Дзе плён ад "абавязалаўкі"?

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

Заканчэння вучэбнага года больш за дачку чакаю я. Мне ўжо страшна заходзіць за ёй у дзіцячы садок, бо баюся ізноў пачуць ад выхавальніц знаёмае: “Настасся Уладзіславаўна, у нас чарговы конкурс, намалюйце, калі ласка…” Адчуванне, быццам сталічным дашкольным установам адукацыі даведзена патрабаванне выпрабаваць бацькоў мастацтвам.

/i/content/pi/cult/637/14162/4-3.jpgУнутраныя конкурсы ва ўстановах адукацыі былі заўсёды. Першапачаткова дасягалася высакародная мэта: стварыць нагоду для сумеснай творчасці бацькоў і дзяцей. Маўляў, вечна занятым татам і мамам давядзецца вынайсці ў шчыльным графіку працы і хатніх абавязкаў колькі гадзін крывіначцы, што спрыяе паляпшэнню ўзаемаразумення ў сям’і, а значыць, дапаможа ў вырашэнні задач адукацыі і выхавання. Падтрымліваюць ідэі і шматлікія дзіцячыя псіхолагі ды модныя гештальт-тэрапеўты: сумесная творчасць дорыць дзецям адчуванне, што іх сапраўды любяць, уздымае давер да бацькоў, якія цікавяцца творчым працэсам і дасягненнямі, дапамагае проста і натуральна змагацца з памкненнем да гаджэтаў. Сапраўды, ад тэарэтычных выкладак радасна смокча пад лыжачкай, але ці ўсё так вясёлкава ў рэчаіснасці?

У садкоўскія часы старэйшага сына практыка набліжалася да тэорыі: сын фарбаваў з балончыка кармушку для птушак, аплятаў зрэзаныя бацькам галінкі вярбы “дожджыкам”, каб атрымаўся калядны вянок, расфарбоўваў плакат “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”, над якім паўночы сядзела маці. Пра вырабы з натуральных матэрыялаў можна і не нагадваць, бо тое стала класікай адукацыйнай праграмы яшчэ ў вучнёўскую эпоху бабуль і дзядуль сучасных школьнікаў. Надзвычай важная заўвага: такія мазгавыя ды творчыя штурмы ад сям’і патрабаваліся разы тры на год. Таму конкурсы нікога не напружвалі, удзел у іх брала большасць выхаванцаў групы.

Год таму сітуацыя ў сталічных дашкольных установах пачала змяняцца, бо конкурсы з верасня па май ідуць без спыну. На садкі пайшлі запрашэнні да ўдзелу ва ўшанаванні юбілею раёна, асвятленні тэм бяспекі на лёдзе, вадзе, захавання электраэнергіі, прыродных рэсурсаў і іншага. Дадайце сюды абавязковыя сезонныя малюнкі і аб’ёмныя работы з нагоды прыходу восені / зімы / вясны. Якое дзіця тое вытрымае, асабліва калі малечы 3 — 4 гадкі? Бацькі стаміліся ад творчай гонкі, што ператварылася ў абавязак, многія сышлі з дыстанцыі. На выхавацеляў давяць зверху: “Чаму не паўплывалі? Дзе работы?” І шыкоўны вынік: “Не можаце арганізаваць — малюйце самі”…

Што застаецца выхавацелям? Ісці да тых, хто не адмовіць, хто ўвойдзе ў становішча і пасля працоўнага дня сядзе маляваць. Пра дзяцей не згадваюць — самому б укласціся ў тэрмін. Да і патрабаванні павысіліся: нязграбнае, але шчыра зробленае дашкалятамі браць не вельмі і хочуць… Як ні смешна, мне яшчэ пашчасціла: клею, ствараю калажы, прыгадваю нетрадыцыйныя тэхнікі (дзякуй роднай салігорскай школе №5 з эстэтычным ухілам!) толькі для дачкі, сын жа вучыцца на мастацкім аддзяленні пры гімназіі, дзе свой расклад удзелу ў конкурсах. Мой жа сусед выконвае трайную работу: пасле змены на авіязаводзе малюе для двух дашкалят і трэцякласніка…

Вось і хочацца запытацца ў арганізатараў: навошта вам відавочная “ліпа”? Няўжо ў цэнтрах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія настойліва зацягваюць дашкалят у спаборніцтвы, не бачаць дарослую руку ў “дзіцячых” экспанатах? Навошта патрабаваць абавязковы ўдзел ад усіх, калі ёсць ахвотныя — навучэнцы мастацкіх гурткоў, якіх багата ў садках. Але ім не перамагчы са сваёй наіўнай творчасцю чужых бацькоў. Дарэчы, калі ўжо забіраеце работы, хацелася б даведвацца і пра вынікі. Нават самае ініцыятыўнае дзіця згубіць матывацыю, калі чарговы яго малюнак згіне ў невядомасці… Калі ласка, задумайцеся над гэтым простым спосабам заахвочвання! Ну а мне да панядзелка неабходна прыдумаць герб сям’і і намаляваць плакат на тэму гульняў на вадзе…

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"