Не толькі конкурс сувеніраў

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Фестывальны бум распачнецца на Беларусі ўжо ў другой палове мая. На прэс-канферэнцыі, што адбылася ў Доме прэсы, намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік зазначыў, што “першай ластаўкай” стане міжнародны фестываль духавой музыкі “Беларускія фанфары” ў Баранавічах. А ўсяго за 2017-ы адбудзецца 18 фэстаў міжнароднага і рэспубліканскага значэння. А ёсць яшчэ мерапрыемствы рэгіянальныя — святы, конкурсы, кірмашы, — што ладзяцца не толькі ў сталіцы, абласных цэнтрах ды буйных гарадах, але і ў мястэчках і нават вясковых паселішчах. Так што толькі пальцы загінаць паспявай.

Згаданая прэс-канферэнцыя, на мой погляд, мела канстатацыйны, рэкламны характар. Начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Задзяркоўская, начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Галіна Баркевіч, дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук, дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская і дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Дземянчук анансавалі найбольш значныя мерапрыемствы бягучага года, заклікалі прысутных журналістаў быць актыўнымі інфармацыйнымі партнёрамі ў справе прасоўвання шматлікіх разнажанравых акцый, многія з якіх паспелі стаць брэндавымі.

Я шмат гадоў пінжак нашу…

Аднак хочацца хоць мінімальнага аналізу. Урэшце, мы ж не носім усё жыццё адзін і той жа пінжак. Яго час ад часу варта пераніцоўваць ці ўвогуле новы купляць. А нашым брэндавым фэстам у сярэднім — гадоў па дваццаць. Тут хочаш- не хочаш, а трэба штосьці мяняць. У чым жа сутнасць пераніцоўкі? На гэтае пытанне паспрабавалі адказаць прысутныя на канферэнцыі журналісты. Маўляў, турыст стаміўся выстойваць у даўжэзных чэргах пад спякотным сонейкам на, скажам, “Мотальскіх прысмаках”. Яму, апрача якаснага кірмашовага відовішча, падавай яшчэ і больш-менш прыстойны гатэль ды трохразовае прыстойнае харчаванне ў не надта дарагіх кавярнях, сталоўках ды рэстаранчыках.

Другі бок фестывальнага медаля — рэжысура. Нашым сённяшнім буйным мерапрыемствам не стае маркетынгавага падыходу. У тым ліку і ў вызначэнні мэтавай аўдыторыі. Для каго робіцца фэст? Для госця-ўдзельніка, для выпадковага ці планавага турыста, для мясцовага жыхара? Для ўсіх! А дзеля гэтага, як падаецца, патрэбныя агульныя намаганні работнікаў культуры, турыстычных агенцтваў ды мясцовых уладаў…

Згаданыя 18 фэстаў фінансуюцца, па словах Васіля Чэрніка, у тым ліку і Міністэрствам культуры. Нягледзячы на мае агучаныя шматлікія прэтэнзіі, я здымаю шляпу перад тымі, хто ладзіць “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, “Браслаўскія зарніцы”, “Залатую пчолку” ў Клімавічах, “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, “Вішнёвы фэст” у Глыбокім… Я неаднаразова прысутнічаў на большасці з іх і цудоўна ведаю, як цяжка дагадзіць усім. І, урэшце, не памыляецца той, хто не працуе. Карціць толькі паўтарыць у чарговы раз: каб звесці памылкі да мінімуму, патрэбны пастаянны крытычны аналіз таго, што робіцца на фестывальнай сцэне рэспублікі. Каб пазбавіцца ад паўтораў і пазбегнуць стандартных хадоў, каб турыст пабываў на фэсце ў адным мястэчку, потым — на другім і трэцім у іншых і не зблытаў іх, а надоўга захаваў у памяці кожную з трох падзей. Вось на такі аналіз — хранічны брак.

Карта падзей

Тэма ідэальнага фестывалю — бясконцая. Прынамсі, для “К”. Асабіста для мяне ідэальны той, па выніках якога ў рэдакцыю прыйдуць шматлікія ўдзячныя лісты не толькі ад гасцей-удзельнікаў, якіх арганізатары кормяць, возяць ды забяспечваюць жыллём, але і ад мясцовых жыхароў, ад гасцей незапланаваных ды стыхійных. Лістоў ад першых — хапае, ад другіх і трэціх — пакуль няма.

Мы ў рэдакцыі не першы год хочам выдаць, так бы мовіць, усебеларускі фестывальны даведнік. Ды ўсё не атрымліваецца. То колькасць фэстаў змяняецца, то інфармацыі па адпаведнай інфраструктуры не стае. А хацелася б не толькі графік мерапрыемстваў змясціць, але і адлюстраваць наяўнасць сувенірных крамаў, гісторыка-архітэктурных цікавостак, гатовых на ўсё тураператараў, прадстаўнікоў гатэльнага ды рэстараннага бізнесаў, каб карта падзей была максімальна прыдатнай для гнуткага развіцця стратэгіі і тактыкі турыстычнага руху. Пакуль не атрымліваецца. Час ідзе, а спадзяванні застаюцца.

Намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік паведаміў падчас прэс-канферэнцыі, што сёлета ўдалося зрабіць, падавалася б, невывканальнае: “развесці” фестывалі так, каб не было накладак па часе іх наладжвання. Пра гатовы графік фестываляў я ўжо казаў. А ёсць ужо і план-графік правядзення міжнародных, рэспубліканскіх, абласных аглядаў-конкурсаў аматарскіх калектываў мастацкай творчасці на 2017 — 2018 гады. Неўзабаве гэтыя дакументы з’явяцца, па словах Васілія Чэрніка, на сайце Міністэрства культуры. Складанне карты фестывальных падзей (прынамсі, першай яе часткі) становіцца рэальнасцю.

Напрыканцы зазначу і новыя ідэі, якія сёлета будуць рэалізаванымі. Як кажа Святлана Каржук, на ліпень запланаваны абласны конкурс сувеніраў “Берасцейскі падарунак”. Тут прадугледжаны намінацыі па адлюстраванні гісторыка-культурнай спадчыны, прыгажосці наваколля, традыцый нацыянальнай культуры, старадаўніх тэхналогій. Такі конкурс праз час павінен стаць рэспубліканскім! Важнай падаецца і задумка наладзіць у верасні фестываль творчасці людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі Саюзнай дзяржавы. Абласны цэнтр для правядзення фэсту яшчэ вызначаецца.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"