Фільм пра Скарыну

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Новы фільм беларускіх дакументалістаў “Першадрук” вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” выйдзе ў пракат у маі, паведамілі карэспандэнту БелТА на кінастудыі.

Фільм прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Карціна здымалася на тэрыторыі чатырох краін: у Беларусі (Мінск, Полацк, Вілейка), Польшчы (Кракаў), Чэхіі (Прага) і Расіі (Санкт-Пецярбург).

Аўтар сцэнарыя фільма Уладзімір Мароз і рэжысёр Ігар Чышчэня раскрываюць асобу вялікага першадрукара ў кантэксце сучаснасці. Паводле слоў рэжысёра, мэтай стваральнікаў было не проста распавесці біяграфію Скарыны, а спраецыраваць асобу першадрукара на сённяшні дзень, паказаць, што яго ідэі і прынцыпы жывуць у сучаснасці.

Фільм створаны на беларускай мове, плануецца яго пераклад на рускую і англійскую мовы.

Усе абласныя кінавідэапракаты краіны пакажуць новую карціну беларускіх дакументалістаў. Дарэчы, апошні фільм пра Скарыну, прызначаны для кінапракату, быў зняты на студыі “Летапіс” у 1989 годзе.

Далейшая пракатная гісторыя фільма разнастайная: ён будзе прапанаваны да паказу на тэлеканалах Беларусі і за яе межамі, фільм стане ўдзельнікам мерапрыемстваў, прымеркаваных да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, будзе рэкамендаваны ў калекцыі еўрапейскіх бібліятэк. Паказ запланаваны на Дні беларускага пісьменства ў Полацку.