Тэрыторыя Батраковай

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Бялынічы / Ад праектаў кругам галава: з вядомай пісьменніцай сярод кніг, карцін і абрадаў Бялыніцкага раёна
Здавалася, нават дрэвы віталі Наталлю Батракову на яе радзіме! Пра землякоў і казаць няма чаго: для іх яна — культавы літаратар. У Бялынічы разам з намі панастальгаваць адправіліся два аднакласнікі папулярнейшай беларускай пісьменніцы (некалі яны пераехалі ў сталіцу і зрабілі кар’еры). У горадзе ж, пасля таго як мы з Наталляй Мікалаеўнай выканалі “інспекцыю” ўстаноў культуры, якія яна наведвала калісьці, — да нас далучыліся яшчэ двое бялынічцаў-аднакласнікаў. Я глядзеў на тое, як усе яны размаўлялі, успаміналі, і па-добраму зайздросціў ім, тым, хто змог не проста не страціць сувязі, а ўсяляк іх берагчы...

/i/content/pi/cult/634/14088/10-1.jpgПрафесійны літаратурны шлях Батраковай пачаўся, па агульнапрынятых мерках, не так і рана. Хоць першы верш Наташа, тады яшчэ Арахоўская, напісала ў 16 гадоў, дэбютны зборнік вершаў “Станы душы” выйшаў толькі ў 2000-м. Праз год — першы раман з дылогіі “Тэрыторыя душы”. Але сцяжынка да пісьменніцкай нівы вяла з самага дзяцінства, паколькі нарадзілася дзяўчынка ў сям’і начытанай. Кніг і часопісаў дома было шмат, яшчэ ў дзіцячым садку яе прывялі ў бібліятэку, але ў школе яна больш імкнулася да дакладных прадметаў (пераважылі гены мамы-эканаміста, мабыць). У 1981 годзе скончыўшы школу з залатым медалём, Наталля збіралася паступаць у Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, але з-за хваробы прапусціла ўступную кампанію. Тады ў адукацыйнай сістэме СССР праходзіў эксперымент, калі медалісты ў некаторыя тэхнічныя ВНУ маглі патрапіць без экзаменаў. Так яна апынулася ў гомельскім Беларускім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту).

Маркоце месца няма

Далучэнне Наташы да культуры падобна да таго, як гэта адбывалася з многімі дзецьмі, — музычная школа (клас акардэона, праўда, навучанне яна не завяршыла), харэаграфічная студыя (у Доме піянераў) і вакальная (у Доме культуры — зараз Раённы цэнтр культуры, размешчаны ў іншым будынку). Дзіця расло вельмі актыўным: у школе — выдатніца, акрамя студый — удзел у конкурсах чытальнікаў, ды спявала ледзь не з пялюшак.

— Культурнае жыццё горада, напэўна, мала чым адрознівалася ад таго, якiм жылі ў СССР такія ж невялікія населеныя пункты, — кажа Наталля Мікалаеўна, — калі кожнае свята ў маленькім гарадку ператваралася ў вялікую падзею. Канцэрты мастацкай самадзейнасці, танцавальныя вечарыны, кіно, гастролі магілёўскіх тэатраў: усё мела поспех.

Нешта з тагачасных мерапрыемстваў, звязаных менавіта з беларускімі традыцыямі, якія сыходзяць у далёкае мінулае, Батракова назваць не можа, урэшце, тады ў прыярытэце былi праявы савецкай самасвядомасці, а ўжо потым яе складнiкаў — скажам, канкрэтнага нацыянальнага. Да таго ж адбівалася геаграфічнае і гістарычнае размяшчэнне вобласці.

— Але ў дыялекце было нешта, характэрнае толькі для гэтага краю, — успамінае наша гераіня. — Каранёвая культура захоўвалася ў вёсках — у куфрах бабуль у выглядзе арнаментаў, ручнікоў. Аднак нічога з гэтага не прапагандавалася. Магчыма, адсутнасць і такога ўплыву стала адной з прычын таго, што беларускамоўнай пісьменніцы з мяне не атрымалася.

Сёння ж у дзейнасці РЦК месца народным традыцыям адводзіцца дастаткова. Гэта святы вёсак — іх імкнуцца праводзіць, улічваючы асаблівасці таго ці іншага сяла. Зажынкі — Дзень святых апосталаў Пятра і Паўла, у рамках якога ўшаноўваюць людзей сталага ўзросту. Міхайлаў дзень у вёсцы Асавец, Багач... (За дзень да нашага прыезду супрацоўнікі цэнтра бралі ўдзел у абрадзе Засеўкi, выехаўшы на палі раёна.)

