Традыцыя і кіслотныя колеры

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Нядаўна давялося пабываць у Санкт-Пецярбургу на канферэнцыі “Антрапалогія. Фалькларыстыка. Сацыялінгвістыка” Еўрапейскага ўніверсітэта. Непасрэдна пра беларускія рэаліі распавядала я адна, але некаторыя даклады, хоць і прысвечаныя іншым мясцовасцям, для нас вельмі актуальныя. Напрыклад, Варвара Кобышча з маскоўскай Вышэйшай школы эканомікі выступала з тэмай “Як зрабіць народ сваімі рукамі: вытворчасць аб’ектаў традыцыйнага мастацтва на прыкладзе каргапальскай цацкі”. Тэма незвычайна цікавая, незвычайным стаўся і падыход да матэрыялу: даследчыца глядзіць на рамяство праз прызму сучасных сацыялагічных тэорый.

/i/content/pi/cult/634/14101/5-2.jpgКаргапаль — горад у Архангельскай вобласці Расіі, калісьці — цэнтр павета. У сёлах вакол яго і зарадзіўся промысел каргапальскай цацкі. Інтрыга ў тым, што ніводнага старога вырабу не захавалася ў музеях, найбольш раннія артэфакты датуюцца 1930-мі. Таму майстры ўвесь час “ствараюць традыцыю наноў”, пры гэтым кансультуючыся з мастацтвазнаўцамі, нават калі яны займаюцца вырабам каргапальскай цацкі некалькі дзясяткаў год. Карацей, ніхто папросту не ведае, як зрабіць “правільны” традыцыйны выраб.

Адметнасці каргапальскай цацкі — масіўнасць сілуэта, што тлумачыцца ўласцівасцямі матэрыялу (раней лічылася, што мясцовая гліна вельмі тлустая, з яе складана вырабіць дробныя дэталі) і пэўнай колеравай гамай — чырвоны, чорны, белы і вохрысты (для фарбавання раней выкарыстоўвалі попел, вапну і мясцовыя каляровыя гліны). Цяпер па тэхналогіі той цацкі вырабляюць самыя розныя прадметы дробнай пластыкі (праўда, паўстае пытанне, што ж у іх каргапольскага). Выконваючы замовы, майстры знаходзяць у мясцовай гліне магчымасці для творчасці: аказваецца, матэрыял усё ж дазваляе зрабіць дэталі, драбнейшыя за традыцыйныя для даўняга промыслу. Колеравая гама таксама мяняецца, часам кардынальна, а часам трошкі, у адценнях. Майстрам здаецца, што цацкі, расфарбаваныя “па-сучаснаму”, будуць лепш прадавацца, хаця маркетынгавымі даследаваннямі гэта не пацвярджаецца.

Варвара Кобышча падсумавала свой даклад тэзісам, што “традыцыя”, як у выпадку з каргапольскай цацкай, так і наогул, не з’яўляецца чымсьці зададзеным раз і назаўсёды. Больш за тое, яе нельга па гэткім жа прынцыпе аднавіць. Працэс аднаўлення і стварэння ідзе непарыўна, калі да яго звяртаецца рамеснік ці творца ў іншай галіне мастацтва.

А я тым часам падумала пра Радзіму. Колькі ў Беларусі сувеніраў кіслотнага колеру і зробленых з незразумелых сінтэтычных матэрыялаў, якія прадаюцца як традыцыйныя. І ў той жа час — хто ведае, што такое “традыцыйнае” для нас? У беларускіх музеях таксама не так шмат вырабаў народных рамёстваў ды іх выяў хаця б пачатку ХХ стагоддзя, не кажучы пра ранейшы перыяд.

Быццам бы ёсць канон традыцыйнага беларускага тэкстылю, белы з чырвоным колеры. Але ёсць і неглюбскае ткацтва з яго шматстайнымі колерамі. Ёсць позняя вышыўка рознакаляровай гладдзю, ад якой вясковая хата выглядае як райскі сад. Ёсць посцілкі, што ткаліся з нітак пераважна прамысловай вытворчасці ў гаме “чым ярчэй, тым лепш”. Зрэшты, ёсць адваротныя выпадкі, напрыклад, у Скандынавіі, дзе традыцыйная мэбля была распісной, а што такое стрыманы сучасны скандынаўскі дызайн, усе мы ведаем дзякуючы “Ikea”.

Таму, здаецца, на пытанне “што такое традыцыя?” няма адназначнага адказу. Пытанне ў пачуцці меры і гусце таго, хто бярэцца яе ўзнаўляць.

Фота аўтара

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"