Сам сабе кантроль па гамбургскім рахунку…

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

Пенсія Віма Вендэрса і сплаў бабульчынай лыжачкі дзеля мастацтва
Ці варта дапасоўваць айчынную мастацкую адукацыю да заходніх мадэляў? Ці трэба рэдукаваць “рамесніцкі” складнік на карысць “чыстай творчасці”? Дыскусія на гэты конт не заціхае які год запар. Дадзенае інтэрв’ю не аргумент на чыюсьці карысць — хутчэй, інфармацыя да ведама і нагода для разваг. Балазе беларуска Крысціна САВУЦІНА, якая вучыцца на аддзяленні кінематаграфіі ў Гамбургскай вышэйшай школе мастацтваў, можа параўнаць тое, што “ў нас” і “ў іх”.

/i/content/pi/cult/637/14165/14-1.jpg— Я скончыла наш Універсітэт культуры і мастацтваў, адпрацавала па размеркаванні рэдактарам на тэлеканале “СТБ”, а затым пераехала ў Нямеччыну з намерам атрымаць магістарскую ступень у сваёй галіне — культуралогіі. Але ў Лейпцыгу на мяне нахлынула творчая хваля, паадкрываліся ўсе “чакры”, і я скіравала ўвагу на мастацкую адукацыю. Разаслала сваё партфоліа і атрымала прапановы з Лейпцыгу і Гамбургу. Выбар быў складаны, бо той жа Лейпцыг славіцца выкладчыкамі па мастацкім фота, але я ўсё ж выбрала Гамбург, бо там робіцца акцэнт на міждысцыплінарнасць, і ты можаш паспрабаваць сябе ў розных сферах. Да ўсяго, у Гамбургу моцная кінематаграфічная кафедра. Да нядаўняга часу нават выкладаў Вім Вендэрс — сёлета ж ён афіцыйна сыходзіць на пенсію.

— Што трэба, каб паступіць у нямецкую мастацкую школу: грошы, добрыя адзнакі на іспытах, партфоліа, валоданне нямецкай?..

— Грошы — пытанне не галоўнае. Адукацыя ў дзяржаўных школах мастацтва бясплатная, ёсць толькі семестравыя ўнёскі, куды ўваходзіць, напрыклад, аплата грамадскага транспарту (у Гамбургу — 300 еўра, бо горад дастаткова вялікі). Але, зразумела, такая сума ўсё адно не надта б’е па кішэні. Тым больш, у мегаполісе заўсёды знойдзеш магчымасць падзарабіць — прыкладам, я падпрацоўваю перакладчыцай. А грамадзяне Германіі могуць узяць у дзяржавы своеасаблівы крэдыт на выдаткі, звязаныя з атрыманнем адукацыі, прычым вяртаць давядзецца толькі палову, дый тое праз ладны час.

Што да мовы… У Гамбургу дазваляюць прыступаць да навучання з узроўнем А2, які прадугледжвае базавыя веды — але, вядома, пры ўмове, што студэнт будзе дасканаліцца. І гэта неабходна: навучанне заснавана ў асноўным на дыскусіях з тваімі калегамі і прафесарамі. А па вялікім рахунку, каб паступіць у школу, трэба толькі адно: пераканаць камісію ў тым, што ў цябе ёсць творчыя здольнасці. Самае галоўнае — тваё партфоліа, і калі яно ўразіць, на многія іншыя акалічнасці проста заплюшчаць вочы. Дарэчы, характэрная асаблівасць — гэта сталы век многіх студэнтаў. У нашай групе на першым курсе ён розніўся ад 18 да 31 года. Многія ўжо маюць дыпломы зусім з іншых сфер — нейралогіі, хіміі, праграмавання… І гэты бэкграўнд разглядаецца як плюс пры паступленні, бо ў наш час мастацтва моцна інтэграванае з іншымі сферамі жыцця: філасофіяй, навукай, тэхналогіямі.

