“Пёс Рыжы”: зноў “пра вайну”?

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Новы фільм пра вайну — так можна сцісла сказаць пра беларускую стужку “Пёс Рыжы”, паказ якой у кінатэатрах запланаваны на восень.

/i/content/pi/cult/636/14140/88-1.jpgАсноўныя здымкі вяліся пад Мінскам, на “Лініі Сталіна”. Адзначу добрую аператарскую работу (Ігар Чарныш) — заснаваную на полістылістыцы, разнастайную паводле прыёмаў. Звярну ўвагу на паэтычны фінал, калі відарыс, поўны сонечных промняў, набывае злёгку рудое адценне. На філасофскія развагі настройвае музыка — найперш, працяглыя акорды струнных (на жаль, у камп’ютарнай, хаця і якаснай версіі), інтанацыйная лінія якіх вядзе да старадаўніх царкоўных песняспеваў. Прадзюсарам кінастужкі і адначасова кампазітарам выступіў Сяргей Ждановіч, вядомы і як эстрадны дзеяч (у тым ліку, аўтар песень, спявак, аранжыроўшчык), і як кіраўнік прадзюсарскага цэнтра “Non-stop-records”. Многія памятаюць леташні айчынны фільм “Мы, браты…”, дзе Ждановіч таксама выступаў прадзюсарам і адным з кампазітараў, а ў камандзе былі некаторыя з удзельнікаў цяперашняй стужкі.

Азначэнне “пра вайну” — частка зместу. Звярнуўшыся да адной з забытых старонак Вялікай Айчыннай — падрыхтоўку сабак-знішчальнікаў танкаў, пастаноўшчыкі ўзнімаюць вечныя тэмы, закранаючы іншыя гістарычныя эпохі: і атмасферу канца 1930-х з іх рэпрэсіямі, пад якімі маглі “маскіравацца” жудасныя праявы помсты ці перавышэння ўлады, і сучаснасць, дзе правядзенне разнастайных “патрыятычных імпрэз”, у тым ліку ў выглядзе шоу, не гарантуе адсутнасці хамства.

Гэта ці не першы айчынны фільм апошніх гадоў, дзе няма “нестыковак” на ўзроўні сюжэта, няма шматслоўя, ненатуральных “афіцыйна-лозунгавых” дыялогаў, затое рэдкія афарызмы ўплецены ў агульнае рэчышча так, што пакідаюць час на іх асэнсаванне. І гэта вельмі важна, бо менавіта сцэнарныя хібы некаторых ранейшых стужак запускалі механізм іншых недакладнасцяў — у характарах герояў, матывах іх паводзін, што і правакавала гледача на канчатковае “Не веру!” У аснове новага фільма — аповесць “Руды салдат”, якая першапачаткова называлася “Пёс Рыжы”. Яе аўтару Віктару Крукаву — расійскаму рэжысёру, журналісту, знанаму тэледзеячу — належыць і сцэнарый.

Першыя кадры, здавалася б, настройваюць нас на традыцыйна “глянцавы” паказ не столькі вайны, колькі, паводле маладзёжнага слэнгу, “вайнушкі”. Літаральна праз некалькі хвілін высвятляецца, што гэта і была ва ўсіх сэнсах “падробка” — дакладней, адна з модных сёння рэканструкцый ваенных падзей, а не адлюстраванне тагачасных рэалій. Вайна паўстае як успаміны аднаго з герояў — і той узгадвае не ўласны ў ёй удзел, а расповеды жанчыны, якая замяніла яму маці. Тая, у сваю чаргу, таксама не была сведкай большасці падзей, даведаўшыся пра іх ад свайго мужа. Удала абраная форма “ўспамінаў пра ўспаміны” не толькі здымае пытанні абавязковай “дакументальнасці” кожнай дробязі (хаця ў фільме і без таго ўсё дастаткова рэалістычна, без скідак на праславутую “кіношнасць”), але і ўзводзіць аповед да ўзроўня калі не легенды, дык падання, прычым менавіта сямейнага. Такі прыём, хочаш ці не, настройвае гледача на пошук уласных сямейных гісторый, на шчырыя, зацікаўленыя размовы з бацькамі, бабулямі-дзядулямі ды іншымі прадстаўнікамі свайго роду. Такая сувязь пакаленняў і ёсць патрыятызм (як тут не ўзгадаць фразу маці з “Трыбунала” Андрэя Макаёнка: “Я цябе радзіла, я табе і радзіма”) — патрыятызм сапраўдны, натуральны, а не плакатна-паказны.