У абойму іншых праектаў ды мерапрыемстваў уваходзяць клуб выхаднога дня “Свавольнік”, сюжэтна-гульнявыя праграмы, дыскатэкі, правядзенне дзіцячых дзён нараджэння (у тым ліку выязных), служба дастаўкі падарункаў “Дары і радуй” (віншаванне можа быць вытрымана як у афіцыйнай, так і ў тэатралізаванай форме)...

З матэрыяльна-тэхнічнай базай у РЦК не горш, чым у аналагічных арганізацыях па рэспубліцы. А кіраўнік Народнай эстраднай студыі “Колеры” Віктар Халадцоў дык і зусім прамяняць правераную шматгадовымі канцэртамі імпартную апаратуру на нешта сучаснае не імкнецца (аб новых касцюмах, праўда, марыць).

— Цэнтру патрабуецца добрае светлавое абсталяванне, — дадае дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Бялыніцкага раёна Святлана Кандрацьева. — Хочацца святлодыёднага экрана ва ўвесь заднік сцэны. Але гэта ўсё пытанні, якія вырашаюцца, так што працуем у цяперашніх умовах і, паверце, такіх ужо глабальных праблем у нас няма.

Наогул тыя асяродкі культуры, у якіх мы пабывалі, і знешняй сваёй “адзёжай” вочы радавалі — рамонт ім сапраўды ў бліжэйшай будучыні не патрэбны. Развітваліся таксама задаволеныя адно адным. Аднак менавіта РЦК вонкавая рэклама не перашкодзіць (“Круцёлкі” б нам на ўваходзе, што анансуюць падзеі”, — гэта ўсё працягвае марыць Святлана Васільеўна), пакуль жа пра, напрыклад, чарговае мерапрыемства ў ім людзям паведамляла расцяжка, прымацаваная да плота побач з установай...

У Дом культуры (Цэнтр культуры) Батракова вярнулася ўжо вядомым літаратарам. Тая сустрэча з чытачамі выйшла зварушлівай для абодвух бакоў (такое ж крайняе мерапрыемства адбылося зусім нядаўна, 17 лютага). “Падыходзілі знаёмыя і незнаёмыя людзі, успаміналі маё дзяцінства, прызнаваліся, што “хто б мог падумаць”... Было прыемна”.

Іншыя пісьменнікі ў нас ёсць!

— Калі з перабудовай на прылаўкі лінуў паток разнастайнай літаратуры, а затым наступіла эра інтэрнэту, мне здавалася, што бібліятэкі пачнуць паміраць, — прызнаецца Батракова. — Дык не. Тыя, хто чытаў папяровыя кнігі, працягваюць іх чытаць. Але нерэальна ж у гэтым іх сённяшнім багацці чалавеку купляць літаральна ўсё, што хочацца, — гэта ж якія грошы неабходныя! А што рабіць тым, каму фінансавае становішча не дазваляе набываць жаданае? І, дзякуй богу, бібліятэкі нікуды не знiклi. І для мяне яны — асноўныя ўстановы ў любым горадзе.

— На што скардзяцца бібліятэкары, акрамя заробкаў?

— На тое, што адпушчаных сродкаў не хапае на кнігі павышанага попыту, актуальныя навінкі. У лепшым выпадку іх у бібліятэках асобнікi два: адзін — для агульнага карыстання, другі — на платным абанеменце.

— Скардзяцца, што беларускамоўных аўтараў чытаюць не надта ахвотна?

— А вы мне назавіце сучасных беларускамоўных аўтараў, чые творы, якія выйшлі за апошнія гадоў дваццаць, вырабілі хоць нешта падобнае на культурную рэвалюцыю ў свядомасці людзей. Пакуль не знайшлося тых, хто стварыў бы смачную, на эмоцыях кнігу на беларускай мове, каб ёю зачытваліся, перавыдавалі яе. Але я ўпэўненая — хтосьцi абавязкова напіша, магчыма, ужо піша — у нас шмат таленавітай беларускамоўнай моладзі. І, шчыра прызнаюся, мару, каб нешта з майго пераклалі на беларускую.

