"451 па..." Шэлкаплясаву

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Шчаслівы акцёр, што пасуе тэатру, і праславутае “зерне” ролі
Мне пашанцавала: я трапіла ў Гродзенскі абласны драматычны тэатр у момант яго росквіту, калі можна так сказаць: выдатная трупа, рэжысура, прафесійны тэхнічны склад, спагадлівае кіраўніцтва. Рэпертуар, вядома, адпаведны. Гэта быў час, калі на рэпетыцыю ішлі з заміраннем сэрца: што ж сёння прыдумае рэжысёр? Усе жылі ў адзіным рытме, у адзіным парыве, былі адзіным арганізмам у дні выпуску спектакля — дыхалі ва ўнісон! Музыка, святло — усё працавала на акцёра, на спектакль. Рэпетыцыі, прагоны, генеральная... І вось ён — дзень Прэм’еры! У гэты дзень тэатр замірае ў чаканні. “Час цішыні”... І вось каманда памочніка рэжысёра: “Увага! Пачалі!” І — прастора разраджаецца, артыст выходзіць на сцэну і... Саша, далей ты...

/i/content/pi/cult/635/14113/7-1.jpg— Ты так прыгожа сказала! Галоўнае ж — гэта праўда, — кажа заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр ШЭЛКАПЛЯСАЎ. — Хоць ёсць тут і пэўны “ўкол” тэатру сённяшняму. Цуд адбываўся! Спектаклі ішлі на дзвюх сцэнах паралельна, прыязджалі рэжысёры, мы ездзілі на гастролі, а якія “капуснікі” паспявалі ставіць і для сваіх вячорак, і для гледачоў! Усе казалі: “Мы — каманда!” Калі я прыйшоў у тэатр, мяне сустрэлі такія артысты!.. Альберт Акчурын, Віктар Смачнеў, Аляксандр Марцынюк, Алена Гайдуліс, Валерый Смірноў, Юрый Іваноў... Шчасцем было ў іх вучыцца! Яны сышлі, але пакінулі такую бясцэнную спадчыну — прыклад самаахвярнага служэння тэатру, вопыт, словам, тое, што і з’яўляецца самім тэатрам, яго ядром! Я, вядома, не хачу сказаць, што зараз нікога не засталося. І сёння ёсць артысты, назіраючы за якімі атрымліваеш задавальненне, — Мікалай Емяльянаў, Люся Волкава, Алена Красікава, Святлана Марэцкая, Саша Калагрыў — абойма неверагодных акцёрскіх талентаў, прычым усе розныя!

— А ці змяніўся глядач?

— Чалавек заўсёды застаецца чалавекам, якімі гаджэтамі ён ні карыстаўся б. Ён са сваімі бедамі, радасцямі, перажываннямі прыходзіць у тэатр для зносін, таму наколькі ты рознабаковы, настолькі гледачу і цікава. Ён жа прыходзіць па эмоцыю, і мая задача не падмануць яго ў чаканнях цуду! І спектаклі павінны быць якаснымі, і выкананне — толькі тады мы зможам захаваць да сябе цікавасць, павагу і любоў. Узаемныя, вядома ж. Без гэтага не можа існаваць тэатр. Дыялог. Тэатр без гледача існаваць не можа, а вось у гледача цяпер вялікі выбар. Вельмі прыемна бачыць поўныя залы (не заўсёды, вядома), тады разумееш: усё не дарма, хочацца жыць, тварыць і верыць, што ты патрэбны.

— Паняцце “сучасны тэатр” — што гэта?

— Той, у якім мы служым цяпер, — тэатр жа заўсёды сучасны. Іншае пытанне, хто і як гэта адчувае. Бывае, прыходзіць рэжысёр і паведамляе, што прыдумаў новае слова для сцэны, сучасны матэрыял, захлёбваючыся чытае, а для мяне гэта прыдуманая на кухонных вячорках гісторыя. І вось тут пачынаецца канфлікт. Ці іншае: прыехаў рэжысёр і спрабуе пераканаць у тым, што ўсё ведае пра тэатр, і ставіць, напрыклад, Каляду. Ён перакананы, што гэта вельмі сучасна, асабліва ў музычным суправаджэнні Веркі Сярдзючкі. І гэта праўда гэтага самага рэжысёра, на якую ён мае права. Іншае пытанне, што мая свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага, бо акцёр жа — чалавек залежны, найперш — ад рэжысёра, ад кіраўніцтва трупай са сваёй свабодай дзеянняў. Зараз скажу не сваю думку, хтосьці з мінскіх крытыкаў падчас “круглага стала” выказаў яе: тэатр стаў адміністрацыйным. Скажам, цяпер годнасць тэатра часцяком ацэньваецца не якасцю пастановак, не акцёрскай трупай, а колькасцю наведванняў сайта, яго афармленнем і гэтак далей. Вось толькі глядач прыходзіць з іншай мэтай! І я хачу іграць у добрых спектаклях, мне не хочацца, каб мне навязвалі дурны густ і пераконвалі, што ў тэатры, у сучасным, усё інакш! І вось тады я пачынаю разумець: калі не можаш змяніць сітуацыю, змяні сваё стаўленне да яе, пачынай змяняць стаўленне да тэатра, спрабуючы захаваць у сабе трапяткія і беражлівыя пачуцці да сцэны, да калег-акцёраў, якія адчуваў на працягу гадоў і не хачу раптам страціць.

