Стратэгічныя авансы — кадры і фінансы

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

17 мая ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны” ўдзельнікі семінара-практыкума “Сучасны стан і перспектывы развіцця дыскатэк на Міншчыне”, а таксама кіраўнікі арганізацый культуры рэспубліканскага падпарадкавання, начальнікі і спецыялісты ўпраўленняў культуры Міністэрства культуры прынялі ўдзел у рэспубліканскай нарадзе па актуальных пытаннях у галіне культуры.

На пасяджэнні быў разгледжаны шэраг пытанняў, у прыватнасці, выкананне асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў за першы квартал 2008 года, вынікі размеркавання выпускнікоў галіновых навучальных устаноў, ход рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005 — 2010 гады, дзейнасць фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, ход выканання пратакола пасяджэння калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 лютага 2008 года № 2 па вывучэнні эфектыўнасці кіравання кінавідэагаліной і аб мерах яе аптымізацыі, а таксама шэраг іншых надзённых пытанняў, якія Міністэрства трымае на пастаянным кантролі.У прыватнасці, шмат увагі ўдзялялася таму, што сёння абласныя і раённыя кіраўнікі павінны больш актыўна працаваць не толькі на “працэс”, але і трымаць на кантролі той факт, што работа іх мусіць быць “заўважнай”. Бо ідэя “ўдзелу, а не перамогі” можа быць дастатковай толькі для тых, хто не цалкам упэўнены ва ўласных магчымасцях. На месцах маецца шмат калектываў і асобных работнікаў культуры, чый досвед працы заслугоўвае больш пільнай увагі і заахвочвання, і не трэба забывацца на гэтую неабходнасць таксама. Бо заслужаная ацэнка добрай работы часам настолькі ж важная, як і той эфект, што яна прыносіць. Нашы людзі не ў Галівудзе!

Аб выніках размеркавання вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў сістэмы Міністэрства культуры распавяла начальнік упраўлення навучальных устаноў і кадраў Наталя ШМАКАВА. Яна, у прыватнасці, адзначыла, што сёлета гэтую працэдуру, якая прайшла згодна з адпаведным Палажэннем, можна назваць паспяховай і выніковай.

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў агульная колькасць выпускнікоў (разам з ільготнікамі і тымі, хто навучаецца на платнай аснове) склала 161 чалавек, з якіх размеркаванне атрымалі 152 чалавекі. Больш паловы заявак — з дзяржаўных устаноў і арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры. Самая вялікая іх колькасць (88) — з Мінска, меней за ўсё (3) — з Гомельскай вобласці.

Той факт, што толькі 25% ад агульнай колькасці выпускнікоўАкадэміі размеркавана ў рэгіёны, выглядае даволі спецыфічна. Але ж важна адзначыць, што Міністэрства культуры і Акадэмія змаглі дабіцца таго, каб на выпускнікоў гэтай ВНУ пачалі прыходзіць заяўкі. Не сакрэт, што летась, да прыкладу, мастацкі факультэт закончылі 26 бюджэтнікаў, на якіх было атрымана 26 заявак з Саюза мастакоў, куды выпускнікі традыцыйна накіроўваюцца для наступнага ўступлення ў Секцыю маладых мастакоў. Але ж, размяркоўваючыся ў грамадскую арганізацыю, яны не атрымліваюць працоўных кніжак, стажу, ім не прадастаўляецца першае працоўнае месца, а гэта значыць, што ніводзін з іх так і не атрымаў статус “маладога спецыяліста”, а значыць, не атрымлівае ён і адпаведных гарантый у выглядзе заработнай платы, прадастаўлення жылля і г. д.

