Ён хацеў упрыгожыць Слонім

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

У апошні дзень красавіка трагічна загінуў адзін з таленавітых людзей Слоніма — скульптар Леанід Богдан.

/i/content/pi/cult/636/14141/99-1.jpgУ школе Лёня быў звычайным хлопчыкам, нават трохі сарамлівым. Але калі пачынаў нешта рабіць — майстраваць ці маляваць, — то атрымлівалася лепш за ўсіх вучняў і нават настаўнікаў. Праўда, лёс яго закінуў не ў мастацкае вучылішча, а ў чыгуначны тэхнікум. Не знайшоўшы ў тэхнікуме і на чыгунцы жаданай рамантыкі, ён хутка паступіў у Маскоўскі завочны народны ўніверсітэт мастацтваў на факультэт жывапісу і графікі. Вучоба падабалася, ён з радасцю браўся за гліну і пластылін, з якіх ляпіў выявы знаёмых, сяброў і суседзяў. Пасля ўніверсітэта Леанід назаўсёды свой лёс звязаў з родным Слонімам, які вельмі моцна любіў, і хацеў, каб горад над Шчарай быў самым прыгожым у Беларусі.

У 1970-х — 1980-х Леанід Богдан сур’ёзна захапіўся скульптурай, а потым і гісторыяй роднага краю, біяграфіяй яго знакамітых людзей, стаў цікавіцца матэрыяламі па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. І, вядома ж, ствараць партрэты знакамітых людзей. Першыя яго самастойныя бюсты — партрэты касманаўта Юрыя Гагарына і паэта Валянціна Таўлая. Так, калі працаваў над бюстам Таўлая, шмат прачытаў пра яго літаратуры, вершаў самога паэта. Нават кансультаваўся ў слонімскага пісьменніка Анатоля Іверса (Івана Міско), які некалі сябраваў з Таўлаем. (Дарэчы, зрабіў Богдан у 1987 годзе і выдатны бюст самога паэта Іверса.)

З часам Леанід ваяе выявы сваіх сяброў, а таксама пісьменнікаў, дзеячаў грамадскага руху 1920 — 1930-х гадоў. Ён дорыць іх, зробленыя ў гіпсе, школам, бібліятэкам, музеям. Прызнаюся, Леанід нават зрабіў мой бюст у 1999 годзе. Шчыра сябраваў скульптар з нашым земляком доктарам філалагічных навук, прафесарам Алегам Лойкам, і ягоны бюст быў таксама створаны.

Леанід Богдан быў, як кажуць, майстрам на ўсе рукі. Сотні разоў бываючы ў яго майстэрні, я здзіўляўся апантанасці, майстэрству, фантазіі Лёні — сціплага чалавека, які не кожнаму мог распавесці пра свае творчыя планы, а тым больш паказаць, як ён працуе, шліфуе, перарабляе. З ім трэба было сябраваць доўга і шчыра, бо толькі тады ён мог па-сяброўску распавесці пра свае творчыя задумкі. Там ён стварыў вялікі герб Слоніма, які марыў паставіць у цэнтры горада, і дзясяткі маленькіх яго выяў. Шмат часу ён аддаў працы над помнікам Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Лёня казаў мне, што мяркуе гэты помнік усталяваць у цэнтры Слоніма каля музея замест бюста арла, які там стаіць, бо той арол зусім не пасуе месцу. На спецыяльным пастаменце, распавядаў Леанід, будзе ляжаць сам вялікі Статут, а на ім — адціснутая далонь. Кожны слонімец ці госць горада зможа прыкласці туды сваю, нібыта складзе клятву перад Статутам у любові да сваёй Бацькаўшчыны.

Гэта дзякуючы Леаніду Богдану мы маем у Слоніме мемарыяльную шыльду, прысвечаную заснавальніку Слонімскага краязнаўчага музея Язэпу Стаброўскаму на будынку скарбніцы. Гэта Леанід зрабіў шыльду піянеру-герою Васю Крайняму. І яго заслуга ў тым, што ён стварыў і ўсталяваў на будынку Слонімскага драмтэатра шыльду, прысвечаную Міхалу Казіміру Агінскаму (1730 — 1800) — пачынальніку тэатральнага мастацтва на Слонімшчыне. Усё гэта Леанід Богдан зрабіў бясплатна і падараваў Слоніму.

Нядаўна Леанід паклікаў мяне ў майстэрню і паказаў сваю новую працу, прысвечаную Агінскім. Я ўбачыў вось што: на барэльефе адлюстраваны слонімскі стараста Міхал Казімір Агінскі, які сядзіць за піяніна, а побач стаіць яго пляменнік Міхал Клеафас Агінскі са скрыпкай, аўтар шматлікіх паланэзаў, у тым ліку і “Развітання з Радзімай”. На крышцы інструмента напісаныя словы: “Слонім. Агінскія. Паланэз”. А воддаль, нібы праз вакно, бачны стары Слонім з ягонай архітэктурай XVIII — XIX cтагоддзяў.

На вуліцы Савецкай у Слоніме захаваўся будынак другой паловы XVIII стагоддзя — колішняя аўстэрыя, пабудаваная архітэктарам Боем, якую ён праектаваў пры палацы Міхала Казіміра Агінскага. Некалі свой Слонім Агінскі ператварыў у “сядзібу музаў”, вядомую ва ўсёй Еўропе. Дык вось, Леанід Богдан марыў устанавіць у спецыяльнай арцы на былой аўстэрыі свой бюст Міхала Казіміра Агінскага.

Нядаўна на вуліцы Опернай у Слоніме быў пастаўлены вялікі валун. На ім выбіта слова “Замчышча XI — XVIII стст.” Гэта таксама работа Леаніда Богдана, якая, думаецца, будзе нагадваць слонімцам і вялікі валун. Гэты самы валун слонімцам будзе нагадваць і пра скульптара Леаніда Богдана.

Сяргей ЧЫГРЫН, краязнаўца

Слонім