— З апошнімі словамі я ўсвядоміла: такую ж тугу адчула падчас апошняй прэм’еры тэатра “451 па Фарэнгейце” рэжысёра Генадзя Мушперта. У цябе там невялікая, здавалася б, роля — прафесар Фабэр. Тры эпізоды, але менавіта яны, на мой погляд, задаюць атмасферу спектаклю, калі раптам адчуваеш шчымлівую адзіноту розуму, пачуццёвасці і разумення таго, як шмат мы губляем у жыцці.

— Дзякуй. Менавіта пра гэта якраз і думаў. Адкрыццё Фабэра ў тым, каб чуць, каб людзі чулі адно аднаго…

— Якім павінен быць рэпертуар? Зразумела, што нагналі аскоміну размовы пра камедыі ў афішы...

— Дык яны павінны быць! Нельга ж быць увесь час сумным ці, наадварот, смяяцца ўвесь час! І тэатр — жывы арганізм — павінен прапаноўваць гледачу розны матэрыял — і камедыі, і драму, і класіку. Артысты ж маладыя не могуць развівацца, увесь час граючы толькі Рэя Куні...

— Ну а класіка мае быць “мадэрнізаванай” ці...

— Сустрэчнае пытанне: “Чайка” Алега Жугжды (пастаноўка Гродзенскага тэатра лялек) — “мадэрновы” спектакль ці класічны?

— Класічны, вядома! Хоць вельмі сучасны...

— Так. Чэхаў. Атмасфера, аўтар, які заўсёды павінен гучаць! І класіка заўсёды сучасная! Гэта, па-першае, невычэрпная крыніца натхнення: я не ведаю артыста, які не хацеў бы граць класіку. А па-другое, у які перыяд жыцця да яе ні дакранешся — заўсёды знойдзеш адказы на многія пытанні.

— Не сакрэт, што драматычнага тэатра для цябе аказалася мала — і ты паспяхова выступаеш на падмостках Гродзенскага тэатра лялек. Мо пытанне абурыць калег — артыстаў драмы, але: дзе больш складана?

— Мне прасцей у “драме”. А наогул не магу дзяліць. Тэатр лялек мне гэткі ж дарагі, ён таксама мой... Ну а складана мне ў ім таму, што акрамя мяне там ёсць лялька, якой трэба перадаць эмоцыі, каб і яна ўздзейнічала на гледача. Бо кожны паварот галавы азначае многае. Я бачу, як працуюць майстры і якое задавальненне зведваеш, гледзячы на іх віртуознае валоданне лялькай! На жаль, я гэтага не ўмею...

— Я бачыла: ты так акуратна-беражліва ставішся да лялькі. Ствараецца ўражанне, нібы зліваешся з ёй, што вельмі падкупае!

— Тут ёсць да чаго імкнуцца. Гэта насамрэч вельмі цікава! Алег Жугжда вучыў: калі лялька на сцэне, цябе не павінна быць. Іншая справа — жывы план, дзе мы павінны стаць адным цэлым. Так што ў тэатры лялек іншыя магчымасці і іншы драйв... Таму і больш складана, па-вар’яцку складана! Не забывайся, што яшчэ партнёры ёсць, пры гэтым застаюецца дэкарацыя, святло, музыка і дадаецца яшчэ адзін аб’ект — лялька, праз якую табе трэба данесці эмоцыі, пачуцці. Дарэчы, мне заўсёды было цікава: я любіў назіраць за працай калег з тэатра лялек.

— Зразумела, у двух тэатрах ты служыш не для паляпшэння матэрыяльнага становішча, а для...

— Калі шмат адыграў і разумееш, што твой час сыходзіць, што на змену прыйшлі маладыя артысты, раптам табе кажуць, што ты маеш выдатны ўзрост і табе яшчэ граць і граць! Раней я марыў з’ехаць у вёску, завесці карову, а потым зразумеў — не маё! Хачу працаваць, быць занятым у цікавых тэатральных праектах! Чалавеку прыемна знаходзіцца там, дзе ён патрэбны!

