Парабалічны компас лёсу

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Неапублікаванае пра Сяргея Селіханава
“К” заканчвае расповед пра знакамітага скульптара, народнага мастака Беларусі Сяргея Селіханава.

/i/content/pi/cult/636/14146/13-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у №№ 12 — 13, 15, 17.)

Іншы бок творчасці Селіханава — больш камерны, “выставачны”. Тут і складаныя кампазіцыі накшталт “Рэйкавай вайны”, “Апошняга боя”, “Абаронім дзяцей”, і партрэтныя бюсты, і амаль імпрэсіяністычныя, бліскучыя эцюды з кітайскага цыкла. У лепшых з іх, гэтых своеасаблівых вобразных “формулах характараў”, прыкметнае прыцягненне да абагульненасці, да паглыблена-філасофскага асэнсавання гісторыі чалавечага жыцця. У такіх работах, як партрэты Івана Пракудзіна, Яна Фабрыцыуса, Уладзіміра Лабанка, Уладзіміра Ралько, Янкі Купалы, Якуба Коласа, блізкіх сяброў мастака — Івана Мележа, Алеся Якімовіча, Міхася Калачынскага, Івана Грамовіча, Генадзя Цітовіча, Аляксандра Мазалёва, — аўтар умела злучае строгую канструктыўную логіку і адкрытую імпульсіўнасць успрымання.

Здаецца, што амаль усе партрэты скампанаваныя зусім акадэмічна традыцыйна. Але раптам заўважаем: устойлівая пластычная структура нечакана “парушаецца” і на першы план выходзіць нервовая вастрыня лепкі, падтрыманая жывой, дынамічнай фактурай паверхні. А куфэрачак адчыняўся проста: партрэтны вобраз у такіх рэчах выстройваецца ў двух планах, як, скажам, у партрэтах Героя Савецкага Саюза Аляксея Данукалава, горнага майстра Салігорскага калійнага камбіната Аляксандра Дзялянкі ці кітайскай актрысы Юань Сэ-Фынь. План агульны: асноўныя рысы характару, якія вызначаюць уражанне ад скульптуры ў цэлым, і разам з тым мастак дабіваецца адчування ўласнай непасрэднай сустрэчы з асобай, якая прадстае перад гледачом у момант штодзённага быцця.

Яркі, тэмпераментны, часам рэзкі і запальчывы ў ацэнках работ калег, стрыманы і маўклівы, калі трэба было пахваліць па справе, незалежны ў сваіх поглядах на ўстаноўленыя правілы і нормы жыцця, Селіханаў — з тых мастакоў, якія прыводзяць у поўнае засмучэнне аматараў строгіх схем і бездакорна-дакладнай класіфікацыі. Яшчэ б: хіба лёгка вызначыць шлях мастака, які прайшоў ад “чыстага” сацыялістычнага акадэмізму — да такой “авангарднай” работы, як “Няскораны чалавек”? Мне здаецца, што не трэба вызначаць “лепшыя” і “горшыя” этапы ў яго мастакоўскай біяграфіі, як гэта любяць рабіць некаторыя мастацтвазнаўцы. У кожнага з тых перыядаў — свая гістарычная глеба, свае асаблівасці жыццёвага зместу, свая пластычная форма. Усё іншае падпарадкоўваецца гэтым вызначальным фактарам. Сяргей Селіханаў — сын свайго Часу, але на парозе ўласных 50 гадоў, працуючы над хатынскім праектам, ён імкнуўся, магчыма, стыхійна, вырвацца з рамак таго часу і знайсці сваё сапраўднае месца на старце “найноўшага мастацтва”, якое толькі-толькі нараджалася ў нетрах беларускай выяўленчай культуры.

