Ноч музеяў: па логіцы інтэрактыву

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

Больш як 90 беларускіх устаноў удзельнічаюць у міжнароднай акцыі
20 чэрвеня адбудзецца Ноч музеяў — міжнародная традыцыя, паводле якой раз на год менавіта начной парой музеі прымяраюць на сябе функцыі тэатраў ці парка атракцыёнаў.

Ідэя нарадзілася не ў Беларусі, але прыжылася на нашай культурнай глебе, ужо мае сваю, няхай і кароткую, але гісторыю. Штогод Ноч пашырае аўдыторыю і геаграфію, уцягвае ў сваё кола новыя музеі-ўдзельнікі. Удасканальваецца рэжысура свята, у рамках акцыі рэалізуюцца арыгінальныя ідэі, ужо звыклымі становяцца сродкі інтэрактыву.

12 мая ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася сустрэча прадстаўнікоў музейнай супольнасці з журналістамі. На прэс-канферэнцыі ішла гаворка як пра Міжнародны дзень музеяў 18 мая, так і пра праграму нашага ўдзелу ў міжнароднай начной акцыі. Для адных музеяў апошняя — гэта рэкламны ход, які ў перспектыве можа павялічыць колькасць наведвальнікаў і, адпаведна, фінансавыя паказчыкі. Другія ж, за якімі стала замацаваны статус нацыянальнага брэнда (і маюць яны праблемы не праз адсутнасць наведвальнікаў, але з прычыны іх наплыву), бяруць удзел у акцыі на знак салідарнасці са сваімі калегамі-музейшчыкамі на радзіме і ў свеце.

Адразу пазначу: суцэльнай “халявы” не будзе — грошы наведвальніку ў большасці выпадкаў плаціць усё ж такі давядзецца. Але ўвядуць і “святочную зніжку”, і магчымасць, прыдбаўшы адзін квіток, наведаць некалькі ўстаноў.

Што да канкрэтыкі, дык Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў Ноч музеяў наладзіць імпрэзу пад назвай “Будзь ЯК!” (Я. К. — Янка Купала) — такі ж таленавіты, элегантны, шляхетны, крэатыўны… Гасцям прапануюць згуляць у альтэрнатыўны лёс Песняра — уявіць, што было б, каб ён атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Госці Купалавага дома змогуць прайсці пасвячэнне ў філаматы/філарэты, адчуць сябе ліцвінскай шляхтай, пазнаёміцца з нашай геральдыкай, зрабіць эфектныя фотаздымкі.

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прыадкрые таямніцы дома, у якім паводле законаў містыкі мусіць жыць дух генія беларускай літаратуры і ягонае жывое слова. Сама імпрэза будзе называцца “Святло ў акне” (Якуб Колас часта працаваў па начах). Пад начную імпрэзу будзе задзейнічаны не толькі дом-музей, але і навакольная прастора з гаспадарчымі пабудовамі.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры сваёй праграме даў назву, якая асацыятыўна адсылае ў паэзію Срэбранага веку — “Ноч. Ліхтар. Траецкае. Музей”. Згаданы час быў і перыядам беларускага нацыянальнага адраджэння. У кантэксце віртуальнага падарожжа на мяжу ХІХ — ХХ стагоддзяў інакш прагучаць і знаёмыя са школьнай праграмы творы. Асобныя кірункі на Ноч музеяў атрымаюць і ўсе філіялы Музея гісторыі беларускай літаратуры. З’явіцца, дарэчы, і нагода паразважаць на тэму “Як мы развучыліся чытаць”.

Мірскі замак прапануе наведвальнікам старасвецкі баль. А перад гэтым ахвотныя змогуць вывучыць асновы “мовы веераў”. У ХVIII стагоддзі шляхетныя пані і паненкі карысталіся гэтай функцыянальнай аздобай для размовы, пасылаючы знакі-паведамленні, накшталт сённяшніх эсэмэсак.

Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны зробіць цвіком сваёй праграмы канцэрт ваенных песень на пляцоўцы перад музеем. Бонусы будуць мець тыя, хто прыйдзе ў форме Чырвонай ці Савецкай Армій альбо ў грамадзянскай вопратцы ў стылі 1930-х.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь у Ноч музеяў зладзіць тэатралізаваную імпрэзу, якая будзе афіцыйным закрыццём выставы, прысвечанай гісторыі гандлю ў Беларусі, і закране адвечную для памежных тэрыторый і транзітных краін дзейнасць — кантрабанду. А ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага — Доме-музеі Першага з’езду РСДРП — можна будзе ўжыцца ў вобраз дэлегата апошняга, сфатаграфавацца за гістарычным сталом, уявіць сябе адным з тых (герояў ці зладзеяў, гэта як паглядзець), хто тады ў Мінску спіхнуў планету на арбіту камунізму.

Нацыянальны мастацкі музей на Ноч музеяў звыкла папрыбірае з экспазіцыі некаторыя творы, для якіх павышаная колькасць народу ў залах можа быць небяспечнай. У некаторых залах будзе адключана электрычнасць, так што наведвальнікам давядзецца карыстацца ліхтарыкамі альбо мабільнікамі. А парадак жа будуць забяспечваць схаваныя ў цемры спецыяльна навучаныя людзі.

Дадамо, што амаль ва ўсіх сталічных музеях у адметную ноч запланаваная канцэртная праграма, тэматычна адпаведная характару экспазіцыі і логіцы інтэрактыву.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"