У Брэсце — залатыя людзі!

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

17 мая Брэсцкая вобласць першай трымала ў Мінску творчую справаздачу, прысвечаную 65-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Палацы Рэспублікі разгарнулася выстаўка “Край Берасцейскі — наша натхненне, гонар, любоў і краса”, адбыўся канцэрт “Брэстчына — край талентаў і славы”.

 /i/content/pi/cult/162/1413/U-Bresce1.jpg

Творчую справаздачу на сцэне Палаца Рэспублікі адкрывае старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар.

Падзея сабрала паўнюткую залу. Сярод асабліва пачэсных гасцей былі намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец, міністр культуры Уладзімір Матвейчук і міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Пётр Пракаповіч, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Усевалад Янчэўскі, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт, старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Мясніковіч, вядомыя творчыя асобы. Прысутнічалі ў зале таксама начальнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў, загадчыкі аддзелаў культуры рай-, гарвыканкамаў, якія зранку ўдзельнічалі ў нарадзе па актуальных праблемах Міністэрства культуры, а пасля абеду рушылі ў Палац Рэспублікі. Невялічкі экскурсійны агляд выстаўкі зрабіла загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко.
Да прысутных звярнуўся старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін СУМАР:

— Дарагія сябры! Па даручэнні Кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі Брэсцкая вобласць сёння пачынае своеасаблівую справаздачу аб сваёй дзейнасці перад жыхарамі нашай сталіцы. Мы прывезлі сюды лепшыя калектывы і працы майстроў народнай творчасці з усіх рэгіёнаў вобласці. Таму што для нас сённяшні канцэрт — гэта не толькі творчая справаздача, прысвечаная 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: гэта свайго роду прэзентацыя нашай цудоўнай Брэсцкай зямлі, на якой працуюць таленавітыя і адданыя сваёй справе прафесіяналы. З вялікім гонарам мы ўспрынялі словы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі пад час нядаўняга візіту на Брэстчыну, калі ён сказаў: “Тут людзі не адвыклі працаваць. У Брэсце — залатыя людзі”. Мы пастараемся і надалей захаваць гэтую высокую адзнаку, а значыць — будзем працаваць яшчэ лепей.

К.Сумар сцісла акрэсліў дасягненні вобласці ў сферы эканомікі і дабрабыту насельніцтва. Так, Брэстчына займае другое месца ў рэспубліцы па будаўніцтве жылля. За апошнія чатыры гады аб’ём прамысловай вытворчасці ўзрос амаль у 1,7 раза, у бягучым годзе — на 15,5 працэнта. Вядома, былі акцэнтаваны і поспехі ў галіне культуры.

 /i/content/pi/cult/162/1413/U-Bresce2.jpg

На выстаўцы. Злева направа — Уладзімір Русакевіч, Канстанцін Сумар,
Міхаіл Мясніковіч.

— Як і ўсе беларусы, — прадоўжыў Канстанцін Андрэевіч, — мы вельмі даражым сваімі традыцыямі і самабытнай культурай — для нас гэта сапраўднае багацце. Мы надаём пастаянную ўвагу адраджэнню гісторыка-культурнай спадчыны і захаванню яе для нашчадкаў. Мы зберагаем нашу найвялікшую святыню — Брэсцкую крэпасць. Адноўлена і адкрыта для турыстаў вядомая ў Еўропе Камянецкая вежа. Прыведзены ў парадак помнікі баявой славы, гасцінна адкрылі свае дзверы музеі ў гонар нашых славутых землякоў. У павазе да гістарычнага мінулага мы бачым залог нашага паспяховага руху наперад.
Вызначыў К.Сумар і ролю культуры ў грамадстве:

— Сілы для новых добрых спраў нам надаюць, перш за ўсё, наша самабытная культура і духоўнасць, якія маюць вялікую стваральную моц. Бо менавіта маральныя арыенціры назваў Прэзідэнт у Пасланні да беларускага народа асноўнымі прыкметамі здаровага грамадства. Грамадства, імя якому — беларускі народ!
Пра тое, як рыхтавалася справаздача, расказаў пасля канцэрта начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор БЫСЮК:
— Падрыхтоўка пачалася некалькі месяцаў таму, як толькі стаў вядомы графік правядзення абласных справаздач у сталіцы. Асабліва пачэсна, што нашай вобласці было даверана выступіць першай. Нам самім цяжка ацэньваць вынікі, але мы задаволены, што тая ідэя, да якой мы імкнуліся, была рэалізавана. Мы намагаліся паказаць не толькі далёкую гісторыю і старонкі нядаўняга гераічнага мінулага, але і тое, чым жыве сёння наша культура, як развіваецца эканоміка нашага рэгіёна. Таму, акрамя выстаўкі і канцэрта, падрыхтавалі шмат відэаролікаў, якія дэманстраваліся пад час музычных нумароў, дапаўняючы іх не толькі эмацыйным фонам, але і даволі насычанай інфармацыяй.

