"Кейс" Хрусталёва

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

З вядомым журналістам і прадзюсарам — пра культуру на тэлеэкране
Існуе стэрэатып: тэлепраграмы пра культуру — не з ліку самых цікавых. Так, яны сацыяльна значныя, але, памятаецца, у колішнім праекце “Страсці па культуры” страсці былі часцяком хіба ў назве. А вось нядзельны выпуск ток-шоу Ягора ХРУСТАЛЁВА “Што адбываецца” на канале “РТР-Беларусь”, прысвечаны скандалу паміж кампазітарам Эдуардам Ханком і выканаўцамі яго песень, выдаўся на дзіва гарачым. Дык мо нешта змянілася і ў самой парадыгме падачы культурнай тэматыкі, спыталася “К” у вядомага тэлежурналіста і прадзюсара на пачатку гэтага інтэрв’ю…

/i/content/pi/cult/636/14134/6-1.jpg— А тут тэма была не пра культуру! У каманды праграмы нарадзіўся ўнутраны жарт па матывах выпуску: “Ток-шоу “Што адбываецца” — адчуйце сябе Андрэем Малахавым!” Урэшце, гэткія жарсці — спецыфіка жанру ток-шоу, які рэйтынгава паспяховы менавіта тады, калі распальваюцца эмоцыі, распавядаюцца рэальныя гісторыі, гучаць абразы, крыкі і ліюцца слёзы. Але ў маленькай краіне, дзе не такая вялікая плынь падзей, складана рабіць выпуск за выпускам у такім рытме — скатваемся да дробязных разборак. Дый мне самому не падабаецца, калі ў студыі праграмы стаіць гоман, а пагатоў чутны абразы. Карацей, выпуск пра канфлікт вакол песень Ханка быў, хутчэй, выключэннем. (Праўда, пасля яго пачуў ад некаторых калег: “Клас! Так рабі і надалей!”)

Зрабіць жа пра ўласна культуру экстрэмальную праграму ў фармаце ток-шоу са згаданым напалам няпроста. З іншага боку, ёсць праекты вельмі насычаныя па думцы (напрыклад, на расійскім тэлеканале “Культура” або ў перадачах Аляксандра Гардона), дзе нават палеміку на культуралагічныя тэмы вядуць вельмі інтэлігентна.

— Ці не падаецца вам, што ў адносінах да беларускіх асобаў свету культуры ў айчыннага гледача існуе пэўная ці то паблажлівасць, ці то абыякавасць? Маўляў, гэта ж нашы… А нават да вельмі адносных зорак заезджых інтарэс нязгасны…

 — Паколькі двойчы на тыдзень выпускаю ў эфір інтэрв’ю з людзьмі вядомымі, разважаю пра гэта шмат і прыходжу да высновы, што сітуацыя ў названых адносінах у Беларусі ўнікальная. У адрозненне ад абсалютна ўсіх іншых постсавецкіх краін (такога няма ні ў Казахстане, ні ў Літве, ні, пагатоў, ва Украіне) мы знаходзімся ў вельмі моцнай інфармацыйнай прасторы Расіі. На гэта ўплывае і выбудова тэлевізійнай палітыкі (скажам, ва Украіне эфір напаўняецца збольшага ўласнымі сіламі, і нават пры набыцці кантэнту няма такога аб’ёму рэтрансляцыі, як у Беларусі), і наша моўная сітуацыя, што не дазваляе стварыць магутную культурную прастору, пазначаную маркерам свайго. А яшчэ і дзіўная ментальнасць, што ў нас склалася, калі няма гонару за ўласную культуру, за дасягненні ў спорце...

— У 1990-х вы вялі ток-шоу “Карамболь” у форме вялікага інтэрв’ю, цяпер яно ж палягае ў аснове праграмы “Простыя пытанні” на канале “РТР-Беларусь”. У сувязі са сказаным вышэй, ці змянілася стаўленне публікі і ваша асабіста да герояў беларускіх і “гасцявых”?

