Хто "кіруе" Амелі, Ніколь і Анджалінай?

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

Тайм-код і іншыя сакрэты дубляжу
Праект “Беларускія ўікэнды” атрымаў падтрымку мінчан. Серыя кінапаказаў у беларускай агучцы перабралася ў адну з найвялікшых сталічных кіназалаў і там таксама збірае аншлагі. Удзельніца праекта, актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Святлана ЦІМОХІНА нагадвае, што не так даўно агучкай на роднай мове займалася і тэлебачанне. Як гэта было? Дарэчы, голас Святланы па-беларуску гучаў з вуснаў Ніколь Кідман у “Прыгодах Падзінгтана”, Анджаліны Джалі ў “Містар і Місіс Сміт”, Адры Тату ў “Амелі”, Вайноны Райдар у “Доме духаў”, Элен Пампеа ў “Анатоміі Грэй”, Леціцыі Каста ў “Блакітным ровары”, Хэйдан Панэцьер у “Героях” ды іншых папулярных персон сучаснага кіно.

/i/content/pi/cult/637/14155/12-2.jpgСон на дзесяцігоддзі

— Ажыятаж на фільмы і анімацыю “Беларускіх уікэндаў” рэальнымі лічбамі сцвярджае, наколькі агучка на роднай мове запатрабавана! Публіка выбірае нас, хоць паралельна ў сталічных кінатэатрах ідуць мэйнстрымавыя стужкі ў перакладзе на рускую мову. А ці многія з гледачаў памятаюць, як напачатку 2000-х на беларускім тэлебачанні дзейнічаў партнёрскі праект з Міжнародным Французскім каналам? Тады абодвума бакамі было прынята прынцыповае рашэнне: усю відэапрадукцыю — анімацыйныя фільмы, пазнавальныя і забаўляльныя праграмы для дзяцей, а таксама навукова-папулярныя, хранікальна-дакументальныя праграмы, тэлефільмы, сэрыялы, класіку французскага і сусветнага кіно — дубліраваць па-беларуску.

Рэжысёр Віктар Мароз шукаў акцёраў. Я тады супрацоўнічала з “Калыханкай”, мяне нехта пабачыў і параіў Віктару Віктаравічу. Ён мне патэлефанаваў, натхнёна распавёў пра новы праект. Я доўга аднеквалася, бо ніколі не займалася агучкай, таму не ўяўляла, што гэта такое. Спачатку мы толькі знаёміліся з тэкстам ды разам паглядзелі фільм, з якім трэба было працаваць. Перад прызначаным для агучвання днём узяла дадому відэакасету і, памятаю, як да чатырох гадзін раніцы імкнулася разабрацца з новай для мяне справай. Пасля такой імправізаванай рэпетыцыі з’явілася адчуванне, што спроба сябе ў дубляжы — абсалютна безнадзейная. З такім настроем прыйшла ў студыю, а там ужо чакалі сапраўдныя карыфеі — актрыса Рэгіна Дамброўская, дыктар Вера Ропат. Сёння з усмешкай згадваецца, як задрыжэлі калені, а тады ўсцешылася, што запіс праходзіў седзячы. Чатыры гадзіны мы працавалі, але і ад тэлебачання да метро я ледзьве дайшла: чамусьці страшэнна балелі ногі, быццам прабегла марафонскую дыстанцыю. Тыя 10 хвілін да метро перажывала, навошта я наогул узялася за справу, якая, падавалася тады, мне не па плячы: “Больш не буду агучваць ні за што на свеце! Дараблю — і забуду, як страшэнны сон!” І вось гэты сон доўжыцца ўжо сямнаццаць гадоў.

“Гарба” ці “Гарбо”

— Паступова наш праект перарос у аддзел дубляжу ліцэнзійных праграм. Калі спытаць у непасвячонага, як дубліруюць відэаматэрыялы, хутчэй за ўсё пачуеш у адказ, што гэта — нескладана: разгарнуў падрыхтаваныя паперы і чытай сабе. Насамрэч жа, дубляж — праца зладжанага калектыву, у якім шмат людзей рэдкай спецыялізацыі. Напрыклад, у нас былі спецыяльна адукаваныя людзі, што імкнуліся пераклад сінхранізаваць з карцінкай. Ці задумваліся вы, што ў мовах даўжыня фразы розная? Прынамсі, французы так хутка гавораць, што ўмясціць усё ў беларускі падрадковік проста немагчыма. “Дагаворваць” жа фразу ў наступным кадры нельга: калі на экране герой маўчыць, то і ў нас не мусіць быць актыўнага маўлення. Патрэбна пэўная падрыхтоўка ў адшліфоўцы перакладу, каб фраза па даўжыні супадала з часам маўлення героя і пры гэтым не згубіла сэнсавую глыбіню.