Цэнтральным героем становіцца сабака па мянушцы Рыжы. І гэта пакідае дадатковы спадзеў, што стужка закране сэрцы тых жа падлеткаў. Як ні жудасна ўсведамляць, а забойства чалавека на экране — тэлевізійным, кіношным, камп’ютарным — стала сёння будзённасцю, якой моладзь, здараецца, не надае значэння. Што ж тады казаць пра гібель жывёлы? Але фільм скіраваны не на меладраматычнае “выцісканне слязы”. Ён вымушае, як ні трывіяльна гэта прагучыць, паставіць сябе на месца галоўнага героя — гэтага самага сабакі. Бо Рыжы гіне не “па загадзе”, не паспеўшы ўцяміць, што з ім здарылася, а свядома — дзеля выратавання блізкіх яму людзей, добра разумеючы, чым скончыцца на гэты раз яго натрэніраванае кіданне пад танк.

Фільм пра сабак-удзельнікаў Другой сусветнай не навіна. Школьнікі 1960-х увогуле ўзраслі на польскім серыяле “Чатыры танкісты і сабака”, дзе Шарык, адпаведна законам прыгодніцкага жанру, ледзь не ў кожнай серыі толькі і рабіў, што пакідаў фашыстаў з носам, абводзячы іх вакол пальца. Цяперашняя стужка — іншая. Яна дапамагае быццам нанова зірнуць на многія рэчы: вернасць, абавязак, каханне, рэўнасць, крыўду… У вайну ўсё гэта набывае дадатковы сэнс (як кажа адзін з герояў, “На вайне ўсё не па-чалавечы…”), і кінастужка вучыць, да ўсяго, паразуменню: калі сабака можа нават без слоў усё зразумець і самастойна прыняць рашэнне, дык няўжо не могуць дамовіцца людзі? І вырашыць усё мірна, без войнаў — на палітычным ці сямейным франтах.

Прыкладам паразумення стала праца над фільмам, які можна з поўным правам назваць інтэрнацыянальным беларуска-расійска-ўкраінска-нямецка-амерыканскім праектам нашай кінакампаніі “Nonstop Media”. Рэжысёр Уільям дэ Віталь родам з Львова, цяпер працуе на кінастудыях Канады і ЗША (дзе рабіліся мантаж, гук, колеракарэкцыя). Адзін з акцёраў Яўген Шмарлоўскі — немец расійскага паходжання. Большасць артыстаў — нашы: Таццяна Чардынцава, Руслан Чарнецкі, Аляксандр Ткачонак, Анатоль Голуб, Алег Коц, Андрэй Душачкін, Аляксей Сянчыла, Сяргей Жбанкоў, Алег Гарбуз, Алеся Грыбок, Алег Вебер, Юльяна Міхневіч, Сяргей Юрэвіч, Яўген Іўковіч, Аляксей Кравец, Дзяніс Паршын і іншыя.

Такім жа інтэрнацыянальным стала і прызнанне фільма. Прэм’ера на вялікім экране з поспехам адбылася некалькі месяцаў таму ў расійскім Валгаградзе, дзе ёсць помнік сабакам-падрыўнікам. Трэйлер названы лепшым у жанры драмы на адным з амерыканскіх кінафестываляў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"