Пра “плазму”, трох чалавек і таксістаў

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Дзіцячыя школы мастацтваў вуснамі музыкантаў-педагогаў
Ці ўсё ладна ў навучальных установах, дзе робяць першыя крокі на дарозе да пачатковай музычнай адукацыі тыя, каго, можа, чакае вялікая артыстычная будучыня? З пункту гледжання тых, хто гэтых самых патэнцыйных “рознераў” ды “саладух” гадуе. “К” паспрабавала з дапамогай дзеючых музыкантаў вядомых калектываў, якiя да таго ж яшчэ і выкладчыкамі з’яўляюцца ў згаданых вышэй установах, кінуць на іх два погляды. Сёння гаворым з Андрэем ЯКУБЧЫКАМ, трубачом гуртоў “Крамбамбуля” (іх канцэрт з праграмай "Піраты Камсамольскага возера" адбудзецца 31 мая ў рэстаране-бровары "Друзья", “Jazz-Мяss”, “Superbullz”, “Chiefs Band”, выкладчык музычнага аддзялення Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў (клас трубы), і Ірынай КЛІМЕНКА, клавішніцай гурта “Naka”, выкладчыцай фартэпіяна на класічным аддзяленні Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 18 горада Мінска.

На канструктыве

/i/content/pi/cult/636/14137/7-2.jpgАндрэй ЯКУБЧЫК, трубач гуртоў “Крамбамбуля”, “Jazz-Мяss”, “Superbullz”, “Chiefs Band”, выкладчык музычнага аддзялення Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў (клас трубы):

— Я, можа, скажу жорсткую, спрэчную рэч, але калі на нейкім этапе становіцца зразумела, што дзіцяці далейшая вучоба — у цяжар, што яно пачынае да яе ставіцца абыякава, усяляк ухіляцца ад заняткаў, перастае развівацца, то з такімі дзецьмі ДШМ варта развітвацца, інакш школа будзе марнаваць і час, і сродкі на працяг такога бессэнсоўнага навучання. А тых, хто відавочна не мае музычных здольнасцей, выключаў бы адразу. Як гэта павінна быць рэгламентавана, узаконена — пытанне да адпаведных інстанцый. (Наогул, мне здаецца, занадта шмат мы бяром у музычныя школы дзяцей: трэба спыніць, нарэшце, практыку прыёму ў іх усіх запар.) Нехта ўсміхнецца, маўляў, гэта ж адаб’ецца на заробках педагогаў, бо скароцяцца гадзіны. А не трэба скарачаць! Проста павялічыць час на навучанне відавочна таленавітых. Я сам з хлопцамі, на якіх ускладаю спадзяванні, працую з іншым настроем (хоць ведамі менш перспектыўных не абдзяляю). Ды і, шчыра кажучы, магу для іх знайсці гадзінку-другую.

Калі залазіць у нетры нашай кухні, то нешта трэба прыдумляць з тэарэтычнымі прадметамі (сальфеджыа ды музычная літаратура), шукаць новыя формы ў іх выкладанні. Я гэта кажу, а сам пасмейваюся: а як па-іншаму вучыць людзей грамаце, як ні праз азбуку? Але ж факт, што нават самыя адораныя дзеці без найменшага задавальнення спасцігаюць тэорыю, прапанаваную ім суха, стандартна, шаблонна... Я ў кожным класе ўсталяваў бы хай і невялікую, але “плазму”, па якой можна праглядаць фрагменты выступаў музыкантаў, то бок амаль “ужывую” дзецям вучыцца ў іх. Больш трэба выводзіць вучняў на канцэрты. Ёсць недахоп сучаснай навучальнай літаратуры, асабліва — перакладных заходніх кніг.

Дрэнна, што педагогі вымушаныя падпрацоўваць на баку. Дзеці ж адчуваюць, што іх настаўнікі падчас заняткаў думаюць пра нейкія яшчэ рэчы, не звязаныя з музыкай. І такое адцягненне — хочаш — не хочаш — на навучальны працэс уплывае. Замест таго, каб “працаваць над сабой” у плане павышэння кваліфікацыі, людзі “таксуюць”, наймаюцца ў будаўнікі, гандлююць на рынках кітайскім шырспажывам. У лепшым выпадку — граюць у якіх-небудзь клубах, рэстаранах.

