Бясплатныя дні і музейны аўтсорс

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Рэальныя грошы і “ўнутраныя рэсурсы” скарбніц
На гэтым тыдні ў музеі “Замкавы комплекс “Мір” збіралася Рэспубліканская рада дырэктараў музеяў. Гэтым разам на пасяджэнні абмяркоўваліся задачы рады на 2017 — 2019 гады, супрацоўніцтва музея і школы, перспектывы інтэграцыі беларускіх музеяў у сусветную культурную прастору. Ад Міністэрства культуры ў рабоце рады бралі ўдзел, у прыватнасці, намеснік міністра Васіль Чэрнік, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці міністэрства Наталля Задзяркоўская.

Некаторыя сталічныя музеі былі прадстаўлены на пасяджэнні не дырэктарамі, а іх намеснікамі. Кіраўнікі ж знаходзіліся ў замежных камандзіроўках па наладжванні сувязяў, распрацоўцы сумесных праектаў і абмене выставамі. Згадвалася, што летась нашы музейшчыкі прымалі латышскіх калег, і госці былі ў захапленні ад беларускіх устаноў. Вынікае, што і ад свету мы не адмежаваныя, і збольшага адпавядаем сусветным стандартам музейнай справы. Прынамсі, тое слушна, калі гаворка ідзе пра скарбніцы рэспубліканскага і абласнога падпарадкавання.

Дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Клімаў звярнуў увагу на тую акалічнасць, што паспяховымі з’яўляюцца тыя музеі, што здолелі знайсці сваё месца ў турыстычнай індустрыі, якія стаяць на “праезных” трасах. Калі ж музей не прыносіць прыбытку, дык гэта мінус для дзяржаўнага бюджэту. І каб такога не здаралася, варта ўдасканаліць нарматыўную базу. Надышоў час зразумець, што музей ужо не толькі асветніцкая ўстанова, як было за савецкім часам, але і аб’ект гаспадарання.

Да прыкладу, сёння і Мір, і Нясвіж разлічаны на турызм аднаго дня. Экскурсія займае недзе дзве гадзіны, а далей госцю няма чаго рабіць, і ён з’язджае. Каб у тым жа Нясвіжы ён затрымаўся на большы тэрмін, патрэбны яшчэ нейкія цікавыя для вандроўніка аб’екты. Зараз ёсць інвестар, гатовы ўкласці грошы ў адбудову тамтэйшага калегіума езуітаў. Але ён хацеў бы потым мець права ў кіраванні гэтым аб’ектам. Дзяржкаммаёмасць згоды на апошняе не дае. Між тым зрабіць Нясвіж сапраўдным турыстычным цэнтрам, бадай, можна толькі праз дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва.

Музей-запаведнік, кажа Клімаў, гатовы інтэгравацца з іншымі культурнымі аб’ектамі, утварыць кластар, куды ўваходзіла б некалькі музеяў. Такім чынам можна было б пераразмеркаваць функцыі і перадаваць турыста, што называецца, з рук на рукі. Гэта трэба не толькі для таго, каб зарабіць больш грошай, але і каб зменшыць нагрузку на палацавы комплекс. Чыста фізічную: 400 тысяч турыстаў у год — ужо небяспечная лічба. Калі больш, дык узнікае рэальная пагроза будынку. Урэшце, як грошы для краіны будуць зарабляць толькі Нясвіж і Мір, дык гэтых перлін архітэктуры надоўга не хопіць…

Калі ж кіраўніцтву аднаго з музеяў непадалёк ад палаца была прапанавана інтэграцыя з запаведнікам, што гарантавала, відаць, і лепшыя заробкі супрацоўнікам, і ўдзел у маштабных праектах, яно адмовілася абмяркоўваць такую перспектыву. Вырашыла, што лепш захаваць бягучы стан. Логіка, як для мяне, не зусім зразумелая…

На думку спадара Клімава, мела б сэнс перадаць у музеі-запаведніку гаспадарчыя функцыі кіруючай кампаніі. Бо за гаспадарчымі справамі супрацоўнікам музея, бывае, няма калі займацца непасрэднай працай, навуковай дзейнасцю. Сёння, па словах дырэктара, ён мусіць трымаць “цэлы калгас”, каб забяспечваць палац.

Напрыклад, снег на тэрыторыі музея-запаведніка камунальныя службы прыбяруць не раней, чым ачысцяць навакольныя дарогі. А як музею ў гэты час прымаць экскурсіі? Вось і даводзіцца трымаць уласную камунальную службу.

Сур’ёзнай праблемай спадар Клімаў назваў і фарміраванне фондаў. Як і дзе прыдбаць унікальныя артэфакты? Праз адсутнасць узгодненасці ў дзейнасці шэрагу структур мы часта не маем магчымасці набыць каштоўнасці адносна танна на аўкцыёнах і потым пераплачваем, купляючы іх жа ў перакупшчыка. Быў выпадак, кажа Клімаў, калі адсачылі выстаўлены на аўкцыён пояс слуцкага тыпу. Пачатковая цана — 200 долараў. У нашага прадстаўніка на аўкцыёне было толькі паўтары тысячы. Пояс жа быў пайшоў за дзве. І тут уладальнік прапанаваў нам яго наўпрост за… сорак тысяч долараў.

Многа казалі на радзе пра перакос з бясплатным наведваннем музеяў. Незаробленыя праз гэта грошы вымяраюцца астранамічнымі сумамі. 54 % наведвальнікаў Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — бясплатныя. Каб неяк перакрыць страты, даводзіцца падвышаць кошт білета для тых, хто льгот не мае. І цана наведвання музея становіцца ўжо не надта “дэмакратычнай”. Музейшчыкам тлумачаць, што льготы пэўным катэгорыям наведвальнікаў абгрунтаваныя патрэбамі патрыятычнага выхавання. А яшчэ турыстычныя фірмы імкнуцца накіроўваць сваю кліентуру ў музеі ў дні бясплатнага наведвання… Але пры гэтым ад музея патрабуюць выканання фінансавага плана. За кошт “унутраных рэсурсаў”. Але адкуль у бюджэтнай установы, дзе кожны рубель на ўліку, пад пільным кантролем адпаведных структур, “унутраныя рэсурсы”?

Ёсць праблемы ў стасунках музея і школы. Сёння адзін з крытэрыяў, паводле якіх вызначаецца рэйтынг школ, — наведанне вучнямі музеяў. Але, нагадаю, музеям ад школьнікаў ніякага прыбытку, а клопату шмат. Вось і хацелі б музейшчыкі неяк дамовіцца з Міністэрствам адукацыі, каб патрыятычнае і эстэтычнае выхаванне юнакоў і дзяўчат не клалася дадатковым цяжарам на тых, хто і так не займае першых радкоў у дзяржаўнай бюджэтнай ведамасці.

Як слушна заўважыў дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Шляхцін, каб зарабляць грошы, не дастаткова стацыянарнай экспазіцыі, нават вельмі ўдалай. Бо рана ці позна ўсе, каму яна цікавая, яе пабачаць, а другі раз не пойдуць. Ужо сёння Музею гісторыі Вялікай Айчыннай, на думку Шляхціна, варта асноўную экспазіцыю абнавіць. І патрэбны зменныя выставы, мабільныя экспазіцыі, якія можна вазіць па краіне, прычым — якасныя, каб дбаць пра прэстыж дзяржавы і згаданае вышэй выхаванне патрыятызму. Але для гэтага трэба, каб на месцах, у рэгіёнах існавалі выставачныя пляцоўкі з адпаведным тэмпературна-вільготным рэжымам, з належнай аховай. Няхай сваю ўласную выставу мы неяк можам прыстасаваць і да не самых спрыяльных умоў. А замежную?

І яшчэ. Згадаю выступленне Таццяны Бембель, старшыні Беларускага аддзялення Міжнароднага савета музеяў ІКОМ. Па яе словах, мы, наракаючы на адсутнасць трывалых сувязяў з калегамі ў замежжы, патрэбнай нам інфармацыі, магчымасцей удасканальвацца ў прафесійным плане, пры гэтым лянуемся выкарыстоўваць магчымасці, які маем праз членства нашай краіны ў ІКОМ. Маўляў, хопіць скардзіцца на лёс, трэбам пачынаць жыць. Гэта, дарэчы, і да тэмы ўнутраных рэсурсаў…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"