Знакі Максіма

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

У рамках ІI Міжнароднага кампазітарскага форуму-семінара творчых майстэрняў “МолОта” ў Канцэртнай зале Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага быў прадстаўлены новы праект сімфанічнага аркестра гэтай навучальнай установы: прагучалі творы маладых аўтараў Беларусі, Расіі, Малдовы.

/i/content/pi/cult/637/14168/8-2.jpgІдэя такіх семінараў-форумаў заключалася ў стварэнні ў Беларусі “творчых майстэрняў”, дзе маладыя кампазітары працавалі б удалечыні ад свецкай мітусні і, галоўнае, пад кіраўніцтвам запрошаных майстроў кампазіцыі і музыказнаўства з розных краін свету — прыблізна так, як гэта рабілася ў савецкія дзесяцігоддзі ў Дамах творчасці. Арганізатарамі выступілі Расійскі музычны саюз, Міжнародная гільдыя маладых кампазітараў і музыказнаўцаў “MolOtinternationalgroup” (адсюль і рускамоўная назва — “МолОт”) і cам каледж імя Агінскага на чале з яго апантаным кіраўніком, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, кавалерам ордэна Францыска Скарыны Рыгорам Сарокам.

У першым аддзяленні прагучалі творы, прысвечаныя Максіму Багдановічу. Яны ствараліся ў час снежаньскага семінара-форуму 2016 года да 125-годдзя з дня нараджэння славутага беларускага класіка. Дый сам канцэрт праходзіў у памятныя дні — стагоддзя з дня смерці паэта. Цікава, што да творчасці і самой асобы Багдановіча звярнуліся не толькі айчынныя кампазітары (старшыня Беларускага прадстаўніцтва “МолОта”, член Беларускага саюза кампазітараў, выкладчык Маладзечанскага музычнага каледжа Аляксей Пілатаў, выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вікторыя Спарыш, Марына Лукашэвіч, студэнтка гэтай ВНУ Аляксандра Шчарбакова), але і расійскія (студэнт Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі, член “МолОта” Саюза кампазітараў Расіі Яўген Шкульцін, асістэнт-стажор Казанскай кансерваторыі, лаўрэат міжнародных, усерасійскіх і рэспубліканскіх конкурсаў Ляйсан Абдуліна, студэнт гэтай ВНУ, лаўрэат міжнароднага конкурсу Ільдар Камалаў, студэнт Уральскай дзяржаўнай кансерваторыі Раман Цыпышаў, Нікіфар Якаўлеў з Якуціі).

Што ж гучала паводле багдановічаўскіх матываў? Пачнем з расіян. Яўген Шкульцін зазначыў, што з творчасцю беларускага класіка пазнаёміўся дзякуючы гэтаму праекту, прычым яго ўразілі сучаснае гучанне і яркая паэтычная мова твораў Багдановіча. Сярод іх кампазітар вылучыў верш “Зімой”, што найбольш адпавядаў ягоным уласным уражанням ад гэтай пары года. Ільдар Камалаў у якасці матэрыяла для будучага раманса абраў верш Максіма Багдановіча “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы” (у Маладзечне яго выканаў саліст народнага маладзёжнага музычнага тэатра Мікалай Карпіевіч). Твор Ляйсан Абдулінай — музычная замалёўка на верш “Разгарайся хутчэй, мой агонь, між імглы”. Мініяцюру для сапрана і сімфанічнага аркестра, якая, бы іскра, праносіцца і запальвае ўсё навокал, выканала салістка таго ж народнага тэатра Вольга Кохан. Самы малады ўдзельнік кампазітарскага форуму Нікіфар Якаўлеў прадставіў п’есу-фантазію “Возера”, сола на віяланчэлі ў якой выканала Наталля Хамко, а на фартэпіяна — Таццяна Сарока. Нарэшце, у першай частцы тэатральнай замалёўкі “Ракуцёўшчына” Раман Цыпышаў апавядае, як у гэтым кутку Бацькаўшчыны паэту з’явіўся вобраз старажытнагрэчаскага паэта Анакрэона, пра якога сам аўтар згадвае ў сваіх вершах, і паміж імі завязваецца дыялог. Героі гісторыі выпрабоўваюць розныя эмоцыі і перажываюць мноства станаў — ад безнадзейнай дэпрэсіі і гневу да феерычнага захаплення і азарэння. “Ракуцёўшчына”, дзе ў якасці саліста выступіў сам аўтар, праз гэта ў нечым падобная да кароткаметражнага фільма.

Што да беларусаў, дык “Прысвячэнне” Аляксея Пілатава уяўляе з сябе ўверцюру да няскончанай оперы па матывах п’есы Янкі Купалы “Сон на кургане”, адлюстроўваючы неспакойны пачатак XX стагоддзя, на які прыпалі і апошнія гады Багдановіча. Аляксандра Шчарбакова ў рамках форуму стварыла карціну “Назаўсёды” для аркестра і двух салістаў на вершы Максіма Багдановіча і Сяргея Карчыцкага. Твор увасабляе абрад з мёртвых паўстання і праслаўляе вечнае каханне. Прычым словы Багдановіча са славутага “Трыялету” набылі дзякуючы музыцы Аляксандры кардынальна іншы характар. Вікторыя Спарыш, з творчасцю якой дзякуючы I кампазітарскаму форуму музыканты каледжа ўжо знаёмыя, прадставіла раманс-рэчытатыў “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…” Ключавым у рашэнні звярнуцца менавіта да гэтага твора стаў радок “Дык нашто на Зямлі боль і горыч… калі ўсе мы ляцім да зор”. Музыка ж падкрэсліла дваістасць верша: з аднаго боку — пакланенне перад веліччу свету, бязмежным космасам, з іншага — жах ад бессэнсоўнай жорсткасці, якая ў ім пануе.

П’еса-карціна “Рэха паэтаў” мінчанкі Марыны Лукашэвіч з’яўляецца заключнай часткай вакальна-сімфанічнага цыкла, дзе духі вялікіх паэтаў Максіма Багдановіча і Іосіфа Бродскага нібы шпацыруюць па вузкіх вулачках Вільнюса, успамінаючы сваё жыццё, зліваючыся з пульсацыяй жывога горада. Напрыканцы свайго падарожжа паэты прыходзяць у маленечкі, але незвычайна прыгожы касцёл, дзе знаходзяць супакой. Дарэчы, твор, кажа Марына, быў напісаны пад уражаннем ад некалькіх гадзін яе ўласнага шпацыру па Вільнюсе акурат перад семінарам, прысвечаным Багдановічу. Ужо пазней, калі на вочы аўтара трапіў верш беларускага класіка “Касцёл св. Ганны”, у галаве нібы склаліся абрысы будучага твора. Сугучнымі апынуліся і радкі з цыкла Іосіфа Бродскага “Літоўскі дывертысмент”. Салістамі ў “Рэху паэтаў” падчас канцэрта выступілі Ігар Саевіч і Андрэй Шчарбакоў.

Другое аддзяленне склалі творы маладых малдаўскіх кампазітараў, напісаныя ў рамках праекта “Малдаўская вясна прадстаўляе”, закліканага аднавіць беларуска-малдаўска-расійскія культурныя мерапрыемствы на міжнародным узроўні ў рамках Еўразійскай культурнай прасторы. Дзякуючы яму ўпершыню ў праграму штогадовага міжнароднага фэсту сучаснай музыкі ў Малдове будзе ўключаны дзень беларуска-расійскай музыкі.

Вольга ЦАРЫК, музыказнаўца

Маладзечна

Фота Руслана АПАНОВІЧА