Ці ў раўнавазе шалі?

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

У Нацыянальным сходзе краіны працуюць над падрыхтоўкай паправак у закон аб аўтарскім праве і сумежных правах. Змяненні і дапаўненні павінны патрапіць у Палату прадстаўнікоў ужо ў трэцім квартале. Працоўная група прымае да разгляду прапановы, што паступаюць ад усіх зацікаўленых структур і асоб: грамадскіх арганізацый, творчых дзеячаў, выканаўцаў, аўтараў — усіх, каго тычыцца названы акт. Пра відавочныя пралікі ў існуючых артыкулах, чаканні праваўладальнікаў і магчымыя змяненні ў асноватворным дакуменце на круглым стале ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі распавялі кіраўнік Цэнтра па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксей БІЧУРЫН і кіраўнік аддзела даследаванняў у сацыяльнай сферы Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Сяргей ЛОСЕЎ.

Алічбаваная бездань

Па меркаванні Сяргея Лосева, найгалоўнай праблемай сферы аўтарскага права застаецца выкарыстанне твораў і ахова аўтарскага права ў інфармацыйных сетках, у першую чаргу — у сацыяльных. З аднаго боку шыкоўна, што сёння любы фільм, музычны трэк, тэкст можна здабыць на торэнтах ці ў іншых крыніцах. “Аднак, калі праблема не будзе вырашана, мы сутыкнёмся з другім бокам — з крызісам. Аўтару стане нецікава ствараць, запісваць, выдаваць нешта новае, бо, трапляючы адразу ў Сеціва, яго ідэі і высілкі губляюць кошт. Каму цікава прасоўваць рэч, стратную па вызначэнні? — задаецца слушным пытаннем прамоўца. — Калі гавораць пра аўтарскае права, я заўсёды ўяўляю шалі. На адной чашы — інтарэсы аўтара і распаўсюджвальнікаў, на іншай — спажыўцоў. І задача аўтарскага права —знайсці момант раўнавагі”.

На думку спікера, каб механізм працаваў, неабходна ўключыць у заканадаўчую сістэму катэгорыю, якая пакуль знаходзіцца па-за ўвагай заканатворцаў: адказнасць павінны несці не толькі парушальнікі аўтарскага права, але і тыя правайдары і ўладальнікі сервераў, якія дапамагаюць першым размяшчаць крадзены кантэнт у Сеціве. “Пакуль інтэрнэт-дзеячы прытрымліваюцца пазіцыі, маўляў, я — уладальнік плота і не магу адказваць за тое, што на ім пішуць. Яны хітруюць, бо ўмоўны ўладальнік “плота” атрымлівае грошы за тое, што здае месца на ім у арэнду”, — патлумачыў спадар Лосеў.

Аляксей Бічурын распавёў, што прапанова атрымала супрацьлеглую рэакцыю ў законатворцаў. Ён салідарны з калегам: “На мой погляд, ідэя цудоўная і заслугоўвае ўсебаковай падтрымкі. Між іншым, мы далёка не першыя, хто гаворыць пра такую неабходнасць: напрыклад, у ЗША аналагічныя артыкулы былі прынятыя яшчэ ў 1998 годзе ў рамках Закона аб аўтарскім праве ва ўмовах новага тысячагоддзя. У нас такая ідэя ў 2011 годзе не прайшла”. Сёння прамоўца з незадавальненнем зазначае неканструктыўную, па яго меркаванні, пазіцыю тэлекамунікацыйнай супольнасці.

Ліцэнзія адкрытая?

Другім па велічыні краевугольным каменем кіраўнік аддзела даследаванняў у сацыяльнай сферы НЦЗПД лічыць пытанне дагаворных адносін. Зараз існуе схема адчужэння аўтарскага права, якая за рэдкім выключэннем патрабуе пісьмовага заключэння ліцэнзійнага дагавору. Мы жывем у час тэхналагічнага прарыву і патрабаванне абавязковай пісьмовай формы складання дагавору замінае сучаснаму абароту правоў на твор. НЦЗПД прапануе ўвесці ў заканадаўства спрошчаны механізм заключэння ліцэнзійнага дагавору — так званую адкрытую ліцэнзію. Дзейнічаць яна будзе такім чынам: праваўладальнік загадзя абвяшчае ўмовы, на якіх ён згодны прыняць і распаўсюджваць твор аўтара, агаворвае, бязвыплатным ці не будзе адчужэнне правоў (першапачаткова любы грамадзянскі дагавор па механізме адкрытай ліцэнзіі прадугледжваецца бязвыплатным). Таму, хто пагаджаецца з патрабаваннямі, застанецца толькі націснуць на адпаведную кнопку на сайце (ці здзейсніць іншае агаворанае дзеянне, пасля якога пагадненне будзе лічыцца заключаным).

Па такім прынцыпе працуе “Creative Commons” — некамерцыйная арганізацыя, якая запусціла тыпавыя ліцэнзіі для легальнага і вольнага распаўсюджвання і выкарыстання твораў. Пра яе запатрабаванасць гавораць лічбы: за 16 гадоў больш за сто арганізацый па ўсім свеце ўвайшлі ў яе партнёрскую сетку. З’явіўся і беларускі філіял, прадстаўнікі якога актыўна вандруюць па рэгіёнах і распавядаюць пра плюсы такога механізму. Праўда, Аляксей Бічурын лічыць тэму адкрытых ліцэнзій “Creative Commons” хутчэй моднай, чым злабадзённай… У бліжэйшых нумарах “К” мы дадзім магчымасць выказацца спікеру філіяла “Creative Commons” у Беларусі Міхаілу Волчаку, каб чытачы самі вырашылі, чый бок падаецца больш перспектыўным. Пакуль жа пытанне адкрытай ліцэнзіі для айчыннага заканадаўства ў сферы аўтарскага права застаецца дыскусійным.

Ці выратуе меншае?

Для НЦІУ больш спрэчным пытаннем падаецца прапанова Вярхоўнага суда знізіць памер кампенсацыі за незаконнае выкарыстанне аб’ектаў аўтарскага права амаль у 10 разоў. “Нам не зразумела матывіроўка, навошта памяншаць гэтую лічбу да адной базавай велічыні, калі сфарміраваная гадамі мінімальная тарыфікацыя кошту парушэння — а пакуль яна роўная 10 базавым — па сутнасці стала эканамічнай меркай кошту аўтарскіх правоў”, — узрушана заяўляў спадар Бічурын. НЦІУ хацелася б пазнаёміцца з аналізам вынікаў, каб размова вялася, абапіраючыся на канкрэтныя факты. Зараз жа ўзняцце гэтай тэмы хутчэй звязваецца з занадта актыўнай дзейнасцю некаторых выканаўцаў у сферы абароны сваіх правоў…

Спадар Лосеў пацвярджае: можна весці гаворку пра павелічэнне колькасці выпадкаў злоўжывання аўтарскімі правамі. У прыклад прыводзіць грамадзяніна, які за 2016 год падаў 23 іскі на выдавецтвы, якія выкарысталі па 4 — 8 радкоў яго твораў у вучэбнай літаратуры для школ. “У агульным аб’ёме хрэстаматыі чатыры радкі каштавалі б яму некалькі капеек. Калі ў кожнага выдаўца адсудзіць па 10 базавых, дык можна ўвогуле не працаваць”, — прыводзіў свой довад прадстаўнік НЦЗПД. Са слоў Лосева, па гэтым жа шляху пайшлі іншыя аўтары-літаратары, падключыліся і аўтары музычных твораў. Змяніць сітуацыю можна толькі знізіўшы мінімальны памер выплат, каб мець магчымасць вар’іраваць суму ў залежнасці ад ступені віны.

Служба службай…

Яшчэ адным пунктам непаразумення рабочай групы сталі службовыя творы і заканадаўчае стаўленне да іх. Палажэнні, датычныя апошніх, змяняліся неаднаразова, часам разварочваючыся на 180 градусаў. Спадар Лосеў лічыць, што артыкул у цяперашнім выглядзе стварае прэзумпцыю прызнання выключнага права за наймальнікам. Іншымі словамі, работнік на працоўным месцы выдае твор, за які аднаразова атрымлівае заробак, а наймальнік можа яшчэ не раз камерцыйна выкарыстоўваць вытворнае і мець з таго прыбытак. Па дадзенай норме закона, аўтар можа атрымаць узнагароду дадаткова, калі дамовіцца з наймальнікам. НЦЗПД прапануе, каб першапачаткова было прапісана права на ганарар, за выключэннем выпадкаў, калі з наймальнікам існуе дамова пра іншае. “Тады ўжо наймальніку неабходна будзе дамаўляцца з аўтарам. На мой погляд, такі падыход лагічны і стварае сістэму эканамічных стымулаў для развіцця творчасці”, — падсумаваў прамоўца.