 /i/content/pi/cult/162/1411/Nadzennaje.jpg

Сёлета ж на 18 выпускнікоў-бюджэтнікаў і аднаго кантрактніка было атрымана 39 заявак, на факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (34 чал.) прыйшло 43 запыты, на тэатральны факультэт (41 чал.) — 70 заявак. І можна смела казаць, што выпускнікі Акадэміі мастацтваў ужо ўступаюць у жыццё абароненымі з юрыдычнага боку. А галоўнае — з’явіўся інтарэс да нашых выпускнікоў не толькі ва ўстаноў культуры. Тыя ж мастакі, якія раней пераважна ішлі працаваць у разнастайныя ААТ і ЧУП, сёння ўсё часцей атрымліваюць прапановы ад буйных прамысловых прадпрыемстваў і ўстаноў. Так, у гэтым годзе яны накіраваны на “БелАЗ” (Жодзіна), “Гомсельмаш” (Гомель), Мінскі гадзіннікавы завод, завод тэлевізараў “Віцязь” (Віцебск), швейныя прадпрыемствы “Калінка” (Салігорск) і “Мастра” (Мінск), у газету “Советская Белоруссия” — усяго на 21 аб’ект.

Сярод самых запатрабаваных сёлета спецыяльнасцей выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — “фартэпіяна” (на 43 выпускнікоў прыйшло 53 заяўкі), “духавыя інструменты” (на 24 чалавекі — 44 заяўкі) і “музыказнаўства” (на 8 чалавек — 25 заявак). Зрэшты, і іншыя спецыяльнасці карыстаюцца не меншым попытам: маладыя спецыялісты будуць актыўна працаваць па размеркаванні ў вядучых тэатральных і канцэртных калектывах рэспублікі. Напрыклад, 16% з усіх размеркаваных сёлета ўвойдуць у штат супрацоўнікаў прафесійных музычных калектываў — Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы, Музычнага тэатра, аркестраў —Прэзідэнцкага, Заслужанага калектыву Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, Белдзяржтэлерадыёкампаніі, “Няміга”. Усяго ж на Акадэмію музыкі было атрымана 277 заявак (на 207 чалавек).

 /i/content/pi/cult/162/1411/Nadzennaje2.jpg

Але наўрад ці якая іншая ВНУ па запатрабаванасці сваіх выпускнікоў здольная параўнацца з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў: колькасць заявак па асобных спецыяльнасцях сёлета была ўдвая-ўтрая большая за рэальную прапанову. І акрамя 323 выпускнікоў бюджэтнай формы навучання размеркаванне па ўласным жаданні атрымалі яшчэ і 10 студэнтаў-платнікаў.

Відавочная запатрабаванасць выпускнікоў гэтай ВНУ ў першую чаргу па спецыяльнасцях “сацыяльная педагогіка”, “культуралогія”, “сацыяльная работа”, “рэжысура”, “народная творчасць”, “духавыя інструменты”, “мастацтва эстрады”, “спевы”, “харэаграфічнае мастацтва”, “бібліятэказнаўства і бібліяграфія”, “музейная справа”.

Пэўныя складанасці ўзніклі з размеркаваннем выпускнікоў спецнабору ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі: запатрабаванымі ў гэтую ўстанову сталіся толькі 50% студэнтаў, так што астатнія атрымалі працу ў іншых бібліятэках сталіцы. Практычна незапатрабаванымі аказаліся выпускнікі спецыяльнасці “лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый”. У цэлым жа 85% усіх размеркаваных выпускнікоў Універсітэта культуры будуць працаваць ва ўстановах культуры краіны і 15%— ва ўстановах іншых галін.

Не менш высокія патрабаванні прад’яўляюцца і да выпускнікоў сярэдняга звяна. І таму, калі гаварыць пра сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы галіны, неабходна зазначыць, што сёлета з іх сцен выпускаецца 1628 чалавек.