Тое, што кнігі Батраковай у чытачоў iдуць “влёт”, я пераканаўся асабіста: па ступені зашмальцаванасцi першых іх выданняў канкурэнтаў ім у Цэнтральнай раённай бібліятэцы трэба было яшчэ адшукаць. Установа знаходзіцца ў адным будынку з дзіцячай бібліятэкай-філіялам, і ўваходзяць яны ў кiраваную Ірынай Коннавай Бялыніцкую цэнтралізаваную бібліятэчную сетку (а гэта яшчэ чатырнаццаць сельскіх бібліятэк, а там, дзе іх няма, насельніцтва абслугоўваецца бібліёбусамi не менш як два разы на месяц). Сустрэчы з чытачамі арганізоўвае якраз гэтая структура. У Бялынічах яны ў Наталлі Мікалаеўны праходзяць раз у два-тры гады. І з нейкага часу гэта ўжо не толькі як бы афіцыйныя мерапрыемствы з сур’ёзнымі размовамі пра літаратурныя працэсы, але яшчэ і нешта накшталт сяброўскіх вячорак — з гарбатай, пірагамі, гутаркамі за жыццё.

Наогул акцый па прыцягненні чытачоў, папулярызацыі бібліятэк тут маса. Напрыклад, “Вы + года = выгода”, калі пенсіянеры, якія падпісаліся ў чытальнай зале на перыёдыку, могуць браць іншыя газеты ды часопісы на дом бясплатна. Пры жаданні бясплатна выдаецца і другая, “гарачая” кніга тым, хто карыстаецца фондам павышанага попыту. “Падары бібліятэцы кнігу”, “Прывядзi ў бібліятэку сябра” — іх удзельнікам таксама даюцца льготы пры карыстанні “камерцыйнай літаратурай”. “Бiблiязмярканне” — тэатральна-касцюмаванае мерапрыемства, якое з’яўляецца па сваёй сутнасці аналагам “Бiблiяночы”, толькі разлічаным на дзяцей. Сямейны конкурс малюнкаў “Па старонках беларускіх казак”, летняя чытальная зала — мабільныя выставы, квэстаграмы (у 2017-м гэтая гульня пройдзе на веданне літаратурных Бялынічаў)... Ва ўстановах дзейнічаюць літаратурныя клубы, у “раёнцы”— кніжны фітабар. Да гэтага года па мясцовым радыё транслявалася пэўны час перадача “Сустрэча з кнігай”. “Прасоўвае” бібліятэкі і выдатны сайт цэнтралізаванай сістэмы, напоўнены цікавай інфармацыяй.

— Вядома, наведвальнасць цяпер не тая, чым у савецкія гады, калі я прыйшла ў гэтую сістэму, — кажа Ірына Аляксандраўна. — Але за апошнія некалькі гадоў становішча ў нас неяк стабілізавалася і пра істотнае зніжэнне колькасці наведвальнікаў казаць не даводзіцца: у цэлым паказчыкі па мінулым годзе нядрэнныя.

У 2016-м у філіяле было зарэгістравана 1650 карыстальнікаў, сярэдняя наведвальнасць абанемента — 25 чалавек у дзень, кнігавыдача склала 29700 асобнікаў. У пачатку гэтага года лепшым чытачам-2016 на закрыццё “Тыдня дзіцячай кнігі” былі ўручаны дыпломы, прызы. У “чартах” попыту лідзіруюць творы пра Гары Потэра, прыгоды, “любоўныя” раманчыкi для дзяўчынак (!), “ужастики”. Спадарыня Коннава сцвярджае, што з навінкамі дзіцячай літаратуры беларускіх аўтараў усё ідзе ладна, аднак, да прыкладу, кніг Яўгеніі Пастэрнак і Андрэя Жвалеўскага тут няма — з, як кажуць, аб’ектыўных прычын.

— Яны ж выпускаюцца ў асноўным у Расіі, — тлумачыць дырэктар сеткі. — Але і з набыццём таго, што выдаецца ў Беларусі, ёсць праблемы. У першым квартале было цяжкавата з фінансаваннем, таму ўпор зрабілі на сацыяльна-значную перыёдыку. Спадзяёмся, з другога квартала пачнём вяртаць свае пазіцыі, калі ў пытанні камплектавання фондаў наша арганізацыя з’яўлялася адной з лепшых у вобласці.

