Як запрашалі да “Стала”

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

Падрабязнасці сакрэтнага да апошняга моманту "кантэнту" Нацыянальнага павільёна Беларусі на 57 Венецыянскай біенал
Сёння пачынаецца 57 Венецыянская біенале сучаснага мастацтва. Нашу краіну на выставе прадстаўляе праект “Стол” мастака Рамана Заслонава, прадзюсара Віктара Лабковіча і рэжысёра Сяргея Талыбава. Нацыянальны беларускі павільён ужо адкрылі 11 мая — у яго першай зале змешчана інсталяцыя, у другой дэманструецца відэапраекцыя. Акцёры, якія ўдзельнічалі ў здымках, распавялі “К”, што ж за відэашэраг паказваюць беларусы ў Венецыі.

/i/content/pi/cult/637/14154/1-1.jpg— Камера марудна рухаецца над сталом (аператар Максім Куроўскі) і спыняецца на 25 — 30 секунд над кожным, хто за ім сядзіць — гэта людзі розных прафесій і лёсаў з уласнымі гісторыямі, — апісвае купалавец Ігар Дзянісаў. — Мой герой — акцёр. Спачатку на экране з’яўляецца яго рука, якая спрабуе намацаць стакан вады, потым змяты твар — і становіцца зразумела, што чалавек з цяжкасцю ўзгадвае, як апынуўся дома, затым робіць сабе каву, паўтарае нейкі тэкст Дастаеўскага для працы. Сярод персанажаў ёсць, напрыклад, балерына, мастак-няўдака, былы афганец і шмат іншых. Атрымаўся шэраг замалёвак з розных жыццяў. Хтосьці кажа нейкія словы, хтосьці маўчыць, танцуе на стале ці ляжыць пад ім. Стол выглядае як агульная прастора для аб’яднання ці раз’яднання задзейнічаных людзей, але гэта толькі метафара, якую кожны можа трактаваць па-свойму. Артыстам ставіліся лакальныя задачы — зрабіць тое ці іншае, але ў каманды была канцэпцыя, дзякуючы якой атрымаўся цікавы філасофскі матэрыял.

Відэа доўжыцца 32 хвіліны. Да “Стала” таксама запрасілі Марыну Дзянісаву, Паўла Харланчука, Мікалая Рабычына, Таццяну Мархель, Аляксандра Падабеда, Алесю Пухавую, Уладзіміра Глотава, Ілью Ясінскага ды іншых — усяго каля дваццаці артыстаў. Па словах Ігара Дзянісава, ён пагадзіўся ўдзельнічаць у здымках, таму што яго запрасілі ў праект сябры.

— З Заслонавым мы ў адзін час вучыліся ў інстытуце і знаёмыя яшчэ з 1980-х, — тлумачыць артыст. — Калі Рома расказаў мне, што хоча зняць, яго ідэя спачатку выклікала сумненні — мастак усё ж не рэжысёр. Але ён сабраў добрую каманду — Віця Лабковіч спрадзюсаваў праект, Сяргей Талыбаў зняў. Здымкі праходзілі яшчэ ў мінулым годзе. Прыемна здзіўлены вынікамі — я думаў, што мне надакучыць назіраць, як на экране адзін за адным будуць змяняцца людзі, а насамрэч хочацца глядзець і глядзець: “Што ж там далей?” Вельмі рады, што праект трапіў на біенале — гэта сведчыць пра пэўны ўзровень нашага мастацтва.

/i/content/pi/cult/637/14154/12-1.jpg— Мне прапанавалі стаць пісьменнікам-графаманам, які лічыць сваім кумірам Хэмінгуэя, — распавядае артыст Дзмітрый Пусцільнік. — Калі пачынаеш штосьці рабіць, можаш толькі прыкладна ўявіць, што атрымаецца, таму мне самому вельмі цікава ўбачыць выніковы варыянт.

— У мяне ж было некалькі эпізодаў, — кажа актрыса Горкаўскага тэатра Вераніка Пляшкевіч. — У адным я распавядала пра Чарнобыль, у другім дзялілася трагічнай гісторыяй пра свайго мужа. Здымачны працэс такі ж самы, як і ў звычайным кіно, але выніковы фармат усё ж такі адрозніваецца. Атрымалася арт-хаўсная рэч, якую можа зразумець любы. З Сяргеем Талыбавым мне заўжды падабаецца працаваць, а вось з Раманам Заслонавым пазнаёмілася толькі на здымках. Працаваць было вельмі цікава, таму што давялося сутыкнуцца з вялікай колькасцю розных людзей.

— Здымалі ж яшчэ год таму і тады ніхто не думаў, што гэты праект у Венецыю паедзе — проста была ідэя зняць відэа-арт, — кажа акцёр Андрэй Карака. — У мяне такога досведу раней не было, і я заўжды адкрыты для творчых прапаноў, таму без роздумаў пагадзіўся на ўдзел. Апісаць вынік складана — трэба гэта ўбачыць і пачуць. Для кагосьці гэты стол бясконцасць, для кагосьці пачатак жыцця ці яго завяршэнне. Усё паказваецца ў руху, з пэўнай хуткасцю, мае свой сэнс. Вось, напрыклад, калі ідзеш у галерэю, ты за чымсьці назіраеш, але не ўсё прыцягвае тваю ўвагу і запамінаецца — так і тут.

Наша краіна ўдзельнічае ў Венецыянскай біенале ў чацвёрты раз. Праект Рамана Заслонава, Сяргея Талыбава і Віктара Лабковіча назвалі лепшым сярод 18 іншых заявак у лютым 2017 года пасля конкурсу на стварэнне куратарскай канцэпцыі для беларускага павільёна. Аўтары кажуць, што пасля выставы, якая доўжыцца па 26 лістапада, “Стол” абавязкова пакажуць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Фота Любові ГАЎРЫЛЮК, Віктара ЛАБКОВІЧА і прадастаўленыя Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў 

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"