…У самым пачатку 1970-х мы з Сяргеем Іванавічам (і адзін раз з Леанідам Левіным і Юрыем Градавым) тройчы суправаджалі замежныя дэлегацыі дзеячаў культуры ў Хатынь. Аднойчы з в’етнамскімі скульптарамі і маскоўскім перакладчыкам Дзмітрыем Ляцягіным пабывалі ў гасцях і ў доме Іосіфа Камінскага, які тады жыў у вёсцы Казыры непадалёк ад мемарыяла. Таго самага Камінскага, які стаў прататыпам “Няскоранага чалавека” ў бронзавай кампазіцыі. За “круглым сталом”, сціпла сервіраваным ежай і піццём, мы папрасілі старога прыгадаць усё, што адбылося ў Хатыні тады, 22 сакавіка 1943 года. І вось што расказаў ён нам: “…Калі карнікі кінулі мяне ў свіран памерам 12 на 6 метраў, то там ужо знаходзілася мая сям’я і яшчэ некалькі душ. Праз палову гадзіны свіран быў цалкам запоўнены маімі аднавяскоўцамі — жанчынамі, старымі, маленькімі дзяцьмі. Усе моцна плакалі, крычалі. Было жудасна… Потым дзверы адчыніліся, і карнікі сталі расстрэльваць усіх з кулямётаў і аўтаматаў. Я ж са сваім 15-гадовым сынам Адамам аказаўся прыціснутым ля сцяны, і забітыя людзі падалі проста на мяне. Яшчэ жывыя з дзікім галашэннем у непрытомнасці стукаліся ў драўляныя сцены і знаходзілі сваю пагібель ад куль. Усюды — кроў, кроў, гарачая кроў. Дыхаць не было чым. Усё гарэла, трэскалася, як у сапраўдным пекле. А калі абрушыўся дах, мне цудам удалося выбрацца з-пад абгарэлых трупаў і дапаўзці да дзвярэй. Але адна свалата ў чырвонаармейскай шэрай шынелі, мацюкаючыся па-ўкраінску, як бы зняважліва выпусціла па мне кароткую чаргу з аўтамата. На маё шчасце, толькі адна куля трапіла ў левае плячо. Перасільваючы боль, я прыкінуўся мёртвым. Заплюшчыў вочы, чакаў другой чаргі, аднак яна не адбылася. Адам жа, увесь абгарэлы, нейкім чынам змог выскачыць са свірана і трошкі прабегчы, аднак у яго наўздагон другая свалата выстраліла, і мой сын упаў як падкошаны. Калі карнікі, закончыўшы сваю чорную справу, з’ехалі, я раптам пачуў голас Адама. Падпоўз, ледзь прыпадняў яго і ўбачыў, што крывавая паясніца майго хлопца прашытая кулямі. Ён, паміраючы, толькі і паспеў спытаць, ці жывая маці…”

Пасля такога страшэннага маналогу Селіханаў ціха сказаў мне, каб я ўсё гэта абавязкова запісаў. В’етнамцы моўчкі сядзелі, слухалі і не верылі сваім вушам, што гэта магло здарыцца ў рэчаіснасці, і толькі адзін — мастак Шань — дрыжачымі рукамі імкнуўся ў свой альбом накідаць алоўкам партрэт Камінскага. І — нарысаваў, вельмі падобна. Потым усе мы павольна ўсталі з драўлянай лавы, выпілі па чарцы за ўспамін душы забітых, і на развітанне мы с Сяргеем Іванавічам абяцалі наведаць Іосіфа Іосіфавіча праз нейкі час. Але праз тры-чатыры месяцы даведаліся, што ён памёр і пахаваны ў Лагойску.

Што я магу сказаць у заключэнне сваіх успамінаў пра Сяргея Селіханава? Толькі адно. Дым франтавых дарог, па якіх прайшоў Майстра, — як злучальны шлейф, што перацякае з партала Мінулага ў партал Сённяшняга, — не рассеяўся, не растаяў у трансляцыі яго творчага крэда. Свая прыгажосць і свая чалавечая праўда назаўсёды засталіся і ў маёй памяці, і ва ўсіх лепшых творах мастака…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"