— Так, у часы “Карамболя” мне было вельмі цікава правесці інтэрв’ю з гуртом “Агата Крысці”, і на іх набівалася поўная студыя (мы тады па званках запрашалі гледачоў), як і на “Іванушак international”. А на гутарку, да прыкладу, з дырыжорам Аляксандрам Анісімавым ці кампазітарам, тагачасным кіраўніком Беларускай оперы Сяргеем Картэсам такога ажыятажу не назіралася. І ўсё ж, мяркую, станоўчыя для нашай культуры змены ў свядомасці публікі ёсць. Хаця, не выключаю, тое — маё асабістае стаўленне і ўяўленне, а не агульныя працэсы. Скажам, я стаў з большай павагай і інтарэсам адносіцца да тых, з кім у сілу маладосці, максімалізму свайго тагачаснага мне “ўсё было зразумела”. Апошнія некалькі гадоў шчыльна давялося кантактаваць з Аляксандрам Ціхановічам, і сустрэча за сустрэчай мне стала відавочна, які маштаб ягонай працы для развіцця беларускай папулярнай музыкі, пазнавальнасці нашай культуры ў прынцыпе. А колькі такіх асобаў можна назваць у класічнай музыцы, у балеце, у Купалаўскім ці Горкаўскім тэатры — рэжысёраў і акцёраў?.. Людзі каласальнай адукаванасці і неверагоднага духоўнага багацця. Іншы прыклад: з Ігарам Варашкевічам з гурта “Крама” ці з Алегам Хаменкам з “Палаца” я знаёмы яшчэ з тых часоў, калі круціўся каля іх з мікрафонам яшчэ ў статусе маладога журналіста, што падае надзеі. І вось запісваю з імі інтэрв’ю для “Простых пытанняў”, манцірую і разумею: гэтымі рок-легендамі зроблена каласальная праца — і праца няўдзячная, бо славы ім перапала куды менш, чым яны заслугоўваюць.

Днямі ў інтэрнэце з’явіўся фрагмент архіўнага відэа сярэдзіны 1990-х, дзе ў праграме “Карамболь” я бяру інтэрв’ю ў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Перадачу тую добра памятаю, бо грунтоўна да яе рыхтаваўся хаця б з той прычыны, што ў сваім беларускім маўленні я далёкі ад вяршыняў Барадуліна. Скажам, чытаў напярэдадні вершы Рыгора Іванавіча і ўсё хацеў выцягнуць яго на гаворку пра тое, наколькі слушнае сцвярджэнне, што вершы трэба пісаць да 30 гадоў. І зноў тая ж гісторыя: час праходзіць, і ты разумееш, якога ўзроўню талентам ён быў, не кажучы пра зусім іншую духоўную самавітасць.

Прызнацца, я дагэтуль не магу для сябе зразумець, як людзі таго пакалення (часта — з маленькіх вёсачак) фарміраваліся, дзякуючы чаму аказваліся настолькі рознабакова здольнымі і таленавітымі асобамі. Пасля гутаркі з Героем Савецкага Саюза, касманаўтам Пятром Клімуком я пра тое чарговы раз задумаўся. Бо каб стаць касманаўтам, мала быць здаровым фізічна — трэба разбірацца ў матэматыцы, фізіцы, аэрадынаміцы… Магчыма, справа ў тым, што ў іх дзяцінстве ды юнацтве шмат часу адводзілася на кнігі, адпаведна — на развіццё ўяўлення. Цяпер жа ўсё надзвычай візуалізавана. Інакш кажучы, у тым пакаленні, пра якое гаворым, кожны меў у галаве свайго Д’Артаньяна, а для нас гэта выключна Міхаіл Баярскі.

— Праграмы, дзе вы працавалі ў кадры, пэўным чынам маркіравалі беларускае тэлебачанне ў 1990-я (“Карамболь”), у “нулявыя” (“Выбар”). А што змянілася за гэтыя амаль тры дзесяцігоддзі ў вас, у гледачы, у індустрыі?

 — Мне пашанцавала працаваць (перадусім на канале “АНТ”) у час найбольшага ўсплёску інтарэсу да нацыянальнага тэлебачання, яго росквіту ў Беларусі. Старая фраза з камуністычнага абіходу пра тое, што прэса — не толькі інфарматар, але і арганізатар падзей, вельмі прыдавалася для таго моманту. Каналы сваімі праектамі, экраннымі і пазаэкраннымі, прыцягвалі ўвагу. Зараз сітуацыя змянілася, адбылася сегментацыя, інакш размяркоўваецца аўдыторыя, у тым ліку паміж ТБ і інтэрнэтам. Мой сын робіць свае відэазамалёўкі і набірае праглядаў, прынамсі, не менш, чым некаторыя выкладзеныя ў сеціва тэлепраграмы. Але я прыгадваю і выказванне з кінастужкі “Масква слязам не верыць”, маўляў, усё знікне, кнігі, тэатр, газеты, а застанецца адно тэлебачанне. Нічога не знікла з названага героем карціны, як бачым, наадварот, нешта стала яшчэ больш элітарным, а вось ТБ пад уплывам інтэрнэта ператвараецца ў гэткі “тэатр для бедных”.

— Што сёння больш паказальна для стваральнікаў тэлекантэнту: рэйтынгі ў эфіры ці колькасць праглядаў у інтэрнэце?

