Прафесіяналізм і адказнасць

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

З 3 па 6 мая ў сталіцы ладзілася XXI Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі”. На афіцыйным адкрыцці маштабнага форуму міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч нагадала, што ў краіне зараз дзейнічае больш за 1,6 тысячы нацыянальных друкаваных медыя і транслюецца больш за 270 тэлепраграм, што пацвярджае: “Беларусь — адкрытая інфармацыйная прастора, куды імкнуцца шматлікія медыйныя плыні”.

/i/content/pi/cult/636/14147/2-1.jpgПацвярджэннем стала вялікая колькасць замежных удзельнікаў. Свае стэнды ў “Белэкспа” аформілі Азербайджан, Балгарыя, Германія, Грузія, Індыя, Латвія, Літва, Расія, Турцыя, Украіна. Сёлета ў якасці спецыяльнага госця быў запрошаны Кітай. Як зазначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін, супрацоўніцтва ў інфармацыйнай сферы ўваходзіць у прыярытэты ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі. Нагадаем, у тыя ж дні ў нашу дзяржаву быў зладжаны прэс-тур кітайскіх журналістаў.

Наведвальнікі пабачылі больш за 100 экспанентаў, сярод якіх у поўным аб’ёме былі прадстаўлены айчынныя медыя. Відовішчна заяўлялі пра сябе радыё і тэлебачанне, электронныя медыя, арыгінальна гучалі беларускія і рэгіянальныя газеты і часопісы, спецыялізаваныя і ведамасныя выданні, друк ВНУ, навуковых устаноў, прамысловых прадпрыемстваў, шырока прадстаўлялі свае магчымасці інфармацыйныя агенцтвы і выдавецкія дамы. Мы таксама выйшлі да чытачоў: стэнд газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва” прыцягваў як вядомых творцаў, так і пачаткоўцаў, сталых падпісчыкаў і тых, хто ўпершыню пра нас пачуў, студэнтаў і калег.

На форуме адбылася канферэнцыя “СМІ ў зменлівым свеце. Прафесіяналізм і адказнасць”. Па словах міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, журналістыка апрыёры павінна трымацца на прафесіяналізме і адказнасці, бо айчыннае заканадаўства, даручаючы журналісту права атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, “прадугледжвае адказнасць за слова, якое той нясе чытачу, слухачу і гледачу”. Узровень развіцця сучасных тэхналогій дазваляе аўдыторыі самастойна выбіраць як тэматыку неабходнай інфармацыі, так і яе крыніцу. У гэтай сувязі Лілія Ананіч нагадала пра неабходнасць прытрымлівацца прынцыпаў прафесійнай этыкі і адно з галоўных правілаў журналістыкі: факты і падзеі падаваць незаангажавана. Удзельнікі імпрэзы абмяркоўвалі шэраг пытанняў, у тым ліку ўздымалі тэму далейшага развіцця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, сучасныя выклікі і пагрозы ў інфармацыйнай сферы. Асабліва востра цягам апошніх гадоў паўстае патрабаванне забеспячэння бяспекі ў інтэрнэце. Абмеркаванне закранала праблемы дзяцей у віртуальным свеце, грамадства ў цэлым. Міністр выказала думку, што ўдзельнікам медыя-прасторы неабходна аб’яднаць высілкі, скажам, у фармаце грамадска-дзяржаўнага партнёрства, каб выправіць сітуацыю. На яе думку, у азначаных праектах журналістам неабходна задзейнічаць правайдараў, уладальнікаў рэсурсаў.

У Дзень друку адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Ліцера”. У аргкамітэт паступіла 258 заяў ад мас-медыя, а таксама ад асобных журналістаў і творчых работнікаў друкаваных СМІ.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"