Каравай на шчасце

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Сацыяльна-творчай праграме “Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця” — 31 год. Сёлета яна стала называцца “У будучыню — з надзеяй”. Але змест нязменны: падтрымка рэгіёнаў, пацярпелых ад навалы.

/i/content/pi/cult/634/14093/2-2.jpg

Нагадаем, што ініцыятарамі высакароднай акцыі сталі Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, міністэрствы па надзвычайных сітуацыях і культуры, Беларускі фонд культуры. Мастацкія кіраўнікі праграмы — Ігар Лучанок і Эдуард Ханок.

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Надзея Мікуліч прымае ўдзел у акцыі другі раз. Уражаннямі ад творчай вандроўкі яна падзялілася з “К” у пятніцу.

— Некалькі гадзін таму прайшоў апошні канцэрт у вёсцы Парахонск, што на Піншчыне, — распавяла Надзея Анатольеўна. — Сустракалі нас казачна! Мы праехаліся з канцэртамі спачатку па раённых Браншчыне ды Смаленшчычне, пасля па нашых Магілёўшчыне і Гомельшчыне. Потым былі Лунінецкі і Столінскі раёны Брэстчыны. У адзін з дзён, нават не памятаю, дзе канкрэтна, самадзейныя артысты ў беларускіх нацыянальных касцюмах сустрэлі нас ля паляўнічага дамка (тут планаваўся абед) караваем, танцамі і спевамі пад баян. Усё вельмі яскрава ды шчыра атрымалася.

Поруч з Надзеяй Мікуліч вандравалі па раёнах Эдуард Ханок, Вадзім Касенка, поп-фольк-балет “Бульбашы”, Генадзь Санько, Багдан Мядзведзеў, Дзмітрый Шуканаў.

На здымку: удзельнікі канцэртаў.

Фота з сацыяльных сетак


Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"