У “раёнку” ў дзень прыходзяць больш за пяцьдзясят чалавек. У 2016-м у ёй зафіксавалі 2662 чытачоў, кнігавыдача — звыш пяцідзесяці тысяч. Сярод тых, хто да кнігі неабыякавы, адзначаецца ўсплёск цікавасці да класікі — беларускай, замежнай. Аўтары, якія выдаюцца прыватнымі кампаніямі, таксама прадстаўленыя ў бібліятэцы, праўда, работы некаторых “топавых”, таго ж Віктара Марціновіча, адсутнічаюць: верагодна, яны не былі прапанаваны для набыцця ў абумоўленым парадку.

Калі казаць пра пісьменнікаў немясцовых, Бялыніцкая бібліятэчная сетка арганізуе сустрэчы не толькі з Наталляй Батраковай, але іх не так шмат, як хацелася б: грошы, грошы... Пра іх не ідзе гаворкі ў выпадку сумеснага праекта ЦРБ і Бялыніцкага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў): раз у месяц для людзей “з асаблівым разумовым развіццём” у “раёнцы” ладзяць сеансы гульнятэрапіi, відэапрагляды, віктарыны, чытанне ўслых, збор пазлаў, звязаных з літаратурай...

Усё добра

У Раённы мастацкі музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі Наталля хадзіла ў школе, але па-сапраўднаму адкрыла яго для сябе ў адзін з прыездаў у Бялынічы да бацькоў (ужо выйшаўшы замуж і нарадзіўшы дваiх дзяцей). Мадэрн, імпрэсіянізм — гэта ўсё выдатна, але надыходзіць і такі момант, калі чалавек вяртаецца альбо пачынае цягнуцца да рэалістычнага мастацтва. З Наталляй адбылося тое ж самае: “Люблю прыродныя, натуральныя фарбы, пейзажы, калі ёсць душа”. Карціны Бялыніцкага-Бірулі падштурхнулі да таго, што яна ўзялася падрабязна вывучаць не толькі яго творчасць, але і біяграфію наогул.

Установа размяшчаецца ў старым будынку кінатэатра, выглядае так, быццам толькі ўчора адкрылася, — усё з іголачкі. У ёй пяць залаў (тры з пастаяннымі экспазіцыямі і дзве са зменай) — з жывапісам, графікай (карціны, натуральна, самога Вітальда Каэтанавіча, а таксама Ігара Грабара, Міхаіла Савіцкага, Ларысы Журавовіч, Віктара Альшэўскага, навучэнцаў тутэйшай дзіцячай школы мастацтваў...), скульптурай і прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

— У залах, прызначаных для зменных выстаў, экспазіцыі мяняюцца практычна кожны месяц, — распавядае выконваючая абавязкі дырэктара РММ Алена Самусева. — У нас саміх шырокія фонды, актыўна супрацоўнічаем і з калегамі ў плане “абменкi”. Так што з наведваннем усё ідзе больш-менш нармальна. Ну а хто з гараджан да музея не даходзіць, можа наведаць перасоўныя выставы, якія мы ладзім у Бялынічах (і па раёне) досыць рэгулярна. Рэгулярна ж прыязджаюць экскурсіі з усіх абласцей Беларусі.

З пазабюджэтам установа таксама “спраўляецца” (на яе тэрыторыі вядзе гандаль сувенірная крама). Сярод “фірмовых” акцый Алена Міхайлаўна называе праект “Самабытныя таленты Бялынiччыны”, калі ў музеі экспануюцца работы непрафесійных майстроў (персанальнымі выставамі ўжо адзначыліся Ала Салдаценкава (мастацкая вышыўка), Лілія Станчык (цестапластыка), Ірына Касцова (лялькі-абярэгі, тапiярыi...)).

— Банальна, вядома, наракаць на тое, што фінансавання хацелася б лепшага, — “бянтэжыцца” Самусева. — Дзякуй мастакам, што выстаўляюцца ў музеі ды нярэдка перадаюць свае работы ў дар. Але калі б мы валодалі большымi сродкамі, то маглі б набываць і тыя карціны, якія купіць дакладна хацелася б. А так усё ў нас добра!

Да лета?..

— Добра тут у вас, Наталля Мікалаеўна, — развiтваючыся з Бялынічамi, я ніколькі не крывіў душой. — Утульны горад, добразычлівыя людзі, у культуры “дзвіжуха”, прырода прыгожая.

— Добра, — пацвердзіла спадарыня Батракова. — Летам сюды прыязджайце, будзе яшчэ лепш!..

Мінск — Бялынічы — Мінск

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"