Асцярожна: імпрэза!

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Інтэрнэт-пашукавік выдае безліч спасылак на адукацыйна-папулярныя выданні: “Камп’ютар для чайнікаў”, “Размаўляць з дзіцем. Як?”, “Як выхаваць сябе самому”, “Школа кіравання для жанчын”. Гэтаму шэрагу пасавала б гіпатэтычнае выданне “Асцярожна: работнік культуры, або Як не трэба праводзіць інфармацыйныя мерапрыемствы”. Штосьці мне падказвае, гэты эпахальны твор хутка стаў бы бестсэлерам…

/i/content/pi/cult/635/14125/4-3.jpgПачну з набалелага: толькі вярнулася з “круглага стала” ў адной з вядучых устаноў культуры краіны. У прэс-рэлізе было пазначана: працягласць падзеі — дзве гадзіны. Колькасць заяўленых спікераў выклікала асцярогу, але я шчыра верыла ў арганізатараў. Дык вось, апошняе слова падчас пасяджэння было прамоўлена праз тры з чвэрцю гадзіны ад яго пачатку… Хтосьці зараз усміхнецца, маўляў, вось праблема: пасядзець-паслухаць крыху (ці ўдвая) больш за чаканае. Аднак многія з прысутных загадзя планавалі свой працоўны графік, і калі мерапрыемства з канкрэтна абмежаванымі рамкамі выйшла з берагоў, адразу пасунуліся астатнія, не менш важныя імпрэзы. Асабіста мне давялося хапаць тэлефон і перадамаўляцца на інтэрв’ю і сустрэчы, якія я рыхтавала не адзін дзень. Дык добра, што мае суразмоўцы ўвайшлі ў становішча, а што рабіць, калі з-за “мы крыху перабіраем, але нічога страшнага!” ты проста не паспяваеш на іншую важную падзею? Як любяць паўтараць ментары надзвычай папулярных псіхалагічных трэнінгаў, час — гэта на сёння самы дарагі рэсурс. Дык чаму вам падаецца, што каштоўны рэсурс павінен быць выдаткаваны толькі на вашу, няхай і актуальную ды каштоўную, імпрэзу?

Мо таму я ўсё часцей сутыкаюся з сітуацыяй, калі на брыфінгах, “круглых сталах”, прэс-канферэнцыях прамоўцы адразу пасля выступлення… збягаюць. Канешне, агучыўшы зручную прычыну пра тое, што іх чакаюць у іншым месцы. Так, іх штодзённік трашчыць ад абавязковых сустрэч, аднак астатнія — не менш занятыя і прафесійныя людзі — прыйшлі паслухаць менавіта яго меркаванні па заяўленых праблемах. Ці не падаецца вам такое развіццё падзей нядобрасумленным у адносінах да ўдзельнікаў? Мяркую, напружанне ў дадзенай сітуацыі змаглі б зняць арганізатары, якія паабяцалі б дакладна захаваць часавыя рамкі. На жаль, мадэратары культурных падзей зараз хутчэй з’яўляюцца слухачамі, чым кіроўцамі размоўнай плыні.

З гадзіннікам не сябруюць і самі выступоўцы. Папярэдне абвешчаныя “дзесяць хвілін на прамову” растаюць у паветры, а зала пад манатоннае шамаценне з трыбуны паступова губляе сэнсавую нітку. Сутыкалася я і з такім варыянтам выканання патрабаванняў арганізатара: спецыяліст сумленна распавядае тыя дзесяць хвілін, потым дэманструе працяглы відэаролік, а пасля яшчэ хвілін дзесяць тлумачыць тое, што круцілася на экране. І такое трайное перавышэнне тэрміну ўжо ў першага, а за ім у чарзе да мікрафона стаяць не менш падрыхтаваныя калегі…

Разумею, кожнаму прадстаўніку сферы культуры баліць за сваю справу, душа рвецца як мага больш паведаміць пра любімую ўстанову, абараніць у спаборніцтве родны горад. Дык паспрабуйце зрабіць тое сапраўды эфектыўна! Калі вельмі хочацца абвесціць шэраг лічбаў ці паўтарыць шырока вядомыя факты пра вашу дзейнасць, лепш змясціце іх у той самай медыяпрэзентацыі. І не мусіце іх зачытваць: паверце, чалавечае вока ў любым выпадку зачэпіцца за абраныя радкі (канешне, у тым выпадку, калі вы не выведзеце на экран дробны тэкст — бы газетную перадавіцу), а ў вас вызваліцца некалькі хвілін для больш важных выказванняў. У нашых людзях моцна засела прымаўка “паўтарэнне — маці вучэння”, аднак з прэзентацыяй гэтая формула не спрацоўвае: неаднаразова паўтораная вядомая інфармацыя ператвараецца ў так званы белы шум, таму вашы насамрэч сур’ёзна прадуманыя словы не пакідаюць слядоў у сэрцах слухачоў.

Яшчэ адна прымаўка, якая ўсплывае ў памяці на кожнай другой прэс-канферэнцыі: лепш больш, чым менш. І хочацца крыкнуць арганізатарам: няпраўда! Іншы яе варыянт: клікаць да мікрафона больш спікераў, чым журналістаў у зале? Ці трэба, узнікае пытанне, абвясціўшы канкрэтную тэму размовы, прасіць выступоўцаў расказаць “на ўсялякі выпадак” усю гісторыю творчага калектыву ад часоў цара Гароха? Асабліва тое “радуе”, калі ты рэгулярна прыходзіш у абраную ўстанову культуры з розных нагод і стала слухаеш тую ж прыпавесць…

Самае смешнае, што Амерыка даўно адкрыта: існуе безліч самавучыцеляў, відэакурсаў і інтэрнэт-трэнінгаў, як скласці эфектыўную прэзентацыю, правесці паспяховую прэс-канферэнцыю, выдатна выступіць перад аўдыторыяй. Праўда, там няма асобнай спасылкі на нашу сферу, ды правілы нескладана самастойна перавесці на культурныя рэйкі. Мо насамрэч мне напісаць тую кнігу?..