Адпусці сябе ў Венецыю!

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Мы і свет на знакамітым біенале мастацтваў / Частка І
Не ведаю больш такога небанальнага горада. Такі супярэчлівы, цякучы, з культам мастацтва і падлікам кожнага еўра ў кішэнях яго прыхільнікаў. Горада, дзе перамог пафас класікi і самае актуальнае — дызайн, нефармальнасць жэстаў, прыступак, спрытца, вечныя каналы і кале — праходы без гарызонту, у глыбіні кварталаў. Непрадказальны горад.

/i/content/pi/cult/638/14185/8-1.jpgКанцэнтрат

Папіць кавы ў Арсенале. Пагутарыць з мастакамі ў Джардзіні. Паслухаць мовы свету. Убачыць самых стыльных людзей свету — не паводле павеву моды, а па духу свабоды, свабоды думкі, свабоды яе візуалізацыі. Збольшага вербалiзацыi, але толькі збольшага. І ўсё гэта, у тым ліку кава, — практычна адна мова, таму што пяць тысяч чалавек, якія працуюць у сучасным мастацтве, сабраліся тут усяго на тры дні, на прэв’ю біенале ў Венецыі. “Мастацтва — мой запал, — падкрэсліла на прэс-канферэнцыі Крысцін Масэль, куратар біенале 2017. — І ў Венецыі яно жыве ў найлепшым кантэксце.”

Як важна захаваць пазіцыі

Нам уласціва падвышана крытычна ставіцца да беларускага ўдзелу ў міжнародных форумах. Мастакі раз’яднаныя, схільныя да іроніі, узаемных папрокаў і занудства. Але адносна Венецыі хачу заўважыць: вельмі пашанцавала краінам, у якіх ёсць нацыянальныя павільёны, і, думаецца, у гэтым няма іх заслугі. Проста так склалася гістарычна: гэта ўласнасць, асобная тэрыторыя, як пасольства краіны, прычым абжытае за шмат гадоў, і абжытае менавіта як art place.

Беларусам трэба вырашаць гэтую праблему кожны раз нанова: Castello, 15 пазалетась, Fondamenta S. Giuseppe Castello, 925 зараз... Ад зручнасці лакацыі і плошчы арэнды да святла, клiматкантроля і гэтак далей. Кожны год усё пачынаецца спачатку.

Што значыць быць у Венецыі з нацыянальным павільёнам, то бок у асноўнай праграме? Вырашайце самі: расійскі Пушкінскі музей, напрыклад, удзельнічае толькі ў паралельнай. Аб’яднаная Еўропа пад назвай “European Cultural Centre” арандавала ажно тры павільёны, але таксама ў горадзе. Такіх прыкладаў шмат. А адначасова, гэта значыць у разліку на ўвагу той жа публікі, адкрытыя выставы — увага! — Дэмiяна Херста (у двух палацах), Давіда Лашапеля, Дэвіда Хокні, Валерыя Кашлякова, раннія серыі Роберта Раўшэнберга і Эндзі Уорхал, Віка Муніса. Фэсты GlassStress 2017 і “Венецыя Дызайн”. У даведніках Пол Макартні з відэаскульптурамi прамільгнуў. І яшчэ шмат-шмат менш вядомых імёнаў.

Беларусі вельмі важна тут быць. Так, і мастакоў з асноўнай праграмы можна пачуць у штотыднёвым праекце “Адкрыты стол” з запрашэннем крытыкаў і журналістаў. Наш “Стол” будзе пачуты 15 чэрвеня (Цэнтральны павільён). І яшчэ адзін цалкам незалежны фармат — адзіночны пікет. Таксама пляцоўка, дзе няма ўзгаднення зместу.

Проста трэба быць. У чаканні большых фінансавых магчымасцяў, большай адкрытасцi конкурсу канцэпцый, з папярэднімi абмеркаваннямі і публікацыямі — з усім гэтым можна працаваць, гэта праблемы, якія вырашаюцца. Але нельга ўпусціць у гэтым працэсе галоўнае — удзел нацыянальнага павільёна ў сусветнай арт-карпарацыі “Біенале ў Венецыі”. Як сказаў на адкрыцці яе прэзідэнт Паола Барата, “...тут пачынаецца ўсё. І мы бачым давер усяго свету да таго, што мы робім”.

