моцныя, і я радая, што буду змагацца за перамогу разам з такімі годнымі спевакамі.

Вынікі конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і паэзіі “Маладзечна-2017” будуць падведзеныя адразу 2 чэрвеня, і пасля дзённых выступаў ужо ўвечары пераможцы атрымаюць узнагароды і застануцца ў зале як гледачы на прэм’еры праграмы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад назвай “Купала і Колас, вы нас гадавалі”.

— Удзельнікі спяваюць “жыўцом” і абавязкова на беларускай мове, як гэтага патрабуюць умовы конкурсу, — кажа Міхаіл Фінберг. — Мы робім усё магчымае, каб падтрымаць артыстаў, таму што фестываль заўжды адкрывае новыя імёны, якія нам так патрэбны. Гэта адзіная пляцоўка такога кшталту ў краіне, якая мае статус нацыянальнай, таму я адчуваю вялікую адказнасць — узровень вельмі высокі. Ужо на конкурсе ў Маладзечне можна пачуць тых, хто праз год-два здолеў бы прадстаўляць Беларусь на конкурсе ў Віцебску на “Славянскім базары…”

Але конкурс — гэта толькі адна частка фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2017”. Многія мерапрыемствы пачнуцца ўжо 1 чэрвеня і скончацца толькі 4-га — будуць працаваць канцэртныя пляцоўкі, паэтычныя гасцёўні, мастацкія пленэры і выставы, ладзіцца кніжныя прэзентацыі. Як адзначыла на прэс-канферэнцыі з нагоды падзеі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга, сёлета ўсе фестывальныя мерапрыемствы так ці інакш прасякнутыя тэмай творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У амфітэатры купалаўцы прадставяць сваю “Паўлінку”. На сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра адбудзецца паказ спектакля “Беларусь. Дыдактыка” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з удзелам народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель і Зміцера Лук’янчыка — музычнай споведзі пра адчуванне сябе ў сваёй краіне. Канцэрт-закрыццё фестывалю 3 чэрвеня будзе прысвечаны 45-годдзю ансамбля “Сябры”. Традыцыйна для моладзі 4 чэрвеня плануецца канцэрт “Рок яднае” з удзелам беларускіх гуртоў NaviBand і :B:N:, а таксама O.Torvald (Украіна) і “Ногу свело!” (Расія).

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"