Мінімум і стратэгія

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Калі стаіць выбар паміж рэстаранам і тэатрам, многія сёння абяруць менавіта першы. Або ўвогуле “затарацца” ў бліжэйшай прадуктовай краме і пойдуць дадому, каб пад няхітрую вячэру паглядзець у інтэрнэце чарговы блокбастар…

Сказанае — аб’ектыўны факт, пацверджаны статыстыкай. Маю на ўвазе статыстычны зборнік “Беларусь у лічбах”, дзе можна адшукаць шмат цікавай інфармацыі. Дык вось, як вынікае з прыведзеных у выданні лічбаў, за апошнія гады спажывецкія выдаткі хатніх гаспадарак Беларусі амаль не змяніліся. Так, беларусы аддаюць прыкладна 40 % даходаў на прадукты харчавання: у 2013 годзе — 37,7 %, у 2015 — 39,1 %, у 2016 — 39,0 %. Для параўнання: на харчаванне па-за межамі дома летась было выдаткавана насельніцтвам 2,5 % сваіх даходаў, на ахову здароўя — 4,6 %, на паслугі ЖКГ — 7,1 %, на паслугі сувязі — 5,4 %. А вось на культуру, адпачынак і спорт выдаткі, на жаль, з года ў год скарачаюцца. Скажам, калі пад гэтыя мэты сярэднестатыстычны беларус аддаваў у 2013 годзе 5,8 % сваіх даходаў, у 2015 — ужо 5,4 %, а летась — толькі 4,9 %.

З прыведзеных лічбаў і вынікаюць праблемы, якія сёння часам можна адзначыць у працы шэрагу ўстаноў культуры Беларусі: слабую наведвальнасць тэатральных, кінавідэавідовішчных і забаўляльных арганізацый, цыркаў і музеяў, пра што “К” і пісала ў № 14, аналізуючы пэўныя пазіцыі згаданага зборніка.

4,9 % ад спажывецкіх даходаў — гэта менавіта тыя рэальныя грошы, на якія могуць прэтэндаваць установы культуры (як, натуральна, і спартыўныя ды турыстычныя арганізацыі). Праўда, магічная лічба  — не такая ўжо і маленькая: гэта прыкладна 35 рублёў штомесяц (з улікам таго, што ў лютым намінальны налічаны сярэдні заробак у Беларусі склаў 716,5 рублёў). І калі, скажам, на начную дыскатэку ў Воранаўскім раёне Гродзеншчыны штосуботы трэба аддаць 2,5 рублі, дык вынікае, што на танцы можна схадзіць не аднойчы і самому, і разам з сяброўкай. Але калі, скажам, на нядаўні канцэрт Валерыя Меладзэ ў Мінску білеты каштавалі ад 38 да 170 рублёў, за красавіцкі канцэрт Алены Ваенгі трэба будзе аддаць ад 92,5 да 182,5 рублёў, а выступленне культавай групы “Depeche Mode” у ліпені абыдзецца ў 113 — 323 рублі (паводле коштаў на білеты, якія засталіся ў наяўнасці), дык у культурны мінімум у 35 рублёў так проста не ўкладзешся.

Так, беларусы сапраўды сталі менш завітваць на культурныя дзеі. А значыць, і даходы арганізацый сферы паступова скарачаюцца. Выхад тут, бадай, адзіны, пра што “К” не стамляецца казаць: удзел работнікаў культуры ў грантавых праектах, у замежных стажыроўках для завязвання кантактаў з замежнымі калегамі ды пераймання іхняга паспяховага вопыту, а таксама шчыльнае ўзаемадзеянне са спонсарамі і мецэнатамі, у тым ліку — і мясцовымі. Праўда, шмат тут залежыць ад самаго кіраўніка арганізацыі сферы культуры: наколькі ён “прабіўны”, наколькі ідзе на кантакт, наколькі ўмее быць не толькі дырэктарам дома культуры, музея ці бібліятэкі, але і маркетолагам, псіхолагам і ўвогуле цікавым для патэнцыйнага спонсара чалавекам.

А сёлетні конкурс “Мецэнат культуры Беларусі” пацвердзіў: айчынныя спонсары, зацікаўленыя ў развіцці беларускай культуры, сёння ёсць. І, што самае цікавае, іх даволі шмат менавіта сярод банкаўскіх устаноў. Згадаю “Банк ВТБ”, які летась традыцыйна выступіў генеральным партнёрам выяўленчага праекта “Мастак і горад”. Як адзначыла “К” начальнік аддзела рэкламы, грамадскіх сувязей і маркетынгу ўстановы Вольга Жукава, у арганізацыі не ставяцца да праектаў у сферы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці як да праектнай дзейнасці, а разглядаюць іх скрозь прызму стратэгіі развіцця банка.

Што ж, слушна. Як вядома, у кожным горадзе Беларусі сёння дзейнічаюць філіялы галоўных банкаўскіх устаноў. Дык, можа, варта не праходзіць міма патэнцыйных спонсараў і мецэнатаў, а дапамагчы іхняй стратэгіі развіцця? Балазе, грошы ў іх дакладна будуць…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"