Жыццё за “Сталом”

Беларускі павільён сёлета прадставіў праект “Стол” куратара і мастака Рамана Заслонава (рэжысёр Сяргей Талыбаў, прадзюсар Віктар Лабковіч). Камісарам павільёна выступіла Наталля Шаранговіч, удзел Беларусі ў біенале падрыхтаваны Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў краіны i Міністэрствам культуры рэспублікі пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Італіі.

Fondamenta S. Giuseppe Castello, 925 — гэта набярэжная венецыянскага канала з прывідным святлом, палац насупраць, і пастаянная плынь людзей — на шчасце, павольная і ўмераная, без натоўпу. Бліжэй за ўсё айчынны павільён размешчаны да цэнтральнага ўваходу ў Джардзіні, што адразу падвышае шанцы быць убачаным шматкроць. Прастора ўяўляе з сябе анфіладу з двух памяшканняў: у адным дэманструецца відэа, а ў іншым размешчаны аб’екты. З пункту гледжання экспазіцыі ўсё выбудавана вельмі дакладна — па прасторы, святле, прапорцыях, суадносінах аб’ёмаў і формы. Арганізацыя інсталяцыi і аб’ектаў вядзе гледача ад некалькі тэатральнай фіксацыі асабістых гісторый да абстрагавання ад іх. Выява выніковага “Стала” — як бясконцай плыні мноства лёсаў, сюжэтаў, характараў — у чымсьці нават пераклікаецца са зменлівасцю і парадаксальнай сталасцю самой Венецыі.

Пэўная прастата канцэпцыі, адсутнасць, на мой погляд, неадназначнасцi і “наваротаў” адрозніваюць “Стол” ад многіх праектаў біенале. Годнасць гэтая “яснасць” альбо недахоп? Складана сказаць, але агульнай заяўленай тэме “Via arte viva” яна сапраўды адпавядае. Лаканізм формы ні ў якім разе не выключае легіён сэнсаў. Але, зноў жа, гледзячы з чым параўноўваць. Напрыклад, асноўны куратарскі праект перагружаны сэнсамi па вызначэнні, але счытваецца далёка не ўсё: замінае відовішчнасць, маштаб, а часам і дэкаратыўнасць. Хоць канцэптуальна большасць праектаў перанасычаныя сацыяльнай праблематыкай — міграцыя, посткаланіялізм, правы чалавека, тэрарызм, фатальнасць тэхналагічнай будучыні.

У беларускім павільёне гэтага дакладна няма — ён камерны, iнтравертны, рыхтаваўся адмыслова для невялікага памяшкання, і ў цэлым атрымаўся арганічным і зразумелым.

Напэўна, варта сказаць і пра медыя. Аб’екты і відэаарт, думаю, самыя папулярныя на сёння як у асноўным праекце, так і ў нацыянальных, паралельных і гэтак далей. Падыходзіць да першых пазіцый перформанс, але яго не ўсе могуць сабе дазволіць (у маленькіх памяшканнях), ды і не ўсюды ён патрэбны, не кожнай культуры блізкі. У беларускіх павільёнах перформанс паказваў Віктар Пятроў (2013), інтэрактыўным быў “Архіў сведкі вайны” (2015). У гэтых жа гадах відэа Дзяніса Скварцова і Канстанціна Селіханава канцэптуальна дапаўнялі экспазіцыю. Так што ў гэтай частцы нашы падыходы можна параўноўваць з мiжнароднымі. З іншага боку, класічныя жанры — жывапіс, графіка — таксама прысутнічалi на бiенале, і выдатна, сучасна былi рэпрэзентаваны і прачытаны гледачамi. Усё залежыць ад канцэпцыі, ад таго, што мастак распавядае нам пра свет і пра час. Венецыя ў гэтым сэнсе — добрая праверка.

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст (спецыяльна для “К”) 

Мінск — Венецыя — Мінск

Працяг — у наступных нумарах "К".