Аляксей Бічурын з дадзенымі высновамі не згодны. Ён лічыць, што не мусіць пераацэньваць гэты інстытут у прынцыпе: “Задача артыкулаў, якія тычацца службовых твораў, утылітарная: дасягнуць узаемадзеяння паміж двума аб’ектамі — аўтарам і наймальнікам. Зараз усё збалансавана. Змена ж вектара, хутчэй за ўсе, увогуле не скажацца на аўтары: напрыклад, у СМІ і іншых арганізацыях, дзе творчая дзейнасць пастаўлена на канвеер, чалавека проста не возьмуць у штат, пакуль ён не падпіша пагадненне на перадачу маёмасных правоў на службовыя творы наймальніку”.

Такіх супрацьлегласцей унутры рабочай групы багата. Дзеля справядлівасці мушу згадаць артыкулы, па якіх у заканатворцаў адзінадушнае пагадненне. Напрыклад, далучэнне Беларусі да так званага маракешскага дагавору. Гэтае міжнароднае пагадненне прадугледжвае ў дачыненні да людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўспрыняцце друкаванай інфармацыі, пашырэнне пераліку выпадкаў, калі ім будзе дазволена бязвыплатнае выкарыстанне аб’ектаў аўтарскага права. Гаворка ідзе не толькі пра людзей з паслабленым зрокам, але і пра тых, хто не можа сканцэнтравацца, узняць галаву ці з-за іншых фізічных недахопаў не атрымліваецца ўспрымаць друкаваны тэкст. У такіх выпадках, прынамсі, інтэрнэт-рэсурсы мусяць прапанаваць версіі для людзей з паслабленым зрокам.

Каб байкамі не карміць

Нагадаем, што ў Беларусі заканадаўства ў сферы аўтарскіх правоў працуе з сярэдзіны 1990-х. Да новай рэдакцыі ўзору 2011 года заканатворцы рыхтаваліся не адзін дзясятак месяцаў, узважвалі, вывяралі, удасканальвалі нормы, што дзейнічалі (і выклікалі спрэчкі ў тым ліку і з-за змены тэхналогій) на працягу папярэдняга тузіну гадоў. Па меркаванні многіх датычных, атрымаўся даволі збалансаваны дакумент. На пытанне, чаму ў новай пяцігодцы раптам спатрэбілася кардынальна пераглядаць тыя артыкулы, спікеры разводзяць рукамі. Па адчуванні Аляксея Бічурына, зараз няма дакладнага ўяўлення, што, якім чынам і з якой мэтай мяняць у законе. Засмучае і тое, што з’явілася ініцыятыва адмяніць праславутае права на збор узнагароджання асобнай катэгорыі аўтараў і праваўладальнікаў — артыкул, больш вядомы ў народзе, як “падатак на балванкі”. Гэтая норма была закладзена з першых дзён існавання закона аб аўтарскім праве ў 1996 годзе, але як толькі ініцыятыўная група праваўладальнікаў заснавала арганізацыю, якая сабралася займацца зборам гэтага ўзнагароджання, пайшлі размовы пра тое, каб адпаведны радок у дзяржаўным дакуменце выдаліць…

Зразумела, ідэй змяніць нешта ў прававым рэгуляванні багата, аднак які спектр гэтых ідэй і якія абгрунтаванні за гэтым стаяць? Сяргей Лосеў таксама лічыць, што закон 2011 года — “вынік узважаных рашэнняў і сур’ёзнага эвалюцыйнага развіцця”, а сённяшнія абставіны яму нагадваюць хутчэй вядомую байку пра лебедзя, рака і шчупака… Спікеры зазначылі надзвычай кароткі тэрмін для падрыхтоўкі паправак, што вымушае заканатворцаў працаваць дастаткова хаатычна. З гэтага вынікае, што рабочая група, заціснутая ў пракрустава ложа часу, верагодней за ўсё перадасць на далейшы разгляд тыя папраўкі, па якіх не будзе прынцыповых пярэчанняў. Усім творцам застаецца спадзявацца, што новазмяненні змогуць захаваць шалі інтарэсаў супрацьлеглых бакоў у раўнавазе…

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"