За сем гадоў сваёй педагагічнай дзейнасці я выпусціў шэсць чалавек. Нехта скажа — мала, але ж труба — не самы папулярны, не самы запатрабаваны інструмент у дзіцячых школах мастацтваў. Двое з іх вырашылі працягнуць навучанне ў ССНУ, адзін паступіў. Як да гэтай лічбы ставіцца? Я стаўлюся так: так, усяго адзін, усяго, але затое я за яго спакойны — гэта яго дарога, ён зрабіў слушны выбар. Цяпер з нас, педагогаў, вельмі ўжо жорстка не патрабуюць, каб мы ў год вось столькі менавіта дзяцей падрыхтавалі да паступлення. Гэта і слушна, і не. Слушна таму, што ўсім усё зразумела (і тым, каму падпарадкоўваюцца ДШМ), што ў музыцы сёння застаюцца толькі людзі, закаханыя ў яе. Няслушна таму, што гэта некалькі расхалоджвае выкладчыкаў (нават зацятых), усё-такі лічбы, за якімі стаіць колькасць прынятых вучняў, — гэта і стымул да ўласнага прафесійнага ўдасканалення. Што трэба рабіць для таго, каб паступала больш? Пераконваць і саміх таленавітых падлеткаў, і іх бацькоў вырашыцца на гэты крок. Іншых варыянтаў я не бачу.

Ходзяць чуткі, што ў ДШМ неўзабаве прыйдзе скарачэнне вучэбнай праграмы — зменшыцца колькасць вучэбных гадзін. Вядома, тым самым дзяржава атрымае ў бюджэт лішнія грошы. І, вядома, такая “рэформа” адаб’ецца на якасці выкладання, бо педагогі будуць вымушаныя карэктаваць свае заняткі, чамусьці менш надаваць увагі. Натуральна, што панізіцца зарплата, значыць, “нарэшце” энтузіязм у некаторых з настаўнікаў згасне зусім і яны стануць звальняцца. І нікога не трэба спецыяльна аптымізаваць...

У гэтым кантэксце мне не здаецца фантастычным, што ўжо ў агляднай будучыні ДШМ паступова пачнуць станавіцца прыватнымі. Гэта нармальная сітуацыя для ўсяго цывілізаванага свету, калі разам з дзяржаўнымі ўстановамі культуры ёсць і камерцыйныя. Аднак баюся, што шмат што перавернецца з ног на галаву. Упэўнены, што, адмовіўшыся ад акадэмічнай базы, па жаданні бацькоў-замоўцаў іх дзяцей “прыватнікі” адразу ж будуць навучаць шансону ды r’n’b — таму, што, на думку тат і мам, прынясе іх дзецям рэальныя грошы ў будучыні.

/i/content/pi/cult/636/14137/7-1.jpgІрына КЛІМЕНКА, клавішніца гурта “Naka”, выкладчык фартэпіяна на класічным аддзяленні Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 18 горада Мінска:

— Засмучае тое, што з выпускнікоў такіх устаноў як наша, ідуць працягваць сваю музычную адукацыю ў ССНУ, каледжы ў сярэднім са школы чалавекі, напэўна, тры ў год. Значыць, неабходна перагледзець нешта ў навучанні ў такой велізарнай інстытуцыі, як сетка ДШМ. Ведала б, што менавіта, даўно вылучыла б прапановы. Адказныя інстанцыі думаюць над тым, як вырашыць праблему, але да лепшага пакуль нічога не змяняецца. Можна, вядома, звесці ўсё да таго, што ў дзяцей з’явілася больш “спакусаў”, магчымасцяў рэалізаваць схільнасці так, што іх хобі ў далейшым дакладна стане стартавай пляцоўкай, якая дазволіць ім нябедна існаваць далей. Што прэстыж прафесіі музыканта за апошнія гадоў дзесяць істотна знізіўся — у першую чаргу з-за матэрыяльнага фактару: у гэтай сферы застаюцца працаваць фанатыкі. Усё так. Але калі мы хочам спыніць небяспечную тэндэнцыю, якая вядзе ў канчатковым выніку да дэградацыі беларускага музычнага мастацтва, то меры неабходна прымаць.

