І дакладны адказ на пытанне “чаму?”

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Аднолькавае мысленне супрацлегласцей
Бэла МАСУМЯН любіць рызыкаваць і лёгка пагаджаецца на нестандартныя творчыя павароты. І нават калі трапляецца за вядомы матэрыял, народная артыстка Беларусі імкнецца знайсці яму новае прачытанне. Таму сапраўды знайшлі адно аднаго выбітная актрыса і малады рэжысёр Віталь КРАЎЧАНКА, які толькі мінулым чэрвенем атрымаў дыплом рэжысёра драмы. У год свайго прыгожага юбілею Бэла Амаўна выйдзе на сцэну Сучаснага мастацкага тэатра ў спектаклі “Шчасце ёсць!” паводле п’есы іспанскага драматурга Алехандра Касоны “Дрэвы паміраюць стоячы”. Аглядальнік “К” пагутарыла з галоўнымі героямі заўтрашняй прэм’еры пра супрацьлегласці пакаленняў і іх творчы ўплыў адно на аднаго.

/i/content/pi/cult/635/14112/6-1.jpgБэла Масумян і Віталь Краўчанка ў час рэпетыцыі спектакля "Шчасце ёсць!". / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

— Спадарыня Бэла, неяк у інтэрв’ю “К” вы прызналіся, што любіце быць першаадкрывальніцай ролі. Зараз жа абралі даволі вядомы матэрыял…

Б.М.: — Кожнаму хочацца папрацаваць з невядомай шырокай публіцы п’есай. І ўсё ж акцёр — другасны: нам даюць тэкст, дзе аўтарам закладзена сваё бачанне сітуацыі, рэжысёр прапануе ўласную трактоўку падзеі… Мяне не пужае вялікая колькасць спектакляў-папярэднікаў, бо я ніколі не паўтараю чужы малюнак ролі, не імкнуся пераймаць, калі ж у калег нешта і спадабаецца, то ўсё роўна іду сваім шляхам — навошта падстройвацца пад кагосьці?

— Віталь, а вас не насцярожвае папулярнасць дадзенай драматургіі?

В.К.: — А не так даўно прэм’ера пастаноўкі па гэтай п’есе адбылася і ў Гомельскім абласным драматычным тэатры. Па шчырасці, я і не разумею, чаго тут баяцца. Калі ў рэжысёра ёсць водгук унутры, маецца рашэнне матэрыялу, то трэба ставіць, не аглядаючыся, ці значыцца тая назва ў іншых афішах. Ну, а як няма ідэі — не бярыся за абыякавы табе матэрыял! Так, я глядзеў відэазапісы іспанскіх пастановак “Дрэвы паміраюць стоячы”, але каб не паўтарыцца ў мізансцэнах, бо сам па сабе матэрыял можа вывесці пастаноўшчыкаў у першасным памкненні да аднолькавага. У дадзеным выпадку не баюся параўнанняў, бо дакладна ведаю, што такую бабулю Эўхенію Бальбоа — галоўны персанаж п’есы Касоны — яшчэ ніхто не бачыў. Звычайна яе малююць помнікам старасці. У нас яна будзе зарніцай, роўнай па прыродзе са сваім унукам. Ды і Бэлу Масумян, як мне хочацца верыць, такой ніхто не ўяўляў! Вы толькі бачылі б, з якім запалам яна рэпеціруе!

Б.М.: — Па сюжэце мая гераіня не бачылася з унукам 20 гадоў, калі ж ён з’яўляецца, да Эўхеніі вяртаюцца яе дзяцінства і маладосць. У ёй абуджаецца энергія, жаданне згадаць дзіцячыя гульні. Яна зусім не бабулька з кійком, якая ледзве перасоўваецца.

В.К.: — Дадам, што я ўвогуле цярпець не магу, калі да жанчыны ва ўзросце звяртаюцца “бабуля”. Для мяне гэта азначэнне выключна роднасных сувязей. Так, у нас не прыжыліся звароты “спадарыня” ці “пані”. Ды, па маім адчуванні, беларусы хаваюць еўрапейскасць, шляхетнасць, якая ёсць у кожным з нас. Рады, што зараз усё часцей можна сустрэць на вуліцы сталых жанчын, якія хочуць не проста выйсці з дому па хлеб, а здзейсніць гэты шпацыр як сапраўднае падарожжа, у прыгожым строі, капелюшы, з усмешкай на твары. Гэта так прыгожа!

