Сёрфіць у арт-хвалях

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Праект “Арт-Беларусь”, які выйшаў з карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка”, на днях абзавёўся асабістай галерэяй. Пад экспазіцыю арандавана частка Палаца мастацтва з асобным уваходам. Пляцоўка ля ўвахода ўжо абрастае ўключанымі ў гарадскую прастору арт-аб’ектамі. На размешчаных у метро рэкламных праспектах акцэнт зроблены на мэтавую аўдыторыю з моладзі, якой арганізатары абяцаюць дазваляць уголас абмяркоўваць, здымаць фота, відэа і рабіць сэлфі, сёрфіць у інтэрнэце (бонусам да білета — бясплатны Wi-Fi). Як абяцае куратар праекта Аляксандр Зіменка, у новай выставачнай пляцоўцы будуць выкарыстоўвацца сучасныя падыходы да падачы выяўленчага мастацтва і працы з наведвальнікамі.

/i/content/pi/cult/633/14080/5-0.jpgСтаршыня праўлення ААТ “Белгазпрамбанк” Віктар Бабарыка распавёў журналістам, што праект распачаў сваё жыццё з фразы аднаго мастацтвазнаўцы: “Позна ўжо вярнуць у Беларусь творы яе знакамітых выхадцаў”. На думку Віктара Дзмітрыевіча, у жыцці ніколі нічога не бывае позна, таму банкіры ўзяліся за пошук шэдэўраў, якія складаюць гонар краіны. “На базе галерэі будзе сфарміравана ўстанова культуры, якая, як новая юрыдычная асоба, пачне самастойна займацца творчымі і арганізацыйнымі пытаннямі,” — дадаў прамоўца. Праект “Арт-Беларусь” існуе з 2011 года, і за гэты час выставы і сустрэчы пад гэтым брэндам наведалі больш за 200 тысяч чалавек. Пастаянная пляцоўка дапаможа пашырыць кола тых, хто цікавіцца як выхадцамі з Беларусі, якія зрабілі сабе сусветнае імя, а таксама брэндзіраваць маладых аўтараў, каб з самага пачатку іх ведалі за межамі ў якасці прадстаўнікоў беларускага мастацтва.

У новай галерэі сёння выстаўлена больш за 50 шэдэўраў беларускіх мастакоў, сярод якіх імёны найвышэйшага ўзроўню: Марк Шагал, Хаім Суцін, Леон Бакст, Фердынанд Рушчыц, Осіп Цадкін і іншыя. Аднак ужо праз месяц вернісаж пачне змяняцца. “У нас была мэта крыху пахуліганіць, — зазначыў Аляксандр Зіменка. — Мы адмовіліся ад класічнага прынцыпу храналагічнага прадстаўлення твораў. Хочацца стварыць для гараджан Uber-музей — прастору, куды прыходзяць не з-за арганізаванага школай культпаходу, а таму, што тут цікава. Чакаем ад гасцей каментаў, сэлфі, пастоў у “Instagram”. Мы будзем адсочваць актыўнасці і фарміраваць выставу па глядацкіх сімпатыях: работы, вакол якіх зроблена больш здымкаў, пакінем у экспазіцыі, астатнія будзем мяняць” (балазе, карпаратыўная калекцыя банка налічвае больш за 110 шэдэўраў).

З рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной абмяркоўвалася магчымасць праводзіць тут капійныя практыкі, у галерэі таксама чакаюць навукоўцаў, мастацтвазнаўцаў і гатовы стварыць неабходныя ім умовы для даследчай працы. Дызайнеры прадугледзелі модульныя сцены: унутры “куба” можна праводзіць прэзентацыі, лекцыі, прысвечаныя гісторыі выяўленчага мастацтва. Арганізатары плануюць працаваць з сем’ямі, каб вучыць разумець жывапіс і скульптуру як малодшае, так і старэйшае пакаленне. У планах на перспектыву — майстар-класы для жывапісцаў-пачаткоўцаў ад вядучых мастакоў. Канструкцыя лёгка трансфармуецца, яе можна ўвогуле ўбраць, каб ператварыць адну са сцен памяшкання ў экран: пад столяй размешчаны праектар, які дае карцінку з дыяганаллю 4 метры. У адмысловай кіназале плануюць прэзентаваць тэматычныя фільмы, а для арганізаваных груп — прапанаваць паслугі мультымедыйнай прэзентацыі, калі з планшэта можна будзе вывесці на сцяну выяву пэўнага твора.

Да мая на Казлова, 3 працуе віртуальная друкарня Францыска Скарыны. Наведвальнікаў чакае найноўшы 3D-шлем, каб прайсціся па інтэр’ерах, якія дазволіў алічбаваць Полацкі гісторыка-культурны запаведнік. Побач з’явіцца сапраўдны друкарскі станок з магчымасцю зрабіць копію старонкі скарынаўскай кнігі. Ужо сёння можна пагартаць электронную версію “Малой падарожнай кніжыцы” беларускага асветніка і “прайсціся” шляхам першадрукара па віртуальнай карце Еўропы.

Новая экспазіцыйная прастора адпавядае ўсім патрабаванням, якія прад’яўляюць музейшчыкі-партнёры прывозу знакавых і сур’ёзных твораў. Планаў у арганізатараў шмат, а вось тэрмін для ажыццяўлення адносна абмежаваны: праз пару гадоў галерэю чакае пераезд з арандаваных пакояў у свае сцены на Кастрычніцкай, 16.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"