Батл беларусаў — супернікаў Пушкіна

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Новы фармат цікавасці да літаратуры
На любым бібліятэчным форуме абавязкова "ўсплыве" адвечнае пытанне: як прышчапіць дзецям любоў да роднай літаратуры? Настаўніца мовы і літаратуры Смалявіцкай раённай гімназіі, літаратар, вядомы блогер Ганна СЕВЯРЫНЕЦ прапануе адказ у выглядзе праекта “Чытаем сваё. Класіка”, які трэці сезон штомесяц збірае школьнікаў, студэнтаў і зацікаўленых дарослых у Літаратурным музеі Петруся Броўкі. У рамках акцыі апрабіруецца форма батла. Для публічнага абмеркавання мадэратар прапанавала паядынак перакладчыкаў: прадметам бітвы стаў пушкінскі “Яўген Анегін” у перастварэннях Алеся Дудара і Аркадзя Куляшова.

/i/content/pi/cult/634/14105/13-1.jpgНавошта?

— Я даволі часта чую пытанне: навошта краіне, дзе кожны можа прачытаць Пушкіна ў арыгінале, мець пераклады класіка на беларускую мову? Найперш для таго, каб пазнаёміцца са светам іншага чалавека, зрабіць яго для сябе больш зразумелым, блізкім. Праз знаёмы са школьнай пары пушкінскі тэкст і праглядае асоба перакладчыка. Сваіх мы пакуль што ведаем горш, чым чужых -- але чаму мы не можам скарыстацца гэтай вядомасцю чужых тэкстаў для таго, каб даведацца пра сваё, роднае?

Пра Аркадзя Куляшова мы шмат ведаем са школьнай праграмы. Як зазначаў на сустрэчы ў музеі мой савядучы Васіль Дранько-Майсюк, народны паэт Беларусі на асабістым прыкладзе даказаў, што форма можа быць больш значнай за змест: “Многія яго строфы хоць і адлюстроўваюць рэаліі савецкага часу, але вабяць сучаснага чытача рытмікай. На яго вершы можна і рэп, і рок спяваць, нездарма Аляксандр Куллінковіч зрабіў іранічную рэч на аснове куляшоўскага “Камсамольскага білета”.

Безумоўна, Аркадзь Куляшоў пакінуў у літаратуры след больш значны і сур’ёзны. Хаця б таму, што яму давялося шмат пажыць. А вось Алеся Дудара расстралялі ў 32 гады. Яго творчасць са школьнай праграмы выключана, моладзь пра гэтага творцу нічога не ведае. Кожны чалавек сталее ў свой час, Дудар сталеў позна, у яго, так бы мовіць, зацягнулася маладосць: мамчын пястунчык, талент, якому ўсё давалася лёгка. З 19 гадоў атрымліваў запрашэнні на рэдактарскія пасады ў часопісы, але ён быў неамбіцыйным, таму сыходзіў з іх, аддаючы сваё месца іншым. Паэт пакідае яркі след, калі сталее. Дудар жа так і застаўся паэтам маладосці, авантурызму, юнацкай моцы. Напрыканцы свайго кароткага жыцця ён знаходзіўся ў тым стане, калі ён вось-вось павінен быў саспець як выбітны паэт. Пераклад "Анегіна" напісаны якраз у гэтую пару.