— Дык стае цяпер і праектаў, “заточаных” выключна пад інтэрнэт. У жанры інтэрв’ю цікавыя сёння ў постсавецкай прасторы “Дзённік хача” ці блог Юрыя Дудзя. Але гэта — не больш цікавыя інтэрв’ю, чым ва Уладзіміра Познэра. Нават пытанні-цытаты з апошняга ёсць. Толькі замест “Што вы скажаце, калі апынецеся перад богам?”, пытаюць “Што вы скажаце, калі апынецеся перад Пуціным?” Але ўнікальнасць гісторыі ў тым, што ў інтэрнэце Познэра глядзяць менш, бо ён арыентаваны на тэлегледача. А ведаеце, які выпуск маіх “Простых пытанняў” найчасцей глядзелі ў сеціве? Інтэрв’ю з расійскай артысткай Настассяй Самбурской. Шмат праглядаў і ў праграмы з Цінай Караль. Зразумела, што добрыя лічбы вэб-публіка дала і праграмам з Познэрам ці з Уладзімірам Салаўёвым, але не так, як з Паўлам Волем. Усё названае — ілюстрацыя зрэзу аўдыторыі. А вось на мяне асабіста апошнім часам найбольшае ўражанне зрабіла гутарка з філосафам Вячаславам Сцёпіным, але таго ж не скажаш пра вэб-гледача, мяркуючы па праглядах у сеціве.

— Падобныя даныя ўплываюць нейкім чынам на далейшы выбар герояў праграмы?

— Ані! Я вельмі ўдзячны сваім старшым калегам, якія даюць магчымасць (і магчымасць унікальную) двойчы на тыдзень гутарыць з цікавай асобай, задаючы пытанні, якія ў таварыскай кампаніі ніколі не агучыш. Пра каханне, пра смерць, пра будучыню, пра радзіму… У амаль пяцігадовы перыяд маскоўскай працы (офіснай, збольшага) мне гэтага вельмі не хапала. Вось толькі цяпер зразумеў, чаму мне было так блага там! (Смяецца.)

— А ці сфармаваўся ў вашай практыцы інтэрв’юера аўтарскі “кейс” Хрусталёва з пытанняў ці ўласцівых вам прыёмаў?

— Прынамсі, правілы для сябе я склаў. Не сакрэт, што літаральна ўсе, хто мяркуе стаць журналістам, разлічваюць на сітуацыю “я і зорка”, дзе апошняя дапаможа самарэалізавацца, займець імя першаму. Мая ўласная кар’ера пачыналася з падобнага: хлопчык з мікрафонам без глыбокіх пытанняў. А вось пасля вымушанага перапынку ў эфіры стаў яшчэ больш дбайна падыходзіць да прапрацоўкі будучай гутаркі. Эфектыўнасць жа, напэўна, вызначаць лепш спецыялістам: не ўсялякі глядач заўважыць адрозненне паміж простым інтэрв’ю са сфармаваным наборам цікавых пытанняў і вядзеннем гутаркі. Мае 16 хвілін у эфіры — гэта драматургічная гісторыя з уздымамі і спадамі тэмпарытму, якую я спрабую выбудаваць загадзя і кіраваць ёй у працэсе сустрэчы. Але стае і некіраваных сітуацый, калі патрэбна, напрыклад, прыўзняць ці пагасіць эмоцыю. Так было, скажам, з расійскім гумарыстам Генадзем Ветравым, з якім я даўно знаёмы. Меркаваў атрымаць выпуск да 1 красавіка, з жартачкамі, а ў выніку атрымалася сумная гісторыя, праграма са слязьмі на вачах. Рэната Літвінава — “ветэран” броўнаўскага руху: не ўяўляеш, куды гаворка пойдзе праз секунду. Тым больш улічваць такое важна, калі ты маеш хвілін дваццаць, каб набраць матэрыял для 16-хвіліннай праграмы. Гэта не гадзіну гутарыць, а пасля сядзець у мантажнай і выбіраць найлепшае. Ну, а калі апынаешся ў сітуацыі, калі часу на падрыхтоўку няма, вядома ж, ёсць набор цікавых пытанняў, з якіх можна ў любым выпадку выбудаваць цікавае інтэрв’ю. А вось калі на канцэртнай пляцоўцы, дзе ты запісваеш гутарку, апынаецца яшчэ адзін патэнцыйны герой “Простых пытанняў” і мне прапануюць, маўляў, давай і яго “прыхопім”, я адмаўляюся.