Стопрацэнтнае размеркаванне атрымалі выпускнікі Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа. Не было неразмеркаваных з-за адсутнасці заявак на Віцебшчыне, дзе кожны трэці накіраваны для працы на вёсцы і ў аграгарадках, у Гродзенскай вобласці, дзе асабліва запатрабаваны кадры па спецыяльнасцях “баян”, “фартэпіяна”, “музыказнаўства”, у Магілёўскай вобласці, дзе насычэнне кадрамі ў галіне бібліятэчнай справы адбываецца дзякуючы ўласным выпускнікам, на Міншчыне, дзе таксама размеркавана 100% выпускнікоў. Размеркаванне на Гомельшчыне, якое таксама прайшло на высокім узроўні, выявіла, аднак, што сёлета патрэбы ўстаноў культуры раёна маладыя спецыялісты змаглі запоўніць толькі на 78% ад заяўленага. Прычым найбольш запатрабаваныя тут (а палова выпускнікоў размеркавалася ў пацярпелыя ад Чарнобыльскай аварыі раёны) — “фартэпіяна”, “харэаграфічнае мастацтва”, “народная творчасць”, “інструменты народнага тэатра”, “музыказнаўства”.

 /i/content/pi/cult/162/1411/Nadzennaje3.jpg

Кожны трэці выпускнік накіраваўся на вёску, у тым ліку ў аграгарадкі — кожны шосты. На Брэстчыне ж аналіз патрэб у кадрах паказаў, што па-ранейшаму надзвычай не хапае рэгіёну акампаніятараў, харэографаў, рэжысёраў масавых святаў і абрадаў, выкладчыкаў па класе фартэпіяна, баяна, акардэона, гітары, духавых інструментаў. Адзначаецца таксама недахоп у раённых і гарадскіх метадычных цэнтрах спецыялістаў па новых інфармацыйных тэхналогіях, сучасных тэхнічных сродках, менеджменту. З улікам стварэння новых тыпаў устаноў культуры, развіцця пазабюджэтнай дзейнасці ў сферы культуры, паляпшэння якасці культурнага абслугоўвання насельніцтва, асабліва на вёсцы, пры падрыхтоўцы спецыялістаў неабходна, магчыма, акрамя спецыяльных дысцыплін і курсаў, уводзіць спецкурсы альбо дысцыпліны юрыдычнага, фінансава-эканамічнага профілю.

Аналізуючы вынікі кампаніі па размеркаванні маладых спецыялістаў, варта адзначыць правільную, добра арганізаваную працу з патэнцыйнымі працадаўцамі, службамі занятасці насельніцтва, што, безумоўна, дало свае вынікі.

Чвэрць усіх выпускнікоў (465 чалавек) накіравана на працу ў сельскую мясцовасць, у тым ліку ў аграгарадкі — 182 чалавекі. Аднак, адзначаючы агульную станоўчую тэндэнцыю, варта нагадаць, што 15 чалавек — а гэта 1% ад агульнай колькасці выпускнікоў — так і не былі размеркаваны. Ёсць над чым працаваць Мінскаму дзяржаўнаму музычнаму вучылішчу імя М.І. Глінкі, Мінскаму дзяржаўнаму мастацкаму вучылішчу імя А.К. Глебава, Брэсцкаму дзяржаўнаму музычнаму каледжу імя Р.Шырмы.

Адчуць сацыяльна-эканамічную свабоду

Аб выкананні галіной асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў за першы квартал 2008 года распавяла начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Вольга КАНАНЮК.

У прыватнасці, яна зазначыла, што на сённяшні дзень бюджэтнае фінансаванне па-ранейшаму з’яўляецца самай значнай і стабільнай крыніцай фінансавання арганізацый культуры. І памятаючы, што Законам “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь” устаноўлены нарматыў, згодна з якім да 2010 года аб’ём бюджэтных выдаткаў на культуру павінен дасягнуць 1% ад УВП, ужо ў гэтым годзе бюджэтныя асігнаванні запланаваны ў памеры 851 млрд. рублёў. Фінансаванне рэспубліканскага бюджэту на ўтрыманне арганізацый Міністэрства культуры, ажыццяўленне рэспубліканскіх культурных мерапрыемстваў і выкананне праграм вызначана ў памеры 165,1 млрд. рублёў.

Сродкі з мясцовых бюджэтаў у гэтым годзе складуць 685,9 млрд. рублёў, прычым самы вялікі працэнт павелічэння фінансавання ў адносінах да 2007 года назіраецца ў Мінску і вобласці (124,1%), Віцебскай (117%), Гродзенскай (116%), самы нізкі — у Брэсцкай (103,4%). Зніжэнне аб’ёму фінансавання назіраецца па Гомельскай вобласці (79% ад узроўню 2007 года).

Не выйдуць у 2008 годзе па памерах фінансавання на ўзровень мінулага года 6 з 19 раёнаў Брэсцкай вобласці, 5 з 25 раёнаў Віцебскай вобласці, 21 з 22 раёнаў Гомельскай вобласці (акрамя Гомельскага раёна), 1 з 18 раёнаў Гродзенскай вобласці, 2 з 23 раёнаў Мінскай вобласці і 5 з 23 раёнаў Магілёўскай вобласці. Па ўсіх абласцях, акрамя Гомельскай, назіраецца рост удзельнай вагі фінансавання ўстаноў культуры ў аб’ёме абласных бюджэтаў.

Не менш важнай крыніцай сродкаў на развіццё арганізацый культуры з’яўляюцца пазабюджэтныя і ўласныя даходы. Аб’ём гэтых сродкаў на 2008 год плануецца ў памеры 122,3 млрд. рублёў, што перавышае мінулы год на 6%. У агульным аб’ёме фінансавых сродкаў на культуру ўдзельная вага пазабюджэтных і ўласных сродкаў складае ў 2008 годзе 13%.

Асноўны даход у арганізацыях культуры складаюць сродкі, што паступаюць ад аказання платных паслуг насельніцтву (79,4%, альбо 29,6 млрд. рублёў). Дадзены паказчык набыў для сферы культуры вельмі важнае значэнне, аднак выкананне тэмпу росту платных паслуг культуры насельніцтву ў супастаўных цэнах на сённяшні дзень для асобных арганізацый з’яўляецца дастаткова праблематычным. У прыватнасці, Рада дырэктараў дзяржаўных музеяў Беларусі ўзняла пытанне аб уключэнні аб’ёму паслуг ад наведвання экскурсантамі музеяў, выставак і іншых культурных мерапрыемстваў, якія ўключаюцца ў кошт тураў, у залік установам культуры, а не тым арганізацыям, якія заключаюць дамовы непасрэдна з турыстамі. Таму што існуючая практыка, па сутнасці, заніжае лічбы аб’ёму аказаных паслуг і не адлюстроўвае рэальнай карціны ў гэтай сферы.

 /i/content/pi/cult/162/1411/Nadzennaje4.jpg

Дарэчы, у першым квартале гэтага года аб’ём платных паслуг культуры насельніцтву павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 8,2 млрд. рублёў і склаў 40,2 млрд. рублёў. Тэмпы росту рэалізацыі платных паслуг у супастаўных цэнах склалі 119,3%. Больш дэталёвы аналіз гэтых лічбаў паказвае, што ніжэй устаноўленага планавага паказчыка вырас аб’ём платных паслуг у супастаўных цэнах па навучанні ў дзіцячых школах мастацтваў (191,8%), па наведванні тэатральных прадстаўленняў (107,8%), відэасалонаў (97,5%). Па астатніх жа відах паслуг культуры забяспечаны рост у супастаўных цэнах вышэй прагнознага паказчыка.

Сярод устаноў культуры, што перавыканалі даведзеныя прагнозныя паказчыкі, варта назваць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь (116,6% пры плане 112%), установу “Беларуская дзяржаўная ордэна працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія” (128% пры плане 114%), дзяржаўную відовішчную ўстанову “Беларускі дзяржаўны цырк” (156,4% пры плане 112%), установу “Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны” (124,2%), дзяржаўную ўстанову “Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” — 146,2%, дзяржаўную ўстанову “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” — 142,5%. І асобна — адзначыць дзяржаўную ўстанову “Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь” з перавыкананнем даведзеных паказчыкаў на 225,5% і Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі з лічбай у 210%.

