“Нацыя з багатай культурай — аснова паспяховай дзяржавы”

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

“Чалавечы капітал у Беларусі — самая высокая каштоўнасць. Паколькі гэта інвестыцыі ў будучыню. Здаровая, адукаваная нацыя з багатай культурай — аснова паспяховай дзяржавы”, — заявіў учора Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

Цягам выступлення Прэзідэнт закранаў тэму культуры. “Пяць стагоддзяў таму выйшла першая кніга нашага асветніка Францыска Скарыны. Яго справа дазволіла заявіць усёй Еўропе: “Ёсць такі народ — беларусы!” Таму штогадовае свята беларускага пісьменства, якое сёлета пройдзе на старажытнай полацкай зямлі, атрымае асаблівы, сімвалічны характар”.

“Мы заўсёды будзем падтрымліваць таленавітых і творчых асоб. Асабліва тых, хто сваімі работамі натхняе мільёны людзей, праслаўляе нашу краіну”, — сказаў Кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра развіццё культуры. Прэзідэнт адзначыў, што ўжо казаў пра тое пры разглядзе прадстаўленых да прысваення дзяржпрэмій кандыдатур. “Няпраўда, што ў нас няма грошай на падтрымку таленавітых людзей. Скажу шчыра, можа, гэта камусьці не спадабаецца: талентаў не хапае, якім трэба заплаціць. Давайце гэтых людзей, мы будзем іх падтрымліваць, але толькі таленавітых. Таленавіты — пакладзі на стол вынік, атрымай і грошы, і прызнанне. Так павінна быць заўсёды. Для таленавітага чалавека грошы не галоўнае. Гэта важна, але не галоўнае. Яму трэба прызнанне, павага, яго павінны ведаць у грамадстве. Але чаму толькі з падачы Прэзідэнта мы пачынаем раскручваць нашы таленты і высокія дасягненні?” — задаў пытанне Лукашэнка.

“Нам дарагая наша выразная мова, якую трэба берагчы, вывучаць і развіваць. Нам пакінутая ў спадчыну гераічная гісторыя, якую неабходна памятаць і напаўняць новымі здзяйсненнямі, каб з годнасцю перадаць наступным пакаленням беларусаў. Гэта каштоўныя складнікі, якія дазваляюць не згубіцца сярод мноства нацый і народнасцяў, адчуваць сябе адзінай самабытнай сям’ёй, шанаваць сваю свабоду і незалежнасць”, — падкрэсліў Прэзідэнт.