— Класічная мастацкая адукацыя прадугледжвае засваенне студэнтам пэўных навыкаў: маляваць, ляпіць, здымаць кіно…

— У Германіі ёсць школы прыкладных мастацтваў, дзе адукацыя вельмі акадэмічная, але гэта не наш выпадак. Для мяне стала вялікім сюрпрызам тое, што ў Гамбургу такім навыкам абсалютна не надаецца ўвагі. Акцэнт робіцца менавіта на ідэйны, канцэптуальны змест тваіх работ. Што да тэхнічных аспектаў, яны вырашаюцца ў індывідуальным рабочым парадку. Прыкладам, калі ты вырашыў папрацаваць з керамікай — ідзеш у адмысловую майстэрню і авалодваеш патрэбнымі ўмельствамі. Матэрыяльная база ў нас вельмі добрая: ёсць кінастудыя, лабараторыя для аналагавага і лічбавага фота, 3D-прынтары, майстэрня электронікі, дзе можна сабраць адмысловыя прылады, невялікае выдавецтва… Карацей, самы шырокі спектр магчымасцяў.

— А хіба для ўвасаблення ідэі не трэба ўмець “працаваць рукамі”?

— Мая аднагрупніца вынайшла спосаб друку, у якім замест фарбаў выкарыстоўваліся споры плесні — адпаведна, з часам надпісы прарасталі. Зразумела, што для такога мастацкага праекта яе адукацыя ў сферы арганічнай хіміі куды больш актуальная, чым у класічным малюнку. Сучаснае мастацтва — прастора настолькі шырокая, што занурванне ў тыя ці іншыя практычныя ўмельствы не заўсёды спрыяе твайму станаўленню.

— Адукацыя прадугледжвае пэўны прафесійны рост. У чым ён праяўляецца ў дадзеным выпадку?

— Найперш у тваім разуменні мастацтва і ўменні пра яго гаварыць. Можна развівацца ў тым напрамку, у якім жадаеш, але для гэтага найперш патрэбна самадысцыпліна, бо вельмі складана часам спраўляцца з такой свабодай — асабліва для мяне, бо я прызвычаеная да іншай сістэмы адукацыі, але і для немцаў таксама. Не ўсім такая мадэль пасуе.

— Неад’емная частка студэнцкага жыцця — гэта кантроль за наведваннем заняткаў і адпаведныя санкцыі…

— Не ведаю, як у іншых школах, а ў нас няма ніякага кантролю — ты сам сабе кантроль! На пачатку ў мяне быў страх, што такая свабода стане для мяне непераадольным выпрабаваннем, і ў першы год я наведвала літаральна ўсё, з раніцы да вечара. Але з часам прызвычайваешся ды ўсведамляеш, што гэта патрэбна толькі табе. У нас ніхто не гоніцца за самой “корачкай” і не імкнецца найхутчэй яе атрымаць — наадварот, многія расцягваюць час вучобы — балазе, ёсць такая магчымасць. Некаторыя застаюцца студэнтамі па дзесяць гадоў.

— А як наогул ацэньваецца адукацыя?

— Мне складана адказваць на гэтае пытанне. Мама ў мяне заўсёды пытае пра адзнакі — а ў нас іх проста няма! Ёсць студэнцкая кніжка, у якую запісваюць наведаныя курсы, але многія запаўняюць яе толькі перад самым выпускам — гэта, хутчэй, фармальнасць. Каб атрымаць дыплом, трэба пэўная колькасць крэдытпунктаў, аднак на іх мала хто звяртае ўвагу. Твае творы ацэньваюцца (вядома, не па пяцібальнай шкале) падчас дыскусій, калі ты прадстаўляеш сваю работу выклыдчыкам і іншым студэнтам, а яны скрупулёзна яе абмяркоўваюць, даюць свае рэкамендацыі. Як па мне, гэта вельмі добра: няма ціску адзнакі і страху, які цябе скоўвае.

— Ці бывае, што кагосьці адлічваюць?

— Толькі паля першага года, які лічыцца арыенціровачным і завяршаецца іспытам-прэзентацыяй перад камісіяй прафесараў. Тады становіцца зразумелым, ці на сваім гэты чалавек месцы — або яму, магчыма, лепш падыходзіць больш камерцыйны ці прыкладны напрамак. Іншая рэч, абы-каго ў школу проста не прымаюць — адсейваюць яшчэ пры паступленні.

— А калі ты займаешся глупствам або б’еш лынды?

— Пытанне ў адказ: а навошта? Што я з гэтага буду мець?

— Ну, скажам, пачэсны статус мастака.

— Наўрад ці гэта належная прычына, каб бессэнсоўна траціць свой час. Дый нават калі ты робіш глупства — магчыма, гэта твой шлях, які з часам прывядзе цябе да нейкіх вынікаў. У кожным разе, справа — твая. Расці і развівацца — яно ж у тваіх інтарэсах, а не дзядзькавых!

— Якая роля ў навучальным працэсе надаецца практыцы?