— Зрэшты, відазмянілася не толькі п’еса, але і класічная назва…

Б.М.: — Так, мы доўга шукалі, бо “Дрэвы паміраюць стоячы” з першакрыніцы адразу адразу абуджаюць асацыяцыі з нечым накшталт Брэсцкай крэпасці. Мы ж будзем размаўляць з гледачом пра іншае. Вось так разам з назвай кардынальна змяніўся стыль пастаноўкі.

В.К.: — Назва камерцыйная. Тэатр сёння больш прадзюсарскі, чым рэжысёрскі ці акцёрскі, таму даводзіцца ісці на такія крокі. Насамрэч што такое шчасце? Ніхто не ведае, але мы ўвесь час імкнёмся да нейкага ўяўнага шчасця, якое і памацаць нельга. Яно для кожнага ў нечым сваім: сям’і, блізкіх, а то і проста ў магчымасці смачна паесці. Тое адчуванне трэба знайсці, і няма розніцы, колькі табе гадоў на гэтым шляху — пяць ці дзевяноста. Прапануючы тэкст Бэле Амаўне, першае, што я сказаў, — у маёй рэдакцыі крыналіну не будзе. І яна зразумела мяне.

— Спадарыня Бэла, вы не ўпершыню працуеце з маладымі рэжысёрамі. Што чапляе ў моладзі?

Б.М.: — Так, у мяне быў вопыт працы з Кацярынай Аверкавай у пастаноўцы СМТ “Аскар і Ружовая Дама” Эрыка-Эмануэля Шміта. Зразумела, з мэтрамі прыемна ўзаемадзейнічаць, аднак да іх адметнага почырку прызвычайваешся, а з маладымі заўсёды цікава. У іх іншая хада думак, адчуванне часу, узаемаадносін. Чапляе, як яны адчуваюць гістарычных персанажаў у сучаснай прасторы, а не хаваюцца за аксамітам, капялюшыкамі і міценкамі. Асабіста мне хочацца бачыць на сцэне расповед пра тое, што хвалюе цяпер, у гэтую хвіліну, а не пра тое, што ўвогуле некалі адбывалася. Тая моладзь, з якой я сустракалася, больш смелая ў сваіх рашэннях.

— Ці існуюць для вас кірункі, у якіх вы ніколі не пойдзеце за рэжысёрскім эксперыментам?

Б.М.: — Пакуль мяне нічога настолькі не шакавала! Рада, што мне трапляецца разумная моладзь, я разумею ўзровень, логіку. І да маладых мяне вабіць менавіта вось гэта іх жаданне адсунуць рамкі звыклага, прынятага. Так, мы ўсе вывучалі Канстанціна Станіслаўскага, Усевалада Меерхольда, Марыю Кнэбель. А моладзь за прынятай тэорыяй бачыць яшчэ іншы свет. Яны адкрываюць гарызонты — і ты бачыш у новым ракурсе жыццё. З Віталём Краўчанкам атрымалася ўвогуле цікава: калісьці мы выходзілі разам на падмосткі — ён быў маім партнёрам у “Валянцінавым дні” Івана Вырыпаева ў тэатры імя Максіма Горкага. Я бачыла яго магілёўскую пастаноўку “Браты і Ліза” — вельмі пераканаўча! Віталь — саспелы рэжысёр, ён мысліць як вопытны чалавек.

— Віталь, ці лёгка даецца пачаткоўцу-рэжысёру праца з выбітнай актрысай? Як выходзіць з магчымых сітуацый, калі вопыт уступае ў канфлікт з актуальным бачаннем?

В.К.: — Мне пашчасціла: з Бэлай Амаўнай мы аднолькава мыслім у працы над спектаклем. У нас не ўзнікае спрэчак, а часам мы адзін аднаго апярэджваем, толькі пачынаю гаварыць, а яна ў адказ: “Я вас разумею, хацела гэта ж прапанаваць”. У Бэлы Амаўны ёсць фантастычная якасць: калі яна з нечым нязгодная, то чакае, пакуль я сам зразумею, што так няслушна. Гэта сапраўдны давер маладому рэжысёру. Такое аднолькавае мысленне залежыць непасрэдна ад асобы: як акцёр існуе, як ён адчувае. Хтосьці “садзіцца” на свае штампы і перацягвае іх са спектакля ў спектакль. Бэле Амаўне хочацца быць рознай, каб было цікава не толькі для гледача, але і ёй самой. Інакш яна проста не возьмецца за ролю. Мне таксама цікава прапанаваць акцёру нешта новае, а не скарыстацца ягонымі напрацоўкамі, акцёрскім досведам ці фактурай.

— Але, магчыма, з аднагодкамі прасцей знайсці агульную мову?

