Талент вучыць. І будучыня

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў у сталічнай галерэі “Універсітэт культуры” ладзілі “круглы стол” па тэме “Мастацкая адукацыя ў Беларусі: дасягненні, праблемы, перспектывы”. У гэтым сумоўі бралі ўдзел прадстаўнікі творчых саюзаў, грамадскіх арганізацый, выкладчыкі вышэйшай школы, сярэдняга звяна адукацыі, пазашкольнага мастацкага выхавання. Гаварылі ж пра набалелае.

Пачалася дыскусія пытаннем: “Што рабіць мастаку, працы якога не купляюць?“ А значыць, ці мае сэнс настройваць дзяцей і падлеткаў на прафесію, грамадская запатрабаванасць у якой (а разам з ёю і будучая ўладкаванасць такога прафесіянала ў жыцці) падаецца вельмі спрэчнай?

Такая пастаноўка пытання падалася некаторым некарэктнай. У якасці контраргумента згадалі поспехі выхаванцаў дзіцячых мастацкіх школ і цэнтраў дзіцячай творчасці ў міжнародных конкурсах. Акрамя таго, было адзначана, што зусім не абавязкова кожны, хто вучыцца маляваць, стане мастаком, але вопыт далучэння да мастацтва ў любым выпадку будзе плённым. Спрачацца з гэтым насамрэч цяжка. А відавочна, што практычная каштоўнасць мастацкай адукацыі ў вачах сённяшняй моладзі ўжо не такая высокая, як была за савецкім часам. Ды і прынцыпы навучання істотна змяніліся. Мала дзе ў Еўропе, якая для многіх аматараў мастацтва што тая “зямля абяцаная”, так якасна вучаць будучых жывапісцаў, графікаў, скульптараў, як у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Нашы мастакі-носьбіты класічнай традыцыі шмат дзе ў свеце запатрабаваныя. Але нікуды не падзенешся ад таго факта, што будучыня за новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі і эстэтыкай, якая з іх вынікае. Сённяшняя моладзь думае, піша і малюе з дапамогай камп’ютара. Зрэшты, спрацоўвае чысты прагматызм. Ва ўсіх музеях свету ёсць праблема захавання фондаў, а велізарны абшар сучаснага віртуальнага мастацтва можа змясціцца на маленькай флэшцы. І гэта адна з прычын папулярнасці новых тэхналогій мастацтва, дзе забыты аловак і папера, пэндзаль і палатно. А, дарэчы, абсталяваць у дзіцячай студыі (ды і ў вышэйшай навучальнай установе) камп’ютарны клас значна цяжэй, чым клас малюнка. Дык, можа, наша эмацыйная прывязка да традыцыйных форм мастацтва абумоўлена тэхналагічным адставаннем? Асабіста я не маю адказу на гэтае пытанне…

На думку Армэна Сардарава, які прадстаўляў на сумоўі архітэктурны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, трыяда рэлігіі, культуры і мастацтва, якая была духоўным грунтам традыцыйнага грамадства, сёння не спрацоўвае. І самае слабае звяно ў ёй — менавіта мастацтва. Бо паміж мастацтвам і жыццём утварыўся прагал. Мастацтва, якое сёння пануе, зводзіць ад жыцця. І каб вярнуць мастацкай творчасці годны статус, яе трэба да жыцця разгарнуць. Гэта прынцыповая тэза, а праблемы мастацкай адукацыі з яе вынікаюць.

Сур’ёзныя спрэчкі справакавала тэма Балонскага працэсу ў нашай адукацыйнай практыцы. Найперш было катэгарычна заяўлена, што гэты працэс не што іншае, як пагроза нашай, зусім не самай кепскай у свеце, адукацыі; што адмоўныя наступствы ягонага ўкаранення ў нашу рэчаіснасць ужо выразна адчуваюцца. З гэтым рашуча не пагадзіўся Уладзімір Голубеў (кафедра дызайну Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта). На ягоную думку, у нас Балонскі працэс яшчэ і не пачынаўся. Бо наша грамада яшчэ не гатовая да ўспрымання прынцыпаў Балонскага працэсу. Першы з іх — аўтаномія навучальнай установы. Рэктара і іншых кіраўнікоў тут не прызначаюць, а выбіраюць галасаваннем. Дзе такое ў Беларусі? А ў навучальным працэсе за таго ці іншага выкладчыка студэнты галасуюць, так бы мовіць, рублём. Студэнт хоча за свае грошы патрэбныя ў жыцці і будучай прафесіі веды. Калі выкладчык не збірае аўдыторыі, калі студэнты ігнаруюць ягоныя лекцыі, універсітэт з ім развітаецца. Другое — непадобны да нашага прынцып фінансавання. Нідзе ў свеце дзяржава не можа, ды і не павінна, трымаць на сабе ўсю сістэму адукацыі. Тут патрэбны прыватны спонсар. А ён будзе ўкладаць грошы толькі ў праграмы, якія сам лічыць перспектыўнымі. І апошняе. Балонскі працэс прадугледжвае мабільнасць студэнтаў. Недзе трэцяя частка ўдзельнікаў гэтых праграм увесь час перасоўваецца з горада ў горад, з краіны ў краіну.

Спадару Голубеву запярэчылі, што шэраг славутых універсітэтаў да Балонскага працэсу не далучыліся. Бо шануюць свой імідж і аўтарытэт, сваю вагу, значнасць і ўнікальнасць. Тым часам як балонскія прынцыпы прадугледжваюць усярэдненасць і стандартызацыю ва ўсім — у арганізацыі, форме падачы ведаў і засваенні іх. Мне ў гэтай сувязі прыпомніўся адзін з асноўных прынцыпаў праектавання ў дызайне: не вер праектнай задачы, сфарміраванай у невядомых табе ўмовах.

Аксана Коўрык (кафедра мастацка-педагагічнай адукацыі педагагічнага ўніверсітэта) мяркуе, што не варта падмяняць адукацыю як працэс і сістэму прадастаўленнем адукацыйных паслуг. Універсітэт — не крама. Да таго ж спадарыня Аксана лічыць, што калі выкладчык скардзіцца на тое, што ў яго нематываваныя студэнты, дык паўстае пытанне, ці дастаткова матываваны ў сваёй прафесіі і рабоце ён сам? З яе асабістага досведу вынікае, што ў дзіцячай свядомасці зыходна прысутнічае прага творчасці. Многія захоўваюць гэтую якасць усё жыццё. І калі студэнт мастацкай ВНУ губляе матывацыю да творчай працы, да самараскрыцця, дык што ж такое зрабіў з ім выкладчык?

Ці можаце вы ўявіць, што ў харэаграфічным вучылішчы ці ў кансерваторыі педагог даў вучням заданне, а сам паехаў па сваіх справах? Гэта немагчыма, бо тут навучальны працэс прадугледжвае прысутнасць на занятках выкладчыка, заўжды гатовага дапамагчы. А ці мала мастакоў, задзейнічаных у сістэме мастацкай адукацыі, лічаць, што гэта справа ніжэй іх годнасці і пры кожным зручным выпадку збягаюць з класа ў сваю майстэрню, пакідаючы вучняў самім сабе?

Зрэшты, так яно і ёсць. Незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці тых ці іншых тэхналогій, фінансавых сродкаў і іншых неабходных у навучальным працэсе рэчаў, усё ўпіраецца ў настаўніка, які мае ці не мае неабходны для гэтай прафесіі талент. Талент вучыць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"