— Вернер Херцаг лічыць, што асновы кінематографа можна засвоіць за пару месяцаў, а ўсё астатняе — практыка. Можна пяць гадоў слухаць лекцыі, але выйшаўшы з аўдыторыі, не ведаць, што рабіць далей. Таму нам у першым семестры даюць камеру на 16 мм — і наперад! Мы пішам сінопсіс будучага фільма, далей размяркоўваем ролі — і такім чынам атрымліваем неацэнны досвед каманднай работы. Прыкладам, я выступаю ў якасці рэжысёра, нехта з аднагрупнікаў аператар, нехта кіруе здымачным працэсам... А потым мяняемся. Тое, што я спазнала, здымаючы сваю першую кароткаметражку, не ідзе ні ў якое параўнанне з тэарэтычнымі выкладамі.

— Ці часта студэнты маюць магчымасць удзельнічаць у выставах?

— Ужо за першы год навучання я паўдзельнічала ў дзвюх. Выставы ладзяцца як у школе (раз на год праходзіць вялікая плюс мноства лакальных), гэтак і па-за яе межамі. Часам выкладчыкі дамаўляюцца па сваіх каналах, каб іх студэнты маглі недзе выставіцца. У дадатак — выставы па абмене з іншымі школамі мастацтваў, напрыклад, з Лондана. І сапраўды, магчымасць атрымаць рэакцыю наведвальнікаў для студэнта надзвычай важная.

— Ці ёсць дыпломны праект і як ён выглядае?

— Дзве часткі: тэарэтычная работа і практычная. Апошнія прэзентуюцца на выставе, калі майстэрні пераўтвараюцца ў экспазіцыйныя прасторы. Іх ацэньвае камісія з прафесараў. Што да тэорыі... Каб дапамагчы ў падрыхтоўцы гэтай работы, у нас ёсць адмысловы семінар па навуковым пісьме — такі літаральны пераклад яго назвы.

— Адпаведна, мастака вучаць пісаць тэксты?

— Я не сказала б, што ў нас наогул чамусьці вучаць — ты там вучышся! Выкладчыкі хіба накіроўваюць цябе, задаюць напрамак, паказваюць той шлях, на якім ты можаш атрымаць неабходныя веды. Балазе, у наш час уся інфармацыя адкрытая — бяры не хачу! Такі падыход тычыцца навучання гісторыі мастацтва, філасофіі, размаітых тэматычныя семінараў — напрыклад, па гендарнай праблематыцы. А згаданы семінар дапамагае студэнту развіваць і структураваць свае думкі — што, па-мойму, сапраўды вельмі важна.

— А што ўяўляюць з сябе практычныя работы студэнтаў?

— Напрыклад, аднагрупнік рассылаў па пошце чыстыя вінілавыя кружэлкі, і тыя драпіны, што на іх з’яўляліся пры танспарціроўцы, утваралі саўндтрэк падарожжа. Іншаму калегу дасталася ў спадчыну ад бабулі срэбная лыжачка. Ён пераплавіў яе і выкарыстаў атрыманае срэбра для друку фота той жа лыжачкі — на колькі асобнікаў хапіла.

— Ці ўзнікае светапоглядны канфлікт між прафесурай і студэнтамі?

— Пакуль не сутыкалася. У нас няма іерархіі і няма той светапогляднай прорвы, якая можа падзяляць настаўніка і вучня. Толькі аднойчы я была сведкай размовы на падвышаных танах, калі прафесар па дакументалістыцы абураўся, чаму работа была вырашана ў форме ігравога кіно. Але студэнты ўсталі на бок свайго таварыша — маўляў, гэта ягоны выбар, які можна крытыкаваць, указваць на хібы, а не адпрэчваць. Дарэчы, у школе ёсць прынцыповая завядзёнка звяртацца да прафесара выключна на ты — нават калі яму ўжо далёка за 60! Да гэтага мне досыць цяжка прызвычайвацца.

— Ці прымаюць студэнты пэўную ролю ў кіраванні ўстановай?

— Летась мяне абралі ад групы ў склад сената школы, і я атрымала сапраўдны культурны шок ад рэальных магчымасцяў прымаць удзел у вырашэнні важных пытанняў яе жыцця: скажам, фінансавага. Мы абмяркоўвалі некалькі варыянтаў выкарыстання бюджэту (запрасіць новага прафесара, адкрыць яшчэ адну майстэрню, абнавіць абсталяванне…), спрачаліся, у выніку галасавалі. Магчыма, ёсць пытанні кулуарныя, але сенат адыгрывае не намінальную ролю.