Магу распавесці пра адзін з маіх прыёмаў таго, каб зрабіць цікавую гутарку з новай інфармацыяй ад суразмоўцы (дачцэ, якая зараз вучыцца, запісвае першыя інтэрв’ю, таксама пра тое казаў). Стараюся прагаварыць госцю студыі ў сваіх пытаннях раней казанае ім неаднойчы, каб выйсці на пэўны паварот, вымусіць яго прамовіць нешта эксклюзіўнае. Скажам, у расійскага тэлевядучага Уладзіміра Салаўёва я хацеў атрымаць адказ пра тое, што ён як палеміст гатовы займаць у дыскусіі, па сутнасці, любую пазіцыю, і тую, з якой згодны, і адваротную. Задасі такое пытанне адразу — атрымаеш ніякі адказ. Таму і “закідваў” вуды для жаданага ў некалькі падыходаў-пытанняў.

— Вы не задумваліся пра праграму накшталт “Вячэрні Хрусталёў”?

— Дык, па вялікім рахунку, у “Карамболі” яшчэ ў 1990-х я тое і спрабаваў зрабіць, балазе меў магчымасць бачыць актуальныя амерыканскія шоу падобнага фармату. Праўда, у нас на праект працавалі ўсяго тры чалавекі, а не пара соцень, таму, натуральна, не было маналогу ў пачатку, кароткіх гутарак ля мікрафона падчас праграмы, але па форме дзейнічалі прыкладна ў такім рэчышчы. Нават час выхаду — вечар нядзелі — супадаў з заходнімі аналагамі. Прычым пачыналася ўсё ў тыя часы, калі ў тэлепрасторы Беларусі нават не працаваў расійскі канал “НТБ”, то бок уся аўдыторыя размяркоўвалася паміж трыма “кнопкамі” — беларускай і дзвюма маскоўскімі. Каб тады працавала сацыялогія, дык, напэўна, яна засведчыла б: кожны трэці тэлеглядач быў нашым.

— Ці ёсць сэнс рабіць на сучасным тэлебачанні праграмы пра культуру са спробай прааналізаваць працэсы ў ёй? Паколькі асвятленне дадзенай тэматыкі зводзіцца збольшага да інфармацыйных сюжэтаў або інтэрв’ю са знакамітасцямі, складваецца ўражанне, нібыта культура ўсур’ёз — зусім не тэма сучаснага ТБ.

— Не пагаджуся, захады да культурнай аналітыкі — цалкам тэлевізійныя. Доказам, няхай тое не надта заўважна і не асабліва абмяркоўваецца, бо сам падобны кантэнт не для найшырокай аўдыторыі, — матэрыялы на канале “Беларусь 3”. Вылучыў бы дакументальныя праграмы пра тэатр, што робіць Наталля Бібікава, “Дыяблог пра літаратуру” на добрай беларускай мове. Усе яны з’яўляюцца часткай важнага ў маштабах краіны працэсу. Іншая справа, што на прыцягненне ўвагі зазвычай спрацоўвае нейкі скандальны факт. Можна колькі заўгодна гаварыць у профільных праграмах пра высокія матэрыі, але зробіць з цябе персону “ва ўсіх на слыху” і героя інтэрнэта адна гучная заява ў праймтаймавых ток-шоу.

— Ваш прагноз на бліжэйшыя 5 — 10 гадоў адносна адлюстравання культурных падзей на тэлебачанні.

— Будзем спадзявацца найперш на змены ў заканадаўстве, каб тыя каналы, што фарміруюць уласны кантэнт, маглі прэтэндаваць на большыя аб’ёмы рэкламных сродкаў (чытай: на ўкладанні ў сваё развіццё). Пакуль іх у значнай ступені адцягваюць рэтрансляцыі. Калі вытворчасцю культурнага кантэнта зоймецца Белтэлерадыёкампанія, якая атрымлівае значныя бюджэтныя сродкі, ад гэтага будзе плён. Бо ва ўсім свеце культурныя тэлепраекты падтрымліваюцца дзяржавай, а не каналамі, што, як “АНТ” ці “СТВ”, жывуць на заробак ад рэкламы. Яшчэ адну тэндэнцыю добра ілюструе такі прыклад: сусветна вядомы расійскі піяніст Дзяніс Мацуеў, гонар культуры сваёй краіны, уносіць ва ўласныя праекты істотны складнік шоу, каб прасунуць класічную музыку. Нарэшце, мо і збітае слова “патрыятызм”, але ў яго фарміраванні таксама задача тэлебачання. Іншая справа, што гаворку пра яго трэба весці не “ў лоб”, а праз цікавыя праграмы пра айчынныя тэатр, музыку, кіно.

Фота аўтара

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах