Верагоднасць рэальнасці?

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Я разумею, што выстава пад шматзначнай назвай “Вобраз рэальнасці” (сталічная галерэя “Універсітэт культуры”) — гэта аўтарскія пачуцці, развагі, стаўленне да сваіх сучаснікаў, да тых месцаў, дзе мастакі нарадзіліся і выраслі, да таго, што іх акружае ў побыце…

/i/content/pi/cult/635/14117/8-1.jpgКанешне, зараз існуюць шматлікія кірункі і формы станковага жывапісу, але ж удзельнікі экспазіцыі, выбралі ў творчасці свой, так бы мовіць, спрадвечна рэалістычны кірунак, таму што лічаць: рэалістычнае мастацтва — гэта інтэрпрэтацыя, адлюстраваная ў мастацкіх вобразах нашага мінулага і дня сённяшняга. На іх думку, дзякуючы такому мастацтву глядач можа не толькі любавацца каларыстычным, пластычным строем твора, але і перанесціся ў час мінулы з яго героямі і ўзірацца ў сучаснасць, у тыя блізкія, знаёмыя сэрцу родныя вобразы. Ды як яшчэ можна напісаць блізкага, дарагога табе чалавека, маці ці каханую, выказаць свае думкі, развагі на пэўную тэму больш выразна, больш праўдападобна, як не рэалістычнымі сродкамі? Усё так, але, па вялікім рахунку,  ёсць і пытанні.

Праблема “сучаснага рэалізму” сёння стаіць больш востра, чым, скажам, пару дзясяткаў гадоў таму. Бо, пагадзіцеся, новы час патрабуе і новых вобразна-выразных форм адлюстравання. Так было на працягу ўсёй гісторыі сусветнага мастацтва, дзе кожная эпоха нараджала “сваю” выяўленчую філасофію і эстэтыку. Дык вось, сёння, на маю суб’ектыўную думку, ужо недастаткова маляваць толькі з натуры (“што бачу — тое і пішу”), ператвараць натурныя эцюды ў майстэрні ў “паўнаважную” фігуратыўную карціну.

Скажам, каб зрабіць краявід, ужо мала быць прафесійным мастаком, бо якасная фатаграфія можа замяніць (і замяняе!) іншую “карціну алеем”. Наш час патрабуе адпаведнай новай эстэтыкі, сімволікі, метафары, алегорыі, сваёй філасофіі, звязанай з глыбінным асэнсаваннем рэчаіснасці, у якой мы жывем. Наш час ставіць галоўныя пытанні: хто мы такія, адкуль прыйшлі і куды трэба ісці — па чыіх-небудзь слядах ці шукаць, хай і з памылкамі, уласныя шляхі? Усё астатняе ў сучасным мастацтве, на мой погляд, — для “ўнутранага” аўтарскага задавальнення ці, у лепшым выпадку, для салона. Менавіта з гэтага пункту гледжання я ўспрыняў выставу.

/i/content/pi/cult/635/14117/8-2.jpgАдразу скажу: экспазіцыя не зусім роўная. І справа тут не ў тым, што большасць твораў зроблены даўно, выключэнні толькі ў Аляксандра Сяліцкага (новыя палотны “Крылы” і “Раніца”) і Аксаны Аракчэевай (“Партрэт спевака Валерыя Дайнэкі”). Некаторыя палотны, дзе пераважюць розум, штучная, мала апраўдная алегорыя ці метафара, так бы мовіць, выпадаюць са стылістычнага і псіхалагічнага “фармату” экспазіцыі, і таму не вельмі пераканаўчыя, асабліва ў параўнанні з некаторымі больш удалымі работамі на “вясковую тэму”, душэўна і духоўна блізкую пэўным жывапісцам. Скажам, у палотнах “Вясна ў двары ў Канстанцінаўны” Аляксандра Кошалева ці “Нарачанскія хвоі” Мікалая Андруковіча, дзе аўтары з найбольшай адкрытасцю, выразнасцю і эмацыйнасцю імкнуцца выявіць сваё стаўленне да свету, свой строй этычных ды эстэтычных поглядаў.

Нягледзячы на пэўную, як мне падалося, выпадковасць падбору твораў і адсутнасць дасканала прадуманай канцэпцыі выставы, усё ж падкрэсю: маляваць для яе ўдзельнікаў — гэта імкненне пранікнуць у глыбінны, часам патаемны сэнс рэчаў і вобразаў, у іх сутнасць. Хаця тое імкненне часам хаваецца ўнутры, так бы мовіць, дзесьці “за рамай” палатна. Словам, маляваць  — гэта думаць над тым, як агульныя з’явы суадносяцца з жыццёвай плынню. Вось менавіта пра гэта і можна казаць. Гэта значыць — пра тое, што ўсё ж лепшыя вынікі ў кожнага творцы атрымліваюцца там, дзе лёс прызначыў яму сваё, толькі яму ўласцівае, мастакоўскае месца.

Вось, скажам, таленавітая Аксана Аракчэева, мастачка шырокага тэматычна-сюжэтнага і стылёвага дыяпазону, малюе ўсё, што ёй падабаецца ў жыцці: ад нацюрморта з кветак да псіхалагічнага партрэта сучасніка, ад лірычнага і ўрбаністычнага краявіду да чароўнай дзіцячай ілюстрацыі. Яе свет — шматаб’ёмны, пранізліва добры, чалавечы, што і бачым мы ў яе лепшых творах. Самы малады ўдзельнік выставы Аляксандр Сяліцкі — аўтар некалькіх любоўна напісаных партрэтных кампазіцый і краявідаў. Мяркуючы па яго палотнах, у Аляксандра добры патэнцыял каларыста і “будаўніка-кампазітара”. “Кітайскі” пейзажны цыкл прадставіў Леанід Гоманаў, які некалькі гадоў таму пабываў у КНР, дзе і стварыў шмат натурных палотнаў. З пункту гледжання стылістыкі яны на мяне асаблівага ўражання не зрабілі: гэта хутчэй за ўсё дабраякасныя вялікія эцюды, але як пластычныя “дакументы” экзатычнай кітайскай прыроды — цікавыя. Але яго ж “Нацюрморт з рыбай” — гэта тое, што яму, мабыць, бліжэй, дзе адчуваецца і жывапісная сакавітасць, і кампазіцыйна-прасторавая свабода.

Аляксандр Кошалеў, вядомы як жывапісец і графік-афартыст, актыўны ўдзельнік чатырох рэспубліканскіх біенале, аўтар трох персанальных экспазіцый, гэтым разам паказаў палотны, прысвечаныя беларускаму вясковаму жыццю. Мяркую, гэта падобна на яго малую радзіму — Брэстчыну. Вельмі цёплыя і душэўныя па настроі, сакавітыя па пластыцы, настальгічныя па ўспрыманні той першароднай зямлі, якая засталася дзесьці далёка ад жыхара вялікага горада. Мікалай Андруковіч амаль 25 гадоў выстаўляецца на буйных выставах, у тым ліку ў Расіі, Швецыі і Германіі, правёў шэсць сваіх персанальных “справаздач”, эксперыментуе ў жанрах пейзажу і нацюрморта, таксама ў тэхніцы роспісу па шоўку. У экспазіцыі прадставіў шэраг жывапісных палотнаў, у тым ліку “Нарачанскія хвоі” і “Стары свет”, якія, праўда, зноў жа, не зусім “свежыя” па часе напісання. Ведаю, што выстава атрымала добрыя водгукі ў гледачоў, але, па вялікім рахунку, тая максімальна высокая творчая планка, якую маглі б пры жаданні пераадолець аўтары, засталася тут няскоранай.

Хацелася б пабачыць усю гэтую пяцёрку не ў нейкай рэтраспекцыі, а ў сённяшнім абліччы: не думаю, што мастакі, дастаткова маладыя, за апошнія два-тры гады нічога новага не стварылі, ведаючы творчы патэнцыял мастакоў. Ну і паколькі я не зусім зразумеў, па якім прынцыпе ішоў адбор аўтараў, хацелася б выбудовы больш дакладнай канцэпцыі. Ды і беларуская мова (а не толькі руская) у анатацыях, імёнах аўтараў і назвах іх твораў не зашкодзіла б. Тым больш усе прадстаўленыя мастакі нарадзіліся, павырасталі і атрымалі адукацыю ў Беларусі…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"