— Няўжо ў цябе яшчэ ёсць ролі, якія хацеў бы сыграць? На мой погляд, ты шчаслівы акцёр — больш за 80 вобразаў…

— Не шмат, але ёсць. Скажам, Дзед Акім “Ва ўладзе цемры” Льва Талстога, але гэтага я, пэўна, ужо ніколі не сыграю, хоць і хочацца...

— Зараз напішам — і абавязкова хтосьці з рэжысёраў паставіць гэты спектакль! А як знайсці праславутае “зерне” ролі?

(Смяецца.) Збожжа знайшоў — цяпер шукаю, куды яго пасеяць!.. Гэта значыць я ведаю, але тое — не публічны адказ. З кожнай роляй ты пражываеш пэўны адрэзак жыцця. Я не існую асобна ад свайго персанажа, дыхаю з ім адным паветрам: у пэўны перыяд гэта мой характар, маё жыццё, і нараджаецца тон незалежна ад майго жадання! Я не прыходжу на рэпетыцыю шукаць праславутае “зерне”. З кожнай роляй складваюцца пэўныя адносіны, не падобныя на папярэднія. З адной ты адчуваеш, што яна яшчэ ў зародку, хворае дзіця. І ты пестуеш, выходжваеш тую ролю. Іншую ж бярэш з налёту — азарт такі! А бывае такое, што як шар — само пакацілася, толькі паспявай. Праўда, потым з’яўляецца пачвара нейкая. Ці наадварот.

— У цябе з тэатрам атрымліваюцца нейкія асабістыя адносіны…

— Так! І я буду вельмі засмучаны, калі гэта спыніцца. Таму што гэта маё жыццё, маё светаадчуванне.

— Калі я дамаўлялася пра сустрэчу, матывавала гэта тым, што ў цябе хутка юбілей. Мне ж адказалі: непрыстойна нагадваць яму пра ўзрост, маўляў, на сябе паглядзі. Але, Саша, што граху таіць, большая частка жыцця пражытая...

— А самае лепшае яшчэ наперадзе!

— Праўда? Ты шчаслівы чалавек!

— Разумееш, можна стаміцца ад жыцця і выдыхнуць, вырашыць, што ты ўжо ўсё зрабіў. А можна ўзнімаць планку і працягваць чакаць, ставіць перад сабой задачы. У мяне, дарэчы, шмат задач, якія патрабуюць эмацыйных, фізічных выдаткаў, шмат не сыграна. Так што… усё наперадзе!

— Увогуле, аб’ектыўна на жыццё ты глядзець не хочаш?

— А на жыццё глядзець аб’ектыўна наогул немагчыма, як і на тэатр, бо ён — мастацтва суб’ектыўнае. І жыццё нельга пражыць, не мяняючы сваіх адносін і прыхільнасцяў да сітуацыі або да з’явы. Ды і ўсё адно кіруешся сваімі меркаваннямі! І праўда ў кожнага свая.

— Атрымліваецца, што ты верыш толькі ў сябе?

— Самаўпэўненасць і вера ў сябе — зусім розныя паняцці, так? У сябе я, безумоўна, веру. У свае магчымасці, у сваю светлую будучыню, якую трэба будаваць цяпер, і кожны дзень я гэтым займаюся. Бязглузда жыць і не падабацца самому сабе. Кожны ідзе наперад толькі сваёй дарогай. Напэўна, ёсць Хтосьці, хто табе дапамагае, і выпадак у жыцці — тут, дарэчы, вельмі тонкая грань. Маё апантана шчырае служэнне справе, якой я займаюся, — маё пакліканне (не тое каб я больш нічога не ўмеў  — і цвік уваб’ю, і адрыну пабудаваць змагу, і абавязак Айчыне аддаваў не ў самых лёгкіх умовах).

— Ці любіш ты тэатр?

— Для мяне тэатр настолькі натуральны... Мы пасуем адно аднаму. Не ведаю, гэта каханне ці звычка?

Я рыхтавала розныя пытанні: галоўныя каштоўнасці ў жыцці, галоўныя падзеі і многія іншыя, але атрымалася, што ўсё, аб чым мы ні пачыналі б размаўляць, зводзілася да тэатра. Саша з тых нешматлікіх акцёраў, якія ведаюць тэатр і могуць шмат распавесці пра яго, для якіх тэатр не частка жыцця, а свет і сэнс існавання. Здаецца, адбяры ў яго тэатр — і не застанецца нічога вакол, таму што ўсё, што мае сэнс, засяроджана на невялікай прасторы, абмежаванай трыма сценамі, — сцэне. Гэта яго Сусвет. І будзь паміж ім і гледачом чацвёртая, хай нават цагляная сцяна — ён разбурыць і яе сілай сваёй пераканаўчасці і нейкай толькі яму ўласцівай акцёрскай праўдай.

Жана ЛІТВІНЁНАК

Гродна

Фота прадастаўлена тэатрам