Знайсці гледача. І — пакупніка

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Музычны тэатр у прасторы творчай і менеджарскай
З мастацкім кіраўніком Музычнага тэатра “Рада” Сяргеем БАЧКОВЫМ і менеджарам праекта Аляксандрам ІГНАЦЕНКАМ карэспандэнт “К” пагутарыла за гадзіну да выступлення калектыву ў канцэртнай зале “Мінск” з праграмай “Новае і лепшае”.

/i/content/pi/cult/634/14104/12-1.jpgС.Б.: — Тэатр арганізаваў Ігар Суворкін, першы кіраўнік “Рады”, ля вытокаў стаіць і наш балетмайстар-пастаноўшчык Аксана Кімкетава. Ну а сам тэатр яшчэ малады, ён цяпер становіцца на свае “рэйкі”, шукае ўласны стыль. Скажам, зараз адышлі ад выключна цыганскай тэмы, каб “прымерыць” нешта іншае. Былі і лаціна, і індыйскія танцы, але з цягам часу мы пераканаліся: усходнія танцы, так бы мовіць, недаўгавечныя, да іх зараз цікаўнасці ранейшай няма — “наеліся”. Развівае “Рада” і беларускі кірунак. А яшчэ маем казацкую праграму. Выдатна, калі балетмайстар тэатра валодае шматлікімі жанрамі і напрамкамі! Ды і калі займацца адной тэмай, “замыліцца” вока…

— Як мастацкі кіраўнік здабывае матэрыял для праграм?

С.Б.: — На жаль, цыганскага народнага мастацтва дайшло да нашага часу няшмат, хоць гэта і вельмі старажытны народ. Нават пры багацці інтэрнэту, інфармацыі па нашым асноўным кірунку ў ім мала, а ў “людзі” мы паехаць не можам з прычын фінансавых. Таму ў праграме “Новае і лепшае” ёсць трошкі балканскага, малдаўскага, румынскага каларыту. А як здабываем матэрыял? Вось нядаўна прыйшла да нас старая цыганка і сказала, што ведае песню. Наш гукарэжысёр, кампазітар, аранжыроўшчык Алег Пухаў мелодыю апрацаваў — зараз мы яе спяваем. Як “Песняры” раней працавалі, так і мы.

— Каманда, напэўна, складаецца не толькі з гродзенцаў?

С.Б.: — Так, але хочам, каб былі тамтэйшыя людзі найперш. Балазе Гродзенскі каледж мастацтваў спраўна выпускае студэнтаў. Праўда, з курса бярэм аднаго-двух чалавек, не болей, а бывае — нікога. Патрабуем ад кандыдатаў мабільнасці і прафесіяналізму. А чалавека адразу бачна: які ў яго пад’ём, як ён ходзіць, якая ў яго стаць, ці не губляецца ён на сцэне. Гэта амаль па тым жа прынцыпе, як некалі рабіў адзін вядомы скрыпач: ён крытычна аглядаў пальцы дзіцяці, а потым звяртаўся да яго маці: маўляў, вы ўжо можаце не хвалявацца. Наогул гэта вельмі складаны працэс: колькі патрабуецца, каб вывучыць хаця б адзін танец, тое ж датычыцца і вакалу, майстэрства інструменталістаў. У мінулым месяцы, дарэчы, да нас на кастынг прыйшлі шэсць дзяўчат з уласнай жа ініцыятывы.

— У тэатра ёсць сталае месца?

С.Б.: — Ёсць рэпетыцыйная база ў гродзенскім Гарадскім цэнтры культуры, дзе ў нас ёсць танцклас і некалькі пакояў. А вось сваёй сцэны не маем.

— Часта змяняеце праграму?