Тэкст пераходзіў да рэдактара, які займаўся толькі імёнамі ўласнымі. Ён вельмі дасканала вывяраў усе геаграфічныя назвы, імёны. Асабліва пільным неабходна было быць з французамі, у якіх не рэдкасць напісаць слова ў дзесяць літар, а пры чытанні вымавіць тры гукі. Рэдактар шукаў адказ на элементарныя, здавалася б на першы погляд, рэчы, напрыклад, як правільна гучыць прозвішча шведскай і амерыканскай кінаактрысы: Грэта Гарба ці Гарбо? Бо гледачы бываюць розныя: ёсць надзвычай патрабавальныя, могуць і прэтэнзіі прад’явіць. Не цікавілася канкрэтнымі фактамі, але ведаю, людзі пісалі ў наш аддзел даволі актыўна.

Меўся асобы рэдактар, які сачыў за вымаўленнем, дакладнай расстаноўкай націскаў. Менавіта ён станавіўся апошняй інстанцыяй у спрэчках, як прамаўляць, напрыклад, “арЦЕфакт” ці “арТЭфакт”? Пасля шматлікіх удасканальванняў тэкст трапляў да рэжысёра агучвання. Той выстаўляў тайм-код: пазнакі, калі фраза пачынаецца, а калі заканчваецца. Адзначаў і паўзы: ад памеру “птушачкі” залежыць, вялікую ці маленькую паўзу браць артысту. Гэта вельмі дапамагала сарыентавацца бо, бывае, па тайм-кодзе разумееш: наперадзе — вялікі маналог, і пачынаеш вылічваць, дзе ж перахапіць дыханне, каб укласціся ў часавыя рамкі. Побач з рэжысёрам агучвання заўсёды гукарэжысёр. Ён сочыць за тэхнічнымі момантамі, напрыклад, каб не “пазаплёўвалі” мікрафон, каб не зашкальвалі датчыкі гукавымярэння. Прынамсі, калі мне першы раз па сюжэце неабходна было зараўці, — на экране бачу 14-гадовую дзяўчынку, якую спрабуюць згвалтаваць — я на ўсю моц лёгкіх ціснула! Бедны гукарэжысёр кінуў навушнікі, бо яго практычна аглушыла. Што ж, нюансы прафесіі прыходзяць з практыкай.

Лялечнік: спосаб існавання

— Колькасць акцёраў агучвання заўсёды менш за наяўных у стужцы герояў. Часта ў нататніку падчас размеркавання роляў вырастае велізарны спіс тых, хто павінен загаварыць тваім голасам. А табе патрэбна кожнаму падабраць адметныя інтанацыі, бо трапляюцца сітуацыі, калі ў кадры сустракаецца некалькі “тваіх” персанажаў. У адной стужцы, памятаю, мне прызначылі маму, дачку, сына і служанку, якія па фільме былі параскіданы, а пасля раптам сышліся ўсе чацвёра ў адной сцэне! Зараз такая сітуацыя цяжкасцей не выклікае: на камп’ютары можна запісаць безліч гукавых дарожак, потым іх міксаваць у неабходныя камбінацыі. Напачатку 2000-х у адным дублі трэба было “гаварыць” за ўсіх. Даводзілася выкручвацца.

Звычайна рэжысёр дае па кожным персанажы кароткую біяграфію, каб акцёр разумеў тыпаж. Можа акцэнтаваць, напрыклад “гераіня нервуецца, таму гаворыць голасам, які амаль зрываецца”. Галасавая афарбоўка ілюструе пэўныя рысы характару, нездарма мы імкнёмся патрапіць у тэмбр арыгінала. Спецыфіка прафесіі яшчэ ў тым, што нельга іграць за кінаартыста. Задача акцёра дубляжу быць у нечым на крок па-за кінагероем, бо галоўнае ўсё ж тое, што мы бачым на экране.

На агучванне спрабавалася каласальная колькасць сталічных акцёраў. У кіно ёсць фраза “камера любіць артыста”, тут я назірала тое ж самае: мікрафон альбо любіць артыста, альбо не. Часам назіраеш парадаксальную рэч: у шыкоўнага артыста з агучкай не ладзіцца, а падыходзіць да мікрафона акцёр, талент якога ў тэатры пакуль не прыкмецілі, — і быццам нешта ў яго ўнутры раскрываецца! Яшчэ зазначала, што найбольш удала з мікрафонам працуюць лялечнікі. Кажу тое не з цэхавай салідарнасці. Насамрэч, шмат разважала на гэты конт: здаецца, у лялечнікаў з-за прафесійных чыннікаў іншая рэакцыя, яны хутчэй пераключаюцца з задачы на задачу. Артыстам драмы заўсёды неабходна матывацыя, разуменне, чаму на экране зараз адбываецца менавіта гэта. Але ці заўсёды тое патрэбна, калі ў стужцы ўсё ўжо заматывавана і сыграна? Падчас дубляжу стаяць іншыя задачы, тут часцей неабходна, як кажуць у тэатры лялек, патрапіць у масачку. Насамрэч, акцёр дубляжу — асобная прафесія, хоць і вельмі блізкая да класічнага акцёрскага майстэрства. Па сабе нават прыкмеціла: калі пачала шчыльна займацца агучкай, то многія рэчы ў тэатры мне сталі лягчэй давацца.

П’ер Рышар маляўскага гучання

— Плынь карцін ішла неверагодная: мы працавалі па сем гадзін на дзень сем дзён на тыдзень! Адзін рэжысёр сыходзіў, прыходзіў наступны — і мы працягвалі дубліраваць. За шмат гадоў на тэлебачанні я не толькі атрымала дадатковую прафесію, а яшчэ пазнаёмілася з выдатнымі людзьмі: рэжысёрамі Віктарам Марозам, Вольгай Тацішчавай, Таццянай Агафонавай, Лідзіяй Шаршульскай, Юліяй Кучук; артыстамі Наталляй Качатковай, Георгіем Маляўскім, Аляксандрам Кашперавым, Аляксандрам Малчанавым, Алегам Гарбузам, Аляксандрам Цімошкіным і іншымі. У нашай прафесіі шмат залежыць ад творчай інтуіцыі. Рэжысёр добра разумее, што можа чалавек, таму бывалі проста казачныя ўдачы. Голас заслужанай артысткі Беларусі Наталлі Качатковай проста ідэальна клаўся на Марыну Уладзі! Я нават выбягала да рэжысёраў, каб паглядзець на вялікім экране, а не “праз мікрафон”. Тое ж самае адчуванне ўзнікала, калі заслужаны артыст Беларусі Георгій Маляўскі агучваў П’ера Рышара ў сур’ёзнай драматычнай ролі. Дзівосна, наколькі арганічна голас Георгія Рафаілавіча гучаў з “вуснаў” знакамітага француза!

На жаль, на тэлебачанні наш гадамі напрацаваны вопыт не прыдаўся. Спачатку патроху знікала беларуская мова. Віктар Мароз доўга спрачаўся, аднак адстаяць змог толькі мультфільмы. Пратрымаліся на тых пазіцыях нядоўга: беларуская мова ў дубляжы перастала гучаць, а потым знік і сам аддзел дубляжу. Мне пашчасціла патрапіць у прыватныя праекты, многія ж пайшлі з гэтай прафесіі, а быў жа дасягнуты такі высокі ўзровень…

Ад аўтара

Пакуль фатограф здымала маю гераіню ў студыі, я назірала за гукарэжысёрам і рэжысёрам агучання. Людзі, прызвычаеныя да сваёй справы, не-не ды і зазначалі: “Шыкоўна! Вось што значыць — працуе прафесіянал!” З дасведчанымі людзьмі сапраўды больш проста і цікава, больш магчымасцей зрабіць унікальны твор, які зможа прэтэндаваць на месца ў нацыянальнай культурнай скарбонцы. Нашы суседзі ўжо зразумелі, што якасны дубляж прыводзіць у кіназалы дадатковую аўдыторыю, тым самым павышаючы касавыя зборы. Упэўнена, тэлебачанне пры дакладным маркетынгу таксама выйграла б ад замежнай прадукцыі па-беларуску. Зараз на хвалі — папулярызацыя нацыянальнага, дык ці варта яе ўпускаць? Мы любім вынаходзіць ровар, а прасцей вярнуцца да назапашанага рэжысёрамі, акцёрамі, рэдактарамі досведу…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"