Калі казаць канкрэтна пра навучальны працэс, больш трэба надаваць увагі індывідуальнаму падыходу, дазваляць педагогам больш “імправізаваць” са сваімі вучнямі, асабліва калі гэта педагогі-практыкі, якія выступаюць самі. Прасцей, натуральна, з году ў год прытрымлівацца калісьці зацверджанай праграмы. Нейкая непарушная база застацца павінна, але ж у наш час усё так імкліва змяняецца, у тым ліку і музыка. І засвойваць яе асновы, развівацца ў ёй трэба паводле новых тэндэнцый. На жаль, не заўсёды адміністрацыя школ мастацтваў гэта разумее. Дзецям цікава, калі іх вучаць на сучасным матэрыяле, калі выкладчык падыходзіць да заняткаў нефармальна, спрабуе размаўляць, музіцыраваць з імі на iх мове. На жаль, многія з настаўнікаў баяцца выйсці за рамкі канонаў, баючыся, што не будуць падтрыманыя кіраўніцтвам школ.

На мой погляд, ДШМ патрэбна дыферэнцыяцыя ў тым сэнсе, што калі дзіця дасягае дзесяцігадовага ўзросту, становіцца ясна: ці неабходная яму прафесійная адукацыя або хай захапленне застанецца для яго захапленнем. Гэта значыць, відавочна таленавітых дзяцей трэба навучаць неяк па-асабліваму. У нас жа па-ранейшаму ўсе ідуць пад адзін грабянец, таму што сэнс дзейнасці ДШМ складаецца і ў тым, каб рыхтаваць усіх запар дзяцей да паступлення ў сярэднюю профільную ўстанову — на шляху да атрымання вышэйшай музычнай адукацыі.

На пазітыве

Андрэй ЯКУБЧЫК:

— Мне падабаюцца маладыя педагогі, якія прыходзяць да нас, — дасведчаныя, актыўныя, многія — сапраўдныя выдумшчыкі, якія намагаюцца небанальна весці свае ўрокі, пастаянна шукаюць у інтэрнэце тое, што дапаможа ім у выкладанні, “пампуюць” навінкі спецыяльнай літаратуры. Зразумела, што з гадамі яны... супакояцца, але…

З ССНУ ды каледжамі кантакты ў нас наладжаныя. Мы перыядычна прыязджаем туды з вучнямі, якія падаюць надзеі, іх там праслухоўваюць, даюць заданні, кансультуюць настаўнікаў такіх хлопцаў — на што неабходна звярнуць асаблівую ўвагу пры навучанні.

Ірына КЛІМЕНКА:

— Я каля дваццаці гадоў выкладаю ў дзіцячых школах мастацтваў. І што б хто ні казаў, цікавасць дзяцей да навучання музыцы (акрамя ўрокаў у агульнаадукацыйнай школе) ёсць. Скажу больш: няхай усім вядома, як дзеці нярэдка трапляюць у такія ўстановы не па сваім жаданні, а па капрызе бацькоў, зараз нас выбіраюць больш свядома. Падлеткі працягваюць займацца, цалкам аддаючы сабе справаздачу ў тым, што пераважнаму іх ліку прафесія музыканта казачных заробкаў не прынясе, што, магчыма, трэба будзе падпрацоўваць яшчэ недзе. Вось гэта мне ў цяперашніх дзецях падабаецца — гатоўнасць адчуваць цяжкасці, не здраджваючы сваёй мары. (Іншая справа, што жыццё ўносіць свае карэктывы, і планы часцяком застаюцца планамі.)

Напэўна, таму і ўзровень выкладання не “асядае”, хоць, здавалася б, павінен быў: у педагогі таксама ідуць людзі, якія проста не ўяўляюць сябе ў нейкім іншым рамястве. Дзіўна, але гэта так, і праблем з высакаякаснымі кадрамі па большай частцы ў ДШМ не існуе.

Калі казаць пра ланцужок “ДШМ — ССНУ”, то ў выпадку маёй школы ён працуе так, як і павінен. Я найбольш таленавітых сваіх вучняў нацэльваю на паступленне ў такія ўстановы, як бы на сваім прыкладзе даючы зразумець, што так, будзе нялёгка, але можна ж жыць, а не выжываць, займаючыся ўлюбёнай дзейнасцю і выкладчыцкай, і артыстычнай. Прадстаўнікі ССНУ пастаянна курыруюць спецыяльнасці нашых аддзяленняў, раяць педагогам, сочаць за навучэнцамі, “вядуць” іх... Вось толькі прыходзяць да іх паступаць усё тыя ж тры чалавекі...

Пра погляд на сітуацыю з боку музыкантаў  — выкладчыкаў ССНУ — у наступных нумарах “К”.

Фота Андрэя Шумаева са старонкі гурта Superbullz і Яўгена Ерчака, прадастаўленае гераіняй матэрыяла

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"