І наша гісторыя

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Сёння ў Палацы прафсаюзаў “Naviband” у апошні перад “Еўрабачаннем” раз прадэманструе айчынным гледачам сваю рашучасць і талент. Менавіта гэты дуэт праз некалькі тыдняў, упэўнены, заявіць і пра сябе, і пра краіну.

/i/content/pi/cult/634/14092/2-1.jpgНа прэс-канферэнцыі ў Белтэлерадыёкампаніі, прысвечанай падрыхтоўцы да міжнароднага конкурсу ў Кіеве, Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук падкрэслілі, што імкнуцца раскрыць вобраз Беларусі. У першую чаргу праз саму родную мову, якая ўпершыню за гісторыю гэтага музычнага форуму загучыць са сцэны. Замежныя журналісты і прыхільнікі творчасці “Naviband” ужо праяўляюць павышаную цікаўнасць да “Гісторыі майго жыцця”.

Падаграваць жа інтарэс аўдыторыі гурт плануе і іншымі спосабамі. Музыканты будуць дарыць усім удзельнікам імпрэзы стужкі з нацыянальным арнаментам, якія можна будзе павязаць на руку. Акрамя гэтага, арнаментам аздобілі ўсю прома-прадукцыю “Naviband”: значкі, гальштукі, буклеты ды праспекты. З нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Арцём і Ксенія вырашылі ўзяць з сабой і копію Бібліі Францыска Скарыны, каб паказаць яе на ўсю Еўропу.

Прадзюсарам і кіраўніком праекта выступае Белтэлерадыёкампанія. За творчы бок адказвае ўкраінская каманда, якая мае досвед менавіта ў падрыхтоўцы да “Еўрабачання”. Дарэчы, Арцём будзе спяваць у капелюшы, а Ксенія — з прычоскай у выглядзе рожак. З вакалам “Naviband” дапамагае беларускі педагог Вольга Драздова. На сцэне будуць толькі галоўныя героі “Гісторыі майго жыцця”.

Беларуская дэлегацыя ад'язджае ў сталіцу Еўрабачання Кіеў 1 мая. Разам з камандай адпраўляюцца сябры і блізкія музыкантаў, каб увесь час падтрымліваць маладых артыстаў. Арцёма Лук’яненку і Ксенію Жук чакае, як абяцаюць арганізатары конкурсу, цяжкая падрыхтоўка. Першая генеральная рэпетыцыя адбудзецца 3 мая, другая — 6-га. Музыканты выступяць і ў Еўравёсцы, там рэпетыцыі будуць штодзённыя.

Нагадаем, “Еўрабачанне-2017” пройдзе з 9 па 13 мая. Першы паўфінал — 9 мая, другі — 11-га, кульмінацыя дзеі — 13 мая. Назіраць за нашымі героямі можна будзе ў другім паўфінале пад нумарам 15. І, спадзяемся, у фінале конкурсу.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст