Эталон дзі-джэінгу ў прасторы Дэльфійскіх гульняў

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

У Барысаве майго суразмоўцу пастаянна называюць двума імёнамі, прычым многія ўжо дакладна і не ведаюць, якое ж з іх сапраўднае. Удзень на работу ў гарадскі Дом культуры імя Максіма Горкага прыходзіць кіраўнік дыскатэкі Дзяніс МАКСІМКАЎ.

А ўвечары збірае поўны танцпол знакаміты DJ Максім Дзянісаў. З часам з’явіўся і новы творчы псеўданім — DJ EYEQ, з якім студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “гукарэжысура” выйшаў на лепшыя сталічныя клубныя пляцоўкі. За восем гадоў дзейнасці ў сферы дзі-джэінгу таленавіты хлопец сфарміраваў у родным горадзе своеасаблівую клубную культуру, заваяваў папулярнасць у Мінску і пачаў атрымліваць запрашэнні на выязныя канцэрты ў бліжняе замежжа. А літаральна некалькі тыдняў таму Дзяніс перамог у нацыянальным адборы дзі-джэяў і хутка прадставіць Беларусь на Дэльфійскіх гульнях у Маскве. Пра конкурс, будучыню беларускага дзі-джэінгу, а таксама пра адказнасць дзі-джэя перад аўдыторыяй з карэспандэнтам “К” гутарыць зорка барысаўскага танцпола.

 

 /i/content/pi/cult/162/1417/Etalon.jpg

Якія патрабаванні да канкурсантаў у намінацыіДзі-джэінгпрадяўляе Міжнародны камітэт Дэльфійскіх гульняў?

— Прымаць удзел у конкурсе маюць права толькі прадстаўнікі дзяржаўных устаноў. На гэтым, у прынцыпе, патрабаванні заканчваюцца. Становіцца крыўдна, калі чытаеш Палажэнне аб Дэльфійскіх Гульнях: на фатографаў, цырульнікаў, дызайнераў, мадэльераў адведзена па некалькі старонак, а на дзі-джэяў — 4 радкі! Усё тлумачыцца проста: у краінахудзельніцах пакуль няма клубных спецыялістаў такога ўзроўню. На Захадзе прафесія дзі-джэя існуе больш за сорак гадоў — у нас жа толькі распрацоўваюцца прыёмы работы, ідзе творчы пошук і пастаянна ўдакладняюцца прафесійныя крытэрыі. Дэльфійскі камітэт, які складаецца з людзей сталага ўзросту, не надта добра разумее тыя змяненні. На маю думку, сённяшнія канкурсанты ў дадзенай намінацыі не толькі змагаюцца за пальму першынства, але і фарміруюць імідж, ствараюць базу, якая дапаможа скласці эталон дзі-джэінгу на прасторы СНД.

— Пакуль для большасці мінскай публікі партрэт раскручанага дзіджэя пачынаецца з вялікай сумы грошай...

— Такое меркаванне ўзнікае, калі чуюць пра аплату ў 100 — 200 долараў за дыскатэчны сэт, які доўжыцца паўтары гадзіны. На мой погляд, сума даволі сціплая. Улічыце, што дзі-жэю, які, як я, грае на “вінілах”, на адзін выхад патрэбна не менш чым дзесяць пласцінак (бо на кожнай змяшчаецца, па сутнасці, толькі адна кампазіцыя), а каштуюць яны — мінімум 15 долараў. Дадайце сюды выдаткі на набыццё навушнікаў, якія пастаянна ламаюцца, іголкі (іх патрэбна мяняць раз на пяць месяцаў), а добрая іголка каштуе ад 150 долараў. Атрымліваецца нятаннае задавальненне! Кожны з нас мае дадатковы заробак, каб траціць яго на дзі-джэінг.

— Пры ўсіх складанасцях вашы сталічныя калегі даволі хутка дасягаюць прафесійных вяршынь, некаторыя з’язджаюць на пастаянную працу ў Кіеў, Маскву, нават у Лондан...

—- Упэўнены: калі чалавек нечага жадае, ён таго даб’ецца. Аднак мае сябры перабіраюцца ў іншыя краіны не толькі з-за грошай, але і таму, што няма прасторы для развіцця: у Беларусі адсутнічае падрыхтаваная да клубнай музыкі публіка. Я, напрыклад, у твар ведаю працэнтаў трыццаць танцпола. Астатнія прыйшлі не на канкрэтнага музыканта, а проста ў клуб. Для дзі-джэя з глыбінкі Мінск — мяжа: перайграў ты на ўсіх добрых пляцоўках, і паўстае пытанне — што далей?

— У чым бачыце выйсце з сітуацыі?

— Трэба музычна выхоўваць публіку, і пачынаць рабіць гэта з раённых пляцовак. Няхітрая справа — уключыць ва ўласную праграму хіты, што круцяць на радыё, і зарабіць папулярнасць. Больш складана дабіцца ўвагі публікі да малавядомага матэрыялу, прывіць густ да добрай музыкі. Канешне, на тры гадзіны запусціць зусім незнаёмую праграму немагчыма, бо ніхто да цябе потым не прыйдзе. Працуючы на дыскатэках у Барысаве, я патроху знаёміў моладзь з новымі для іх музычнымі напрамкамі. Калі пачынаў, у зале гучалі толькі модныя на дадзены час кампазіцыі. Каб змяніць плей-ліст, “навешваў” на трэк, напрыклад, “Дзікія танцы” Русланы, лёгкі drum-n-bass. Рытмічная лінія тая ж — басовая, вось народ і ўспрымаў яго за рэмікс. Я ж працягваў “падвешваць” мелодыі далей і такім чынам хвілін пятнаццаць падтрымліваў драм-энд-басовы біт. Такім чынам мы адкрылі для танцпола розныя адгалінаванні хауса, хіп-хоп, іншыя цікавыя напрамкі.

— Але пагадзіцеся, што пачаць танчыць пад незнаёмую музыку і адкрыць для сабе новыя імёны, музычныя гурты — гэта зусім розныя рэчы. Вы якім-небудзь чынам абвяшчалі моладзі, каго яны слухаюць?

— Я добра разумею, што на дыскатэку прыходзяць танчыць, а не чытаць кнігі ці выслухоўваць лекцыі, таму ніколі не імкнуся сярод сэта ўстаўляць інфармацыю. Тыя, каго зацікавіла, што прагучала, падыходзяць з пытаннямі да дзі-джэя, а потым ідуць у музычныя магазіны ці ў інтэрнет-краму. Адзін-два чалавекі купяць дыск з цікавай музыкай, пачнуць уключаць на хатніх вечарынах — і справа закруціцца.

— Акрамя выхаваўчай, якая яшчэ функцыя, на ваш погляд, кладзецца на плечы музычнага вядучага?

— Сапраўдны дзі-джэй павінен кіраваць натоўпам. Справа не толькі ў тым, каб “узрываць” танцпол, але адчуваць людзей, нарошчваць энергетыку залы, — ён абавязаны сачыць за тым, што адбываецца на пляцоўцы. Жорсткая музыка можа справакаваць бойку, але з дапамогай правільнай выбудовы гукавога шэрагу можна прадухіляць правапарушэнні, адначасова трымаючы залу ў музычным “палоне”.

— Ці патрэбна дзі-джэю-пачаткоўцу мець тэхнічныя навыкі?

— На мой погляд, разбірацца ў тэхніцы проста неабходна. Канешне, тыя, хто прыязджае на разавыя выступленні, не будуць перабіраць правады ці перасоўваць калонкі. Але ва ўмовах рэзідэнцтва (пастаяннага знаходжання пры канкрэтным клубе) лепш унікнуць у гэтыя тонкасці, каб на выхадзе атрымаць якасны прадукт.
Неахайная настройка можа сапсаваць шыкоўнае абсталяванне. Многія проста не ведаюць, як дабіцца ад тэхнікі максімуму. Я шмат езджу па краіне і не раз чуў: “У нас дрэнны гук, таму патрэбна новая апаратура”. Я пераношу два сабвуферы ў іншы бок — і хрыпы знікаюць, а з імі — пошукі грошай на “неабходнае пераабсталяванне”. Да таго ж, у вёсках часцяком няма добрага радыётэхніка, і таму дзіджэю нічога не застаецца, як самому брацца за паяльнік і дабівацца неабходнага гукавога эфекту.
Ці возьмем святло. Па-мойму, гэта — самае балючае месца многіх правінцыйных дыскатэк. Мала хто ведае, якім багаццем яны валодаюць. Вісяць даражэзныя прыборы, што пры разумным праграмаванні і правільным размяшчэнні могуць выбудоўваць шыкоўныя карцінкі. Але абслугоўваючы персанал не выкарыстоўвае напоўніцу гэтыя магчымасці: маўляў, міргаюць лямпачкі — і досыць.
Граматны падыход прадоўжыць і тэрмін службы абсталявання. Разумеючы ўсё гэта, я ішоў па параду да знаёмых праграмістаў, радыётэхнікаў, шукаў спецыяльную літаратуру, займаўся самаадукацыяй.

— Дзе ж знайсці такую інфармацыю чалавеку, які жыве ў правінцыі?

— У тым і справа, што вузкаспецыяльная літаратура не кожнаму даступная. Таму добра было б арганізаваць спецыяльныя семінары, перападрыхтоўчыя курсы для дзі-джэяў на базе якой-небудзь ВНУ. Тут павінна быць двухбаковая ініцыятыва, кааб арганізатары праводзілі мерапрыемствы сістэматычна, а кіраўнікі на месцах адпускалі на кожнае з іх супрацоўнікаў. Кажу так, бо ведаю: калі ў сталіцы імкнуліся наладзіць такія курсы, а людзі прыязджалі праз раз, то, натуральна, не разумелі, пра што распавядаюць выкладчыкі.

— Ці змогуць падобныя курсы паспрыяць пашырэнню беларускага дзі-джэйскага руху?

— Добрая адукацыя ўзнімедзіджэйскую культуру, што, у сваю чаргу, паспрыяе з’яўленню вялікай колькасці прафесіяналаў. Паглядзіце, працэнтаў шэсцьдзесят-семдзесят сталічных дыскатэчных знакамітасцей пачыналі ў раённых гарадах. Гэты факт — лепшае сведчанне таго, што ў нас шмат таленавітай моладзі, якой не хапае толькі сур’ёзнай інфармацыі аб дзі-джэінгу і практыкі. Да таго ж, упэўнены, семінары аб’ядналі б дзі-джэяў. Сёння яны, у асноўным, існуюць паасобку, выключэннем з’яўляюцца хіба некаторыя мінскія суполкі.
Шчыльнае знаёмства дапамагло б хутчэй разабрацца ў музычных плынях, набрацца вопыту, паўдзельнічаць у майстар-класах вядомых у нашай сферы людзей, выпрабаваць сябе на вялікай публіцы.

 

Гутарыла Настасся ПАНКРАТАВА