В.К.: — У сучасных умовах не заўсёды хапае часу на доўгія фармуляванні думак, таму раз-пораз на рэпетыцыях я паказваю, бо маю пэўны акцёрскі досвед. Акцёры старэйшага пакалення счытваюць тое на раз-два, моладзі ж, бывае, даводзіцца доўга тлумачыць. Увогуле сёння такі час: знікае адказнасць у прафесіі. Моладзь не вінаватая ў тым, што патрэбна круціцца… Пры заробку ў 320 рублёў як пражыць? Вось і мчаць: хто вядучым на вяселлі, хто ў расійскіх серыялах за капейкі здымаецца. Іх можна зразумець… Але паўсюднае перакладанне адказнасці з сябе на рэжысёра ці партнёра… Старэйшае пакаленне такога дазволіць сабе не можа. Хтосьці ж узнімаецца на падмосткі з устаноўкай “рэжысёр — ідыёт, дык чаго мне напружвацца”. Масцітыя артысты на гэта адкажуць: “Можа, рэжысёр і ідыёт, але на сцэну выходжу я, публіка глядзіць на мяне, таму не магу халтурыць”.

— Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў агучыў інфармацыю, што ў Беларусі набірае моц плынь альтэрнатыўных тэатраў: з’яўляюцца камерныя трупы, тэатры для дзяцей дасадкоўскага ўзросту, калектывы ўсё часцей выходзяць на вуліцу. Ці паспрыяе гэтая хваля станаўленню новага слова ў мастацтве?

Б.М.: — Гэты рух пачаўся гэтак жа даўно, як і сам тэатр. Нават славутыя класічныя рэжысёры любяць раз-пораз змяніць традыцыйную глядзельную залу на экзатычнае месца, каб атачэнне (пастаноўшчыкі наўмысна пакідаюць навідавоку жорны, трубы, элементы індустрыяльнага інтэр’еру) стварыла дадатковую ноту для ўспрымання спектакля. У такіх спецыфічных умовах я не іграла, але з задавальненнем згадваю эксперымент, калі мой Горкаўскі тэатр даваў спектакль “Пане Каханку” непасрэдна ва ўнутраным двары палаца Радзівілаў у Нясвіжы. Нарадзілася неверагоднае пачуццё праўды! Нават мы, самі акцёры, стаялі як першакласнікі і плакалі, калі ля муроў, авеяных подыхам гісторыі, у святле пражэктара ўсплыў дэльтаплан. У такі хвіліны разумееш: у кожным пакаленні абавязкова з’явіцца чарговы фантазёр, які прыдумае тое, чаго яшчэ ў прыродзе няма, і дзякуючы яму навука і мастацтва зробяць значны крок наперад.

В.К.: — Па маім адчуванні, часта выходзяць на іншыя пляцоўкі не з-за жадання зладзіць нешта новае, а таму, што моладзь сёння не мае магчымасці ствараць сваё. Справа не толькі ва ўмовах стацыянарных тэатраў. Колькі рэжысёраў, якія нідзе не могуць знайсці сабе прытулак! Колькі акцёраў засталося ўвогуле без дома… У тым жа НЦСМ людзі робяць класную справу, аднак канцэптуальна яны ахопліваюць адразу шмат мастацкіх напрамкаў. Мінску ж бракуе абсталяванай тэатральнай пляцоўкі, дзе змогуць абзавесціся сваім кутком усе тыя, хто прагне мастацтва, жадае разам шукаць новыя кірункі.

Што тычыцца ўласна новага слова… На маю думку, у краіне ўзнікне новы тэатр, калі творцы перачытаюць Арыстоцеля і вернуцца ў працы да таго, што ён адкрыў -- законы драмы. Я лічу абразай у дачыненні да гледача, калі пастаноўшчык будуе кампазіцыю як заўгодна і апраўдвае тое фразай: “Проста я так хачу, у мяне эксперымент!” Сённяшнія эканамічныя абставіны такія, што людзі вымушаны загадзя планаваць паход у тэатр, адкладваць на мерапрыемства далёка не лішнюю суму з сямейнага бюджэту. Яны дакладна ведаюць, чаму абралі той ці іншы спектакль. Калі пабачаць толькі абалонку, дык ці вернуцца наступным разам? Для мяне гэта пытанне прафесійнай адказнасці. Хочацца, каб людзі ў тэатры разважалі, не толькі смяяліся, але і плакалі, адчуваючы, што акцёры гатовыя ў тым ліку падзяліць з імі цяжар жыццёвых праблем.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"