Як вядома, пастановай Урада ўстаноўлены сацыяльны стандарт па культуры, які ўключае ў сябе нарматыў забяспечанасці выдаткаў на культуру ў разліку 1,5 базавай велічыні на чалавека, з якіх 1,3 — за кошт бюджэтнага фінансавання, а 0,2 — за кошт аказання платных паслуг. У 2008 жа годзе выдаткі на культуру ў адпаведнасці з планамі бюджэтнага фінансавання і прагнознымі аб’ёмамі платных паслуг культуры ў разліку на аднаго жыхара ў сярэднім складуць 2,5 базавай велічыні, у тым ліку за кошт бюджэту — 2,1, за кошт платных паслуг — 0,4.

Нарматыў забяспечанасці бібліятэкамі выконваецца ва ўсіх аграгарадках. У цэлым па рэспубліцы ў 252 аграгарадках маецца 245 клубных устаноў, абсталяваных стацыянарным і перасоўным кінавідэапраекцыйным абсталяваннем. У тых жа аграгарадках, дзе не маецца клубных устаноў, пачалося іх будаўніцтва.

Згодна са статыстыкай, у першым квартале 2008 года сярэднямесячная заработная плата па рэспубліцы склала 775,8 тыс. рублёў, па галіне культуры — 602,2 тыс. рублёў. Прычым, беручы асобныя катэгорыі работнікаў культуры, можна адзначыць, што зарплата бібліятэкараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырасла на 11%, артыстаў — на 12%.

Яшчэ адзін паказчык, даведзены Міністэрству культуры ў гэтым годзе, — па знешнім гандлі паслугамі, дзе экспарт мусіць скласці 120% у супастаўных цэнах, а імпарт паслуг — 110%. У першым квартале гэтага года аб’ём экспарту паслуг склаў 813,3 тыс. долараў ЗША, дзе 56% належыць Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, 27% — Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, 8% — Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту культуры і мастацтваў.

Імпарт паслуг за гэты ж перыяд склаў 795 тыс. долараў ЗША, прычым асноўная яго доля прыпадае на Беларускі і Гомельскі дзяржаўныя цыркі (55% і 29% адпаведна).

Па выніках першых трох месяцаў з 16 камерцыйных арганізацый Міністэрства культуры са стратамі спрацавала ААТ “Белатракцыён”, якое на дадзены момант знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. З мэтай забеспячэння і надалей бясстратнай дзейнасці рэспубліканскіх камерцыйных арганізацый за кожным з прадпрыемстваў замацаваны намеснікі міністра культуры і кіраўнікі альбо іх намеснікі структурных падраздзяленняў Міністэрства.

Калі ж браць лічбы па ўсёй галіне, з улікам арганізацый камунальнай формы ўласнасці налічваецца 40 стратных арганізацый (у тым ліку 25 — па Віцебскай вобласці), з якіх 25 — кінавідэапракатныя. Асноўнымі прычынамі стратнасці з’яўляецца недастатковасць бюджэтнага фінансавання ў абласцях, а таксама нізкі аб’ём уласных даходаў, які залежыць ад аб’ёму праводзімых мерапрыемстваў, а таксама ад якасці іх арганізацыі. Выйсцем з падобнай сітуацыі павінна быць актывізацыя працы арганізацый па абслугоўванні насельніцтва, асабліва кінавідэапракатных, а таксама пільная ўвага з боку мясцовых органаў улады.

Выкананы ў першым квартале і мэтавы паказчык па энергазберажэнні, даведзены Міністэрствам культуры да арганізацый рэспубліканскай формы ўласнасці: пры плане ў 3% ён склаў 3,6%.

 

Падрыхтавала Таццяна КОМАНАВА