С.Б.: — Гастрольнае жыццё не дае такой магчымасці. Для гэтага давядзецца працаваць толькі на новыя спектаклі. Але ж дзяржаўная ўстанова культуры павінна выконваць план па бюджэце, пазабюджэце. І ўсё ж за апошнія 8 месяцаў выйшла праграма “Вогнішча цыганскай душы”, фрагменты якой мы паказваем у “Новым і лепшым”, што зараз “катаем” па Беларусі. А так у асноўным выкарыстоўваем напрацаваны матэрыял. У задумах — беларуска-цыганскі мюзікл: пішам сцэнарый і будзем шукаць на яго час у сваім графіку. Заяўлена яшчэ адна праграма, беларуская (і касцюмы пашытыя для яе), звязаная з нашай паэзіяй і музыкай. Цяпер падбіраем музыку, робім аранжыроўкі ў стылі, адпаведным “Радзе”. Наогул, мяркую, беларуская музыка трошкі жалеечная. Вось мы і хочам паказаць ноты суму і радасці, узыходжання, святла праз тую жалейку.

— Аляксандр, як часта тэатр “Рада” за мяжой і як часта тут?

А.І.: — Наогул, у 2016 годзе мы адыгралі 107 спектакляў, сёлета — 15. За мяжой мы так часта, як бок гаспадароў пляцовак ці фэстаўзнаходзіць фінансаванне. У Бельгію, скажам, ездзілі па запрашэнні, а мэр Гродна дазволіў нам безарэндны аўтобус, хоць запраўлялі яго мы за свой кошт і неслі іншыя выдаткі самі. Меліся грошы ў літоўцаў — мы выступілі на іх свяце ўраджаю. У Польшчы былі на разнастайных святах…

— Магчыма, тэатру варта падумаць пра рух да прыватнага існавання?

А.І.: — У нашай постсавецкай сістэме архіцяжка існаваць прыватнаму тэатру. Усё “цягне” зашмат: касцюмы, арэнда, заработная плата. Лепей быць дзяржаўным тэатрам, таму што ты маеш гарантыі, нашы людзі забяспечаныя арэнднымі кватэрамі, у іх кожны месяц аванс і зарплата, яны сацыяльна абароненыя, у іх будзе пенсія, на якую яны адлічваюць ужо зараз. Прынамсі мінімальны заробак нашы артысты атрымліваюць. У даважках ідзе налічэнне з фонду матэрыяльнага стымулявання, з гастрольных канцэртаў. Я заўсёды кажу: артысты ведаюць, на каго вучыліся і колькі яны будуць зарабляць… Урэшце, у выпадку з “Радай” мы маем прафесійны тэатр, так бы мовіць, прафесійнае народнае мастацтва. Па сутнасці, гэта — залаты фонд культуры Гродна. У нашым горадзе ёсць яшчэ адзін такі калектыў — ансамбль песні і танца “Белыя росы”.

— Ці прэстыжна выступаць у вашым тэатры?

А.І.: — А вы ў выпускніка таго ж каледжа мастацтваў спытайцеся! Ці едзеш выкладаць у доме культуры харэаграфію ды вакал, ці працуеш у прафесійным калектыве, абараняеш гонар краіны дома і за мяжой. Калі ты запатрабаваны такімі пляцоўкамі, як канцэртная зала “Мінск”, абласныя драматычныя тэатры, відаць, нечага варты ў рамках калектыву. Каб была дрэнная праграма, нас не “набывалі” б…

— Што як менеджар робіце, каб “Раду” ведалі за мяжой?

А.І.: — Тэатр напрацаваў сабе імя, у тым ліку, у Беларусі. Яго ведаюць у Літве, Польшчы, зараз і ў Бельгіі. Што для гэтага трэба? Мець свой сайт, дзе распавядаеш пра сябе, выступаць, шукаць запрашэнні. Зараз сітуацыя такая: трэба знайсці не толькі свайго гледача, але і свайго пакупніка. Усё цяпер каштуе грошай, таму трэба пралічваць, наколькі гэта выгадна. Імкнёмся стратных гастроляў не ладзіць.

Галіна КУКУШКІНА