Белыя плямы

— Што мы ведаем пра Алеся Дудара? Нам распавядалі, як той ледзь скончыў немаведама якую сямігодку, быў неадукаваным хлопцам і не змог вучыцца ў БДУ (маўляў, узняў скандал і сышоў). Насамрэч Дудар вучыўся ў лепшай сярэдняй навучальнай установе Мінска: мужчынскай гімназіі Зубакіна і Фальковіча, якая месцілася на Чырвонаармейскай, дзе зараз знаходзіцца гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Прыватная класічная гімназія каштавала нятанна, ды бацькі — хатняя гаспадыня і беззямельны селянін, што перакваліфікаваўся ў чыгуначнікі, — не шкадавалі высілкаў на адукацыю сына, дый чыгунка дапамагла, дала субсідыю на навучанне. Я толькі распачала працу з фондамі гімназіі, пакуль яшчэ не дайшла да метрык з адзнакамі, аднак ужо дакладна ведаю, што Алесь вывучаў тут дзве абавязковыя мовы і трэцюю факультатыўна.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, сям’я з’ехала ў бежанства, таму давучваўся Дудар у класічнай мужчынскай гімназіі ў Казлове (сучасным Мічурынску Тамбоўскай вобласці). Яго адукацыя, магчыма, стала лепшай, чым можна было на той час атрымаць у беларускіх мястэчках. У анкетах паэт пазначаў веданне шасці моў, па выдавецкіх замовах перакладаў з чатырох. З яго лёгкай рукі ўпершыню загаварылі па-беларуску не толькі Яўген Анегін, але гётэўскі Фаўст і шэкспіраўскі Атэла.

Рукапісы зараз у мяне на руках. Яны захаваліся дзякуючы маці, якая хавала сынаў архіў, хоць усе дакументы патрэбна было знішчыць. Маці не ведала, што Алеся расстралялі, таму не пакідала шукаць яго да 1962 года, працягваючы ліставанні з усімі магчымымі інстанцыямі… Яна ратавала паперы сына ў акупацыю падчас Вялікай Айчыннай вайны, а пад бамбёжкамі выносіла іх на агарод, маўляў, калі хата і ўсё навокал зоймецца агнём, застанецца шанц захаваць дакументы. Алесь, дарэчы, не паспеў давесці пераклад “Яўгена Анегіна” да канчатковага варыянту, на лістах шмат правак — бачна тая праца, якую паэт вёў да апошняга дня — да 1 лістапада 1936 года....

Цнатлівасць і шматклічнікавасць

— У плане "паядынку" я пазначыла такі завяршальны пункт: чытацкі прысуд перакладчыкам. Мая галоўная мэта — справакаваць удзельнікаў на пошук у тэкстах розніцы ці падабенства. Сам працэс зацягвае! Паглядзіце: абодвум паэтам было па трыццаць, калі яны ўзяліся за "Анегіна”, аднак да пушкінскіх “вольнасцей” у тэксце ставяцца па-рознаму. Напрыклад, калі па сюжэце Таццяна мыецца снегам, то ў Дудара яна мые твар, плечы, грудзі, а ў Куляшова тая фраза выглядае больш цнатліва: гераіня мые толькі твар і плечы. Першы вельмі смачна малюе піры, святы, розныя мужчынскія забаўкі і весяліцца часам больш за аўтара: ёсць месца, дзе ў Пушкіна стаіць адзін клічнік, а Дудар (хаця і павінен быў захаваць арыгінальную пунктуацыю) ставіць тры! Расійскія чытачы майго блогу таксама звярнулі ўвагу на іншую акалічнасць беларускіх перакладаў: там, дзе Пушкін гаворыць “маё” (“герой майго рамана”, “мой Анегін”, “мая Таццяна”), беларусы пазбягаюць займенніка.

Ёсць ходкі выраз: перакладчык у прозе — раб, а ў паэзіі — супернік аўтара. На мой погляд, Куляшову і Дудару ў нейкіх момантах удалося быць нават вышэй за Пушкіна, што падаецца ледзь магчымым. Скласці меркаванне кожны можа самастойна: куляшоўскі варыянт ёсць у бібліятэках, а другі тэкст хутка пабачыць свет — супрацоўнічаю з адным з буйных расійскіх выдавецтваў, якое мае намер надрукаваць пад адной вокладкай Пушкіна і Дудара.

За розгаласам — цішыня

— Культавы раман у вершах Алесю Дудару даверыў сам Янка Купала. Гэтае рашэнне выклікала шмат зайздрасці ў калег па цэху, але пясняр быў упэўнены ў выбары, бо лічыў юнака выбітным паэтам. Увесь 1935 год ішла праца над тэкстам, а на пачатку 1936-га ў Доме пісьменніка на вуліцы Савецкай (зараз яго не існуе) адбылася прэзентацыя твора — Дудар чытаў свой пераклад. Радыё прывезла рэпрадуктары і падаравала гараджанам магчымасць спрычыніцца да таго, што Алесь чытаў са сцэны. Анегінскую страфу, спецыяльна складзеную расійскім геніем, нават апошні двоечнік на некім генетычным узроўні адрозніць, таму калі людзі чулі беларускі пяцістопны ямб, дык выскоквалі з цырульняў, крамаў, на вуліцы збіраўся натоўп! Я пераказваю ўспаміны Сяргея Грахоўскага, згадкі ж астатніх зніклі адусюль…

Потым першая глава была надрукавана ў “Ліітаратуры і Мастацтве” — і свежы нумар за паўгадзіны знік з шапікаў: літаратурная падзея надрукавана! А пасля здарылася 1 лістапада — дзень арышту Дудара… Здадзены ў выдавецтва рукапіс знішчаны, публікацыі максімальна выдалены з бібліятэк. Пра гэта няшмат гаворыцца ў гісторыі беларускай літаратуры… Мне цудам трапіўся спарахнелы, ледзь не апошні экзэмпляр таго ўнікальнага “ЛіМа”. Маючы сёння на руках арыгінал, бачу: у 1936-м газета надрукавала тэкст з жудаснымі рэдактарскімі праўкамі.

Куляшоў прысутнічаў на тым публічным чытанні, бачыў першую главу ў “ЛіМе”, канешне ж, чытаў трэцюю главу ў часопісе “Полымя”. Паэт узяўся за “Анегіна” толькі ў 1939-м, калі стала зразумела, што пераклад Дудара знік. Але і ў яго выходзіла не ўсё гладка: у 1941 годзе першы варыянт загінуў падчас бамбёжак Мінска. Толькі пасля Перамогі перакладчык вяртаецца да гэтага рамана. У 1947-м — праз 10 гадоў пасля расстрэлу Дудара — пабачыць свет новы пераклад “…Анегіна”, які і стаў кананічным. Пляменніца Дудара Лідзія Маркаўна казала мне, што Куляшоў у 1960-я чытаў рукапіс папярэдніка, які лічыўся страчаным, і прыхільна, па яе словах, паставіўся да яго.

Я толькі пачала пераводзіць гэты рукапіс Дудара ў электронны выгляд, але ўжо бачу пяць-шэсць радкоў, якія перакладзены абсалютна ідэнтычна Дударам і Куляшовым. Здаецца, мы атрымалі для бліжэйшых дзесяцігоддзяў вельмі цікавую філалагічную загадку: чаму так адбылося? Па-іншаму нельга было перакласці альбо Куляшоў з ягонай бліскучай памяццю ведаў гэтыя радкі, але з цягам часу пачаў успрымаць іх як свае?..

Засцярога параўнання

— Форма паядынку надае мерапрыемствам новы імпульс, абуджае ва ўдзельніках азарт, памкненні да пошуку, да паглыбленага занурвання ў тэму. У гімназіі мы праводзілі пашыраныя “бітвы”: мае вучні бралі тэксты на беларускай, рускай, украінскай, англійскай мовах, фарміравалі перакладчыцкія “двойкі” ці “тройкі”. Я бачыла, з якім імпэтам дзеці прэзентавалі пераклады, як тая падача матэрыялу зацікавіла.

Але падчас супрацьстаяння не трэба забывацца на асцярожнасць. Чым паэзію вымяраць? Дзе лепш, а дзе горш? Пастка ў тым, каб не выклікаць адмовы, каб не ачарніць аднаго з супернікаў. Лінію параўнанняў трэба выбудоўваць так, каб дасягнуць галоўнай мэты: не вылучыць пераможцу, а зацікавіць багаццем мовы, навучыць адчуваць нюансы пабудовы фразы і бачыць за тэкстам асобу аўтара і павевы эпохі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"