 /i/content/pi/cult/162/1413/U-Bresce3.jpg

У канцэртнай зале — Уладыка Філарэт.

Рыхтуючы канцэрт, мы яшчэ раз прааналізавалі стан культуры ў рэгіёне, вылучылі лепшыя нумары, якія маглі б упрыгожыць відовішча. У гэтым нам вельмі дапамаглі творчыя справаздачы ўсіх гарадоў і рэгіёнаў, што ладзіліся яшчэ летась. Бо ўсяго на Брэстчыне больш за 4 тысячы творчых калектываў і 8 тысяч народных майстроў і ўмельцаў. Зараз жа мы, акрамя ўсяго, праверылі матэрыяльную базу ўсіх нашых калектываў. Мы ўдзячны за падтрымку гарадскім, раённым выканаўчым камітэтам, бо кожнаму з іх давялося паклапаціцца пра свае калектывы, каб тыя былі больш выйгрышна прадстаўлены на справаздачы.
Новыя сцэнічныя строі, якія атрымалі нашы артысты, шыліся не толькі ў Пінску, але і ў Мінску. Гэта сапраўдныя творы мастацтва, якімі калектывы будуць карыстацца і надалей.

Дзякуючы справаздачы, было замоўлена і новае выставачнае абсталяванне. Хацелася, хаця б фрагментарна, паказаць не толькі вырабы народных майстроў, але і творчасць прафесійных мастакоў. Мне давялося пачуць, што выстаўка атрымалася інтэлігентнай: мабыць, гэта і ёсць лепшае азначэнне. Бо заўсёды цяжка абраць самае істотнае, самае паказальнае, прадэманстраваць разнастайнасць і пры гэтым захаваць агульную канву.

Тое ж і з канцэртам: назбіраць асобныя калектывы з лепшымі нумарамі — гэта не значыць скласці добрую праграму. Для большай цэласнасці і натуральнасці драматургічнага разгорту мы вызначылі некалькі тэм, вакол якіх і фарміравалі агульную кампазіцыю. Вядома, усё гэта рабілася разам з рэжысёрам-пастаноўшчыкам, народным артыстам Беларусі Анатолем Вараб’ёвым. Між іншым, у свой час ён выступаў рэжысёрам Рэспубліканскіх Дажынак у Пружанах. Прыемна, што яго майстэрства цяпер вядома і ў сталіцы. Дадам, што ён жа ўзначальвае і Заслужаны аматарскі калектыў ансамбль танца “Радасць” нашага гарадскога Дома культуры.

Мы імкнуліся зрабіць не звычайны гала-канцэрт, а амаль спектакль. Таму ўключылі ў яго самыя розныя жанры, каб адлюстраваць усю багатую палітру творчых калектываў, якія ў нас ёсць, а таксама фестываляў і святаў, у тым ліку міжнароднага ўзроўню, што праводзяцца на нашай зямлі. Суквецце народных талентаў, якімі б яркімі яны ні былі,— гэта толькі частка агульнай культуры нацыі. Нам вельмі хацелася паказаць і прафесійнае мастацтва, якое сведчыць пра плённае развіццё нацыянальнай выканальніцкай школы. Каб не было гэтага падмурка, наўрад ці з такім гучным розгаласам праходзілі б нашы “Студзеньскія музычныя вечары” — Міжнародны фестываль, які сёлета адзначыў сваё 20-годдзе. Таму ў нашым канцэрце ўзнік блок класічнай музыкі, і мы вельмі рады, што публіка яго горача падтрымала.
Славіцца Брэстчына і сваёй культурай духавога выканальніцтва. Мы, можна сказаць, замацавалі за сабой гэты напрамак. У тых жа Баранавічах рэгулярна ладзяцца фестывалі духавой музыкі. Спачатку яны былі рэгіянальнымі, абласнымі, потым набылі рэспубліканскі статус. Нарэшце, 23 — 25 мая гэтае свята ўпершыню адбудзецца як міжнародны фестываль. Яго “ластаўкай” і стала музычна-харэаграфічная кампазіцыя “Свята з аркестрам”, у якой узялі ўдзел два муніцыпальныя духавыя аркестры — Баранавіцкі і Брэсцкі, а таксама ўзорна-паказальны аркестр пагранічнай службы Беларусі. А ёсць жа ў нас яшчэ адзін гарадскі духавы аркестр — у Пінску. Але прывезці ўсіх, зразумела, немагчыма. Мы і так намагаліся напоўніць канцэрт не столькі асобнымі нумарамі, колькі разгорнутымі кампазіцыямі, дзе калектывы былі прадстаўлены і паасобку, і ў гэткім агульным “аркестрава-харавым” гучанні, аздобленым харэаграфічным відовішчам. 

Фота Юрыя ІВАНОВА