— А што дае дыплом у плане практычным?

— У кожным разе, ён не дае ніякіх гарантый, толькі бонус. Напрыклад, у Нямеччыне ёсць стыпендыяльныя праграмы для “свежанькіх” выпускнікоў, магчымасць атрымаць майстэрню, выставачныя праекты… Дыплом, калі можна так сказаць, сведчыць пра сур’ёзнасць тваіх намераў — але не больш за тое. Мастацтва — наогул справа рызыкоўная…

 

 

Каментарый ад аўтара

Садовыя гномы, або З эмпірэяў — да рэальнага жыцця

Без сумневу, гамбургскі прыклад падасца многім прывабным — хаця прыхільнікі больш кансерватыўнага разумення мастацтва яго ўшчэнт раскрытыкуюць. Але калі асэнсаваць апісаную адукацыйную мадэль па сапраўдным, гамбургскім рахунку, можна лёгка апусціцца з эмпірэяў на зямлю ды зглытнуць слінкі.

Першае пытанне, якое варта сабе задаць: а навошта наогул патрэбная адукацыя? Каб добра і з карысцю прабавіць час альбо каб атрымаць запатрабаваную ў сучасных умовах прафесію, канвертаваўшы патрачаныя высілкі ў пэўныя дывідэнды? Канцэптуальны ж мастак у беларускіх варунках — гэта не прафесія. За смелыя задумы і ўменне прыгожа пра іх гаварыць у нас ніхто нічога не плаціць, ні ў сферы мастацтва, ні дзе яшчэ. Аплачваюцца толькі канкрэтныя прадукты, зробленыя, як правіла, у строгай адпаведнасці з воляй замоўцы.

Гэта рамесніцкі падыход, скажаце? Ну, хай сабе і так. Але гэта рэальнае жыццё. І наша адукацыя яму адпавядае — дзякуючы чаму ўсе знаёмыя мне выпускнікі той жа акадэміі мастацтваў знаходзяць сабе прымяненне згодна з атрыманай спецыяльнасцю. Так, для скульптара, які патраціў на адукацыю шмат гадоў, вырабляць садовых гномаў альбо магільныя пліты — балючы ўдар па яго амбіцыях. Але, пагадзіцеся, гэта лепш, чым з ранку да вечара крычаць “Свабодная каса!”

Куды мог бы працаўладкавацца ў нашых умовах выпускнік Гамбургскай школы мастацтваў, я нават і не ўяўляю. Сапраўды, хіба ў адну з сетак фаст-фуду. А паколькі некваліфікаваная праца аплачваецца куды горш за якасных садовых гномаў, у яго можа проста не знайсціся часу ды грошай на ўласныя аўтарскія праекты — у адрозненне ад “рамесніка”. Лішне казаць, што ў 99,9 % выпадкаў такія праекты ў нас робяцца ў вольны ад працы час і за свае крэўныя. Стыпендыі, гранты? Не, не чулі. Выставачныя пляцоўкі ганарацца тым, што не бяруць з аўтара арэнду — хаця часам і гэта не так.

Адпаведна, праблема зусім не ў нашай адукацыі — яна акурат-такі адэкватная тым патрабаванням, якія грамадства высоўвае да мастацтва. Праблема, мабыць, у саміх патрабаваннях. І калі пачнецца іх грунтоўная рэвізія, калі грамадства адчуе патрэбу ў аўтарах, а не рамесніках, калі прарыўная ідэя стане аплачвацца лепш за садовых гномаў, можна будзе задумацца і пра нейкія змены ў сферы адукацыі.

Пакуль жа магчымасцю для апрабацыі гамбургскай методыкі бачацца не стацыянарныя навучальныя ўстановы, а размаітыя “гурткі па інтарэсах”, якія могуць стварацца і пры цэнтрах ды галерэях сучаснага мастацтва, і пры тых самых навучальных установах. Балазе, адзін з рэдкіх прыкладаў — адпаведныя курсы ў галерэі “Ў” — прынеслі на дзіва добры вынік: справаздача іх выпускнікоў была ці не лепей за “штатныя” выставы сучарта. Значыць, патэнцыял ёсць…

Меркаванні аўтараў газеты і герояў матэрыялаў не абавязкова адлюстроўваюць пункт гледжання рэдакцыі.